наступальная аперацыя войск Беларускага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 10—30.11.1943 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сажа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на зах. беразе Дняпра. Удзельнічалі 3, 11, 48, 50, 61, 63, 65 і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі 2-я, частка сіл 9-й і 4-й ням. армій групы армій «Цэнтр», пазней 7 пях. дывізій і брыгада СС. У ходзе аперацыі сав. войскі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Палескай, Гомельскай і Магілёўскай абл. вызвалілі Рэчыцу (18 ліст.), фарсіравалі Бярэзіну, вызвалілі Прапойск, Карму, Журавічы (25—26 ліст.), Гомель (26 ліст.). У выніку аперацыі злучэнні Бел. фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на 130 км, стварылі пагрозу паўд. флангу групы армій «Цэнтр» і не далі магчымасці нанесці контрудар па злучэннях 1-га Укр. фронту. 23 часцям і злучэнням нададзена ганаровае найменне «Гомельскіх», 22 — «Рэчыцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКА САРТАВА́ЛЬНАЯ,
збудаванне на чыгуначных станцыях для сартавання вагонаў пры фарміраванні і расфарміраванні саставаў цягнікоў. Гэта земляны пакаты насып (найб. вышыня звычайна 3,5—4, 5 м) з сістэмай чыг. пуцей і комплексам прыстасаванняў і прылад для аўтам. пераключэння стрэлак, запавольвання руху вагонаў, сувязі, блакіроўкі, сігналізацыі.
Прадукцыйнасць механізаваных горак сартавальных да 5 тыс. вагонаў у суткі, вял. аўтаматызаваных — да 10 тыс. і болей. Чыг. састаў, які трэба расфарміраваць, падаюць лакаматывам на верхнюю ч. горкі і расчапляюць на асобныя вагоны або групы. Ад уласнай сілы цяжару яны скочваюцца ўніз на патрэбную каляю. Працэсам кіруе аператар з дапамогай сістэмы горачнай аўтам. цэнтралізацыі. Для запавольвання руху вагонаў выкарыстоўваюць тармазныя пазіцыі.
На Беларускай чыгунцы горкі сартавальныя пабудаваны на станцыях у Мінску, Брэсце, Гомелі, Баранавічах, Жлобіне, Оршы і інш.
Схема горкі сартавальнай: а — план, б — разрэз; 1 — парк прыбыцця; 2 — падымальная частка горкі; 3 — скорасны нахіл; 4 — тармазны нахіл; 5 — нахіл стрэлачнай зоны; 6 — падгорачны парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́РНУНГ»
(«Hornung»),
«Люты», кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупантаў супраць партызан Слуцкага і Пінскага партыз. злучэнняў і цывільнага насельніцтва ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Ленінскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Слуцкім, Старобінскім, Чырвонаслабодскім р-нах у Вял.Айч. вайну ў лютым 1943. Праводзілася сіламі 3 паліцэйскіх палкоў, 5 батальёнаў, у т. л. асобым батальёнам СС А.Дзірлевангера. Мэта аперацыі — знішчыць «усё, што можа служыць абаронай і жыллём» у раёне «сапраўднай сав. рэспублікі» (там былі адноўлены мясц.сав. органы ўлады), ператварыць яго «ў нікім не занятую прастору, насельніцтва расстраляць, жывёлу, збожжа і прадукты забраць». Партызаны дзвюх брыгад і некалькіх асобных атрадаў у час барацьбы з карнікамі стварылі штаб партыз. злучэння (камандзір В.З.Корж), пад кіраўніцтвам якога некалькі дзён стрымлівалі націск гітлераўцаў, потым асн. сілы партызан выйшлі з-пад удараў фашыстаў. Карнікі спалілі некалькі вёсак і г.п. Ленін, загубілі больш за 10 тыс. грамадзян, захапілі шмат жывёлы і збожжа. У час аперацыі здзейснілі подзвіг браты І.С. і М.С.Цубы. Працягам «Горнунга» была аперацыя «Русалка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТБЕРГ ((Gottberg) Курт фон) (1896 — май 1945),
адзін з вышэйшых кіраўнікоў ням.акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—24 служыў у добраахвотніцкім корпусе «Брыгада Эрхарда». У 1932 уступіў у Нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі (НСДАП) і СС. З 1937 у Гал. ведамстве па расавай палітыцы і пасяленнях, з 1939 оберфюрэр СС і гал. камісар ведамства зямлі ў Празе. У 1940—42 нач. рэгістрацыйнага ведамства ў гал. упраўленні СС, брыгадэнфюрэр СС і ген.-маёр паліцыі. З восені 1942 камандзір «баявой групы Готберг», потым кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі. Пасля знішчэння бел. партызанамі гаўляйтара В.Кубэ з вер. 1943 да 3.7.1944 в.а. ген. камісара Беларусі. Адначасова з 1943 прадстаўнік рэйхсфюрэра СС у Цэнтр. Расіі. З чэрв. 1944 обергрупэнфюрэр СС. У канцы 2-й сусв. вайны кіраваў барацьбой з франц. рухам Супраціўлення. Пасля арышту Готберга саюзнікамі скончыў самагубствам у Фленсбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́Т ЭНЦЫКЛАПЕДЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
руская універсальная энцыклапедыя. Выдаваўся з 1891 у Маскве братамі А. і І.Гранат. Да 1917 (т. 1—33; падрыхтаваны т. 37—39, 42) выдаваўся т-вам «Бр. А. і І.Гранат і К°», потым (з т. 34) — Рус.бібліягр. ін-там Гранат, 54-ы і 58-ы тамы — Дзярж.навук. ін-там «Савецкая энцыклапедыя». У 1891—1903 выйшлі першыя 6 выданняў у 8—9 тамах, у 1910—48 — 7-е перапрацаванае выданне ў 58 т., (за выключэннем 56-га т.); у 1910—17 выйшлі 1—33 т., у 1917—48 — т. 34—58. Пазней былі выдадзены стэрэатыпныя выданні (з 8 па 13 т.).
Слоўнік насычаны даведачным і фактычным матэрыялам, мае вял. навукова-пазнавальнае значэнне. Асобныя артыкулы з-за цэнзурных меркаванняў не былі надрукаваны. Адметная асаблівасць Гранат энцыклапедычнага слоўніка — шматлікія дадатковыя тэксты да агульных артыкулаў: манаграфіі (т. 13), бібліягр. слоўнікі (т. 40), бібліягр. паказальнікі найноўшай рус. белетрыстыкі (т. 11) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРЫЭ́ЛІ (Gabrieli),
італьянскія кампазітары, прадстаўнікі венецыянскай школы. Нарадзіліся ў Венецыі.
Андрэа (вядомы таксама як Андрэа з Канарэджа; паміж 1510 і 1520 — пасля 1586), аўтар арганных твораў, дзе шырока выкарыстоўваў рэгістравыя кантрасты, мадрыгалаў, матэтаў, хар. канцэртаў, інстр. рычэркараў і канцон. З лепшых твораў — 6-галосныя «Пакаянныя псалмы» (1583).
Джавані (паміж 1553 і 1556 — 12.8.1612 ці 1613), пляменнік і вучань Андрэа. Да 1578 ці 1579 служыў у прыдворнай капэле пад кіраўніцтвам А.Ласа ў Мюнхене. Стваральнік манум. экспрэсіўнага вак.-інстр. стылю, заснаванага на выкарыстанні шматхорнай тэхнікі, незвычайна вострых на той час разнастайных кантрастаў (рэгістраў, груп, tutti і асобных галасоў, інстр. і хар. гучанняў). Упершыню ўвёў дынамічныя абазначэнні. З арганнай практыкі запазычыў тэхніку актаўнай дубліроўкі галасоў і, такім чынам, адышоў ад канонаў старадаўняга вак. поліфанічнага стылю. Яго творчасць — вышэйшы пункт развіцця венецыянскай поліфанічнай школы — зрабіла вял. ўплыў на развіццё інстр. музыкі. Сярод твораў: канцэрты для 6—16 галасоў (1587), 77 «Свяшчэнных сімфоній» для 6—19 галасоў (1597), канцоны і інш.інстр. творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (Hawaiian Islands),
Сандвічавы астравы, архіпелаг у цэнтр. частцы Ціхага ак., штат ЗША — Гаваі і ўладанне Мідуэй. Пл. 16,7 тыс.км². Гавайскія астравы — вяршыні падводнага вулканічнага хрыбта, складаюцца з 24 вулканічных і каралавых астравоў, выцягнутых з З-Пн-З на У-Пд-У больш як на 3600 км (самыя вял. і значныя — Гаваі, Ааху, Каўаі, Ланаі, Малакаі, Маўі, Нііхау, Кахаалаве). Выш. да 4205 м (патухлы вулкан Маўна-Кеа на в-ве Гаваі). Дзеючыя вулканы Маўна-Лоа (4170 м) і Кілаўэа (1247 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячная т-ра 18—25 °C. Ападкаў ад 700 мм (на паўд.-зах. берагах) да 3500—4000 мм за год (на в-ве Каўаі ў асобныя гады больш за 10 000 мм). На наветраных схілах вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — рэдкалессе і саванны; шмат эндэмічных відаў раслін. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу, кавы і інш. трапічных культур. Развіта кветкаводства. Рыбалоўства. Суднабудаванне. Кліматычныя курорты. Турызм. Адкрыты Гавайскія астравы ў 1778 англ. мараплаўцам Дж.Кукам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙШЫ́Н, Гейшын,
вёска ў Васькавіцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. Цэнтр калгаса. За 12 км на Пд ад Слаўгарада, 80 км ад Магілёва, 52 км ад чыг. ст. Быхаў. 96 ж., 44 двары (1996).
У канцы 1830-х г. належаў Сапегам. У 2-й пал. 19 ст. мястэчка ў Старабыхаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1897 Г. у Прапойскай вол. Быхаўскага пав.; 1060 ж., 161 двор, 3 млыны, 3 крупадзёркі, 3 кузні, нар. вучылішча, 12 крам, карчма, царква, 2 сінагогі, двойчы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Прапойскага (з 1945 Слаўгарадскі) р-на. У Вял.Айч. вайну ў 1943 Гайшын часткова спалілі ням.-фаш. акупанты. З 1961 у Васькавіцкім с/с. У 1970 337 ж., 132 двары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля Гайшына брацкая магіла сав. воінаў. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 вёска апынулася ў зоне моцнага радыяцыйнага забруджання і падлягае адсяленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕРЭ́Я (франц. galerie ад італьян. galleria),
1) доўгае крытае памяшканне, у якім вонкавую падоўжную сцяну замяняе каланада, часам з аркадай ці балюстрадай; доўгі балкон. У еўрап. архітэктуры галерэя шырока выкарыстоўвалася ў палацавых і грамадскіх будынках стыляў рэнесансу, барока, класіцызму (замак на Вавелі ў Кракаве). На Беларусі вядомы з 16 ст. ў ратушах, палацах, замках (г.п. Мір Карэліцкага р-на), гандл. радах і інш. 2) Доўгае памяшканне з суцэльным радам вял. вокнаў на адным з падоўжных бакоў будынка (Люстраная галерэя Каралеўскага палаца ў Версалі). На Беларусі былі ў 16—17 ст. у манастырах, кляштарах (Гродзенскія лямусы), школьных будынках; сустракаюцца ў сучаснай архітэктуры (т.зв. дамы галерэйнага тыпу).
3) Верхні ярус глядзельнай залы тэатра (галёрка, раёк).
4) Назва шэрагу маст. музеяў (нац. галерэя, карцінная галерэя).
5) У пераносным сэнсе — шэраг, чарада (галерэя вобразаў, тыпаў).
Галерэя Мірскага замка. Карэліцкі раён Гродзенскай вобл.Галерэя каралеўскага замка на Вавелі ў Кракаве.Люстраная галерэя Каралеўскага палаца ў Версалі. Арх. Ж.Ардуэн-Мансар. 1678—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКІНА (Лідзія Іванаўна) (н. 15.6.1923, г. Іванава, Расія),
бел. спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар.арт. Беларусі (1963). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Ф.Пятровай). У 1951—81 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1974 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае яркім прыгожым голасам, вял. эмацыянальнасцю, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Найб. блізкія ёй партыі гераінь з моцнымі характарамі, драм. і трагічным лёсам. Сярод партый у бел. операх: Надзея Дурава (аднайм. опера А.Багатырова), Алеся, Ганка («Алеся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Вераніка («Зорка Венера» Ю.Семянякі, Удава кнігагандлёўца («Джардана Бруна» С.Картэса); у класічным рэпертуары — Любаша, Амелфа («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Клітэмнестра («Арэстэя» С.Танеева), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Ульрыка («Аіда», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Клара («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева). Выканальніца многіх камерных твораў бел. кампазітараў.
А.Я.Ракава.
Л.І.Галушкіна.Л.Галушкіна ў ролях Марыны (уверсе) і Клары.