ГАЛЕРЭ́Я

(франц. galerie ад італьян. galleria),

1) доўгае крытае памяшканне, у якім вонкавую падоўжную сцяну замяняе каланада, часам з аркадай ці балюстрадай; доўгі балкон. У еўрап. архітэктуры галерэя шырока выкарыстоўвалася ў палацавых і грамадскіх будынках стыляў рэнесансу, барока, класіцызму (замак на Вавелі ў Кракаве). На Беларусі вядомы з 16 ст. ў ратушах, палацах, замках (г.п. Мір Карэліцкага р-на), гандл. радах і інш. 2) Доўгае памяшканне з суцэльным радам вял. вокнаў на адным з падоўжных бакоў будынка (Люстраная галерэя Каралеўскага палаца ў Версалі). На Беларусі былі ў 16—17 ст. у манастырах, кляштарах (Гродзенскія лямусы), школьных будынках; сустракаюцца ў сучаснай архітэктуры (т.зв. дамы галерэйнага тыпу).

3) Верхні ярус глядзельнай залы тэатра (галёрка, раёк).

4) Назва шэрагу маст. музеяў (нац. галерэя, карцінная галерэя).

5) У пераносным сэнсе — шэраг, чарада (галерэя вобразаў, тыпаў).

т. 4, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)