АЗЕ́РШЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і Рэчыцкага саўгаса-тэхнікума. За 10 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 60 км ад Гомеля. 4858 ж., 1800 двароў (1994). Суднабуд.-суднарамонтны з-д, ПМК. Сярэдняя школа, ПТВ, 3 б-кі, 3 клубы, амбулаторыя, 2 аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Царква. За 0,3 км на З ад вёскі паселішча каменнага веку.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРА́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Друць. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Крупскай. За 36 км на ПнЗ ад Рагачова, 155 км ад Гомеля. 689 ж., 289 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля Азяран стараж. гарадзішча (8—7 ст. да н.э. — 1—2 ст. н.э.) і курганны могільнік дрыгавічоў (11—12 ст.).

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРЫ́НА (італьян. ocarina літар. гусяня),

музычны інструмент класа аэрафонаў віду глабулярных флейтаў. Мае гліняны корпус авальнай формы, свістковае прыстасаванне, 8—10 ігравых адтулін. Створана ў 1860 італьян. майстрам Дж.​Данацы, хутка пашырылася ў краінах Еўропы, у т. л. на Беларусі (нар. назвы «карына», «конік»). У адпаведнасці з бел. традыцыяй набыла цыліндрычную форму. Вырабляецца найчасцей уручную, пакрываецца палівай. Выкарыстоўваецца пастухамі для ігры сола, музыкантамі-аматарамі для суправаджэння спеваў.

І.​Дз.​Назіна.

Акарыны.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БВЕР (ням. Abwehr),

орган ваен. разведкі і контрразведкі Германіі ў 1919—44. У 1935—44 абвер узначальваў адм. Ф.​В.​Канарыс. У 1944 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі, падпарадкаванага Г.​Гімлеру. У Вял. Айч. вайну на акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 4 развед., 3 дыверсійна-тэрарыст. і 9 контрразвед. груп абверу, спец. аператыўная група «Мінск», а таксама асобныя падраздзяленні развед. і контрразвед. органаў А. «Зондэрштаб-Р», «Інгвар», «Цэпелін».

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛА́М, забарол,

невысокая (каля 1,5 м) надбудова над абарончымі сценамі і вежамі драўляных замкаў Беларусі ў 16—17 ст. Служыў пагрудным прыкрыццём для абаронцаў. Меў выгляд верт. сценкі з 3—7 вянкоў, якая апіралася на кансольныя выпускі бэлек гарадзен, тарасаў і вежаў і выступала за сцены ніжніх ярусаў. Па бэльках насцілаўся верхні баявы мост з падсябіццямі. Прарэзаны байніцамі аблам часам завяршаўся дахам і ствараў крытую баявую галерэю, напр., у Віцебскіх замках.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫ́Ў,

схіл рачной даліны, берагоў мора, ракі, возера, вадасховішча, яра стромкасцю больш за 55°, вышынёй (глыб.) ад некалькіх да дзесяткаў метраў. На фарміраванне абрыву ўплываюць тэктанічныя рухі, працэсы абразіі (кліф), эрозіі (рачныя тэрасы) і інш. Пры замаруджванні ці спыненні гэтых працэсаў абрыў траціць стромкасць і паступова ператвараецца ў пакаты схіл. На Беларусі абрывы часцей бываюць на сугліністых і лёсападобных грунтах, радзей на месцах знаходжання былых вял. прыледавіковых азёраў.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТЭ́РНА,

возера ў Беларусі, у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 9,89 км². Даўж. 5,5 км, найб. глыб. 12 м. Пл. вадазбору каля 115 км².

Берагі пясчаныя. Дно складанай будовы, выслана пяском і сапрапелямі. Схілы пераважна высокія, укрытыя лесам, на У разараныя. Злучана ручаём з воз. Укля, пратокамі з азёрамі Важа і Набіста. У 1967 узровень яго штучна падняты на 1 м.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́ХАЎ (Генадзь Аляксеевіч) (н. 18.6.1924, чыг. ст. Сляпцоўская Сунжэнскага р-на, Чэчня),

бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. навук (1973), праф. (1974). Засл. ўрач Беларусі (1975). Скончыў Паўн.-Асецінскі мед. ін-т (1949). Працаваў у Маскве, Іране, Кішынёве. З 1962 у Гродзенскім мед. ін-це. Даследаванні ў галіне пагранічнай псіхіятрыі і алкагольнага псіхозу.

Тв.:

Пневмоэнцефалография при шизофрении. Кишинев, 1968 (разам з Г.​І.​Брэгман, В.​М.​Міхліным).

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЛІ́К, Асліўка, Ослік,

рака ў Беларусі, у Круглянскім і Бялыніцкім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 66 км. Пл. вадазбору 413 км. Пачынаецца за 2,5 км на ПдЗ ад в. Саннікі Круглянскага р-на. Паўн. частка на Аршанска-Магілёўскай, паўд. — на Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. 500—800 м. Рэчышча звілістае, шыр. 10—20 м, ад вытоку на працягу 8 км каналізаванае.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПЕРГІЛЁЗ, аспергіламікоз,

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека. Выклікаецца плесневымі грыбамі з роду аспергіл. Пашыраны па ўсім свеце. На Беларусі трапляецца спарадычна. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі і стрававальна-кішачны тракт. Да аспергілёзу асабліва ўспрыімлівыя птушкі (качкі, гусі, галубы і інш), буйн. раг. жывёла, коні, авечкі, сабакі, каты, пчолы. Бывае і ў людзей, занятых перапрацоўкай с.-г. сыравіны, заражанай спорамі грыба. Праяўляецца ў запаленні скуры, слізістых абалонак, органаў дыхання і стрававання.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)