РЭ́ДЗЬКА (Raphanus),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6—8 відаў (або 1 паліморфны від Р. дзікая, ці палявая — R. raphanistrum), пашыраных у Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы, пераважна ў Міжземнамор’і. За 2 тыс. гадоў да н.э. Р. выкарыстоўвалася ў медыцыне. На Беларусі культывуюцца Р. пасяўная, або агародная (R. sativus), і яе разнавіднасці, Р. звычайная і радыска.

Адна-, двух-, рэдка шматгаловыя травяністыя караняплодныя расліны. Лісце рассечанае. Кветкі белыя, жоўтыя, ружовыя, фіялетавыя, у суквецці гронка. Плод — стручок. На Беларусі раянаваны сарты Адэская 5, Грайваронская, Зімовая круглая чорная, Зімовая круглая белая, Майская і інш. Караняплоды рознай формы (ад круглай да верацёнападобнай) і афарбоўкі (белыя, жоўтыя, шэрыя, фіялетавыя, карычневыя, чорныя), з белай мякаццю, ужываюцца сырыя. Маюць 1,6% цукру, каля 1,9% бялку, вітаміны С і групы В, карацін, эфірны алей, востры смак ім надаюць гліказіды. Харч., алейныя, меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.

Сарты рэдзькі: 1 — Зімовая круглая белая; 2 — Зімовая круглая чорная; 3 — Грайваронская; 4 — Маргеланская.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)