НАСЫРЫ́ (Каюм) (сапр.Насыраў Габдэлкаюм Габдэлнасыравіч; 14.2.1825, в. Верхнія Шырданы Зеленадольскага р-на, Татарстан — 2.9.1902),
татарскі вучоны-асветнік, пісьменнік. Вучыўся ў медрэсэ ў Казані (1841—55). З 1855 вольны слухач Казанскага ун-та. Заснавальнік першай руска-тат. школы ў Казані. Складальнік граматыкі тат. мовы, слоўнікаў, у т. л. «Татарска-рускага слоўніка» (1875), правілаў правапісу, першых кніг для чытання на рус. мове «Рускае чытанне» (1889), падручнікаў па рус. граматыцы (1891), па матэматыцы, геаграфіі, л-ры, гісторыі, прыродазнаўстве, земляробстве, «Штогадовага настольнага календара» (1871—97). Выдаў працы па тат. фальклоры і этнаграфіі: «Павер’і і абрады казанскіх татар...» (1880), «Узоры народнай літаратуры казацскіх татар» (1896), «Казкі казанскіх татар у супастаўленні з казкамі іншых народаў» (1900, з П.Л.Паляковым). Аўтар «Аповесці аб сарака везірах» (1868), аповесцей «Авіцэна» (1872), «Кабуснама» (1881), павучальна-дыдактычнай «Кнігі для субяседнікаў па літаратуры» (1884), навук.-папулярных твораў для дзяцей «Вольнай часінай» (1860). Яго навелы садзейнічалі развіццю нац.маст. прозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТАРП ((Natorp) Паўль) (24.1.1854, Дзюсельдорф, Германія — 17.8.1924),
нямецкі філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў марбургскай школы неакантыянства. Вучань Г.Когена. Праф. філасофіі Марбургскага ун-та (1885). Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае трактоўка кантаўскага паняцця «рэчы ў сабе», якое ён лічыў «гранічным паняццем» і пабуджальным пачаткам навук. пазнання. Н. затушоўвае прынцыповую кантаўскую розніцу паміж апрыёрнымі формамі пачуццёвасці і катэгорыямі розуму і пераносіць яе ў разрад чыста лагічных праблем. Класічным прыкладам навукі, на яго думку, выступае матэм. аналіз, дзе канструкцыі чыстага мыслення выцясняюць усе спец. аб’екты. Н. даследаваў ант. філасофію, асабліва вучэнне Платона, якое разглядаў з неакантыянскіх пазіцый. Сац.-філас. погляды Н. спалучаюць у сабе характэрныя для марбургскай школы ідэі «этычнага сацыялізму» з лібералізмам. Галоўным у сац. педагогіцы Н. было палажэнне пра неабходнасць адукацыі індывіда ў якасці перадумовы яго ўдзелу ў агульначалавечым руху за пабудову ідэальнага грамадства. Аўтар прац: «Сацыяльная педагогіка» (1899), «Вучэнне аб ідэях Платона» (1903), «Філасофія як праблема і яе праблемы» (1911) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРГАНІЗАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Тпа падрыхтоўцы да сустрэчы трэцяга тысячагоддзя і святкавання 2000-годдзя хрысціянства.
Створаны 4.8.1998. Узначальвае Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь У.В.Ярмошын (да 14.4.2000 С.С.Лінг); уваходзяць дзеячы культуры, прадстаўнікі органаў дзярж. кіравання, духавенства. Асн. кірункі дзейнасці: міжнар. сувязі, культ.-масавая і інфарм.-тлумачальная работа, выдавецкая дзейнасць, правядзенне навук.-практычных канферэнцый, фестываляў, конкурсаў, прысвечаных знамянальным падзеям, а таксама садзейнічанне рэліг. арг-цыям ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхн. базы [буд-ва, рэстаўрацыя і рамонт храмаў, напр., праваслаўных цэркваў (комплексаў) Мінска, Віцебска, Друцка, касцёлаў у Гродне, Пінску, Нясвіжы і інш.]. Аргкамітэт мае сваю эмблему (аўтар мастак Л.І.Талбузін) з выявай узноўленага Крыжа Ефрасінні Полацкай. Рабочую групу Аргкамітэта ўзначальвае старшыня Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь А.М.Білык. Рабочая група каардынуе дзейнасць міжнар., дзярж. і грамадскіх арг-цый па падрыхтоўцы да юбілеяў, падтрымлівае сувязі з аргкамітэтамі, якія створаны ў шэрагу краін свету, і з суайчыннікамі за межамі Беларусі.
чарнагорскі паэт і дзярж. дзеяч. З дынастыі Негашаў. Уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1830—51] пад імем Пятра II Петравіча. Умацоўваў цэнтр. ўладу ў краіне (у 1831 створаны Правячы сенат), адстойваў яе незалежнасць ад замахаў Турцыі і Аўстрыі. Арыентаваўся на падтрымку Расіі, якую наведаў у 1833 і 1837. У сталіцы Чарнагорыі г. Цэтыне заснаваў першую школу і друкарню. У 1834 выдаў у Цэтыне зб. вершаў «Цэтынскі пустэльнік» і «Аблічча лютасці турэцкай», у 1845 зб.нар. і сваіх песень «Люстэрка сербскае», які адкрыў вершам-прысвячэннем «Цені Аляксандра Пушкіна». У паэме «Свабадыяда» (нап. 1835, апубл. 1854) услаўляў барацьбу сербаў і харватаў за нац. незалежнасць Вяршыня яго творчасці — драм. паэма «Горны вянец» (1847) пра барацьбу чарнагорцаў супраць тур. няволі ў канцы 17 ст.Аўтарфілас. паэмы «Прамень мікракосма» (1845) і драм. паэмы «Самазванец Сцяпан Малы» (нап. 1848).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАБЫТО́ЎСКІ (Аляксандр) (2.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.; паводле інш. звестак 15.9.1818, в. Зубкава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.3.1849),
бел. і польскі пісьменнік, філосаф, гісторык. Вучыўся ў прыватным франц. пансіёне ў Варшаве, у Дэрпцкім ун-це (1835—38). У 1844—47 наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію, Іспанію, Партугалію, Англію. За спробу перавезці свае і чужыя нелегальныя выданні арыштаваны, зняволены ў пінскай, мінскай і віленскай турмах. Быў прыгавораны да пазбаўлення дваранскіх і маёмасных правоў і 20-гадовай катаргі ў сібірскіх рудніках (памёр да выканання прыгавору). У ананімных кнігах, якія выдаваў у Вільні і Парыжы, а таксама ў рукапісах, што трапілі ў рукі царскіх улад пры арышце, заклікаў народ на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, патрабаваў скасавання паншчыны, адмаўляў існаванне Бога, высмейваў хрысц. догматы. Аўтар мемуараў «Мае запіскі» (Парыж, 1845), прысвечаных паўстанню 1830—31, у якіх сябе называе ліцвінам (беларусам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙ, Нэй (Ney) Мішэль (10.1.1769, г. Саарлуі, Германія — 7.12.1815), французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Эльхінгенскі (1808), князь Маскоўскі (1812). У арміі з 1787. Вылучыўся ў 1794—95 у час войнаў, якія вяла рэв. Францыя. Камандаваў дывізіяй (з 1800), франц. войскамі ў Швейцарыі (з 1802), 6-м (1805—11) і 3-м (1811—14) карпусамі. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў, у т. л.рус.-аўстра-франц. вайны 1805 (перамог аўстр. войскі ў раёне Эльхінгена каля г. Ульм, Баварыя), вайны 1812 (Смаленская і Барадзінская бітвы, баі пад Красным, Оршай і інш.). У 1814 прызначаны каралём Людовікам XVIII Бурбонам пэрам Францыі і чл.Ваен. савета. У перыяд «Ста дзён» (1815) перайшоў на бок Напалеона I Банапарта, узначальваў старую гвардыю ў бітве каля Ватэрлоо. Пасля вяртання Бурбонаў арыштаваны і паводле прыгавору суда расстраляны за здраду каралю. Аўтар мемуараў (т. 1—2, апубл. ў 1833).
Літ.:
Виноградов А. Род французских «князей Московских» // Родина. 1992. № 6/7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЙМАН ((Neumann) Станіслаў Костка) (5.6.1875, Прага — 28.6.1947),
чэшскі паэт.Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Гандлёвай акадэміі. Удзельнік нац.-вызв. руху чэш. моладзі «Омладзіна», быў зняволены. Дэбютаваў сімвалісцкімі зб-камі «Я — апостал новага жыцця» (1896) і «Слава сатаны сярод нас» (1897). Ідэямі нац. і сац. вызвалення прасякнуты зб-кі «Сон пра натоўп, які страціў надзею, і іншыя вершы» (1903), «Чэшскія песні» (1910). Антыфаш. пафас характэрны для паэт. зб-каў «Сэрца і хмары» (1935), «Саната зямных даляглядаў» (1937), «Бяздонны год» (1945), «Зачумленыя гады» (1946). Аўтар зб-каў пейзажнай і філас. лірыкі («Кніга лясоў, узгоркаў і вод», 1914), інтымнай («Каханне», 1933), кніг публіцыстыкі і мемуараў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі М.Аўрамчык, М.Гамолка, Х.Жычка, К.Кірэенка, М.Машара, С.Шушкевіч і інш.
Тв.:
Бел пер. — у кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958;
Соната земных горизонтов: Избр. лирика. М., 1986.
Літ.:
Шерлаимова С.А. Станислав Костка Нейман. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎРАЎ (Мікалай Васілевіч) (1830, Масква — 16.5.1904),
расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1851—56), у 1887—90 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член т-ва перасоўных выставак (з 1881, гл.Перасоўнікі). Жанравым карцінам уласцівы пераканаўчасць сац. характарыстык і сюжэтных сітуацый, падрабязная распрацоўка фактуры: «Хатняя сялянская сцэна» (1856), «Торг» (1866), «Выхаванка» (1867), «Паніхіда на сельскіх могілках», «Пахаванне селяніна», «Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца», «Агледзіны» (1888) і інш.Аўтаргіст. карцін: «Князёўна П.Р.Юсупава перад пострыгам» (1866), «Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III» (1875), «Прысяга Лжэдзмітрыя каралю Жыгімонту III» (1877) і інш. Пісаў партрэты: невядомага, М.С.Шчэпкіна, аўтапартрэт (1863), Траццяковых (1860-я г.) і інш. У канцы 19 ст. пераехаў на Беларусь. Жыў у в. Лыскоўшчына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., дзе напісаў творы «Эпізод з жыцця Пятра», «Чым былі моцныя шлюбныя вузы» і інш. У 1998 у Магілёве адбыўся міжнар. пленэр, прысвечаны Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЧКІНА (Міліца Васілеўна) (25.2.1901, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.5.1985),
расійскі сав. гісторык. Акад.АНСССР (1958), правадз.чл.АПНСССР з 1947. Скончыла Казанскі ун-т (1921). З 1921 у ВНУ і НДІ Казані і Масквы, у 1934—54 праф. Маскоўскага ун-та. З 1935 у Ін-це гісторыі АНСССР. Асн. творы па гісторыі рэв. руху і грамадскай думкі ў Расіі 19 ст., у т. л. дзекабрысцкага руху: «А.С.Грыбаедаў і дзекабрысты» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Рух дзекабрыстаў» (т. 1—2, 1955). Адзін з аўтараў прац па гістарыяграфіі і метадалогіі гісторыі. Гал.рэд. і аўтар «Нарысаў гісторыі гістарычнай навукі ў СССР» (т. 2—4, 1960—66).
Тв.:
В.О.Ключевский: История жизни и творчества. Мн., 1974;
Встреча двух поколений: Из истории рус. рев. движения конца 50-х — нач. 60-х гг. XIX в.: Сб. ст.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖЫ́НСКАЯ (Браніслава Фамінічна) (8.1.1891, Мінск —22.2.1972),
расійская танцоўшчыца, балетмайстар, педагог; адзін з рэфарматараў харэаграфіі 20 ст. Сястра В.Ф.Ніжынскага. Скончыла Пецярбургскую тэатр. школу (1908). У 1908—11 у Марыінскім т-ры. У 1909—13 выступала ў спектаклях Рускіх сезонаў за мяжой; партыі Матылёк («Карнавал» на муз. Р.Шумана), Вулічная танцоўшчыца («Пятрушка» І.Стравінскага) і інш. З 1915 выступала і выкладала ў Кіеве. У 1921—24 танцоўшчыца, балетмайстар і рэж. трупы Рускі балет Дзягілева. Ў 1938 засн. балетную школу ў Лос-Анджэлесе, з 1952 кіравала школай «Бале тыэтр» (Нью-Йорк). Да 1966 працавала ў т-рах і трупах свету. Сярод пастановак: «Байка пра Лісу...» (1922), «Вяселейка» (1923), «Пацалунак феі» (1928) Стравінскага, «Лані» Ф.Пуленка і «Блакітны экспрэс» Д.Міё (1924), «Эцюды» на муз. І.С.Баха і «Варыяцыі» на муз. Л.Бетховена (1932), «Гамлет» на муз. Ф.Ліста (1934, і гал. роля). Сярод вучняў А.Кент, С.Ліфар. Аўтаркн. «Школа руху: тэорыя харэаграфіі» (1920), «Танцавальная спадчына» (выд. 1986) і інш.