МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча.

Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (курс Б.​Платонава і В.​Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.​Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава, «Трыбунал» А.​Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.​Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.​Друцэ, «Палын» М.​Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.​Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.​Бондарава, «Апошні тэрмін» В.​Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.​Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.​Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.​Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла, «Эмігранты» С.​Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.​Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.​Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.​Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.​Купалы, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.​Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча), «Калізей» М.​Матукоўскага, «Чорная панна» А.​Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.​Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.​Манохіна, «Русалка» А.​Пушкіна і інш. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.​Каралько, Ф.​Пуховіча, М.​Кавальчыка, Г.​Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.​Баеў, Н.​Калаптур, П.​Масцераў, В.​Філатаў, Л.​Федчанка. Гал. рэжысёр С.​Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.​Навакоўскі (з 1989).

Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.​Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.​Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.​Папоў, М.​Пірагоў, маст. В.​Ананьеў, М.​Макашвілі.

А.​В.​Спрынчан, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».

т. 9, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І МАСТА́ЦКІЯ.

Збіраюць, зберагаюць, вывучаюць, папулярызуюць і экспануюць зборы твораў мастацтва. Як комплексы спецыяльна прыстасаваных памяшканняў уключаюць экспазіцыйныя залы, запаснікі, выставачныя залы, рэстаўрацыйныя майстэрні, навук. б-кі, фотатэкі і інш. Экспазіцыя звычайна будуецца па храналогіі і нац. школах мастацтва, мае комплексны характар (у залах разам экспануюцца творы жывапісу, скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва). Часам экспазіцыя будуецца часткова або цалкам па асобных калекцыях, якія паступілі ад уладальнікаў у дар ці на захоўванне. Некат. зборы твораў прадстаўляюць толькі адзін від мастацтва, найчасцей жывапісу (гл. Карцінная галерэя). Разнавіднасць М.м. — музеі архітэктурныя.

Стварэнне М.м. звязана з развіццём калекцыяніравання. Першыя буйныя зборы твораў мастацтва вядомы з часоў антычнасці. У эпоху сярэднявечча калекцыі твораў мастацтва зберагаліся ў палацавых галерэях, цэрквах, манастырах і інш. У 16 ст. на аснове прыватных калекцый створаны першыя ў Еўропе музеі — Дрэздэнская карцінная галерэя, Луўр у Парыжы, Прада ў Мадрыдзе, Уфіцы ў Фларэнцыі і інш Фарміраванне асн. еўрап. музеяў завяршылася ў 19 ст., калі яны сталі даступныя для шырокай публікі і склалася тыпалогія спец. музейнага будынка. Сярод найб М.м. свету таксама Баварскія дзяржаўныя зборы карцін у Мюнхене, Брытанскі музей у Лондане. Ватыканскія мастацкія музеі, комплекс Дзярж музеяў у Берліне (у т. л. Пергамон-музей), Метраполітэн-музей у Нью-Йорку, Рускі музей і Эрмітаж у С.-Пецярбургу, Музей выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна і Траццякоўская галерэя ў Маскве і інш.

На Беларусі першы прыватны М.м. вядомы з 16 ст. (музей-«кабінет» Радзівілаў у Нясвіжы). У 17—1-й пал. 19 ст. багатыя зборы твораў жывапісу, скульптуры, габеленаў, фарфору, манет, зброі і інш. былі ў шэрагу сядзіб і замкаў магнатаў: Агінскіх (маёнтак Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл), Зорычаў (г. Шклоў Магілёўскай вобл.), Паскевічаў (Гомель), Сапегаў (в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл., г.п Ружаны Брэсцкай вобл.), А.​Тызенгаўза (Гродна, Паставы), Тышкевічаў (г. Лагойск Мінскай вобл.) і інш. У 1787—1820 пры Полацкім калегіуме езуітаў існаваў музей, які змяшчаў карцінную галерэю. У 1855 на аснове калекцыі Тышкевічаў заснаваны Віленскі музей старажытнасцей, у 1921 — Беларускі музей у Вільні. У 1939 створана Дзярж. карцінная галерэя Беларусі (з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), у 1970 — Бялыніцкі мастацкі музей імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Калекцыі твораў бел. стараж., сучаснага нар., самадзейнага мастацтва зберагаюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Веткаўскім музеі народнай творчасці, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Гурынскай карціннай галерэі, Дзіўнаўскім музеі мастацтва і этнаграфіі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, Магілёўскім мастацкім музеі В.К.Бялыніцкага-Бірулі, Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на, Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і Сучаснай беларускай скульптуры музеі імя А.​А.​Бембеля ў Мінску, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Полацкай карціннай галерэі і інш.

Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі рускага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі грэчаскага і рымскага мастацтва Метраполітэн-музея ў Нью-Йорку.
Да арт. Музеі мастацкія. Зала Пергамон-музея. Берлін.
Да арт. Музеі мастацкія. Эрмітаж. Белая зала.

т. 11, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́СЬМЕННАСЦЬ,

1) сукупнасць пісьмовых помнікаў якога-небудзь народа ў пэўную гіст. эпоху. Адлюстроўвае сферы чалавечай дзейнасці, найважн. з якіх справаводства, культура, навука, рэлігія. Класіфікуецца паводле сістэм пісьма, якімі карысталіся, напр., грэч., лац., стараслав., стараж.-рус. П. Мае вял. значэнне для вывучэння гісторыі, культуры, л-ры і мовы народаў. У залежнасці ад часу ўзнікнення падзяляецца на старую і маладую П.

Старабел. П., як старарус. і стараўкр., — непасрэднае прадаўжэнне стараж.-рускай. Выступала як самастойная сістэма з 14 ст. Літ.-пісьмовая старабел. мова выконвала ролю агульнадзярж. у ВКЛ. Паводле жанрава-стылявых разнавіднасцей падзяляецца на дзелавую, свецкую і рэлігійную. У помніках дзелавой П. шырэй, чым у інш. жанрах старабел. л-ры, адбілася жывая моўная стыхія свайго часу. Гэта шматлікія граматы і дагаворы, актавыя кнігі і дакументы гар. упраў, магістратаў, гродскіх, земскіх і інш. судоў, розныя інвентары, вопісы і рэвізіі, складзеныя на тэр. Беларусі. Асабліва вядомымі былі Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 (адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных зводаў законаў па ўсіх галінах тагачаснага права), Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 і Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свецкая П. уключала творы літ.-маст. характару арыгінальныя спісы бел. летапісаў (Супрасльскі летапіс, Віленскі летапіс, Слуцкі летапіс, Румянцаўскі летапіс), хронікі і хранографы (Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Вялікая хроніка»), творы мемуарнага жанру («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), перакладныя аповесці («Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана», «Гісторыя пра Атылу», «Александрыя», «Троя»), Помнікі рэліг. П. — пераклады на бел. мову біблейскіх кніг, жыціі, і апокрыфы, царк. і манастырскія статуты, тлумачальныя, прапаведніцкія і палемічныя творы (гл. Палемічная літаратура), творы гамілетычнай л-ры. Яны пашыраліся ў рукапіснай і друкаванай форме («Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Біблія» Ф.​Скарыны, «Катэхізіс» С.​Буднага, «Евангелле» В.​Цяпінскага, «Казанне святога Кірылы» С.​Зізанія, «Апакрысіс» Хрыстафора Філалета, «Казанне двое...» Л.​Карповіча, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», палемічныя творы І.​Пацея і інш.). Найб. помнікаў старабел. П. (у рукапісах і ў друкаванай форме) прыпадае на 16—пач. 17 ст. У мінулым на Беларусі, апрача старабел., бытавалі царк,слав., польская, лац., араб., яўрэйская П. Пасля Брэсцкай уніі 1596 з прычыны інтэнсіўнага выцяснення бел. мовы са сферы грамадскага і культ. ўжытку і забароны яе (паводле сейма 1697) у якасці дзярж. паменшала колькасць твораў, напісаных кірыліцай. У канцы 17—18 ст. створаны толькі паасобныя помнікі бел. П. традыц. тыпу.

Новая бел. П. пачала складвацца ў пач. 19 ст. на аснове пераважна лацінскага алфавіта, на змену якому прыйшоў рус. грамадзянскі шрыфт. У 19 ст. ў неспрыяльных культ.-гіст. умовах яна развівалася слаба, запаволена. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 культ.-грамадскія і стылістычныя функцыі бел. П. значна пашырыліся. У наш час найб. актыўнымі сферамі яе ўжытку з’яўляюцца маст., грамадска-публіцыстычная і навук. л-ра.

2) Сукупнасць пісьмовых сродкаў зносін, якая ўключае графіку, алфавіт і арфаграфію пэўнай мовы або групы моў, аб’яднаных адной сістэмай пісьма, ці адным алфавітам.

Літ.:

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,

адно з самых старажытных дзярж. утварэнняў усх. славян з цэнтрам у г. Полацк. Размяшчалася ў бас. Зах. Дзвіны, Бярэзіны, часткова Нёмана (тэр. сучаснай Віцебскай, паўн. часткі Мінскай і Магілёўскай абл.). Найб. стараж. гарады — Мінск (Менск), Віцебск, Друцк, Усвяты, Лукомль, Лагойск (Лагожск), Заслаўе (Ізяслаўль). Ядром П.к. было племянное княжанне крывічоў (палачан). У летапісах княства называлася таксама воласцю (862), вобласцю, Полацкай зямлёй. У апавяданні пра паход кн. Алега на Канстанцінопаль у 907 летапісец залічыў Полацк да гарадоў, дзе «седяху велиции князи, под Олгом суще». У выніку перамогі Полацк атрымліваў даніну ад грэкаў. Каля 980 у Полацку сядзеў кн. Рагвалод. Прадстаўнікамі полацкага княжацкага ролу былі Рагнеда Рагвалодаўна, Ізяслаў Уладзіміравіч, Брачыслаў Ізяславіч, які ў 1021 пасля паходу на Ноўгарад атрымаў г. Усвяты і Віцебск. Пры яго сыне Усяславе Брачыславічу [1044—1101] П.к. дасягнула найб. росквіту. У Полацкай зямлі, магчыма, яшчэ пры жыцці Усяслава ўтварылася Мінскае княства, а пасля яго смерці — іншыя ўдзелы (Ізяслаўскае княства, Віцебскае княства, Лагожскае княства, Друцкае княства). У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вял. паход у П.к., у 1129 захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і саслаў у Візантыю. Каля 1139 яны вярнуліся і занялі свае ўдзелы. З канца 1120-х г. у Полацку пабольшала роля веча. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася выступленнямі гараджан, зменай князёў. У канцы 12 ст. полацкімі князямі становяцца віцебскія Васількавічы. У гэты час асобныя часткі П.к. адышлі да Смаленска (Копысь, Орша). У 12 ст. ў нізоўях Зах. Дзвіны на месцы больш ранніх паселішчаў узніклі залежныя ад Полацка гарады Герцыке і Кукенойс, якія ў пач. 13 ст., нягледзячы на супрацьдзеянне Полацка, былі захоплены ням. рыцарамі. У канцы 1250 — пач. 1260-х г. у Полацку княжыў Таўцівіл, пляменнік вял. князя ВКЛ Міндоўга. Некалькі гадоў у Полацку правіў Гердзень, пасля князі мяняліся часта. У канцы 13 ст. адзін з іх (імя невядома) спрыяў уключэнню Полацка ў сферу дзеянняў Рыжскага арцыбіскупства. У 1307 палачане з дапамогай літ. князя Віценя прагналі чужынцаў. З таго часу П.к. ўвайшло ў склад ВКЛ, верагодна, на аснове пагаднення (рады) літ. князёў і полацкага баярства. П.к. карысталася аўтаноміяй паводле асобнага прывілея (гл. Полацкія прывілеі). Полацкімі князямі звычайна былі родзічы вял. князя ВКЛ. У 1370—80-я г. (з перапынкамі) полацкім князем быў Андрэй Альгердавіч, які пасля прыняцця вял. князем ВКЛ Ягайлам польскай кароны і каталіцтва прыняў тытул вял. князя полацкага, што падкрэслівала незалежнасць ад ВКЛ. У Грунвальдскай бітве 1410 прынялі ўдзел харугвы з Полацкай зямлі. У час феад. вайны 1432—36 вял. князь ВКЛ Свідрыгайла ўцёк у Полацк, дзе яго падтрымалі мясц. баяры і гараджане. Адбыўся раскол дзяржавы на 2 дзярж. ўтварэнні — ВКЛ са сталіцай у Вільні і Вял. княства Рускае са сталіцай у Полацку, якое праіснавала 4 гады. Адасобленасць П.к. ў складзе ВКЛ неаднаразова пацвярджалася прывілеямі. На тэр. П к. дзейнічала полацкае права, пры якім найб. важныя пытанні жыцця горада і княства вырашаліся на вечы. З сярэдзіны 15 ст. ў Полацк прызначаліся намеснікі вял. князя ВКЛ, а ў 1504 створана Полацкае ваяводства.

Літ.:

Гл. пры арт. Полацк.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),

польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.​Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелемадзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.​Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс. дэмакр. газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел. гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял. нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.​Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.​Дуніна-Марцінкевіча, У.​Сыракомлі, А.​Вярыгі-Дарэўскага, В.​Каратынскага, Я.​Лучыны, Ф.​Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.​Купалы, Я.​Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.​Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.​Ельскім, А.​Гурыновічам, Я.​Купалам, Я.​Коласам, М.​Танкам, А.​Куляшовым, П.​Панчанкам, І.​Багдановіч, У.​Мархелем, К.​Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.​Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.​Купала, В.​Сёмуха, паэму «Гражына» — С.​Дзяргай, П.​Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.​Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.​Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.​Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.​Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.​Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.​Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар. навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.

Тв.:

Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1955;

«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;

У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;

Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;

Да Нёмна. Мн., 1998;

Санеты=Sonety. Мн., 1998;

Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;

Рус. пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.

Літ.:

Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;

Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;

Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;

Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел. літ. Мн., 1998;

Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар. навук. канф. Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.

І.​Э.​Багдановіч.

А.Міцкевіч.

т. 10, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎНАР-ЗАПО́ЛЬСКІ (Мітрафан Віктаравіч) (14.6.1867, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 30.9.1934),

бел. гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў бел. нац. гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1899 прыват-дацэнт Маскоўскага, з 1902 праф., заг. кафедры Кіеўскага ун-таў. У 1907—17 дырэктар Кіеўскага камерцыйнага ін-та. З 1920 у Харкаве, Баку, з 1925 праф. БДУ, правадз. чл. Інбелкульта, старшыня яго гіст.-археагр. камісіі. З 1926 праф. Ціміразеўскай с.-г. акадэміі, правадз. чл. Ін-та гісторыі АН СССР. У 1929 у сувязі з упамінаннем імя Д.-З. ў справе «Платонава—Тарле», ідэалагічным наступам на «нацдэмаўшчыну» ў Беларусі, арыштам вядучых бел. вучоных ён не пазбег праследаванняў. Было заблакіравана выбранне Д.-З. акадэмікам АН СССР, асуджаны як ідэйна-заганны рукапіс яго кнігі «Гісторыя Беларусі», паскораны выхад на пенсію.

Першыя нарысы, прысвечаныя звычаёваму праву, зямельным адносінам, абрадам, вераванням, гіст. мінуламу Беларусі, пачаў публікаваць у канцы 1880-х г. У даследаванні «Беларускае мінулае» (1888) упершыню стварыў асн. ядро канцэпцыі гіст. развіцця бел. народа, паставіў праблему неабходнасці нац. адраджэння Беларусі. У 1891 выдаў манаграфію «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя», у 1899 — працу «В.​М.​Цяпінскі, перакладчык Евангелля на беларускую гаворку». Даследаваў сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ 14—16 ст., дзярж. асновы літ.-бел. гаспадарства, гісторыю сялянства на Беларусі і ў Расіі (працы «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах», 1901, «Нарысы па арганізацыі заходнярускага сялянства ў XVI ст.», 1905, «Старонка з гісторыі прыгоннага права ў XVIII—XIX стст.», 1906, «На зары сялянскай свабоды», 1911). Выдаў Баркулабаўскі летапіс, «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV—XVI ст.)» (т. 2, вып. 1), «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі» (т. 1). Вывучаў грамадскую думку Расіі, дзекабрысцкі рух (працы «З гісторыі грамадскіх плыняў Расіі», 1905, «Палітычныя ідэалы М.​М.​Спяранскага», «Таемнае таварыства дзекабрыстаў», абедзве 1906, «Ідэалы дзекабрыстаў», 1907). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у адбудове бел. дзяржаўнасці на дэмакр. асновах. У 1919 на бел. і асн. еўрап. мовах выдадзены нарыс Д.-З. «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», у якім ён на падставе аналізу гіст., эканам. і этнагр. фактараў абгрунтаваў права бел. народа на суверэннасць. Апублікаваў манаграфію «Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914 гг.» (1926), раздзел «Беларуская ССР і Заходняя вобласць РСФСР» у кн. «Эканамічная геаграфія СССР» (1926), завяршыў абагульненую працу «Гісторыя Беларусі» (1926, выд. 1994), у якой разгледзеў шляхі, пройдзеныя бел. народам ад эпохі першабытнага ладу да пач. 1920-х г. У Рэчыцы Д.-З. пастаўлены помнік (1997).

Тв.:

Белорусская свадьба и свадебные песни. Киев, 1888;

Белорусское Полесье: Сб. этногр. материалов. Вып. 1. Киев, 1895;

Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПб., 1901;

Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909;

История русского народного хозяйства. Т. 1. Киев, 1911;

Обзор новейшей русской истории. Т. 1—2. Киев, 1912—18.

Літ.:

Даўгяла З.І. Літаратурныя працы доктара рускай гісторыі М.​В.​Доўнар-Запольскага ў храналагічным парадку за 45 год (1883—1928) // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1929. Кн. 8. Працы класа гісторыі, т. 3;

Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі. Мн., 1995;

Михальченко С.И. Киевская школа в российской историографии (В.​Б.​Антонович, М.​В.​Довнар-Запольский и их ученики). М.;

Брянск, 1997.

А.​С.​Ліс.

М.В.Доўнар-Запольскі.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПРАВІЗА́ЦЫЯ (франц. improvisation ад лац. improvisus нечаканы, раптоўны),

стварэнне маст. твора непасрэдна ў працэсе выканання. У шырокім сэнсе — творчасць без папярэдняй падрыхтоўкі, якая выяўляе непасрэднасць развіцця маст. думкі. Адрозніваюць уласна І. (з прытрымліваннем зададзеных тэмы, матываў, вобразаў) і свабодную (вольны выбар тэмы і формы яе раскрыцця). Магчыма ў паэзіі, музыцы, танцы, тэатр. мастацтве і інш. Адзін з відаў І. — экспромт.

І. вядома са старажытнасці. Вытокі І. ў літаратуры — у нар. творчасці, вусны характар якой садзейнічаў выкарыстанню элементаў І. пры неабходнасці прытрымлівацца традыцый у цэлым (казкі, прыказкі, прымаўкі і інш.). Дасягнула росквіту ў рус. паэзіі 19 ст. (П.​Вяземскі, В.​Брусаў). Вядомымі імправізатарамі былі А Міцкевіч, М.​Багдановіч. У музыцы І. — адметны вызначальны фактар музыкі вуснай традыцыі розных народаў свету, у т. л. беларусаў. Характар, канкрэтныя формы і мера выяўлення І. залежаць ад творчых здольнасцей нар. выканаўцаў, спосабаў музіцыравання, гістарычна выпрацаваных стыліст. норм пэўных жанраў, мясц. выканальніцкіх традыцый. На Беларусі выдатныя майстры І. — нар. спевакі С.​Дубейка, А.​Каранчук, З.​Хвораст, дудачнікі В.​Швед, М.​Глушань, гарманіст А.​Свірыдовіч і інш. У прафес. музыцы сферы і формы выяўлення І. гістарычна змяняліся: ад вак. поліфаніі 13—15 ст. (cantus firmus, англ. discantus і фабурдон) да інстр. музыкі барока і класіцызму (генерал-бас, выканальніцкая дзейнасць Г.​Ф.​Гендэля, І.​С.​Баха, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена), ад канцэртнай практыкі эпохі рамантызму (кадэнцыі ў канцэртах, І. на зададзеную тэму; Ф.​Шапэн, Ф.​Ліст, І.​Брамс, бел. музыканты-віртуозы І.​Гузікаў, М.​Ельскі, А.​Абрамовіч) да джазавых кампазіцый 20 ст. І. як сродак муз. выхавання займае важнае месца ў пед. сістэмах Э.​Жак-Далькроза, К.​Орфа. Курс І. існуе ў Бел. акадэміі музыкі. І. ў танцы — з глыбокай старажытнасці неад’емная частка нар. абрадаў, гульняў, свят. У нар. танцы часта выяўляецца ў спаборніцтве выканаўцаў. У танц. мастацтве І. вар’іруецца ад прымітыву да высокага прафесіяналізму. У пач. 20 ст. ў вял. ступені імправізацыйным было мастацтва т. зв. свабоднага танца Х.Дункан. І. — абавязковы элемент нар. танца, пашырана ў бальных танцах. І. ў тэатры — ігра акцёра, заснаваная на яго здольнасці ствараць сцэнічны вобраз, уласны тэкст на зададзеную тэму ў час паказу без папярэдняй падрыхтоўкі. Зарадзілася ў нар. тэатр. творчасці, была істотным элементам сцэн. дзеяння стараж. т-ра Усходу (існуе і цяпер), прысутнічала ў антычным, сярэдневяковым і рэнесансавым т-ры, выступленнях скамарохаў. Высокага ўзроўню дасягнула ў італьян. камедыі дэль артэ і франц. фарсе. Пазней сустракалася як стыліст. прыём (напр., у К.​Гоцы). У пач. 20 ст. К.​Станіслаўскі, Я.​Вахтангаў, У.​Меерхольд сцвярджалі каштоўнасць І. ў працэсе стварэння спектакля. Імправізацыйны характар мелі бел. каляндарна-земляробчыя і сямейна-бытавыя абрады, бел. нар. т-р, інтэрмедыі школьнага т-ра. Мастацтвам І. былі прасякнуты выступленні трупы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Першай бел. трупы І.​Буйніцкага, бел. вечарынкі і інш. Вял. увагу І. аддавалі рэжысёры Е.​Міровіч, У.​Галубок, М.​Міцкевіч, акцёры Дз.​Арлоў, Г.​Глебаў, А.​Ільінскі, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў і інш.

Літ.:

Богатырев П.Г. Традиция и импровизация в народном творчестве // Богатырев П.Г. Вопросы теории народного искусства. М., 1971;

Сапонов М.А. Искусство импровизации. М., 1982;

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Мн., 1971;

Станиславский К.С. Работа актера над собой. Ч. 1—2. 4 изд. М., 1951.

І.​Дз.​Назіна (музыка).

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ КАРБЮЗЬЕ́, Карбюзье

[Le Corbusier Corbusier; сапр. Жанерэ-Гры (Jeanneret-Gris) Шарль Эдуар; 6.10.1887, г. Ла-Шо-дэ-Фон, Швейцарыя — 27.8.1965],

французскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры, жывапісец, дызайнер; адзін са стваральнікаў сучасных кірункаў у архітэктуры (рацыяналізму, функцыяналізму). Вучыўся ў Школе мастацтваў Ла-Шо-дэ-Фона; вучыўся і працаваў у арх. І.​Гофмана ў Вене (1907), А.​Перэ ў Парыжы (1908—10) і П.​Берэнса ў Берліне (1910—11). З 1917 жыў у Парыжы. Распрацаваў з А.​Азанфанам у жывапісе канцэпцыю пурызму. У 1922 заснаваў арх. майстэрню і да 1940 працаваў разам з братам П.​Жанерэ. Выступаў за абнаўленне архітэктуры, вызваленне пабудоў ад эклектычных упрыгожанняў, стварэнне функцыян. структуры пабудовы і яе архітэктанічнай выразнасці, падкрэсліваў вял. магчымасці архітэктуры ў пераўтварэнні грамадства (кнігі «Да архітэктуры», 1923; «Горадабудаўніцтва», 1925, і інш.). У ранніх творах імкнуўся да стварэння суладдзя пабудовы і наваколля, распрацоўваў метады індустр. буд-ва: жылы дом «Сітраэн» (1922), комплекс асабнякоў у Парыжы (1923—24; з 1970 ін-т Ле К.), віла Савой у Пуасі каля Парыжа (1929—31). Распрацаваў «пяць зыходных пунктаў сучаснай архітэктуры»: будынак на апорах-слупах, плоскі дах-сад, адвольная ўнутр. планіроўка, суцэльнае стужачнае акно, нясучая фасадная сцяна. У праектах 1920—30-х г. развіваў ідэю «вертыкальнага» горада-сада з вял. шчыльнасцю насельніцтва, вежападобнымі будынкамі і вял. азелянёнымі прасторамі паміж імі, з падзелам шляхоў руху пешаходаў і транспарту, зон жылля, дзелавой актыўнасці і прам-сці: праект горада на 3 млн. жыхароў (1922), планы «Вуазен» (планы рэканструкцыі Парыжа, Буэнас-Айрэса, Алжыра, Антверпена і інш.). Шэраг яго тэарэт. ідэй, рэалізаваныя пры ўзвядзенні вял. збудаванняў канца 1920—30-х г. (дом Цэнтрасаюза ў Маскве, 1928—35, з удзелам М.​Дж.​Колі; інтэрнаты швейц. студэнтаў ва універсітэцкім гарадку, 1930—32; цэнтр Арміі выратавання, 1932—33; абодва ў Парыжы і інш.), ляглі ў аснову «Афінскай хартыі» (прынята ў 1933 Міжнар. кангрэсам сучаснай архітэктуры) і выкладзены ў яго кнігах «Прамяністы горад» (1935), «Тры вызначэнні чалавека» (1945). У 1940-я г. стварыў сістэму рацыянальных велічынь, заснаваную на прапорцыях чалавечага цела (мадулёр), якую прапанаваў як шкалу зыходных памераў для буд-ва і маст. канструявання. Пабудовам 1950—60-х г. уласцівы магутная і тонка нюансіраваная пластыка, выразная архітэктоніка форм і мас, кантрастнасць святлоценявых, колеравых і фактурных эфектаў, выкарыстанне тыпавых зборных і арыгінальных элементаў і канструкцый, спалучэнне розных матэрыялаў, сакавітая паліхромія: жылы дом у Марселі (1947—52), капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане (1950—53), манастыр Ла-Турэт у Эвё каля Ліёна (1956—59) — усе ў Францыі, Нац. музей зах. мастацтва ў Токіо (1957—59), Цэнтр мастацтваў Гарвардскага ун-та ў Кембрыджы (ЗША; 1964), бальніца ў Венецыі (1965). Стварыў вял. цыкл работ у Індыі (1950—57): генплан горада і ансамбль урадавых будынкаў у Чандыгарху, музей і вілы ў Ахмадабадзе і інш. Паводле яго праекта ўзведзены «Цэнтр Ле Карбюзье» ў Цюрыху (Швейцарыя; 1967).

Тв.:

Рус. пер. — Планировка города. М., 1933;

Творческий путь. М., 1970;

Модулор. М., 1976;

Архитектура XX в. 2 изд. М., 1977.

Літ.:

Эрн И.В. Последние работы Ле Корбюзье. М., 1975;

Choay F. Le Corbusier. New York, 1960.

В.​Я.​Буйвал.

Ле Карбюзье.
Ле Карбюзье. Капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане. 1950—53.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́Л (ад лац. canalis труба, жолаб) у гідратэхніцы, штучнае рэчышча (вадавод) правільнай формы ў грунтавой выемцы або насыпе з безнапорным рухам вады; від гідратэхнічных збудаванняў. У папярочным сячэнні маюць трапецаідальную і паліганальную (у мяккіх грунтах), прамавугольную (у скальных пародах) і інш. формы. Памеры сячэння вызначаюць гідраўл. разлікам па прапускной здольнасці, дапушчальных скарасцях (якія не размываюць і не заглейваюць рэчышча) і г.д. Адкосы і дно ўмацоўваюць бетоннымі і гравійнымі пакрыццямі, каменным машчэннем (накідам), фашынна-галлёвым і плятнёвым мацаваннем, грунтавымі і плёначнымі экранамі, дзернаваннем і інш. На К. будуюць шлюзы, на К. з мех. пад’ёмам вады — помпавыя станцыі, у месцах перасячэння з вадатокамі — акведукі, дзюкеры, трубы, з шляхамі зносін — масты, віядукі, тунэлі, у месцах рэзкіх пераломаў рэльефу — спалучальныя збудаванні (перапады, быстратокі, пераходы), а таксама рэгуляцыйныя збудаванні.

К. бываюць: суднаходныя (злучальныя — злучаюць паміж сабой суднаходныя рэкі і азёры, моры; абводныя — для абыходу неспрыяльных участкаў воднага шляху; спрамляльныя — для скарачэння даўжыні звілістага шляху; падыходныя — для падыходу суднаў да партоў, гарадоў; энергетычныя (дэрывацыйныя — падводзяць ваду да гідраэлектрычных станцый, адводныя — адводзяць яе ад турбін); арашальныя, або ірыгацыйныя (сістэма магістральных, размеркавальных, уласна арашальных і вадаскідных К. для падачы вады на арашальныя землі); асушальныя (сістэма магістральных, падвадных, адводных, нагорна-лоўчых, скідных К., збіральнікаў, асушальнікаў для збору і адводу вады з забалочаных і залішне ўвільготненых тэрыторый); водаправодныя (для падачы вады ад крыніцы водазабеспячэння да прамысл. раёна, горада); абвадняльныя (забяспечваюць патрэбы с.-г. спажыўцоў, у асн. жывёлагадоўлі, у бязводных і засушлівых раёнах); лесасплаўныя, рыбаводныя і інш. Большасць К. комплекснага прызначэння. Буд-ва арашальных К. пачалося за 4400 г. да н.э. ў Егіпце, суднаходных — з 6 ст. да н.э. (К. ад Ніла да Чырвонага мора). Распачата да н.э. і ў 7 ст. закончана буд-ва часткі Вялікага канала ў Кітаі. У 8—6 ст. да н.э. арашальныя К. будавалі ў Харэзме, Урарту, у 12—13 ст. у Грузіі. У сярэдневякоўі суднаходныя К. будавалі пераважна ў Галандыі, Францыі, Англіі. Найб. значныя каналы міжнародныяСуэцкі канал, Панамскі канал; пабудаваныя ў СССРБеламорска-Балтыйскі канал. Волга-Данскі суднаходны канал, канал імя Масквы, Каракумскі канал.

На Беларусі адзін са старэйшых Агінскі канал; суднаходныя Дняпроўска-Бугскі канал і Мікашэвіцкі канал. З К. і вадасховішчаў складаюцца Вілейска-Мінская водная сістэма і Сляпянская водная сістэма. На вял. ЦЭС (Лукомскай, Бярозаўскай) па К. падводзіцца або скідваецца вада для ахаладжэння энергет. установак. Аўгустоўскі і Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) К. страцілі гасп. значэнне. У раёнах масавага асушэння зямель вял. колькасць меліярац. К., сярод якіх вылучаюць самацёчныя (для скіду лішняй вады з с.-г. плошчаў) і падвадныя (для падачы вады ў наліўныя вадасховішчы, на арашэнне, абвадненне). Агульная даўжыня К. адкрытай асушальнай сеткі на Беларусі (1997) каля 160 тыс. км, больш за 16 тыс. км рэчышчаў (ці іх участкаў) малых і сярэдніх рэк каналізавана.

Г.​Г.​Круглоў, А.​А.​Макарэвіч.

Да арт. Канал. Найбольш пашыраныя формы папярочнага сячэння: а — трапецаідальная; б — поліганальная; в — прамавугольная; г — парабалічная. Мацаванне адкосаў і дна меліярацыйных каналаў; д — каменнай адмосткай (1 — адмостка, 2 — дзёран); е — жалезабетоннымі плітамі (1 — пліты і П-падобныя распоркі, 2 — засыпка грунтавая, 3 — дзёран); ж — камянямі ў клетках з жалезабетонных бэлек (1 — бэлькі, 2 — каменнае машчэнне, 3 — гравій, 4 — пясок).

т. 7, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр. сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен ў яе.

А.​А.​Галаўко.

т. 7, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)