ПАВУ́К,

прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш.; традыц. ўпрыгожанне інтэр’ера бел. нар. жылля. П. падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце). Найб. пашыраны з саломы (шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя). Шарападобныя рабілі з саломінак (часта з каласкамі), якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра (напр., утыкаліся ў бульбіну). Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я, зоркамі з фольгі і інш. У аснове рамбічнага П. 8-гранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі П. меншых памераў (часта да некалькіх дзесяткаў), саламяныя ці папяровыя ланцужкі, кветкі з рознакаляровай паперы ці пер’я, абгорнутыя фольгай мяцёлкі аўса і інш. Разнавіднасць рамбічнага П., — жорсткая канструкцыя са змацаваных паміж сабою васьміграннікаў аднолькавых памераў. Зорчатыя П. мелі плоскую канструкцыю з саломінак у выглядзе шматпялёсткавай разеткі. Бытавалі таксама П. накшталт абажура: да абруча з лазы ці дроту падвешвалі гірлянды з зярнят фасолі, гароху, лубіну, начэпленых на ніткі. Арыгінальны П. пач. 20 ст. з гірляндаў кудзелі і кутасоў. Выйшлі з нар. ўжытку ў 1950-я г. Вырабляюцца сувенірныя П.

Літ.:

Лобачевская О.А., Кузнецова Н.М. Возьми простую соломку. Мн., 1988;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: З гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.

Я.​М.​Сахута.

Т.​Агафоненка. Павук.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ А́ЎСТРЫІ (СДПА; Sozialdemokratische Partei Österreichs),

адна з гал. паліт. партый краіны (належыць да левага кірунку). Засн. на мяжы 1888—89 як С.-д. рабочая партыя Аўстрыі. З 1896 прадстаўлена ў парламенце (з 1907 мела другую па колькасці фракцыю). З 1904 лідэры партыі Ф.​Адлер, О.​Баўэр, К.​Рэнер і інш. распрацоўвалі канцэпцыю аўстрамарксізму (разнавіднасць рэфармізму). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) выступала за аншлюс, Рэнер узначальваў першы ўрад Аўстр. Рэспублікі. З 1920 у апазіцыі, процістаяла згортванню парламенцкай дэмакратыі ў краіне. Пасля паўстання свайго ваенізаванага Шуцбунда забаронена аўтарытарным урадам Э.​Дольфуса (люты 1934). У крас. 1945 адноўлена як Сацыяліст. партыя Аўстрыі, з чэрв. 1991 сучасная назва. У 1945—66 удзельнічала ў фарміраванні ўрадаў вял. кааліцыі. Віцэ-канцлерамі Аўстрыі былі старшыні партыі А.​Шэрф (1945—57) і Б.​Пітэрман (1957—67). З 1966 партыя ў апазіцыі, пад старшынствам Б.​Крайскага (1967—83) яна стала ў 1970 найб. моцнай паліт. сілай краіны. Федэральныя канцлеры Аўстрыі ад партыі — Крайскі (1970—83), Ф.​Зінавац (1983—86), Ф.​Враніцкі, (1986—97), В.​Кліма (са студз. 1997). Найб. ўплыў партыя мае ў Вене, федэральных землях Карынтыя і Бургенланд.

Літ.:

Миронов Д.А., Перцев А.В. Австромарксизм, позитивизм и рабочее движение. Свердловск, 1990.

т. 14, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЯПЕ́ННЕ,

нясучая прасторавая канструкцыя для перакрыцця ці пакрыцця збудаванняў, якая мае крывалінейную паверхню. Можа быць з цэглы, прыроднага каменю, жалезабетону, дрэва. Пад нагрузкай працуе пераважна на сцісканне, перадае на апоры верт. і гарыз. намаганні. Бываюць рознай формы. Разнавіднасць С. — купал. У манум. архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. Цыліндрычныя С. з малымі пралётамі ўжыты ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Гродзенскай Барысаглебскай царкве і інш. У гатычных збудаваннях асобныя прасторавыя ячэйкі (травеі) паміж слупамі і сценамі перакрываліся крыжовымі і нервюрнымі С. (зорчатымі, сотавымі). З 2-й пал. 16 ст. пашырыліся цыліндрычныя С. з распалубкамі, якія перакрывалі вял. пралёты, часам былі аздоблены ляпнымі кесонамі ці размалёўкай (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Культавыя збудаванні ў стылі барока мелі звычайна цыліндрычныя С. з распалубкамі на падпружных арках у сярэднім нефе і крыжовыя С. ў бакавых. Над сяродкрыжжам рабілі купалы. У палацавым буд-ве ў перыяд барока і класіцызму шырока выкарыстоўваліся люстраныя С. У сучасным буд-ве адным з новых тыпаў пакрыцця з’яўляюцца жалезабетонныя танкасценныя С.-абалонкі рознай геам. формы (цырк у Гомелі, Камароўскі крыты рынак у Мінску і інш.).

Т.​В.​Габрусь.

Скляпенні: а — цыліндрычнае; б — самкнутае; в — люстраное; г — рабрыстае жалезабетоннае; д — скляпенні-абалонкі; е — бочкападобнае; ж — крыжовае; з — ветразевае.
Цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі ў касцёле езуітаў у г. Нясвіж Мінскай вобл.

т. 14, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛО́ЧНЫЯ ПЕ́СНІ, талаковыя песні, талачанскія песні,

разнавіднасць каляндарна-абрадавых песень, што суправаджалі працу земляроба на талацэ. У залежнасці ад віду сезонных работ вылучаюцца 3 групы Т.п.: песні веснавой талакі, жніўныя талочныя, песні асенніх талок. Самая шматлікая 1-я група, якая і прадвызначыла прыроду жанру. Яна добра перадае атмасферу працы, характэрны для яе ўздым і радасны настрой. Антытэза, іронія, дасціпны гумар уласцівы Т.п., у якіх адлюстраваны характар працы розных удзельнікаў талакі. У песнях часта гучыць зварот да гаспадара, якому талачане нагадваюць пра работу і разлік за яе; пры гэтым у незласлівай форме, з жартам дакараюць за нібыта недастатковае частаванне работнікаў, пра залішнюю ашчаднасць гаспадыні. У некат. песнях гучалі і заклёны на добры ўраджай, аднак пераважалі бяседныя Т.п. пра каханне, перажыванні маладой замужніцы ў чужой сям’і і г.д. У веснавых Т.п. пераважае вобраз талочніцы — вясёлай і дасціпнай дзяўчыны (жанчыны) — гал. ўдзельніцы талакі. У жніўных Т.п. шырокая карціна жніва, вобразы жней-талачанак, якія «зжалі поле нязмернае», «змялі ніву мяцёлкаю». Яны пераважна бяседнага характару, выконваліся ў час застолля пры калектыўнай апрацоўцы лёну, азімай сяўбе, малацьбе, на дакопках бульбы. Да іх прымыкаюць спарышовыя песні (вобраз спарыша ўвасабляў урадлівасць і дабрабыт). Т.п. былі пашыраны на ўсёй Беларусі. найб. шырока бытавалі на Падзвінні.

Публ.:

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ, сёмушныя песні,

песні веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі, што спяваліся на Сёмуху (Тройцу), для якой характэрны культ расліннасці. Вядомы слав. народам, у т. л. беларусам. Вылучаюцца песні, цесна звязаныя з абрадавымі дзеяннямі і т.зв. прымеркаваныя (сувязі якіх з абрадамі цяжка вызначыць). Сярод абрадавых вылучаюцца некалькі груп песень: з матывамі ўслаўлення зеляніны (часцей бярозы); пры завіванні вянкоў; кумлення; любоўнай тэматыкі (пра каханне, выбар пары, замужжа, любоўную варажбу). У многіх Т.п. вобразы раслін, дрэў персаніфікаваныя. Асабліва распаўсюджаны ў абрадах і песнях персаніфікаваны вобраз бярозы. Яна была важным абрадавым атрыбутам (да яе ішлі ў лес, галінкі неслі ў хату), у песнях яна адыгрывала ролю распараджальніцы свята, пад бярозай праходзіў абрад кумлення, з яе галінак плялі вянкі «на годы добрыя, на жыта густое, на ячмень каласісты», па вянках дзяўчаты варажылі пра свой лёс і г.д. Паступова траецкія святы ператварыліся ў маляўнічую гульню моладзі, а самі песні страцілі строгую прымеркаванасць да абраду. У наш час бытуюць у асн. на Палессі. Лакальная разнавіднасць Т.п. — куставыя песні.

Публ.:

Веснавыя песні. Мн., 1979.

Літ.:

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских. украинцев и белорусов, XIX — начало ХХ в. М., 1979;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 15, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫЛО́ГІЯ (грэч. trilogia),

тры адносна самастойныя творы, якія аб’ядноўваюцца ў адзіны цыкл агульнасцю ідэйнай задумы, галоўных герояў і пераемнасцю сюжэта.

Узнікла ў тэатры Стараж. Грэцыі. У ант. эпоху Т. называлі цыкл з 3 трагедый (напр., «Арэстэя» Эсхіла). У л-ры новага часу побач з драм. Т. развіваецца эпічная; у 20 ст. яна становіцца асн. відам Т. (творы А.​Талстога, М.​Горкага, В.​Васілеўскай, М.​Пуйманавай, У.​Фолкнера).

Мера злучанасці асобных частак паміж сабою тут бывае розная. У Т. «На ростанях» («У Палескай глушы», «У глыбі Палесся», «На ростанях») Я.​Коласа часткі цесна ўзаемазвязаны: вытрымліваецца адзіны кампазіцыйны план; біяграфія гал. героя, яго духоўнае станаўленне паслядоўна праходзяць праз увесь твор, які набывае маст. цэласнасць. У Т. «Шэметы» («На парозе будучыні», «Гарадок Устронь», «Шэметы») М.​Лобана, «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» (не мае агульнай назвы) І.​Навуменкі часткі даволі самастойныя. Тут дзейнічае шэраг герояў буйнога плана, якія ў розных частках займаюць рознае месца ў сюжэце. Т. — разнавіднасць архітэктанічнай формы (гл. Архітэктоніка), якая можа аб’ядноўваць 2, 4, 5 твораў (дылогія, тэтралогія, пенталогія). Расчляненне літ. цэлага на 3 асобныя творы-часткі абумоўліваецца разгорнутасцю задумы, вял. аб’ёмам матэрыялу, своеасаблівасцю сюжэта і кампазіцыі, а таксама імкненнем зрабіць твор больш зручным для ўспрымання чытачом.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 15, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЕ́ННЕ, ніела (італьян. niello ад лац. niger чорны),

1) утварэнне на паверхні метал. вырабаў тонкай аксіднай (вырабы са сталі, чыгуну) або сульфіднай (сярэбраныя вырабы) плёнкі. Робіцца для павышэння каразійнай устойлівасці або ў дэкаратыўных мэтах.

Найб. пашырана Ч. сталі апусканнем у канцэнтраваныя растворы шчолачы, якія ў якасці акісляльніку маюць нітрат або нітрыт натрыю. Аптымальная таўшчыня плёнкі 0,6—0,8 мкм. Ч. сталі — разнавіднасць варанення. Гл. таксама Аксідаванне.

2) Тэхніка аздаблення метал. вырабаў, пераважна сярэбраных; вырабы ў гэтай тэхніцы. Гравіраваны малюнак або фон запаўняюць тоўчаным чэрневым сплавам (серабро, медзь, сера і інш.), абпальваюць, потым шліфуюць. Вядома з ант. часоў. Шырока ўжывалася ў рас. ювелірным мастацтве: вялікаўсцюгскае Ч. на серабры (Валагодская вобл.), у маст. промысле апрацоўкі металу (у Дагестане кубачынскае Ч.). На Беларусі вядома з 11—13 ст., выкарыстоўвалася для аздаблення ювелірных вырабаў, звычайна спалучалася з ліццём, чаканкай, гравіраваннем, зярненнем, штампоўкай і інш. відамі маст. апрацоўкі металаў. У 14—18 ст. Ч. аздаблялі посуд, зброю, абклады кніг і абразоў. Бел. майстры «чэрневай справы» М.​Сямёнаў, Ф.​Мікулаеў і інш. працавалі ў Аружэйнай, Сярэбранай і Залатой палатах Маскоўскага Крамля. У наш час Ч. выкарыстоўваюць для аздаблення некат. ювелірных вырабаў.

Літ.:

Постникова-Лосева М.М., Платонова Н.Г., Ульянова Б.Л. Русское черневое искусство. М., 1972.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Чарненне. Сярэбраны паднос. Масква. 1884.

т. 17, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОЎ,

вадкая тканка, што цыркулюе ў крывяноснай сістэме чалавека, пазваночных жывёл і некат. беспазваночных (напр., кольчатых чарвей); разнавіднасць злучальнай тканкі. Асн. функцыі К.: дыхальная, харчавальная, экстрэторная, гомеастатычная, рэгулятарная, тэрмарэгулятарная, ахоўная. К. падтрымлівае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма: пераносіць кісларод з лёгкіх у тканкі і вуглякіслы газ у адваротным кірунку, пажыўныя рэчывы, якія ўсмоктваліся кішэчнікам (глюкоза і інш.), — да тканак, прадукты абмену (мачавіна і інш.) — да органаў выдзялення; удзельнічае ў падтрыманні кіслотна-шчолачнай раўнавагі, водна-салявога абмену, пастаяннай т-ры цела; разносіць па арганізме біялагічна актыўныя рэчывы — гармоны; выконвае ахоўную функцыю (удзел лімфацытаў пры ўтварэнні антыцел, захоп і ператраўленне іншародных элементаў нейтрафіламі і манацытамі, утварэнне імі разам з тканкавымі макрафагамі ахоўнага бар’ера, гумаральная ахова ад інфекцыі лізацымам і інш. рэчывамі, удзел у згусанні крыві і спыненні крывацёку).

К. у чалавека складае 5—8% яго масы. У яе саставе вадкая частка — плазма (55%), у якой раствораны бялкі, тлушчы, тлушчападобныя рэчывы, вугляводы, мінер. солі, вітаміны, гармоны, газы і інш.; форменныя элементы (45%) — эрытрацыты (чырв. крывяныя цельцы), лейкацыты (белыя крывяныя цельцы) і крывяныя пласцінкі — трамбацыты. У дарослага чалавека ў 1 л К. ўтрымліваецца: 3,9—5∙10​12 эрытрацытаў, 4—9∙10​9 лейкацытаў, 180—320∙10​9 трамбацытаў, 120—160 г гемаглабіну. Адноснае пастаянства колькасці форменных элементаў рэгулюецца нейрагумаральнымі механізмамі. Гл. таксама Групы крыві.

Літ.:

Кассирский И.А., Алексее в Г.А. Клиническая гематология. 4 изд. М., 1970.

Л.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАЛО́Г (ад мана... + грэч. logos слова, мова), маналагічнае маўленне,

форма (тып) маўлення, разлічаная на пасіўнае і апасродкаванае ўспрыняцце (у адрозненне ад дыялогу). М. ўласцівы значныя па памеры адрэзкі тэксту, якія складаюцца са структурна і змястоўна звязаных паміж сабой выказванняў, маюць індывід. кампазіцыйную будову і адносную сэнсавую завершанасць. Ступень праяўлення гэтых прыкмет залежыць ад жанравай (маст. М., аратарская прамова, быт. апавяданне і інш.) і ад функцыянальна-камунікатыўнай (апавяданне, разважанне, перакананне і інш.) прыналежнасці. Стылістычныя асаблівасці М. абумоўліваюць унутрыжанравыя адрозненні (аўтарская і простая мова персанажаў, навук. даклад і агітацыйнае выступленне) і вуснае ці пісьмовае ажыццяўленне маўленчага акта: пабудова сказаў, сінтакс. спосабы іх спалучэння, лексічны адбор і інш. М. можа быць у пэўнай ступені «дыялагізаваны»: уключаць звароткі, рытарычныя пытанні і інш. М. у літаратуры і тэатры — кампанент маст. твора ці самаст. жанр, аформлены пры дапамозе маналагічнага маўлення. У драме (спектаклі, кінафільме) — выказванне персанажа, звернутае да самога сябе або да інш. асоб, але фармальна не звязанае з іх рэплікамі.

Характэрны для трагедыі антычнасці, барока, Адраджэння, класіцызму, драмы рамантызму, сучаснай нерэалістычнай драмы, манадрамы (п’есы ў форме М.). Своеасаблівым М.-споведдзю ці М.-пропаведдзю з’яўляецца лірыка (пераважна т.зв. суб’ектыўная). Маналагічная форма ў эпасе — апавяданне ад першай асобы, у т. л. сказ. Асаблівая разнавіднасць М. — унутраны М. («плынь свядомасці»). Найб. часта М. карыстаюцца для выяўлення інтымных перажыванняў, абгрунтавання пэўнай ідэі, матывацыі ўчынкаў і паводзін, растлумачэння ранейшых падзей (пралогавая інфармацыя).

т. 10, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНА́РНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць метадаў вырабу паўправадніковых прылад і інтэгральных схем шляхам фарміравання іх структур з аднаго боку монакрышт. паўправадніковай падложкі. Грунтуецца на стварэнні ў прыпаверхневым слоі падложкі абласцей з розным тыпам праводнасці або з рознай канцэнтрацыяй дамешкаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць структуру паўправадніковай прылады ці інтэгральнай схемы. Забяспечвае выраб у адзіным тэхнал. працэсе вял. колькасці ідэнтычных прылад з высокай узнаўляльнасцю параметраў, высокую прадукцыйнасць і інш.; займае вядучае месца ў тэхналогіі вырабаў мікраэлектронікі.

Асн. аперацыі: нанясенне тонкай дыэлектрычнай плёнкі (звычайна аксіду крэмнію SiO2) на паверхню крышт. паўправадніка (крэмнію, германію, арсеніду галію); выдаленне пры дапамозе фоталітаграфіі ці электроналітаграфіі пэўных абласцей гэтай плёнкі (стварэнне тэхнал. маскі); лакальнае ўвядзенне ў крышталь праз атрыманую маску донарных ці акцэптарных дамешкаў (легіраванне). Усе вобласці выходзяць на адзін (рабочы) бок падложкі, што дае магчымасць праз вокны ў SiO2 рабіць іх камутацыю ў адпаведнасці з зададзенай схемай пры дапамозе плёначных метал. праваднікоў. Адрозніваюць планарна-эпітаксіяльную тэхналогію (уключае аперацыю эпітаксіяльнага арыентаванага нарошчвання на паверхню монакрышт. падложкі тонкага слоя крэмнію) і яе ўдасканаленую разнавіднасць — ізапланарную тэхналогію (з павялічанай якасцю ізаляцыі абласцей).

На Беларусі распрацоўкамі ў галіне П.т. і выкарыстаннем яе ў вытв-сці займаюцца ў НВА «Інтэграл».

Літ.:

Технология СБИС: Пер. с англ. К.Н. 1—2. М., 1986;

Сугано Т., Икома Т., Такэиси Ё. Введение в микроэлектронику: Пер. с яп. М., 1988;

Taur У. The incredible shrinking transistor // IEEE Spectrum. 1999. July.

В.​У.​Баранаў.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)