ЧАРНЕ́ННЕ, ніела (італьян. niello ад лац. niger чорны),
1) утварэнне на паверхні метал. вырабаў тонкай аксіднай (вырабы са сталі, чыгуну) або сульфіднай (сярэбраныя вырабы) плёнкі. Робіцца для павышэння каразійнай устойлівасці або ў дэкаратыўных мэтах.
Найб. пашырана Ч. сталі апусканнем у канцэнтраваныя растворы шчолачы, якія ў якасці акісляльніку маюць нітрат або нітрыт натрыю. Аптымальная таўшчыня плёнкі 0,6—0,8 мкм. Ч. сталі — разнавіднасць варанення. Гл. таксама Аксідаванне.
2) Тэхніка аздаблення метал. вырабаў, пераважна сярэбраных; вырабы ў гэтай тэхніцы. Гравіраваны малюнак або фон запаўняюць тоўчаным чэрневым сплавам (серабро, медзь, сера і інш.), абпальваюць, потым шліфуюць. Вядома з ант. часоў. Шырока ўжывалася ў рас. ювелірным мастацтве: вялікаўсцюгскае Ч. на серабры (Валагодская вобл.), у маст. промысле апрацоўкі металу (у Дагестане кубачынскае Ч.). На Беларусі вядома з 11—13 ст., выкарыстоўвалася для аздаблення ювелірных вырабаў, звычайна спалучалася з ліццём, чаканкай, гравіраваннем, зярненнем, штампоўкай і інш. відамі маст. апрацоўкі металаў. У 14—18 ст. Ч. аздаблялі посуд, зброю, абклады кніг і абразоў. Бел. майстры «чэрневай справы» М.Сямёнаў, Ф.Мікулаеў і інш. працавалі ў Аружэйнай, Сярэбранай і Залатой палатах Маскоўскага Крамля. У наш час Ч. выкарыстоўваюць для аздаблення некат. ювелірных вырабаў.