ПАЎСТА́ННЕ,

масавае ўзброенае выступленне супраць пануючых класаў у абарону класавых або нац. інтарэсаў. Адрозніваюць: масавае рэв. ўзброенае П. з мэтай заваявання паліт. улады; бунт — стыхійнае, неарганізаванае выступленне мас; путч — выступленне гал. чынам афіцэрскіх груп для ўстанаўлення ваен. дыктатуры, а таксама мяцеж.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КСЕР ((Axer) Эрвін) (н. 1.1.1917, Вена),

польскі рэжысёр. Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1939). Праф. Вышэйшай тэатр. школы ў Варшаве (1949). Працаваў у т-рах Львова і Лодзі. У 1949—81 дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр Сучаснага т-ра (у 1955—57 адначасова ўзначальваў Нац. т-р) у Варшаве. Найб. ўвагу аддаваў пастаноўкам твораў нац. драматургіі: «Картачны домік» Э.​Зегадловіча, «Трывожнае дзяжурства» Е.​Лютоўскага, «Танга» С.​Мрожака, «Кардыян» Ю.​Славацкага. З інш. пастановак: «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра, «Тры сястры» А.​Чэхава, «Мухі» Ж.​П.​Сартра, «Кар’ера Артура Уі» Б.​Брэхта. Ставіў п’есы ў Дзюсельдорфе, Вене, Цюрыху, Мюнхене, Амстэрдаме, Нью-Йорку. Аўтар зб-каў «Лісты са сцэны» (т. 1—2, 1955—57), «Практыкаванні па памяці» (1984—92) і інш.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СМАН ((Gassman) Віторыо) (н. 1.9 1922, г. Генуя, Італія),

італьянскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Нац. акадэмію драм. мастацтва ў Рыме (1943). Працаваў у т-рах Рыма, Мілана. У 1948—49 у трупе пад кіраўніцтвам Л.Вісконці. У 1950 стварыў (з Т.​Сальвіні) трупу — Нац. т-р [з 1952 т-р італьян. мастацтва, у 1959 — Італьян. нар. т-р (Рым)]. Гасман — мнагапланавы, рознабаковы акцёр са своеасаблівым «адмоўным» абаяннем, яркім тэмпераментам, іроніяй. Сярод роляў: Праметэй («Праметэй» Эсхіла), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). З 1949 працуе як рэжысёр. Сярод пастановак: «Атэла», «Рамэо і Джульета» Шэкспіра, «Гулец» У.​Беці. З 1947 здымаецца ў кіно: «Горкі рыс», «Вайна і мір», «Абгон», «Пачвары», «Тэраса», «Пустыня Тартары», «Вяселле», «Пах жанчыны» і інш.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАДЗІДЫ́ЗМ (ад араб. джадзід — новы),

культурна-рэфарматарскі, асветны і грамадска-паліт. рух мусульман Паволжа, Крыма і Сярэдняй Азіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Джадзіды выступалі за пашырэнне сеткі мусульм. культ.-асв. устаноў, выданне кніг, часопісаў, газет на нац. мове, развіццё нац. мастацтва і л-ры, рэарганізацыю мусульм. духавенства. Быў распрацаваны праект школьнай рэформы, у пач. 1880-х г. адкрыта першая джадзіцкая школа ў Бахчысараі, потым школы дзейнічалі ў Турцыі, Персіі, Індыі, Кітаі. У рэвалюцыю 1905—07 джадзіды выступалі з патрабаваннямі рэформаў паліт. ладу краіны, арганізоўвалі паліт. стачкі, антыўрадавыя дэманстрацыі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 частка джадзідаў прызнала сав. ўладу, інш. сталі ініцыятарамі стварэння ў Туркестане аўтаномнага ўрада (гл. Какандская аўтаномія), удзельнічалі ў басмацтве, мелі сувязі з белай гвардыяй, пазней эмігрыравалі.

т. 6, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖКІН (Ніл Мікалаевіч) (н. 26.2.1927, г. Бранск, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі парашковых матэрыялаў. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р тэхн. н. (1977), праф. (1979). Сын М.А.Дарожкіна. Скончыў Ленінградскі ваенна-мех. ін-т (1952). З 1955 у БПІ, з 1959 у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі. У 1963—71 у ЦНДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі нечарназёмнай зоны СССР (Мінск). З 1971 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фіз.-тэхн. асновах стварэння ахоўных пакрыццяў, распрацоўцы абсталявання і матэрыялаў для прыпякання іх на паверхнях дэталей машын.

Тв.:

Упрочнение и восстановление деталей машин металлическими порошками. Мн., 1975;

Центробежное припекание порошковых покрытий при переменных силовых воздействиях. Мн., 1993 (у сааўт.).

Н.М.Дарожкін.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НДЭНБУРГ (Hindenburg; сапр. Бенекендорф і Гіндэнбург; Beneckendorff und Hindenburg) Паўль фон

(2.10.1847, г. Позен, цяпер г. Познань, Польшча — 2.8.1934),

ваенны і дзярж. дзеяч Германіі. Ген.-фельдмаршал (1914). Скончыў кадэцкі корпус. Удзельнік аўстра-прускай 1866 і франка-прускай 1870—71 войнаў. З 22.8.1914 камандуючы 8-й арміяй ва Усх. Прусіі, з 1.11.1914 — войскамі Усх. фронту. Дазволіў насельніцтву акупіраваных тэрыторый (у т. л. беларусам) адкрываць нац. школы, выдаваць газеты на роднай мове. З 29.8.1916 нач. Генштаба; склаў паўнамоцтвы пасля падпісання Германіяй Версальскага мірнага дагавора 1919. Шанаваўся немцамі як нац. герой 1-й сусв. вайны. У 1925—34 прэзідэнт Германіі. У 1933 прызначыў рэйхсканцлерам Германіі А.​Гітлера. Аўтар успамінаў «З майго жыцця» (1920).

Літ.:

Руге В. Гинденбург: Портрет герм. милитариста: Пер. с нем. М., 1981.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ ЖАНЧЫ́Н КАНАДЫ,

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1965 пры Згуртаванні беларусаў Канады, першы старшыня — Р.Жук-Грышкевіч. Асн. напрамкі дзейнасці — прыцягненне жанчын да ўдзелу ў нац.-грамадскім і культ. жыцці, прапаганда бел. культ. спадчыны, праца з дзецьмі. У 1967 створаны Фонд 450-й гадавіны бел. друку. Арганізуе выстаўкі выяўл. мастацтва ў Канадзе (1969, 1975), святкаванні нац., літ. і рэліг. угодкаў, адзначае юбілеі (А.​Пашкевіч, 1966; К.​Буйло, 1968; Л.​Геніюш, 1970; Н.​Арсенневай, Дзень Прадславы Полацкай, 1978) і інш. На заканчэнне Міжнар. 10-годдзя жанчын (1975) арганізавала канферэнцыю, выстаўкі кніг бел. жанчын і абразоў І.​Шыманец-Сурвілы. З 1992 удзельнічае ў мерапрыемствах штогадовага «Месяца гісторыі жанчын», які праводзіцца ў Канадзе.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Аркадзь Пятровіч) (н. 29 12.1929, г. Самара, Расія),

бел. вучоны ў галіне оптыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1974). Д-р фіз.-матэм. н. (1967), праф. (1970). Засл. дз. нав. Рэспублікі Беларусь (1992). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі і оптыкі (1953). З 1959 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па оптыцы рассейвальных асяроддзяў. Распрацаваў метады вывучэння ўласцівасцей і структуры асяроддзя па рассеянні святла, прылады лазернага зандзіравання атмасферы і воднай прасторы, сістэмы сувязі, лакацыі, перадачы інфармацыі і відарысу на аснове светлавога праменя ў прыродных і штучных аб’ектах.

Тв.:

Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Физические основы гидрооптики. Мн., 1975;

Распространение света в плотноупакованных дисперсных средах. Мн., 1988 (разам з В.​А.​Лойкам, У.​П.​Дзікам).

А.П.Іваноў.

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗО́БАЎ (Мікалай Аляксеевіч) (н. 23.1.1940, в. Красыні Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. матэматык. Акад. Нац. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1980), д-р фіз.-матэм. н. (1979), праф. (1990). Скончыў БДУ (1965). З 1967 у БДУ, з 1969 нам. гал. рэдактара міжнар. час. «Дифференциальные уравнения». З 1980 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па звычайных дыферэнцыяльных ураўненнях, у прыватнасці па тэорыі характарыстычных паказчыкаў Ляпунова і тэорыі ўстойлівасці. Атрымаў крытэрый устойлівасці паказчыкаў Ляпунова, алгарытм вылічэння і ацэнку мінім. паказчыка. Рашыў прыватную і ў некрытычным выпадку агульную задачы Ляпунова пра экспаненцыяльную ўстойлівасць па лінейным прыбліжэнні.

Тв.:

Исследования в Беларуси по теории характеристических показателей Ляпунова и ее приложениям // Дифференц. уравнения. 1993. Т. 29, № 12.

М.А.Ізобаў.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫ́СКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1812,

першая нац. канстытуцыя Іспаніі, прынятая Устаноўчымі картэсамі 18.3.1812 у г. Кадыс. Абвешчана 19 сак. ў ходзе Ісп. рэвалюцыі 1808—14 (гл. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). Паводле канстытуцыі Іспанія абвяшчалася спадчыннай манархіяй, у якой заканад. ўлада належала картэсам і каралю, выканаўчая — каралю, абвяшчаліся таксама свабода асобы і недатыкальнасць жылля, роўнасць правоў іспанцаў у метраполіі і ісп. калоніях; каталіцтва абвяшчалася афіц. рэлігіяй, забаранялася вызнанне інш. рэлігій, уводзілася нац. міліцыя ў правінцыях Іспаніі. Кароль Фердынанд VII, які вярнуўся ў Іспанію, у маі 1814 адмяніў канстытуцыю. Адноўлена ў пач. Ісп. рэвалюцыі 1820—23, але зноў адменена Фердынандам VII у кастр. 1823. Трэці раз уступіла ў сілу ў жн. 1836 і дзейнічала да прыняцця ў чэрв. 1837 новай канстытуцыі.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)