СЕНТ-ГО́ДЭНС ((Saint-Gaudens) Агастэс) (1.3.1848, г. Дублін, Ірландыя — 3.8.1907),

амерыканскі скульптар; адзін са стваральнікаў нац. школы скульптуры 19 ст. Вучыўся ў Нац. акадэміі малюнка ў Нью-Йорку (1864—66), у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1867—70). У 1870—75 працаваў у Рыме. У творчасці спалучаў імкненне да канкрэтнасці і строгай стрыманасці выявы з паэтычнасцю і вобразнай яркасцю характарыстыкі, смелай жывапіснай лепкай формы: помнікі адміралу Д.​Фарагуту ў Нью-Йорку (1881), А.​Лінкальну ў Чыкага (1887), надмагіллі сям’і Адамс на могілках Рок-Крык ў Вашынгтоне (1891), мемарыял Р.​Шоу ў Бостане (1897), барэльефны партрэт Р.​Л.​Стывенсана (1899—1900) і інш.

т. 14, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)