КІМБЕРЛІ́Т (ад назвы г. Кімберлі ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы),
вулканічная і субвулканічная ультраасноўная шчолачнага саставу брэкчыя- або туфападобная горная парода. Складаецца з алівіну, кальцыту, піропу, піраксену, храміту, ільменіту і інш. мінералаў, уключаных у дробназярністую асн. масу (серпентын, кальцыт, флагапіт і інш.). Колер чорны, з сіняватым і зеленаватым адценнем. Запаўняе трубкі выбуху (дыятрэмы) і трапляецца ў выглядзе жыл, даек, сіл; пашырана пераважна на стараж. платформах. Вядома больш за 1500 цел К., з якіх 8—10% алмазаносныя. Асн. алмазаносныя К. ў ПАР і Расіі (Рэспубліка Саха, б. Якуція). На Беларусі праводзяцца пошукавыя работы на К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУК (Іван Іванавіч) (н. 15.6.1954, в. Згурск Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фалькларыст. Канд.філал.н. (1985). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1975). З 1979 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, з 1998 прарэктар Бел.АМ. Даследуе бел. фальклор, нар. культуру, бел.нар. каляндар і інш. Аўтар манаграфій «Усходнеславянскія казкі пра жывёл» (1992), «Следам за сонцам: Беларускі народны каляндар: свята, абрады, паэзія» (1994), сааўтар прац «Магія слова чароўнага», «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры: Мінская вобласць» (абедзве 1995), «Народная культура і сучасная школа» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́САВА возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,91 км², даўж. каля 2,4 км, найб.шыр. 810 м, найб.глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 120 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на ПнУ 4—5 м), разараныя, на ПдУ стромкія, парослыя лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Катлавіна складаецца зпаўн. (дно плоскае, ёсць востраў пл. 0,06 км²) і паўд. плёсаў. Дно да глыб. 1 м выслана пяском і ілам, ніжэй — сапрапелем. Упадаюць р. Быстрыца (злучае яго звоз. Нявіда), на Пн злучана пратокай звоз. Забеліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНКЕ́ВІЧ (Аляксандр Алаізавіч) (псеўд.Ляндэр ; 1823, Гродзенская губ. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі, Літве і Польшчы. У 1840—61 у арміі, падпалкоўнік. Пасля адстаўкі жыў у сваім фальварку Панюкі Гродзенскага пав. 2.5.1863 падняў паўстанне ў Гродзенскім пав. Пасля аб’яднання з ваўкавыскімі паўстанцамі — вайсковы нач. Гродзенскага і Ваўкавыскага пав. 3.6.1863 каля в. Мілавіды (Баранавіцкі р-н) на чале аб’яднаных сіл гродзенскіх, ваўкавыскіх, слонімскіх і навагрудскіх паўстанцаў нанёс паражэнне урадавым войскам. 1.8.1863 разам з лідскімі паўстанцамі перайшоў Нёман і дзейнічаў у Аўгустоўскай губ. Паўстанцкія ўлады надалі яму званне палкоўніка. У вер. 1863 выехаў за мяжу. Завочна прыгавораны да пакарання смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНА́Т (ад сярэднелац. magnatus багаты, знатны чалавек),
у феадальную эпоху буйны землеўладальнік, прадстаўнік радавітай знаці ў некаторых краінах Еўропы, асабліва ў Польшчы, ВКЛ і Венгрыі. У ВКЛ М. валодалі вял. зямельнымі латыфундыямі з гарадамі, мястэчкамі і тысячамі прыгонных сялян. Некаторыя з іх (напр., Радзівілы, Сапегі) мелі ўласныя войскі і крэпасці.
Выкарыстоўваючы свой уплыў і багацце, М. Рэчы Паспалітай займалі ў ёй вышэйшыя дзярж. пасады і фактычна кіравалі дзяржавай. У 1567 на Беларусі было 29 М., кожны з якіх меў больш за 1000 сял. «дымоў» (гаспадарак). У пераносным сэнсе слова «М.» выкарыстоўваецца ў дачыненні да буйных прадстаўнікоў прамысл. і фін. капіталу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛА-АХО́ЦКАЯ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
адна з сістэм Урала-Мангольскага геасінклінальнага пояса. Цягнецца больш за 2 тыс.км у выглядзе складкавых ланцугоў ад Манголіі да Ахоцкага м. На Пн абмежавана глыбіннымі Мангола-Ахоцкімі разломамі, на Пд — Бурэінскім масівам і сістэмай Паўд.-Габійскіх разломаў. У будове вылучаюцца рыфейская, ніжне- і сярэднепалеазойская стадыі геасінклінальнага развіцця. У верхнім палеазоі і ніжнім трыясе амаль уся тэрыторыя знаходзілася ў стадыі арагенезу, што суправаджалася пранікненнем гіганцкіх мас гранітоідаў. Мезазойскія структуры азначаны марскімі і кантынентальнымі маласоіднымі і вугляноснымі адкладамі, якія спалучаюцца з андэзітавай фармацыяй наземнага вулканізму і пранікненнем комамагматычных гранітоідаў. З мезазойскім магматызмам звязаны радовішчы свінцова-цынкавых руд, золата, волава, вальфраму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТА ((Moneta) Эрнеста) (20.9.1833, г. Мілан, Італія — 10.2.1918),
італьянскі журналіст, дзеяч міжнар. руху прыхільнікаў міру. Удзельнік аўстра-італьян. вайны 1848—49 і аўстра-італа-франц. вайны 1859, да 1866 служыў у арміі Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1868—96 гал. рэдактар вядучай італьян.газ. «Il Secolo» («Стагоддзе»). Удзельнік Міланскай мірнай канферэнцыі 1878. З 1880 выдаваў альманах «L’amico della pace» («Сябар міру»). Адзін з заснавальнікаў (1887) Ламбардскага саюза за мір і арбітраж. У 1898 заснаваў выданне «La vita internationale» («Міжнароднае жыццё»). Аўтар працы «Войны, паўстанні і мір у XIX ст.» (т. 1—4, 1903—10). Нобелеўская прэмія міру 1907 (разам з Л.Рэно).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЕ́О ((Maceo) Антоніо) (14.6.1845, г. Сант’яга-дэ-Куба, Куба — 17.12.1896),
дзеяч нац.-вызв. руху на Кубе супраць ісп. панавання, нац. герой Кубы. Удзельнік вайны 1868—78 за незалежнасць Кубы, камандзір паўстанцкай дывізіі (з 1874), ген.-маёр Вызв. арміі (1878). У 1878—95 у эміграцыі. У пачатку нац.-вызв. паўстання 1895—98 М. з групай патрыётаў высадзіўся на Кубе. Напачатку ўзначаліў паўстанцкія сілы прав. Ар’ентэ, потым — нам. камандуючага Вызв. арміяй. У кастр. 1895 — студз. 1896 войскі Вызв. арміі пад яго камандаваннем прайшлі з баямі ўсю Кубу, атрымалі шэраг перамог над ісп. войскамі і вызвалілі ад іх зах. раёны краіны. Загінуў у баі каля г. Сан-Педра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ ТЭА́ТР ДРУГІ́ (МХАТ-2). Дзейнічаў у 1924—36. Створаны на аснове 1-й Студыі МХТ, арганізаванай у 1912 К.Станіслаўскім і Л.Суляржыцкім. Кіраўнікі М.Чэхаў, з 1928 І.Бярсенеў. У студыі і пазней у т-ры ставіліся спектаклі па творах Ф.Дастаеўскага, М.Ляскова, М.Салтыкова-Шчадрына, А.К.Талстога, А.М.Талстога, В.Гюго, Дж.Флетчэра, У.Шэкспіра, А.Афінагенава, А.Белага, А.Файко і інш. Працавалі акцёры С.Бірман, С.Гіяцынтава, Л.Дзяйкун, А.Дзікі, М.Дурасава, В.Салаўёва, Б.Сушкевіч, А.Чабан, Чэхаў і інш. У 1928 Чэхаў эмігрыраваў за мяжу, частка трупы на чале з Дзікім выйшла зт-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНДЭЛІ́ЗМ,
вучэнне аб заканамернасцях атрымання ў спадчыну адзнак арганізма. Распрацаваны Г.Мендэлем (1865). Адыграў рэв. ролю ў біялогіі, выявіў некат. фундаментальныя ўласцівасці атрыманых у спадчыну фактараў (генаў): дыскрэтнасць, стабільнасць, множнасць алельных форм. З’яўляецца часткай метадалогіі генет. эксперыментаў. Напр., уласцівасць пастаянства генаў выкарыстоўваецца ў генет. інжынерыі пры пераносе генаў з клетак аднаго віду арганізмаў у клеткі другога. На аснове адноснага пастаянства генаў распрацаваны прынцып «канварыянтнай рэдуплікацыі ДНК» (структура ДНК узнаўляецца не з абсалютнай дакладнасцю, а з варыянтамі за кошт мутацый) і інш.Гл. таксама Мендэля законы.
Літ.:
Гайсинович А.Е. Восприятие менделизма в России и его роль в развитии дарвинизма // Природа. 1982. № 9.