аграрная рэформа ў ВКЛ у 16—17 ст.; комплекс эканам., сац. і тэхн. мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Валочная памера ў 1530-я г. пачала ажыццяўляць у сваіх уладаннях Бона Сфорца (жонка вял. князя Жыгімонта I), потым Жыгімонт II Аўгуст і некат. феадалы ў зах. землях ВКЛ. Мэты і задачы валочнай памеры ў велікакняжацкіх уладаннях найб. поўна сфармуляваны ва «Уставе на валокі» 1557. У дзярж. валасцях усх. Беларусі валочная памера праведзена ў канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. У якасці асн. адзінкі абкладання тут была ўведзена служба — надзел ворнай зямлі плошчай у 1 валоку. У ходзе валочныя памеры зведзеныя ў адзіны масіў сял. землі падзелены на валокі (21,36 га), вызначана якасць глебы, ліквідавана цераспалосіца, замацавана трохпольная сістэма; устаноўлена таксама сістэма відаў і нормаў павіннасцей з валокі, частка натуральных павіннасцей заменена на грашовы чынш. Сял. сядзібу найчасцей размяшчалі на сярэднім полі валокі; хаты ў вёсках размяшчалі на адным баку вуліцы, гасп. будынкі — на другім. Адну валоку часта бралі 2 сял. сям’і. Ажыццяўленне валочнай памеры ў значнай ступені уніфікавала эксплуатацыю сялян, што прывяло да ўзмацнення прыгоннага права ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ВЕЛЬ (Wawel),
назва ўзгорка ў Кракаве, на левым беразе Віслы, на Пд ад Старога горада. У пач. 9 ст.тут існаваў умацаваны горад. З 11 ст. па 1564 Вавель — гал. каралеўская рэзідэнцыя. Вядомы комплексам помнікаў архітэктуры 10—17 ст.: ратонда Дзевы Марыі (2-я пал. 10 ст.), каралеўскі замак (13—17 ст.) з рэнесансавым аркадным унутр. дваром (1502—16, арх. Ф.Ф’ёрэнціна, Б.Берэчы), заламі ў стылях готыкі, рэнесансу і барока (у т. л. «Пасольская» зала з разной столлю, упрыгожанай т.зв. Вавельскімі галовамі, 1531—35 і з 1925, скульпт. К.Дунікоўскі), гатычны кафедральны сабор (14 ст., магільны склеп польск. каралёў, епіскапаў і вядомых дзеячаў нац. гісторыі — А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Ю.Пілсудскага, Т.Касцюшкі і інш.) з раманскай крыптай св. Леанарда (каля 1100), рэнесансавай капліцай Жыгімонта I (1517—33) і шматлікімі надмагіллямі (работы Ф.Штоса, Яна Міхаловіча і інш.). У замку — Дзярж.маст. зборы (у т. л. вавельскія габелены; звон Жыгімонта). У архіве кашт. рукапісы 12 ст. Вавель занесены ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Савицкая В.И. Краков. М., 1975. С. 121—169.
Вавель. Гатычны кафедральны сабор.Вавель. Агульны выгляд замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Бабруйскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр. сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. З 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв.Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс.сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры 18 ст. Створаны ў в. Баруны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Уключае царкву, манастырскі корпус, вежу-званіцу і капліцу. У 1692 пабудавана драўляная царква, у 1700—07 на яе месцы — мураваная (згарэла, у 1715 адбудавана, не захавалася). Новая мураваная царква пабудавана ў 1747—57 паводле праекта арх. А.Асікевіча ў стылі віленскага барока, дабудавана ў 1760—70. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай накрыта 2-схільным дахам. Дэкар. аздабленне сканцэнтравана на пластычна вырашаным гал. фасадзе. Вежы пастаўлены пад вуглом да бакавых нефаў: паўд. 3-ярусная квадратная ў плане завершана гранёным купалам, ад другой застаўся ніжні ярус, накрыты 4-схільным купалам. Да вежаў з абодвух бакоў прылягаюць брамы з пластычнымі абрысамі. Паўн. брама злучае царкву з 2-яруснай вежай-званіцай. Манастырскі корпус пабудаваны ў 1778—93. Будынак Т-падобны ў плане, 2-павярховы, пры аднаўленні ў канцы 19 ст. яму нададзены рысы класіцызму. На пач. 19 ст.тут працавала публічная 6-класная школа базыльян (адкрыта ў 1793). На плошчы перад царквой размешчана капліца — цэнтрычны 2-ярусны аб’ём (чацвярык на васьмерыку; пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адзін з найб. шанаваных каталіцкіх абразоў на Беларусі. Знаходзіцца ў касцёле Ушэсця Маці Божай у в.Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Паводле касцельнай гісторыі, падараваны ў 1598 папам рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцызм. Пасля смерці Паца абраз перайшоў капелану І.Салакаю, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінцаў; шату для абраза падараваў у 1-й пал. 17 ст. віленскі гвардыян бернардзінцаў Ф.Калецкі. Тут абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаны настаяцелем Э.Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 часова быў вывезены ў Саколку (Беласточчына). Бернардзінцы літ. правінцыі прапагандавалі культ абраза, з пач. 19 ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштара ў 1859 вядомасць абраза зменшылася. З пач. 1990-х г. аднаўляецца яго культ, адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. 2.7.1996 папскі нунцый арцыбіскуп Д.Грушэўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названа патронкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, г. зн. Беларусі. Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72 × 65 см, іканаграфічна належыць да зах.-еўрап. тыпу Адзігітрыі. Рэстаўрыраваны ў 1991—92 В.Лукашэвічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ КАНФЛІ́КТ 1920—39,
канфлікт паміж Польшчай і Літвой з-за Вільні і Віленскага краю. Паводле сав.-літ. дагавора ад 12.7.1920 Вільня і яе наваколле прызначаліся Літве. Правы Літвы на гэту тэр. пацверджаны і польска-літ. дагаворам ад 7.10.1920. Але 9.10.1920 войскі на чале з ген. Л.Жалігоўскім захапілі Вільню і Віленскі край. Ліга Нацый вырашыла правесці тут плебісцыт і для «забеспячэння парадку» ўвесці замежныя войскі. Літва адмовілася, яе падтрымаў і сав. ўрад. На польска-літ. перагаворах у 1921 Ліга Нацый спрабавала зрабіць Віленшчыну аўтаномнай з умовай уступлення Літвы ў унію з Польшчай. Літ. ўрад зноў адмовіўся. 8.1.1922 польскі ўрад правёў выбары ў часовы сейм т.зв.Сярэдняй Літвы, які 20.2.1922 прыняў рашэнне пра далучэнне Віленшчыны да Польшчы. 24.3.1922 гэта рашэнне пацвердзіў Варшаўскі сейм. Пастановай СМ Польшчы ад 6.4.1922 створана Віленская зямля на правах ваяводства. 15.3.1923 канферэнцыя паслоў Англіі, Францыі, Італіі і Японіі вызначыла польска-літ. граніцу, пакінуўшы Віленскую зямлю за Польшчай. Літ. і сав. ўрады не прызналі гэтага рашэння. 22.12.1925 Віленская зямля перайменавана ў Віленскае ваяводства. У пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 Чырв. Армія заняла Вільню і Віленшчыну. Паводле дагавора Літвы і СССР ад 10.10.1939 яны перададзены Літве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́Я,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., на паўд. беразе Асвейскага воз. За 40 км ад Верхнядзвінска, 37 км ад чыг. ст. Верхнядзвінск на лініі Полацк—Даўгаўпілс. 2 тыс.ж. (1995).
Вядома з 15 ст., цэнтр воласці ў складзе Полацкай зямлі. З 1505 уласнасць Глебавічаў, з 1600 Л.Сапегі, з 1749 мінскага ваяводы Я.Гільзена, які пабудаваў тут палац, касцёл, заснаваў кляштар месіянарыяў, з 1786 да канца 19 ст. ўласнасць шляхціцаў Шадурскіх. З 16 ст. цэнтр воласці Полацкага ваяв. У 1616 і 1633 занята рус. войскамі. З 1695 горад, праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка. У 1897 — 2830 ж., у 1905 — 3700 ж., нар. вучылішча. У 1924—59 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія спалілі Асвею і 158 навакольных вёсак, загубілі 4,4 тыс. мірных жыхароў; дзейнічала Асвейскае патрыятычнае падполле. З 1959 у Верхнядзвінскім раёне.
Прадпрыемствы: буд. Матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці, торфабрыкетны завод. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры 18 ст. — Асвейскі манастырскі шпіталь, помнік палацава-паркавай архітэктуры 18 ст. — Асвейская сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТРАХАНЬ,
горад у Расіі, цэнтр Астраханскай вобл., у дэльце р. Волга. 508,0 тыс.ж. (1994). Рачны і марскі порт, чыг. вузел, аэрапорт. Цэнтр рыбалоўства і рыбаапрацоўкі. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкатажная, абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сць кавальска-прэсавага, халадзільнага абсталявання і інш.). Развіта дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, хім.прам-сць, 4 ВНУ. НДІ рыбнай гаспадаркі і акіянаграфіі.
Першыя звесткі пра Астрахань як татарскую вёску Аштархан (на правым беразе Волгі за 12 км ад сучаснай Астрахані) адносяцца да 13 ст. У 1395 спалена войскам Тамерлана. У 1459—1556 гал. горад Астраханскага ханства. У 1557 далучана да Расіі. У 1558 у Астрахані пабудавана рус. крэпасць. У 1605—06 захоплена і разрабавана данскімі і церскімі казакамі, у 1670 — войскамі С.Разіна. З 1717 губ. горад, з 1785 абл. горад Каўказскага намесніцтва. У 1-й чвэрці 18 ст.тут створаны ваен. флот, адміралцейства, верфі, порт. З 1943 цэнтр Астраханскай вобласці. Захаваўся крэмль (1580—1620) з Успенскім (1698—1710) і Траецкім (канец 16—18 ст.) саборамі і інш. помнікі архітэктуры. Карцінная галерэя, музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НІКАЎ (Генадзь Сцяпанавіч) (н. 19.2.1935, г. Магілёў),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1974), нар.арт.СССР (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1957). Працуе ў Нац.акад.драм. т-ры імя Я.Купалы. Самабытны талент Аўсяннікава, сакавіты нар. гумар, імправізацыйнасць ігры, арганічнасць, дакладнасць псіхал. і пластычнага малюнку ролі найб. ярка выявіліся ў нац. рэпертуары: Цярэшка (сярэбраны медаль імя А.Папова 1973), дзед Цыбулька, Стары, Антон Бусько («Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата», «Пагарэльцы» А.Макаёнка), Мурашка («Мудрамер» М.Матукоўскага, Дзярж. прэмія Беларусі (1988), Аўдзей («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Брава-Жыватоўскі («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Доўбік («Выклік багам» А.Дзялендзіка). Стварыў каларытныя камедыйныя характары: Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Янка («Там і тут» Д.Кавачэвіча), Пісана («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З інш. Роляў: Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Чабутыкін («Тры сястры» А.Чэхава), Старшыня («Паехалі!» паводле М.Крапіўніцкага), Казулін («Характары» паводле В.Шукшына), Турэмшчык («...Забыць Герастрата!» Р.Горына), Блазан («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра). Здымаўся ў кіно («Доўгія вёрсты вайны», «Апошняе лета дзяцінства», «Полымя», «Эпілог»), тэлевіз. пастаноўках («Тэатр купца Япішкіна», «Плач перапёлкі» і інш.).
Літ.:
Сохар Ю. Генадзь Аўсяннікаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Гродзенская каралеўская друкарня,
адно з найбуйнейшых выдавецтваў на Беларусі ў канцы 18 ст. Існавала ў Гродне ў 1775—96(?). Створана на аснове друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, перавезенай у 1775 у Гродна падскарбіем літоўскім А.Тызенгаўзам пасля скасавання ордэна езуітаў. У Гродзенскай друкарні працавала каля 30 чалавек, была ўласная майстэрня для адліўкі літар. Выдала каля 100 кніг навуковай, рэліг., маст. л-ры на польск., лац., царкоўнаслав., франц., ням., яўр. мовах. Друкавала матэрыялы сесій сейма Рэчы Паспалітай і Трыбунала ВКЛ. Выданні вызначаліся высокай якасцю друку, маст. афармлення, паперы (завозілася пераважна з Прусіі). Спыніла дзейнасць у сярэдзіне 1790-х г., абсталяванне перададзена Віленскай каталіцкай епархіі.
У Гродзенскай друкарні выдадзены «Кароткі збор карфагенскай і егіпецкай гісторыі» Г.Барэцкага (1776), «Флора Літвы» Ж.Э.Жылібера (1781), творы Вальтэра, Мальера, Ф.Карпінскага, І.Красіцкага, М.Карповіча і інш. У 1776—83(?) тут друкаваўся штотыднёвік «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), у 1796 — «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»).
Літ.:
Голенченко Г.Я. Библиографический список белорусских старопечатных изданий XVI—XVIII вв. Мн., 1961;
Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат.Мн., 1986;
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.