СМАРГО́НЬ,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Оксна (левы прыток р. Вілія) і яе прытоку р. Гервятка. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Вільнюс, вузел аўтадарог на Маладзечна, Вільнюс, Крэва, Свір. За 260 км на ПнУ ад Гродна. 36,7 тыс. ж. (2001).

Вядома з 15 ст. ў ВКЛ як прыватнае мястэчка Зяновічаў, з 1-й пал. 17 ст. — Радзівілаў, Пшаздзецкіх. Мела таксама назвы Смургоні, у 19 ст. — Смаргоні. Каля 1590 у С. засн. папяровая мануфактура, школа, шпіталь. У 1622 у С. 139, у 1640—155 домаўласнікаў, 20% жыхароў займаліся рамяством. У 17 ст. Радзівілы заснавалі тут школу дрэсіроўкі мядзведзяў — «Смаргонскую акадэмію». У 1788 у С. 3 фальваркі, 393 двары. 3 бровары, 3 млыны, 2 прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, гарбарня. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Віленскай губ. (з 2-й пал. 19 ст. цэнтр воласці). У вайну 1812 пры адступленні франц. войск у С. спыняўся імператар Напалеон, тут ён перадаў камандаванне арміяй маршалу І.​Мюрату. У 19 ст. — пач. 20 ст. С. — цэнтр гарбарнай і швейнай прам-сці Беларусі. Развіццю мястэчка спрыяла буд-ва Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1897—7,5 тыс. ж., у 1900—10,2 тыс. ж., пошта, 2 вучылішчы, 2 багадзельні, 2 бальніцы, 2 царквы, касцёл, 2 сінагогі; з-ды: 44 гарбарныя, 2 вінакурныя, 2 махорачна-тытунёвыя, мылаварны, 2 піваварні; 75 крам, штотыднёвыя кірмашы. У 1-ю сусв. вайну у 1915—18 праз С. праходзіла лінія фронту, мястэчка разбурана. У 1920—22 у складзе Сярэдняй Літвы. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Смаргонскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 3896 чал. У 1970—10,1 тыс. ж.

Працуюць Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання, Смаргонскі завод сухога абястлушчанага малака, прадпрыемства «Смаргоньсілікатабетон», з-ды агрэгатны, камбікормавы, ліцейна-мех., ільнозавод; 7 сярэдніх школ, у т. л. школа-інтэрнат, 2 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, Дом творчасці дзяцей і моладзі, Дом культуры, Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік вызваліцелям. Помнікі архітэктуры: Смаргонскі кальвінскі збор, капліца.

Літ.:

Ковкель И.И., Мараш И.Я. Сморгонь: Ист.-экон. очерк. Мн., 1984.

А.​У.​Ганчароў.

Горад Смаргонь. Вуліца Савецкая.

т. 15, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)