КАЛЯ́Д ВО́СТРАЎ, Крыстмас востраў (Cristmas Island),
востраў на У Індыйскага ак.; пад кіраваннем Аўстраліі. Пл. 135 км². Нас. 813 чал. (1996), пераважна малайцы і кітайцы. Востраў з’яўляецца прыўзнятым вапняковым атолам са стараж. вулканічным ядром. Найб.выш. 361 м. Клімат трапічны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 27 °C. Ападкаў каля 2000 мм за год. Пераважае трапічная расліннасць. Асн. галіна гаспадаркі — здабыча фасфарытаў, якія вывозяцца ў Аўстралію, Новую Зеландыю, Малайзію. Вырошчваюць какосавую пальму, трапічную садавіну, агародніну. Жывёлагадоўля і рыбалоўства. Марскія і авіяц. сувязі ў асноўным з Аўстраліяй.
Адкрыты ў 1615. Названы ў 1643 каштанам галандскага судна. У 1688 на востраве высадзіўся У.Дампір. Пасля адкрыцця радовішча фасфарытаў захоплены Вялікабрытаніяй (1888), з 1900 у складзе брыт. калоніі Сінгапур. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны Японіяй. У 1958 перададзены Аўстраліі, з’яўляецца яе заморскай тэрыторыяй. Кіруецца адміністратарам, якога прызначае міністр па справах тэрыторый. Пры адміністратары ёсць Дарадчы савет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-БРА́НСУІК (New Brunswick),
правінцыя на ПдУ Канады. Абмываецца залівамі Св. Лаўрэнція (на ПнУ) і Фанды (на Пд). Пл. 72,5 тыс.км². Нас. каля 800 тыс.чал. (1998), англа-канадцы і франка-канадцы. Адм. ц. — г. Фрэдэрыктан. На тэр. правінцыі паўн. адгор’і Апалачаў (г. Карлтан, 820 м), раўніны і нізіны. Характэрны марэнны рэльеф, ледавіковыя і флювіягляцыяльныя адклады. Есць радовішчы поліметалаў, медзі, нікелю, буд. матэрыялаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ў студз. каля -10 °C, у ліп. каля 17 °C. Выпадае 1000 мм ападкаў за год. Рэкі мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі. Пераважаюць паўднёватаежныя цемнахвойныя лясы. На базе мясцовых руд у г. Батэрст буйны комплекс гарнарудных, металургічных і хім. прадпрыемстваў. Развіта цэлюлозна-папяровая, нафтахім., харч., маш.-буд. (у т. л. суднабудаўнічая), дрэваапр.прам-сць. Вытв-сць абутку і буд. матэрыялаў. Рыбалоўства і рыбаперапрацоўка. У сельскай гаспадарцы пераважае малочная жывёлагадоўля і агародніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ГЭ́МПШЫР.
Нью-Хэмпшыр (New Hampshire), штат на ПнУ ЗША. Пл. 24 тыс.км². Нас. 1173 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Конкард. Найб. гарады Манчэстэр, Нашуа. Большая ч. штата занята адгор’ямі Апалачаў (масіў Уайт-Маўнтынс, выш. да 1916 м — г. Вашынгтон), на ПдУ штата — берагавая нізіна. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад -5 °C, у студз. да 22 °C у ліп. Ападкаў каля 800—1000 мм за год. Гал. рэкі Канектыкут і Мерымак. Большая ч.тэр. пад лесам (хвоя, хемлак, дуб, бяроза). Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн., электронная, вытв-сцьпрамысл. абсталявання), гарбарна-абутковая, тэкст., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая. Лесанарыхтоўкі. Здабыча буд. матэрыялаў (граніт і інш.), каштоўных камянёў. Портсмут — цэнтр суднабудавання. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць кармавыя травы, бульбу. Садоўніцтва і агародніцтва. Курортная гаспадарка, турызм і лыжны спорт (Уайт-Маўнтынс). Марское рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.) у бас. Верхняга Дняпра. Назва ад месцазнаходжання найб. даследаванай стаянкі Горкі на Сажы. Вылучана ў самастойную культуру ў 1960-я г. У.Ф.Ісаенкам па матэрыялах раскопак К.М.Палікарповіча. Паселішчы С.к. размешчаны на берагах рэк на першых і другіх надпоймавых тэрасах, часта паблізу выхаду крамянёвай сыравіны. Асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне. рыбалоўства і збіральніцтва. Адметная рыса помнікаў С.к. — шырокае выкарыстанне ў якасці загатовак для прылад працы адшчэпаў, часта з мелавой скарынкай. Адной з найб. выразных форм прылад з’яўляюцца наканечнікі стрэл з дакладна аграненых ножападобных пласцін. Сярод інш. прылад разцы, скрабкі, свярдзёлкі, праколкі, сякеркі з перахватам, авальныя, трапецападобныя, камбінаваныя і інш. прылады. На думку У.П.Ксяндзова, большасць помнікаў С.к. ўваходзіць у склад днепра-дзяснінскай культуры. На Беларусі вядома каля 14 помнікаў С.к. Найб. даследаваныя Журавель, Новы Быхаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАКА́ЙДА,
востраў на Пн Японіі, другі па велічыні пасля в-ва Хонсю. Абмываецца Ціхім ак. і яго морамі — Японскім і Ахоцкім. Пл. 77,7 тыс.км² (з прылеглымі астравамі 78,5 тыс.км²). Рэльеф пераважна горны, выш. да 2290 м (г. Асахі). Дзеючыя вулканы (Усу і інш.). Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, серы. Клімат умераны акіянічны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C да -11 °C, ліп. 17—21 °C. Ападкаў 800—1500 мм за год. Гал. рэкі — Ісікары, Тэсіо, Токаты — багатыя гідраэнергіяй, сплаўныя. Азёры: Сарома (лагуннае), Куцяра, Сікоцу, Тоя (кратэрныя) і інш. Каля 60% тэр. (пераважна ў гарах) укрыта лясамі (хвойныя на Пн, мяшаныя і шыракалістыя на Пд). Раўніны пад с.-г. ўгоддзямі (рыс і інш. збожжавыя). Рыбалоўства. Нац. паркі — Сікоцу Тоя, Дайсецудзан, Акан, Сірэтока. Гал. гарады — Сапара, Хакадатэ. Востраў Х. — асобны эканам. раён Японіі аграрна-індустр. характару, гал. пастаўшчык лесу і лесапрамысл. прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЕ МО́РА,
міжкантынентальнае мора Індыйскага ак., паміж Афрыкай і Аравійскім п-вам (Паўд.-Зах. Азія). Абмывае берагі Егіпта, Судана, Эфіопіі, Ізраіля, Іарданіі, Саудаўскай Аравіі і Йемена. Злучана з Індыйскім ак. Баб-эль-Мандэбскім пралівам, з Міжземным м. — Суэцкім каналам. Даўж. 1932 кмшыр. да 305 км. Пл. каля 460 тыс.км². Найб.глыб. 3039 м. Берагі парэзаны слаба. Залівы Суэцкі і Акаба (на Пн) раздзелены Сінайскім п-вам. Найб.в-аў — Дахлак. Прылівы паўсутачныя (да 0,6 м). Ч.м. — адно з самых цёплых (да 32 °C) і салёных (38—42‰) мораў. Праз Ч.м. самы кароткі марскі шлях з Еўропы ў Азію і Аўстралію. Рыбалоўства, здабыча каралаў, жэмчугу. Гал. парты: Суэц (Егіпет), Порт-Судан (Судан), Масаўа (Эфіопія), Джыда (Саудаўская Аравія), Хадэйда (Йемен). Мяркуецца, што Ч.м. атрымала сваю назву ад прысутнасці ў ім вял. колькасці водарасцей (Frishodesmium erythracum), скопішчы якіх надаюць вадзе чырванаваты колер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУВА́ЛУ (Tuvalu),
дзяржава на ПдЗ Ціхага ак., у Палінезіі. Займае а-вы Тувалу (да 1975 наз. Эліс), за 1050 км на Пн ад а-воў Фіджы. Пл. 26 км². Нас. 10,8 тыс.чал. (2000). Сталіца — г.Фунафуці на аднайм. атоле. Афіц. мова — англійская. Адм. падзел — 8 астраўных саветаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. Т. — дзяржава ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1978 кіраўнік дзяржавы — манарх Вялікабрытаніі, які прадстаўлены ў краіне ген.-губернатарам. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту (12 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Астравы — 9 каралавых атолаў выш. да 5 м, якія працягнуліся з ПнЗ на ПдУ ланцугом даўж. 586 км. Клімат гарачы, субэкватарыяльны. Т-ра пастаянна каля 27 °C з нязначнымі ваганнямі. Ападкаў за год ад 2500 мм на Пн да 3300 мм на Пд. Бываюць засухі. Рэк і ручаёў няма. Адзначаюцца разбуральныя тайфуны. Расліннасць аднастайная. На ўзбярэжжы солетрывалыя кусты і дрэвы (сцэвола, панданус і інш.), ва ўнутр. частках астравоў — гаі какосавых пальмаў, дрэвы гуэтарда, пізонія, калафіліюм, папараці. Жывёльны свет бедны. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Астравам пагражае затапленне, якое выклікана пацяпленнем клімату і пад’ёмам узроўню акіяна.
Насельніцтва. Больш за 90% — тувалу, народ палінезійскага паходжання. Ёсць тувалу — еўрапейскія метысы, мікранезійцы і інш. Амаль усе вернікі — пратэстанты-кангрэгацыяністы. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1,4%. Сярэдняя шчыльн. 417 чал. на 1 км². Больш за палавіну засяроджана на атоле Фунафуці, дзе знаходзіцца г. Фунафуці (каля 4 тыс.ж.). 75% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, каля 25% — у сферы абслугоўвання. Каля 1 тыс.чал. працуюць за мяжой (матросамі на замежных караблях).
Гісторыя. А-вы Т. заселены палінезійцамі з а-воў Самоа і Тонга ў 1-м тыс.н. э. Першы з еўрапейцаў, хто наведаў а-вы Т., быў ісп. мараплавец А.Менданья. У 1892. пад назвай а-вы Эліс, аст-вы Т. сталі ч.брыт. пратэктарата А-вы Гілберта і Эліс, з 1916 калонія Вялікабрытаніі. У 1974 рэферэндум жыхароў а-воў Эліс ухваліў іх адасабленне ад а-воў Гілберта. З 1.10.1975 асобная калонія Вялікабрытаніі пад мясц. назвай Т. 1.10.1978 абвешчана незалежнасць Т. ў складзе Садружнасці. У Т. адсутнічаюць паліт. партыі. Т. — чл.ААН (з 2000).
Гаспадарка. Т. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 800 дол. за год. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 50% пл. астравоў. Асн. культуры: какосавая пальма, тара, бананы, цукр. трыснёг, агародніна. Штогод нарыхтоўваецца каля 400 т копры. Гадуюць свіней і птушку (у 1999—27 тыс. курэй). Рыбалоўства. Урад ЗША выплачвае Т. штогод 9 млн.дол. за права рыбалоўства ў тэр. водах архіпелага. Ёсць некалькі дробных прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі і рыбы, па пашыве адзення і вырабе мыла. Саматужныя промыслы і рамёствы (плеценыя вееры і кошыкі, каралі з ракавін). Некалькі дробных электрастанцый (вытв-сць электраэнергіі каля 3 млн.кВт∙гадз за год). Транспарт пераважна марскі. Асн. порт і адзіны аэрапорт — Фунафуці. Штогадовы экспарт складае каля 200 тыс.дол., імпарт — каля 4—5 млн.дол. У экспарце пераважаюць копра, рыбныя прадукты, маст. вырабы, у імпарце — харч. прадукты, паліва, прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Фіджы, Аўстралія, Новая Зеландыя. Большую частку даходаў Т. атрымлівае з траставага фонду (на 1999—35 млн.дол.), які ўтвораны Новай Зеландыяй, Аўстраліяй і Вялікабрытаніяй, падтрыманы Японіяй і Паўд. Карэяй. Краіна атрымлівае даход ад продажу паштовых марак, ад грашовых пераводаў грамадзян, якія працуюць за мяжой. Грашовая адзінка — тувалійскі долар, выкарыстоўваецца і аўстралійскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫНГАВА МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж Азіяй на З, Паўн. Амерыкай на У, Алеуцкімі і Камандорскімі а-вамі на Пд. Берынгавым прал. злучана з Чукоцкім м.Пл. 2315 тыс.км², найб.глыб. 5500 м. Залівы: Анадырскі, Брыстольскі, Нортан, Алютарскі. Самыя вял. а-вы: Св. Лаўрэнція, Нунівак, Прыбылова, Карагінскі. Берагі моцна парэзаныя, усх. — нізінныя, зах. — пераважна гарыстыя. Упадаюць рэкі Анадыр і Юкан. Клімат на Пн арктычны і субарктычны з адметнымі рысамі кантынентальнасці, на Пд умераны марскі. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пд 2 °C, на Пн ніжэй за -1 °C, у жніўні 5—6 °C на Пн і 9—10 °C на Пд. Большую ч. года ўкрыта плывучымі льдамі. Салёнасць 28—33‰. Прылівы на ПнЗ паўсутачныя, на астатняй плошчы — няправільныя паўсутачныя (да 8,3 м у Брыстольскім зал.). Берынгаву мору ўласціва з’ява свячэння мора. Рыбалоўства (ласасёвыя, камбала, селядзец, сайра, мінтай); промысел марскіх коцікаў, цюленяў. На берагах і астравах птушыныя «базары». Гал. парты: Анадыр, Правідзення (Расія), Ном (ЗША). Названа ў гонар В.Берынга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЮ́Й,
рака на ЗУсх. Сібіры, левы прыток Лены, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2650 км, пл.бас. 454 тыс.км². Цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. У вярхоўях перасякае балоціста-азёрную раўніну, ніжэй цячэ ў вобласці развіцця трапаў, мае даліну горнага характару з каньёнападобнымі (да 160 м) звужэннямі. Ніжэй с. Сунтар даліна расшыраецца. Ад г. Вілюйска да вусця цячэ ў межах Цэнтральнаякуцкай раўніны, мае нізкія берагі, рэчышча разбіваецца на шматлікія пратокі. Асн. прытокі: Чона, Улахан-Батуобуя, Ачугуй-Батуобуя (справа), Марха, Цюнг (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля пас. Хатырык-Хом 1190 м³/с. Каля пас. Чарнышэўскі ГЭС і вадасховішча. Суднаходная на 1317 км ад вусця, пры попусках з вадасховішча да Чарнышэўскага. Рыбалоўства (асетр, таймень, лянок, нельма і інш.). У бас. Вілюя радовішчы алмазаў (Мірны і інш.), вугалю, газу і інш.Гал. прыстані: Сунтар, Нюрба, Вілюйск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАНДУ́Н,
правінцыя на Пд Кітая, на ўзбярэжжы Паўд.-Кіт.м.Пл. 197,4 тыс.км². Нас. 62,8 млн.чал. (1994), пераважна кітайцы. Адм. ц. — г.Гуанчжоў. У рэльефе — чаргаванне гор выш. да 1922 м і нізінных раўнін. На нізінах сярэдняя т-растудз. ад 8 °C да 16 °C, ліп. — 26—28 °C. Ападкаў 1200—2000 мм за год. Густая сетка рэк. Радовішчы каменнага вугалю, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Апрацоўваецца каля 50% тэрыторыі. Штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Асн. культура — рыс (каля 70% пл.), а таксама цукр. трыснёг, алейныя (арахіс, соя, кунжут, камелія, тунг, трапічныя эфіраносы), пладовыя культуры, джут, рамі, сізаль і інш. Шаўкаводства. Рыбалоўства і рыбагадоўля. Жывёлагадоўля (цяглавая буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Здабыча бітумінозных сланцаў, руд вальфраму, марганцу, сурмы. Чорная металургія. Машынабудаванне, харчасмакавая (цукр. і плодакансервавая), тэкст., хім., папяровая прам-сць. На ўзбярэжжы — саляны промысел. Лесанарыхтоўкі. Рачное суднаходства, чыг. і аўтамаб. транспарт. Марскія парты Гуанчжоў, Чжаньцзян, Шаньтоў.