НЬЮ-БРА́НСУІК (New Brunswick),
правінцыя на ПдУ Канады. Абмываецца залівамі Св. Лаўрэнція (на ПнУ) і Фанды (на Пд). Пл. 72,5 тыс. км2. Нас. каля 800 тыс. чал. (1998), англа-канадцы і франка-канадцы. Адм. ц. — г. Фрэдэрыктан. На тэр. правінцыі паўн. адгор’і Апалачаў (г. Карлтан, 820 м), раўніны і нізіны. Характэрны марэнны рэльеф, ледавіковыя і флювіягляцыяльныя адклады. Есць радовішчы поліметалаў, медзі, нікелю, буд. матэрыялаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ў студз. каля -10 °C, у ліп. каля 17 °C. Выпадае 1000 мм ападкаў за год. Рэкі мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі. Пераважаюць паўднёватаежныя цемнахвойныя лясы. На базе мясцовых руд у г. Батэрст буйны комплекс гарнарудных, металургічных і хім. прадпрыемстваў. Развіта цэлюлозна-папяровая, нафтахім., харч., маш.-буд. (у т.л. суднабудаўнічая), дрэваапр. прам-сць. Вытв-сць абутку і буд. матэрыялаў. Рыбалоўства і рыбаперапрацоўка. У сельскай гаспадарцы пераважае малочная жывёлагадоўля і агародніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
т. 11, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)