віды руху каня. Адрозніваюць алюры натуральныя і штучныя. Натуральныя алюры: хада (павольныя алюры) — конь паслядоўна падымае і ставіць на зямлю адну за адной усе 4 нагі; змена ног па дыяганалі; рысь — паскораныя алюры ў 2 тэмпы: конь перастаўляе адначасова 2 нагі па дыяганалі; інахадзь — алюры ў 2 тэмпы: конь падымае і апускае то 2 левыя, то 2 правыя нагі; інахадзь шпарчэй за рысь; галоп — скачкападобныя алюры ў 3 тэмпы з безапорнай фазай; скачок — адштурхоўванне ад зямлі наперад адначасова 2 заднімі канечнасцямі. Штучныя алюры (у конным спорце і цыркавым мастацтве): парадная хада — конь ідзе рыссю, высока падымаючы і выцягваючы ногі; пасаж — скарочаная рысь; п’яфэ — пасаж на месцы; піруэт — заднія ногі на месцы, пярэднія апісваюць поўны круг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЯЛЬЦОВАКВЕ́ТНЫЯ (Ranunculales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. 8 сям., 160 родаў, больш за 3000 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць пераважна па сырых ці залішне вільготных месцах, зрэдку ў вадзе. На Беларусі 2 сям.: казяльцовыя (Ranunculaceae) і барбарысавыя (Berberidaceae), больш за 20 родаў, 150 відаў, з іх 10 відаў (боцікі шарсцістагубыя, боцікі паўночныя, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, павойнік прамы, пухірнік ягадны, пярэсна еўрапейская, рагулька высокая, раўнаплоднік пылюшнікавы, сон лугавы) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шмат- і аднагадовыя травы, паўкусты, драўняныя вечназялёныя ліяны ці лістападныя. Лісце простае або складанае, чаргаванае, рэдка супраціўнае. Кветкі двух- або аднаполыя, правільныя, адзіночныя або ў гронках ці мяцёлках. Плод — шматлістоўка, шматарэшак, шматкасцянка, ягадападобны. Лек., харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны. Ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
аперацыя партыз. злучэнняў Віцебскай вобл.па разгроме буйных фаш. гарнізонаў у тыле ням. 3-й танк. арміі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, адцягвання часткі яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага (з 20 кастр. 1-ы Прыбалтыйскі) фронту 19—22 кастр. ў Вял.Айч. вайну. У аперацыі ўдзельнічала больш за 20 партыз. брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абл. пад агульным камандаваннем ген.-маёра Ф.Ф.Дуброўскага. Партызаны правялі цяжкія баі заг. Лепель (гл.Лепельскі бой 1943), Чашнікі (гл.Чашніцкія баі 1943), в. Бачэйкава (гл.Бачэйкаўскія баі 1943), поўнасцю разграмілі 9 гарнізонаў ворага ў вёсках. Ім дапамагалі мясц. жыхары, якія капалі процітанк. равы, разбуралі дарогі, рабілі на іх завалы. Выканаўшы задачу, партызаны адышлі з раёнаў баявога сутыкнення з праціўнікам і распачалі ўдары па яго камунікацыях. У выніку Л.а. таксама сарвана буйная карная аперацыя захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНІ́ЦТВА,
вытворча-тэрытарыяльная адзінка ў лясной гаспадарцы. Можа ўваходзіць у склад лясгаса або леспрамгаса. На замацаванай за ім тэрыторыі дзярж. ляснога фонду ажыццяўляе мерапрыемствы па вырошчванні, выкарыстанні і ахове лясоў, кантралюе работу лесанарыхтоўшчыкаў, дапамагае калгасам і саўгасам у арганізацыі і вядзенні гаспадаркі ў іх лясах, адпускае лес на пні і лесаматэрыялы, арганізуе і кантралюе нарыхтоўку грыбоў, ягад, лек. раслін, сена і інш.Асн.тэр. адзінка Л. — лясны квартал. Л. падзяляюцца на тэхн. ўчасткі (аб’езды), апошнія — на абходы. Адказны за вядзенне гаспадаркі ў Л. — ляснічы, у тэхн. участку — участковы тэхнік-лесавод, у абходзе — ляснік. На Беларусі (1999) 720 Л. сярэдняй пл. 9,25 тыс.га, у складзе якіх 1941 тэхн. ўчастак і 10,6 тыс. абходаў. Сярэдняя пл.тэхн. ўчастка 3,4 тыс.га, абходу — 630 га. У Л. могуць арганізоўвацца лясныя гадавальнікі, пункты па нарыхтоўцы і перапрацоўцы грыбоў і ягад. Л. ёсць у лясной гаспадарцы Расіі, многіх інш. краін свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»
(БелСЭ),
12-томны даведнік па ўсіх галінах ведаў; першая ў гісторыі бел. народа універсальная энцыклапедыя. Выдадзена ў Мінску ў 1969—75 выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». У 1976 выпушчаны дадатковы спец. том паказальнікаў (прадметны, імянны, геагр. назваў). У 1—11-м тамах у алфавітным парадку змешчана 34 409 артыкулаў, у канцы 11-га тома надрукаваны дадатак — матэрыялы пра падзеі, што адбыліся за час выдання БелСЭ. 12-ы том цалкам прысвечаны Беларусі, а матэрыялы ў ім размешчаны па тэматычным прынцыпе. Стваральнікі БелСЭ творча выкарысталі вопыт лепшых энцыклапедычных выданняў, метадычныя прынцыпы адбору, апрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў. Звесткі па ўсіх пытаннях падаюцца ў цеснай сувязі з Беларуссю — з яе прыродай, эканомікай, навукай, гісторыяй, культурай, мастацтвам. Бел.нац. тэматыка ў БелСЭ складае каля 40%. У выданні змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. У напісанні артыкулаў для БелСЭ прынялі ўдзел больш за 5 тыс. аўтараў, з іх больш як 90% навукоўцы Беларусі. Групе стваральнікаў БелСЭ прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1976. У 1978 дапрацаваныя матэрыялы 12-га тома выдадзены на рус. мове асобнай кнігай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка».
Літ.:
Грыцкевіч А., Мальдзіс А. Свята беларускай культуры // Полымя. 1975. № 12.
І.П.Хаўратовіч.
Выданне «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». 1969—76.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІ ЦІСК,
ціск, значна большы заатмасферны ціск. Існуе ў паравых катлах, цыліндрах унутр. згарання, аўтаклавах, гідраўлічных прэсах (106—109Па), у цэнтры Зямлі (да 109Па), на многіх нябесных целах (у мільёны і нават мільярды разоў большы за ціск у цэнтры Зямлі). Заснавальнік фізікі высокіх ціскаў — амер. фізік П.У.Брыджмен.
Высокі ціск прыводзіць да дэфармацыі электронных абалонак атамаў, у выніку чаго зменьваюцца эл., магн., мех. і інш. ўласцівасці рэчываў. Пад высокім ціскам у некат. рэчывах адбываюцца паліморфныя ператварэнні з рэзкай зменай аб’ёму і эл. супраціўлення, значна зменьваецца пункт плаўлення, а паўправаднікі і дыэлектрыкі пераходзяць у металічны стан. Высокі ціск выкарыстоўваецца для атрымання матэрыялаў з асаблівымі фіз. ўласцівасцямі (звышцвёрдых, звыштрывалых, тэмператураўстойлівых і г.д.), напр. штучнага алмазу, кварцу высокай шчыльнасці; для гідраўлічнай экструзіі металаў (апрацоўка металаў метадам выціскання); для геафізікі і геахіміі зямных нетраў і г.д.
На Беларусі даследаванні па высокім ціску праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН і інш.
Літ.:
Верещагин Л.Ф. Твердое тело при высоких давлениях: Избр. тр.М., 1981;
Влияние высоких давлений на вещество. Т. 1—2. Киев, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЯЖЫ́,
разліковыя аперацыі па аплаце грашовых сум, іх унясенні, а таксама сумы, якія павінны быць выплачаны. Бываюць П. наяўныя, калі прызнаюцца выкананымі пры паступленні (атрыманні) наяўных грошай, і безнаяўныя, што ажыццяўляюцца без удзелу наяўных грошай, праз пералічэнне пэўных сум з рахункаў плацельшчыка ў банку на рахунак атрымальніка або праз залік узаемных патрабаванняў. Усе безнаяўныя П. ажыццяўляюцца праз крэдытныя ўстановы або пад іх кантролем. Такія П. ажыццяўляюцца і ўнутры краіны і ў сферы міжнар.эканам. адносін. Асн. віды разліковых дакументаў: плацежныя запатрабаванні і даручэнні, чэкі (гл.Плацежны сродак), акрэдытывы. Адрозніваюць: П. ў бюджэт — узносы і адлічэнні фіз. і юрыд. асоб, якія складаюць даходы дзярж. бюджэту; П. авансавыя — у аплату паслуг, сродкаў або матэрыялаў для іх атрымання або выкарыстання; П. дзяржаўныя трансфертныя — выплаты пасац. страхаванні, дапамозе па беспрацоўі, пенсіі і інш. (гэтыя выплаты і іх атрымальнікі не ўносяць якога-н. укладу ў вытворчасць); П. накладныя — спосаб разлікаў пры адпраўцы тавараў невялікімі партыямі на нязначныя сумы (прадугледжвае адрасную выдачу грузу пры ўмове аплаты вызначанай грузаадпраўшчыкам сумы безнаяўным або наяўным разлікам; П. насельніцтва, якія ажыццяўляюцца наяўным і безнаяўным шляхам (П. за камунальныя паслугі, узносы за тавары, купленыя ў крэдыт, і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБЕКО́ШТ,
грашовае выражэнне бягучых затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі; частка вартасці. Уключае кошт выдаткаваных у вытв-сці прадметаў працы (сыравіны, матэрыялаў, паліва, энергіі); кошт сродкаў працы (збудаванняў, машын, абсталявання), перанесеных у працэсе вытв-сці на наваствораны прадукт; аплату працы работнікаў; расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі і інш. выдаткі прадпрыемства па арганізацыі вытв-сці і кіраванні. Адрозніваюць С. базісны, індывід., перавозак, прадукцыі, тэхнал., вытв. і фактычны (справаздачны). С. базісны — С. мінулага перыяду, які бярэцца за аснову разліку С. бягучага або планавага перыяду; С. індывідуальны — затраты на выраб канкрэтнага віду прадукцыі; С. перавозак — затраты на транспартаванне грузаў (прадукцыі) на розных відах транспарту; С. прадукцыі — затраты прадпрыемства (аб’яднання, арганізацыі) на выраб і рэалізацыю прадукцыі (паслуг); С. тэхналагічны — затраты на арганізаванне тэхнал. працэсу вытв-сці прадукцыі і аказання паслуг; С. вытворчы — затраты прадпрыемства на вытв-сць прадукцыі, у якія ўключаюцца кошт паўфабрыкатаў, купленых вырабаў і паслуг інш. прадпрыемстваў, а таксама затраты на абслугоўванне і кіраванне прадпрыемствам; С. фактычны (справаздачны) вызначаецца на аснове фактычных затрат па ўсіх пунктах С. за дадзены перыяд. Выкарыстоўваецца ў гасп. разліку для ацэнкі эфектыўнасці работы прадпрыемства і яго структурных падраздзяленняў, таксама для ўстанаўлення і змянення цэн на прадукцыю (паслугі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГО́ННЫ ПАРК,
колькасць вагонаў на пэўнай чыгунцы ці яе падраздзяленні — аддзяленні, станцыі і інш. Паводле прызначэння бывае пасажырскі і грузавы і па сферы выкарыстання — агульнага і спец. прызначэння; паводле тэхн. характарыстык класіфікуюць: па тыпе вагонаў (крыты, паўвагон, платформа і інш.), па колькасці восяў у вагоне, па габарыце і шырыні каляіны (шырока- ці вузкакалейныя), па грузападымальнасці і інш. Адрозніваюць інвентарны (уключае вагоны, прыпісаныя да пэўнай чыгункі) і наяўны вагонны парк (усе вагоны ў межах пэўнай чыгункі незалежна ад месца іх прыпіскі). Наяўны вагонны парк падзяляюць на рабочы (для камерцыйных перавозак) і нерабочы (для гасп. перавозак, перасоўных майстэрняў, вагоны, што знаходзяцца ў рамонце). Асобна вылучаюць рэзервовы вагонны парк, які ўключаецца ў работу ў перыяды масавых перавозак збожжа і агародніны, перакідкі с.-г. тэхнікі і інш. Інвентарны вагоннага парка Беларускай чыгункі на пач. 1996 уключаў больш за 2 тыс. пасажырскіх і каля 36 тыс. грузавых вагонаў. Свае вагонныя паркі маюць метрапалітэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС ЦЭН,
абагульняльны паказчык дынамікі і суадносін узроўню цэн, які характарызуе адносныя змены цэн за пэўны перыяд. Вызначаецца адносінамі сярэднеўзважаных цэн на асобныя віды тавараў (паслуг) або іх сукупнасці да сярэднеўзважаных цэн у базісным перыядзе. І.ц. можа быць індывідуальны — разлічваецца для пэўных відаў тавараў (паслуг), і зводны — характарызуецца суадносінамі ўзроўню цэн (тавараў, паслуг) па іх сукупнасці. У сваю чаргу зводныя І.ц. падзяляюцца на агульныя, якія ахопліваюць усю вывучаемую сукупнасць тавараў і паслуг, і групавыя — вызначаюцца для пэўных груп тавараў (паслуг).
Адрозніваюць індэкс рознічных і спажывецкіх цэн на тавары і паслугі. Індэксы рознічных цэн разлічваюцца для вызначэння іх сярэдняга змянення на тыя тавары і паслугі, якія набываюцца пэўнымі групамі насельніцтва. Падлічваюцца на падставе рэгістрацыі рознічных цэн для стандартнага набору тавараў і паслуг, а вагі вызначаюцца па структуры спажывецкіх расходаў сем’яў рабочых і служачых (устанаўліваюцца папярэднімі абследаваннямі іх бюджэтаў). Індэксы гэтага віду адносяцца да індэксаў кошту жыцця. Пры налічэнні ўласна індэксаў рознічных цэн не ўлічваюцца паслугі, якія рэалізуюцца па-за рознічным гандлем, а вагі разлічваюцца па частцы тавараў у агульным абароце рознічнага гандлю. Індэкс спажывецкіх цэн характарызуе змяненне агульнага ўзроўню цэн на тавары і паслугі, якія набываюцца насельніцтвам для невытворчага спажывання. Ён паказвае дынаміку змены цаны рыначнага набору спажывецкіх тавараў («рыначны кошык») і выкарыстоўваецца для пераразліку намінальнага аб’ёму прадукцыі (даходу) у рэальны.