БРЫ́ТЭН ((Britten) Эдвард Бенджамін) (22.11.1913, г. Лоўстафт, Вялікабрытанія — 4.12.1976),
англійскі кампазітар, піяніст, дырыжор, адзін з буйнейшых кампазітараў 20 ст. З яго творчасцю звязана адраджэнне англ.муз.т-ра. Вучыўся (1929—33) у Каралеўскім муз. каледжы ў Лондане. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнік т.зв.Англ. опернай трупы, малой опернай трупы лонданскага т-ра «Ковент-Гардэн» (з 1947). Аўтар 11 опер, у т. л. «Пітэр Граймс» (1945), «Альберт Херынг» (1947), «Сон у летнюю ноч» (1960), «Блудны сын» (прысвечана Дз.Шастаковічу, 1968), дзіцячай «Маленькі камінар, або Давайце ставіць оперу» (1949), балета «Прынц пагад» (1957). Найб. дасягненні Брытэна ў галіне камернай оперы («Паварот вінта», 1954, і інш.). Яго сцэн. музыка вылучаецца своеасаблівасцю, вастрынёй драм. калізій, глыбінёй псіхал. характарыстык. Муз. стыль адметны спалучэннем традыцый 17—18 ст. (Г.Пёрсел, І.С.Бах і інш.) і сучасных муз. сродкаў (араторыя «Ваенны рэквіем», 1961). Сярод інш. твораў: вак.-сімф. — «Балада аб героях» (1939), «Кантата міласэрнасці» (1963) і інш.; для арк. — «Варыяцыі на тэму Фрэнка Брыджа», «Сімфонія-рэквіем», 1940; сімфаньета для камернага складу (1932); канцэрты, сімфонія для віяланчэлі з арк. (прысвечана М.Растраповічу, 1963); камерна-інстр. і вак. — песенныя цыклы, у т. л. «7 санетаў Мікеланджэла», 1940; на сл. Пушкіна, прысвечаны Г.Вішнеўскай (1965), і інш.; апрацоўкі нар. песень, музыка для драм.т-ра, кіно, радыё. Выступаў як акампаніятар са спеваком П.Пірсам.
Тв.:
The story of music. London, 1958 (разам з І.Холст).
Э.Б.Брытэн.
Літ.:
Таурагис А. Бенжамин Бриттен. М.; Л., 1965;
Ковнацкая Л. Бенджамин Бриттен. М., 1974;
White E.W. B.Britten. His life and operas. 2 ed. Berkeley, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ БАІ́ 1812,
баі за Віцебск у ходзе вайны 1812 пры адступленні ў ліпені і наступленні ў лістападзе рус. войск. 23 ліп. ў Віцебск увайшла 1-я рус. армія, якая адступала. Яе камандуючы М.Б.Барклай дэ Толі вырашыў даць тут генеральную бітву, бо разлічваў на хуткі падыход 2-й арміі П.І.Баграціёна. Аднак 26—27 ліп. Барклаю стала вядома, што французы захапілі Магілёў, а Баграціён адступае на Смаленск, таму ён адмовіўся ад генеральнай бітвы і таксама вырашыў адступаць на Смаленск. Для прыкрыцця адступлення 1-й арміі быў пакінуты ар’ергард ген.-маёра П.П.Палена з 8 пях. батальёнаў і 4 кав. палкоў. 27 ліп. ў ходзе бою пры ўпадзенні р. Лучоса ў Зах. Дзвіну рус. войскі стрымлівалі націск франц. дывізій, нанеслі ім страты каля 3 тыс.чал. і самі страцілі столькі ж. У ноч на 28 ліп. 1-я армія скрытна адступіла, увёўшы ў зман Напалеона, які спадзяваўся даць тут генеральную бітву. 2-і бой адбыўся пры вызваленні Віцебшчыны 1-м корпусам П.Х.Вітгенштэйна. Для авалодання Віцебскам з г. Бешанковічы быў адпраўлены атрад ген.-маёра В.І.Гарпе з 4 пях. батальёнаў, 5 кав. эскадронаў і інш. падраздзяленняў, які 6 ліст. прыбыў у в. Старое Сяло (на З ад Віцебска), па левым беразе Зах. Дзвіны рушылі 2 эскадроны драгунаў на чале з падпалк. Д.А.Сталыпіным. 7 ліст. атрад Гарпе ўварваўся ў Віцебск, перайшоў праз палаючы мост на левы бераг і пасля вулічных баёў выбіў французаў з горада. Былі захоплены запасы харчу і фуражу, сотні палонных, у т. л.франц. віцебскі губернатар ген. Пужэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАР’Я́НЦ (Армен Багратавіч) (28.9.1918, г. Андыжан, Узбекістан — 24.3.1976),
бел. мастак т-ра. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскае маст.-пед. вучылішча (1939). Працаваў у т-рах Ташкента, Вільні і інш. З 1953 гал. мастак Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі, з 1962 гал. мастак Бел.т-ра імя Я.Купалы. З 1958 выкладаў таксама ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Творчасці Грыгар’янца ўласцівы глыбокае разуменне жанравай асновы спектакля, выразнасць зрокавых вобразаў, арган. адзінства традыцыйнага і наватарскага. Сярод лепшых спектакляў: «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1953), «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага (1957), «Беспасажніца» А.Астроўскага (1962) у Рус. т-ры; «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1953), «Салавей» З.Бядулі (1956), «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета (1958), «Чацвёрты» К.Сіманава (1962), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (1965), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1966, з Б.Герлаванам), «Трыбунал» А.Макаёнка (1971), «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма (1972), «Забыць Герастрата!» Р.Горына (1974), «Гульня з кошкай» І.Эркеня (1976) у т-ры імя Я.Купалы; «Багема» Дж.Пучыні і «Рыгалета» Дж.Вердзі (1968) у Дзярж. т-ры оперы і балета. Маст. і рэж. спектакляў «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта (1962, Рус.т-р) і «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1968, Бел.рэсп.т-р юнага гледача). Мастак кінафільмаў «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з У.Белавусавым) і інш.
П.А.Карнач.
А.Грыгар’янц. Эскізы касцюмаў да спектакля «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта.А.Грыгар’янц. Эскіз дэкарацый да спектакля «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТАда народаў Беларусі,
юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр.бел.вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎД (Raud),
эстонскія мастакі, браты. Нарадзіліся ў Віру-Яагупі (Эстонія). Крысцьян Р. (22.10.1865—19.5.1943), графік. Вучыўся ў Пецярбургскай (з 1892), Дзюсельдорфскай (1897—98), Мюнхенскай (1901—03) АМ, у школе А.Ажбе ў Мюнхене (з 1899). Заснавальнік і кіраўнік маст. студыі ў г. Тарту (каля 1905—14). У 1923—26 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Ў 1890-я г. рабіў жанравыя эцюды і замалёўкі з жыцця эст. сялян («У хаце», 1896—98). Пазней зазнаў уплывы мадэрну і сімвалізму. На аснове стылявых асаблівасцей эст.нар. разьбы па дрэве выпрацаваў своеасаблівую манеру экспрэсіўнага манументалізаванага станковага малюнка. Сярод твораў: «Збор бульбы» (1896), «Трыпціх на сюжэт казання «Тагасветная нявеста» (1919), «Ігра на кантэле» (1914—28), «Жніво» (каля 1938), «У сялянскай хаце» (1939), «Селянін» (1942), цыклы малюнкаў «Чалавек і ноч» (1907—09) і на тэму эст. эпасу «Калевіпаэг» (1920—40-я г.). Адзін з заснавальнікаў Эст.нар. музея (1909, цяпер Этнаграфічны музей Эстоніі) у Тарту, ініцыятар стварэння Эстонскага музея (1919, цяпер Маст. музей Эстоніі) у Таліне. Паўль Р. (23.10.1865—22.11.1930), жывапісец. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (1888—94) і ў Пецярбургу (1911) у І.Рэпіна. З 1923 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Пісаў пераважна заказныя парадныя партрэты ў акад. духу, а таксама жанравыя і пейзажныя эцюды, этнаграфічна дакладныя збіральныя партрэты эст. сялян. Сярод твораў: «Дама ў чырвоным капелюшы» (1893), партрэт Н.Ікскюль (1894), «Дзядзька Паўль з люлькай» (каля 1894—96), «Стары з вострава Муху» (1898), «Матыў Пакры» («Сенакос», 1899), «Аўтапартрэт з палітрай» (1908) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАТРАПЕ́Й (ад грэч. apotropaios які адводзіць бяду),
амулет, абярэг, прадмет, выява або дзеянне, якім прыпісвалі магічную здольнасць засцерагаць ад няшчасця і злога духу.
Апатрапеямі былі выявы жахлівых божастваў, звяроў і прадметаў (егіпецкага Беза, Гарпагоны, льва, грыфона, фаласа, складзеных пальцаў і г.д.), якія насілі як нацельныя амулеты; архітэктурныя рэльефы ў выглядзе звярыных мордаў і падобныя выявы на пасудзінах, зброі; нацельныя крыжыкі і ладанкі, што быццам аберагаюць вернікаў ад «нячыстай сілы».
Бел.нар. назва абярэ́г. З эпохі палеаліту як апатрапей выкарыстоўвалі амулеты з зубоў, кіпцюроў і касцей жывёл. Розныя амулеты-апатрапеі былі ў эпоху язычніцтва і ранняга хрысціянства: у курганных могільніках 9—13 ст. на Беларусі знойдзены амулеты-падвескі (лунніцы, крыжыкі), амулеты-змеевікі, змеегаловыя бранзалеты і інш. Апатрапейная сімволіка прысутнічала ў традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці. На Палессі апатрапеем было «завівала», якім накрывалі маладую ў найб. адказныя моманты вяселля; да вянца незалежна ад пары года надзявалі верхняе суконнае або футравае адзенне. Апатрапейная заклінальная магія — неад’емная частка вясенне-летніх абрадаў: сцябанне людзей і жывёлы асвячонай вярбой з традыц. прыгаворамі, асвячэнне вуглоў новай хаты свянцонай вадою; магічны круг вакол двара ў час падрыхтоўкі да веснавой сяўбы; трохразовы абход жывёлы з магічнымі прадметамі і заклінаннямі перад першым выганам у поле; юраўская раса, абрадавае печыва ў выглядзе крыжа і інш. Апатрапейны кірунак мелі такія формы калектыўнай абраднасці, як абворванне вёскі, хрэсны ход, тканне ручніка за дзень ці ноч, здабыванне «жывога» агню трэннем і інш. Адным з дзейсных апатрапеяў здаўна лічыўся чырвоны колер і арнамент. Апатрапеем лічыліся хлеб, вада, агонь, раса, зямля, вострыя металічныя прадметы, чалавечыя валасы, бурштын, зерне, ільняное валакно і семя, мак, пахучыя расліны (цыбуля, часнок, мята, палын) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Іосіф Сцяпанавіч) (21.9.1915, с. Сояна Мязенскага р-на Архангельскай вобл., Расія —31.1.1984),
бел. рэжысёр, педагог. Нар.арт. Беларусі (1970). Скончыў Архангельскае тэатр. вучылішча (1938), вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1938—40). Працаваў у т-рах Расіі. У 1947—48 рэжысёр Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі. З 1953 гал. рэжысёр Брэсцкага, з 1955 Гродзенскага, у 1966—74 Гомельскага абл.драм. т-раў, у 1963—65 Бел.т-ра імя Я.Коласа (у 1974—75 рэжысёр), у 1978—79 рэсп.т-ра юнага гледача. З 1976 выкладаў у Мінскім ін-це культуры (у 1976—77 заг. кафедры). Пастаноўкі вызначаліся ансамблевасцю, высокай рэж. культурай, тонкім Пранікненнем у драматургію твора, дэталёвай распрацоўкай характараў: у Брэсцкім т-ры — «Чайка» А.Чэхава (1954), «Жаніцьба» М.Гогаля (1977); у Гродзенскім т-ры — «Адна ноч» Б.Гарбатава (1957), «Улада цемры» Л.Талстога (1959), «Тры сястры» Чэхава (1960); у т-ры імя Я.Купалы — «Жывы труп» Талстога (1961); у т-ры імя Я.Коласа — «Дачнікі» М.Горкага (1964), «Лёнушка» Л.Лявонава (1975); у Гомельскім т-ры — «Грэшнае каханне» А.Дзялендзіка (1968), «Жыццё ўсяго адно» А.Маўзона (1969), «Беспасажніца» А.Астроўскага (1970), «Залатая карэта» Лявонава, «Першы грэх» А.Каламійца (абодва 1971), «Не трывожся, мама!» Н.Думбадзе (1972), «Таблетку пад язык» А.Макаёнка, «Даходнае месца» Астроўскага (абодва 1973); у Т-ры юнага гледача — «Пойдзем у кіно?» А.Алексіна (1978), «Жорсткія гульні» А.Арбузава (1979) і інш. Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з М.Пало, 1968), інсцэніровак аповесцей «Салавей» З.Бядулі (з Я.Рамановічам, 1955), «Рудабельская рэспубліка» С.Грахоўскага (1968), рамана «Подых навальніцы» І.Мележа (1978), пастаноўшчык гэтых твораў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
завяршальная наступальная аперацыя Вял.Айч. вайны 1941—45. Праведзена 6—11.5.1945 сав. войскамі 1-га (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў), 4-га (каманд.ген. арміі А.І.Яроменка), 2-га (каманд. Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі (укр. франтоў па знішчэнні ням.-фаш. групоўкі на тэр. Чэхіі і Славакіі. У П.а. ўдзельнічалі 2-я армія Войска Польскага, 1-я і 2-я румынскія арміі і 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус. У выніку Берлінскай аперацыі 1945сав. войскі ахапілі з Пн, ПнУ і Пд левы і правы флангі ням.-фаш. войск у Чэхаславакіі, дзе абараняліся групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршал Ф.Шорнер) і ч. сіл групы армій «Аўстрыя» (каманд.ген.-палк. Л.Рэндуліч). Рашэнне аб П.а. прынята ў ходзе бітвы за Берлін (планавалася на 7 мая). Неабходнасць падтрымаць Пражскае паўстанне 1945 паскорыла наступленне сав. войск. 6 мая войскі 1-га Укр. фронту выйшлі на рубеж Рудных гор, занялі г. Дрэздэн і ўступілі на тэр. Чэхаславакіі. 6-я танк. армія 2-га Укр. фронту пераадолела рубеж Рудных гор і з Пд прасоўвалася да Прагі. Войскі 4-га Укр. фронту наступалі з У і вызвалілі г. Оламаўц. Кульмінацыяй аперацыі стала 8 мая, калі быў разгромлены штаб групы армій «Цэнтр» і парушана кіраўніцтва ням. войскамі. У ноч на 9 мая 3-я і 4-я танк. арміі 1-га Укр. фронту зрабілі 80-кіламетровы кідок і ўвайшлі ў Прагу, куды ў той жа дзень падышлі часці 2-га і 4-га Укр. франтоў. 10—11 мая праціўнік спыніў супраціўленне; у палон здаліся 860 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 60 генералаў. 11 мая 1945 сав. войскі сустрэліся з часцямі 3-й амер. арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСПЯ́НСКІ ((Wyspiański) Станіслаў) (15.1.1869, г. Кракаў, Польшча — 28.11.1907),
польскі драматург, паэт, мастак, тэатр. дзеяч. Вучыўся жывапісу, вывучаў філасофію і л-ру ў Кракаве і Парыжы. Чл.т-ва мастакоў «Мастацтва» (з 1897). Праф. Кракаўскай акадэміі выяўл. мастацтваў (з 1906). У 1898—1905 мастак-дэкаратар і рэжысёр Кракаўскага т-ра (ажыццявіў 1-ю пастаноўку «Дзядоў» А.Міцкевіча). Выспянскі-драматург быў прыхільнікам вагнераўскага (які сінтэзаваў розныя мастацтвы) т-ра, развіваў традыцыі польск. рамантычнай драмы, зведаў уплыў антычнай трагедыі. Філас. асэнсаванне тэмы лёсу, супрацьстаяння яму ў драмах на антычныя сюжэты «Мелеагр», «Пратэсілай і Лаадамія» (абедзве 1899), а таксама ў «Праклёне» (1899) і «Суддзях» (1907), напісаных паводле рэальных падзей. У п’есах пра паўстанне 1830 «Варшавянка» (1898), «Лістападаўская ноч» (1904), а таксама «Легіён» (1900), драм. трылогіі «Вяселле» (1901, найб. значны твор Высоцкага) — нац.-паліт. праблематыка, філас. інтэрпрэтацыя польск. рэчаіснасці праз супастаўленне з гіст. мінулым. Аўтар драм «Баляслаў Смелы» (1903), «Зыгмунт Аўгуст» (не скончана), рапсода «Казімеж Вялікі» (1900) і інш. Уплыў Высоцкага на сваю творчасць зазнаў Я.Купала.
У выяўл. мастацтве Высоцкі імкнуўся захаваць нац. каларыт у рамках стылю «мадэрн». Стварыў паэтычныя і выразныя па манеры малюнка партрэты і пейзажы ў тэхніцы пастэлі (аўтапартрэты, каля 1900—02; «Аленка і кветкі», 1902; «Партрэт Элізы Парэнскай», «Від на пагорак Касцюшка», абодва 1905), драм.-экспрэсіўных, маляўнічых эскізаў вітражоў (для францысканскага сабора і касцёла на Вавелі ў Кракаве, 1896—1906). У афармленні кніг дасягнуў дэкар. адзінства шрыфту і мяккага стылізаванага расліннага арнаменту. Выконваў эскізы касцюмаў і дэкарацый да ўласных спектакляў у Кракаўскім т-ры («Варшавянка», «Вызваленне», «Баляслаў Смелы»), эскізы мэблі, тканін, вырабаў з металу, афармлення інтэр’ераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДАІ́ЗМ (франц. dadaïsme ад dada драўляны конік; у пераносным сэнсе — дзіцячы лепет),
мадэрнісцкая літ.-маст. плынь у Зах. Еўропе ў 1916—22. Узнікла ў Цюрыху ў асяроддзі нігілістычна настроенай інтэлігенцыі, якая ўспрыняла 1-ю сусв. вайну як праяўленне ў чалавеку адвечных звярыных інстынктаў, а розум, мараль эстэтыку — толькі як іх маскіроўку. Тэарэтыкі Д. абвяшчалі поўны разрыў з літ. традыцыяй і існуючымі сац. ўстоямі («дадаісцкія маніфесты» Т.Тцара, Г.Баля, Р.Гюльзенбека). Гал. патрабаванне паэтыкі Д. — «спантаннасць», «аўтаматызм», якія выключалі разумовую дзейнасць у стварэнні тэкстаў, што па-сутнасці вяло да страты іх камунікатыўнасці. Дадаісты практыкавалі змяшэнне стылістычна несумяшчальных фрагментаў розных тэкстаў (а таксама ўключэнне ўжо гатовага тэксту), бязладнае гука- і шумаперайманне («бруізм»), эксперыменты са стварэннем «мудрагелістай» мовы, насуперак агульнапрынятым нормам. Большасць літ. тэкстаў паслядоўнікаў Д. так і засталіся на ўзроўні эксперыментаў, аднак найб. вядомыя паэты выйшлі за рамкі нігілістычных дэкларацый і стварылі шэраг значных твораў, што прадвызначылі паэтыку сюррэалізму (зб. «Магнітныя палі» А.Брэтона і Ф.Супо, «Жывёлы і іх людзі, людзі і іх жывёлы» П.Элюара, «Феерверк» Л.Арагона і інш.). Праграмны ірацыяналізм і дэманстратыўны антыэстэтызм характэрны і для мастакоў-дадаістаў (французы М.Дзюшан, М.Эрнст, Ф.Пікабія, швейцарац Г.Арп, немец К.Швітэрс і інш.). Іх метады зводзіліся да бессэнсоўных каракуляў (падобных на дзіцячы малюнак), псеўдатэхн. чарцяжоў, камбінацый выпадковых прадметаў, наклеек на палатно і да т.п. У 1920-я г. ў Францыі Д. зліўся з сюррэалізмам, у Германіі — з экспрэсіянізмам. Некаторыя ням. дадаісты выкарыстоўвалі прыёмы вулічнага малюнка (сатыр. графіка Ж.Гроса) ці мантажу (паліт. плакаты Дж.Гартфілда). Дадаісцкія метады камбінавання «гатовых» прадметаў у сярэдзіне 20 ст. далі пачатак поп-арту.
Літ.:
Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
К.М.Міхееў (дадаізм у літаратуры).
Да арт.Дадаізм. Г.Арп. Дошка з яйкамі 1922.Да арт.Дадаізм. М.Эрнст. П’ета, або Рэвалюцыйная ноч. 1923.