КРЭГ, Крэйг (Craig) Эдуард Гордан (16.1.1872, г. Стывенідж, Вялікабрытанія — 29.7.1966), англійскі рэжысёр, мастак і тэарэтык т-ра; прадстаўнік сімвалісцкага т-ра. Сын Э.Тэры. На сцэне з 1889. У 1908—17 узначальваў т-р «Арэна Гальдоні» ў Фларэнцыі. Мастак і пастаноўшчык спектакляў у Лондане, Берліне, Нью-Йорку, Маскве («Гамлет» У.​Шэкспіра; 1911, МХАТ, з К.​Станіслаўскім і Л.​Суляржыцкім). Сцвярджаў ідэю рэжысёрскага т-ра, канцэпцыю «звышмарыянеткі», што патрабавала ад «акцёра-паэта» творчасці ў строгіх межах рэжысёрскай задумы. Пашырыў выразныя магчымасці т-ра новай сцэн. тэхнікай: стварыў сістэму шырмаў, якая лёгка трансфармавала прастору сцэны. Значна паўплываў на т-р Зах. Еўропы 20 ст. Тэарэт. погляды выклаў у кнігах «Сцэнічнае мастацтва» (1905), «Мастацтва тэатра» (1912).

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАВА (Ала Канстанцінаўна) (н. 3.5.1937, Мінск),

бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1973). Скончыла БДУ (1960). З 1961 у ІМЭФ АН Беларусі, з 1993 у навук.-метадычным цэнтры «Гульні і цацкі». Навук. працы па стараж. бел. скульптуры, сучасным бел. нар. мастацтве. Адзін з аўтараў артыкулаў для «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 9, М., 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—3, 1987—89), зб-каў «Помнікі старажытнабеларускай культуры» (1984), «Помнікі культуры. Новыя адкрыцці» (1985) і інш.

Тв.:

Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Старажытнабеларуская скульптура. Мн., 1991;

Народная спадчына — дашкольнікам. Мн., 1998 (у сааўт.);

La sculpture sur bois en RSS de Biélorussie // Le bois dans l’architecture et la sculpture slaves. Paris, 1981.

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГАЛЕРЭ́Я МАСТА́ЦТВАЎ у Вашынгтоне,

адзін з буйнейшых у ЗША збораў твораў мастацтва. Засн. ў 1937 у структуры Смітсанаўскага ін-та на аснове буйных прыватных калекцый, адкрыта ў 1941. У галерэі захоўваюцца шэдэўры зах.-еўрап. жывапісу і скульптуры розных часоў (творы Л.​Берніні, Я.​Вермера, Т.​Гейнсбара, Данатэла, Джарджоне, Э.​Дэга, Ф.​Клуэ, Э.​Манэ, Рафаэля, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта, Тыцыяна, Эль Грэка і інш.), творы амер. мастакоў (Дж.​Коплі, Г.​Сцюарта і інш.), калекцыі графікі і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Гал. будынак галерэі пабудаваны ў 1939—40 у формах неакласіцызму (арх. Дж.​Р.​Поўп, О.​Р.​Эгерс, Д.​П.​Хігінс), усх. корпус — у 1978 (арх. І.​М.​Пей).

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́МЕТ ((Promet) Лілі) (н. 16.2.1922, Петсеры, Эстонія),

эстонская пісьменніца. Засл. пісьменнік Эстоніі (1971). Вучылася ў Талінскай школе прыкладнога мастацтва (1935—40). Друкуецца з 1954. Аўтар раманаў «Вёска без мужчын» (1962), «Прымавера» (1971), «Дзяўчына з неба» (1977), зб-каў аповесцей і апавяд. «Прыхільнікі святога мастацтва» (1958), «Тыгр ляжыць» (1964), «Хто распаўсюджвае анекдоты?» (1967), «Свавольствы зямлі» (1977), зб. вершаў «Шыпшына» (1970). У творах антыфаш. і антываен. тэмы, сац.-псіхал. праблемы сучаснасці. Піша п’есы, выступае як публіцыст і аўтар падарожных нарысаў (разам з Р.​Парве).

Тв.:

Рус. пер. — Акварели одного лета: Повести и рассказы. М., 1961;

Дела земные. Таллин, 1969;

Иероглифы жизни. М., 1973;

Шалости земли: Повести, рассказы, миниатюры. М., 1982.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНЕМАТЭ́ХНІКА (ад грэч. mnemē памяць + techne мастацтва, майстэрства),

1) тое, што мнемоніка.

2) Цыркавы і эстрадны нумар (дзея), заснаваны на здольнасці запамінання («адгадвання» лікаў, прадметаў, дат, імён). Выконваецца 2 артыстамі пры дапамозе спец. распрацаванага кода.

т. 10, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІФАЛАГІ́ЧНЫ ЖАНР,

жанр выяўленчага мастацтва, прысвечаны героям і падзеям, прадстаўленым у міфах стараж. народаў. Творам М.ж. звычайна ўласцівы сімвалічнасць вобразаў (багоў, герояў, духаў і інш.), семантычная ўмоўнасць, своеасаблівая трансфармацыя прасторы і часу, ілюстратыўная апавядальнасць раскрыцця зместу міфа. У мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. яго кампазіцыі набылі большую вобразную і сэнсавую самастойнасць, часта змяшчаюць аўтарскія міфалагічныя мадэлі. Генезіс М.ж. цесна звязаны з біблейскім, а таксама гіст. і фантаст. жанрамі, традыц. нар. мастацтвам.

Вытокі М.ж. ў першабытным мастацтве. Вял. ролю ў яго станаўленні мела мастацтва Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма. Міфы былі асновай традыц. мастацтва народаў Усходу, Афрыкі і Акіяніі. У эпоху сярэднявечча ў межах М.ж. склаліся сістэмы культавага мастацтва асн. рэліг. канфесій. Як жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, што было абумоўлена цікавасцю да ант. культуры. Праз сюжэты міфаў мастакі ўвасаблялі складаныя этычныя, часта алегарычныя падтэксты (творы С.​Батычэлі, Дж.​Беліні, П.​Веранезе, Данатэла, Джарджоне, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Тыцыян Б.​Чэліні ў Італіі, Х.​Босха, Х. ван дэр Гуса, Р.​Кампена ў Нідэрландах, Л.​Кранаха Старэйшага ў Германіі і інш.). У 17—19 ст. у стылях класіцызму, ракако, рамантызму М.ж. стаў нормай высокага, ідэальнага мастацтва (Ж.​Л.​Давід, Ж.А.​Д.​Энгр, Н.​Пусэн у Францыі, В.​Сяроў, Д.​Веласкес у Іспаніі, П.​П.​Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі, А.​Канова ў Італіі, І.​Мартас, А.​Іванаў у Расіі і інш.). Ў 19—20 ст. разам з тэмамі ант. міфалогіі пашырыліся тэмы герм., кельцкіх, інд., слав. міфаў. У 20 ст. набыў сучаснае пераасэнсаванне ў стылях сімвалізму і мадэрну (М.​Дэні ў Францыі, В.​Сяроў, М.​Урубель у Расіі), а таксама ў творах мастакоў А.​Бурдэля, А.​Маёля, П.​Пікасо (Францыя), Д.​Рыверы, Д.​Сікейраса (Мексіка), Дж.​Дэ Кірыка (Італія), С.​Далі (Іспанія), Г.​Каспара, Р.​Кляйна (Германія), С.​Канёнкава, А.​Краўчанкі, М.​Ульянава, С.​Рамановіча (Расія) і інш.

На Беларусі найб. раннія элементы М.ж. ўвасоблены ў мастацтве першабытнага ладу і звязаны са слав. міфалогіяй. Пасля прыняцця хрысціянства яны захаваліся ў некаторых творах дэкар.-прыкладнога мастацтва і ў традыц. нар. мастацтве. З пашырэннем класіцызму і рамантызму адбыўся новы ўздым цікавасці да міфалагічных тэм. У 18 ст. да М.ж. звярталіся мастакі В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, К.​Ельскі, К.​Рыпінскі, у 19 — пач. 20 ст. — А.​Гараўскі, Г.​Дмахоўскі, Б.​Русецкі, Н.​Сілівановіч, І.​Трутнеў, І.​Лавярэцкі, К.​Каганец, Я.​Драздовіч, Ю.​Пэн. У сучасным бел. мастацтве тэмы язычніцкай міфалогіі распрацоўвае С.​Цімохаў. Да М.ж. звяртаюцца Г.​Вашчанка, Г.​Гаравая, А.​Зіменка, У.​Кожух, А.​Ксяндзоў, А.​В.​Кузняцоў, А.​Марачкін і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Міфалагічны жанр. Г.​Вашчанка. Жыцень. 1990.
Да арт. Міфалагічны жанр. Тыцыян. Венера і Адоніс. 1553.

т. 10, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛДЭМ (Oldham),

горад на З Вялікабрытаніі, у канурбацыі Вял. Манчэстэр. Каля 230 тыс. ж. (1999). Прам-сць: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн., тэкст.; баваўняная, швейная, харч., паліграфічная. Маст. галерэя (англ. мастацтва 19—20 ст.).

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДАРАХМА́Н II (792—852),

эмір Кардоўскага эмірата [822—852]. Праўнук Абдарахмана I. Спрыяў развіццю навук і мастацтва, выдаткоўваў вял. сродкі на буд-ва палацаў і мячэцяў, што прывяло да ўзмацнення падатковага прыгнёту. Вызначаўся верацярпімасцю. Устанавіў дыпламат. і гандл. адносіны з Візантыяй.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯРЭ́ДЖА (Viareggio),

прыморскі кліматычны курорт у Італіі. На ПнЗ ад г. Піза на беразе Лігурыйскага м. Вызначаецца субтрапічным міжземнаморскім кліматам, спрыяльным для лячэння многіх хвароб. Паблізу ад Віярэджа — кар’еры белага мармуру, у г. Піза — шматлікія помнікі архітэктуры і мастацтва.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТ (ад лац. cultus шанаванне),

рэлігійнае служэнне бажаству і звязаныя з гэтым рэліг. абрады. У пераносным сэнсе — празмернае ўзвелічэнне чаго-н. ці каго-н.; сляпое пакланенне каму-н. або чаму-н. Напр., культ асобы, культ рэлігійны, К. «чыстага мастацтва».

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)