КУЛІСЕ́ВІЧ (Kulisiewicz) Тадэвуш
(13.11.1899, г. Каліш, Польшча 18.8.1988),
польскі графік. Вучыўся ў школах дэкар. і выяўл. мастацтва ў Познані (1922) і прыгожых мастацтваў у Варшаве (1923—27). З 1933 выкладаў у АМ у Варшаве (з 1946 праф.). Да 1940-х г. рабіў дрэварыты на тэмы жыцця польскіх горцаў; творы вызначаліся драм. выразнасцю абагульненага лінейнага рытму, экспрэсіяністычнымі святлоценявымі кантрастамі: цыклы «Шлембарк» (1931), «Бацувка» (1932), «Метады», «Вёска ў гарах» (абодва 1936) і інш. У трактоўцы нар. персанажаў выкарыстоўваў традыцыі гатычнай разьбы і нар. дрэварыту. З 1945 працаваў пераважна ў тэхніцы малюнка тушшу, праз фармальныя эксперыменты шукаў новыя выяўл. і вобразныя сродкі графічнай выразнасці. Сярод твораў: цыклы «Варшава. 1945» (1945—46), «Францыя і Галандыя» (1949), «Чэхаславакія» (1951), «Кітай» (1953), «Індыя» (1956), «Мексіка» (1957—60), «Мая гісторыя мастацтва» (1975) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
т. 9, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)