ЛІСО́ЎСКАЯ Наталля Сяргееўна

(н. 7.11.1958, в. Забараўе Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Віцебскі тэхнал. ін-т лёгкай прам-сці (1983). З 1983 мастак на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканін, з 1988 выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца тонкімі суадносінамі пастэльных колераў, разнастайнасцю кампазіцыйных і фактурных вырашэнняў, спалучэннем традыц. матэрыялаў (лён, воўна) з нетрадыцыйнымі (сінт. валокны, дрот, метал, шкло, сізаль), зваротам да спадчыны нар. мастацтва. Сярод работ: «Два жыцці» (1982), «Забытая вёска» (1989), «Вечар», «Дажджлівае акно», «Вясна» (усе 1991), «Мае вербы» (1993), «Маркотныя кветкі», «У лесе кладуцца цені» (абедзве 1994), «Старажытныя рукапісы», «Зямля квітнее» (абедзве 1996), «Гарадскія рытмы» (1997), «Сярод бяроз, слядоў і цішыні» (1998).

В.В.Шамшур.

Н.Лісоўская. У лесе кладуцца цені. 1994.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)