«НЕПЕРАМО́ЖНАЯ АРМА́ДА»
(ісп. «La Armada invencible»),
буйны ваен. флот, створаны Іспаніяй у 1586—88 для заваявання Англіі ў час англа-ісп. вайны 1587—1604. Складалася з высакабортных цяжкакіроўных караблёў, прызначаных пераважна для абардажнага бою (128 караблёў з 2,4 тыс. гармат, больш за 8 тыс. матросаў і 19 тыс. салдат). «Н.а.» пад камандаваннем герцага А.П.Медыны-Сідоніі 30.5.1588 выйшла з Лісабона, але з-за шторму затрымалася ў Ла-Каруньі да 22 ліпеня. Меншыя, але больш манеўраныя англ. караблі з моцнай артылерыяй (197 караблёў з 6,5 тыс. гармат, 12 тыс. матросаў і 4 тыс. салдат) пад камандаваннем Ч.Хоўарда і Ф.Дрэйка 31 ліп. — 8 жн. ў Ла-Маншы неаднаразова атакавалі «Н.а.» і нанеслі ёй значныя страты (патапілі каля 20 караблёў). Не дасягнуўшы мэты, ісп. флот рушыў вакол Брыт. а-воў назад у Іспанію, але каля Аркнейскіх а-воў і берагоў Ірландыі ў выніку шторму каля 40 караблёў патанулі, і ў вер. 1588 у Сантандэр вярнуліся толькі 65 караблёў з 9—10 тыс. чал. Гібель «Н.а.» падарвала марскую магутнасць Іспаніі.
Літ.:
Стенюи Р. Сокровища Непобедимой Армады: Пер. с фр. М., 1979.
т. 11, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКО́ЛАЎ ПАЎСТА́ННЕ,
антырымскае паўстанне ў Егіпце ў 172 (паводле інш. звестак у 174 ці 175). Назва ад Буколіі — забалочанай мясцовасці ў дэльце Ніла, куды з сярэдзіны 2 ст. ўцякалі сяляне ад цяжкіх падаткаў. Буколы пад кіраўніцтвам жраца Ісідара разбілі рым. легіёны, заваявалі ўвесь Ніжні Егіпет і падышлі да г. Александрыя. Задушана войскамі рым. палкаводца Авідзія Касія, выкліканага з Сірыі.
т. 3, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫАЗАНА́НТЫ,
хімічныя рэчывы, якія павышаюць устойлівасць гумы да разбурэння (растрэсквання) пад уздзеяннем атм. азону. Падзяляюцца на хімічнаактыўныя (рэагуюць з азонам з большай скорасцю, чым макрамалекулы каўчуку) і інертныя (утвараюць на паверхні вырабу эластычную ахоўную плёнку, напр., парафін, воск і інш.). Уваходзяць у гумавую сумесь пры яе вытв-сці (1—3% ад масы каўчуку) ці іх наносяць на паверхню вырабу.
т. 1, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРВА́Д,
стараж. стараж. горад-дзяржава ў Паўн. Фінікіі. Упершыню ўпамінаецца ў егіп. крыніцах пач. 15 ст. да н.э. З 8 ст. да н. э. пад уладай Асірыі. На пач. 7 ст. да н. э. — Вавілоніі. Пры Ахеменідах меў аўтаномію. У 332 да н. э. перайшоў на бок Аляксандра Македонскага. З 5 ст. да н.э. ў Арвадзе чаканілі манету.
т. 1, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІН (? — пасля 1341),
князь полацкі. Брат вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У летапісных крыніцах згадваецца пад 1326, калі з пасольствам ВКЛ прыехаў у Ноўгарад на перагаворы, у выніку якіх быў усталяваны мір з наўгародцамі і немцамі (крыжакамі), што завяршыў доўгае процістаянне пскоўска-наўгародскіх і бел. зямель крыжакам і спыніў канфлікты паміж Полацкам і Ноўгарадам.
С.В.Тарасаў.
т. 4, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЧЫ́Л II (1647 — 27.2.1713),
цар Імерэтыі і Кахетыі, пісьменнік і гісторык. Пасля працяглай і беспаспяховай барацьбы супраць Персіі і Турцыі і з феад. міжусобіцамі ў 1699 пакінуў сваю краіну і перабраўся ў Расію, дзе заснаваў груз. калонію (у с. Усіхсвяцкім, пад Масквою). Стваральнік першай груз. друкарні. Аўтар паэт. зб. «Арчыліяні», гіст. паэмы «Спрэчка Тэймураза з Руставелі».
т. 1, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржаўнае зямельнае ўладанне ў ВКЛ, якое знаходзілася ў распараджэнні пэўнай асобы — дзяржаўцы — на вызначаных умовах трымання. У 15—16 ст. мелі розную велічыню, некат. з іх ператварыліся ў староствы. У 17—18 ст. Дз. складаліся з адной ці некалькіх вёсак або нават іх частак, часам пад Дз. лічылася пэўная колькасць зямлі, на якой не было аселых сялян.
т. 6, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫНКО́ (Сцяпан Рыгоравіч) (1897, Акцябрскі р-н Гомельскай вобл. — жн. 1919),
удзельнік грамадзянскай вайны. У час ням. акупацыі (1918) камандзір партыз. атрада (130 чал.). Пасля вызвалення Бабруйскага пав. ў ліст. 1918 камандзір батальёна, сфарміраванага з б. падпольшчыкаў і партызан. Удзельнічаў у падаўленні стракапытаўскага мяцяжу 1919 у Гомелі. З 1919 на фронце. Загінуў у баі пад Бабруйскам.
т. 6, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛІ́Ў СТАРЫ́К,
возера на мяжы Мазырскага і Нараўлянскага р-наў Гомельскай вобл., на пойме р. Прыпяць, за 7 км на Пд ад г. Нароўля. Пл. 0,43 км², даўж. 4,2 км, найб. шыр. 150 м, даўж. берагавой лініі 9,5 км. Старычнае. Берагі высокія, месцамі абразійныя, пад хмызняком. Злучана ручаём з воз. Старык. У веснавое разводдзе злучаецца з Прыпяццю.
т. 6, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НА БЕНЬО́ФА у геалогіі,
нахіленая факальная зона глыбінных ачагоў землетрасенняў да 700—800 км (факальная) на дэструктыўных граніцах літасферных пліт. Звязана з апусканнем акіянічных літасферных пліт пад мацерыковыя. Характарызуецца высокай скорасцю і слабым затуханнем сейсмічных хваль. Спалучана з глыбакаводнымі марскімі жалабамі і вулканічнымі паясамі або астраўнымі дугамі, а таксама кардыльерамі. Названа імем амер. геафізіка Г.Беньофа.
Р.Р.Паўлавец.
т. 7, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)