КОХ (Koch) Іозеф Антон (27.7.1768, Эльбігенальп, Аўстрыя — 12.1.1839),
аўстрыйскі жывапісец і афартыст. Вучыўся ў г. Штутгарт (Германія; 1785—91). З 1795 працаваў у Рыме (у 1812—15 у Вене). Пісаў жывыя, напоўненыя экспрэсіяй пейзажы ў духу класіцызму. Значна паўплываў на развіццё пейзажнага жывапісу ў Германіі. Больш познім творам уласцівы рысы рамантызму. Сярод работ: «Ахвярапрынашэнне Ноя» (1813), «Бернскі Оберланд» (1815), «Вадаспад у Шмадрыбаху» (1821—22), «Пейзаж з Макбетам і вядзьмаркамі» (1829). Аўтар фрэсак для адной з залаў вілы Масімі ў Рыме (1827—29), ілюстрацый да «Боскай камедыі» Дантэ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКІ Яўген Калістратавіч (н. 7.5.1937, г. Ярцава Смаленскай вобл., Расія),
бел.жывапісец. Скончыў Рыжскае маст. вучылішча (1958), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). Выкладаў у віцебскіх пед. і тэхнал. лёгкай прам-сці (1964—73) ін-тах. Творам уласцівы лірычная ўсхваляванасць, кампазіцыйная цэласнасць, экспрэсіўны характар пластычнай мадэліроўкі формы. Аўтар тэматычных кампазіцый («Уз’яднанне беларускіх партызан з войскамі Чырвонай Арміі», 1981), партрэтаў («Наддзвінскі дудар Арцём Вярыга-Дарэўскі», 1979; П.І.Чайкоўскага і М.П.Мусаргскага, 1983), пейзажаў («Камчатка», 1970; «Лучоса» і «Віцебск», абодва 1981; «Браслаўскі матыў», 1990), нацюрмортаў («Белыя гарлачыкі», 1982; «Нацюрморт з грыбамі», 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙБЛЬ (Leibl) Вільгельм Марыя Губерт (23.10.1844, г. Кёльн, Германія — 4.12.1900),
нямецкі жывапісец; буйнейшы прадстаўнік ням.рэаліст. жывапісу 19 ст. Вучыўся ў Г.Бекера (1861—64) і ў АМ у Мюнхене (1864—69). Зазнаў уплыў Г.Курбэ. Пісаў пераважна партрэты і сцэны побыту патрыярхальнага баварскага сялянства. У ранніх творах уплывы франц.рэаліст. жывапісу (партрэт П.Сіньеі-Мершэ, 1869; «Какотка», 1870; «Стары пан Паленберг», 1871, «Партрэт работніцы»). Пазней звяртаўся да спадчыны ням. мастацтва Адраджэння («Тры жанчыны ў царкве», 1878—82, і інш.). У карцінах апошніх гадоў жыцця свабодны, мяккі, насычаны паветрам і святлом жывапіс блізкі да імпрэсіянізму («Прадзільшчыца», 1892).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ Міхаіл Якаўлевіч (17.3.1931, в. Белы Мох Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 1.10.1970),
бел.жывапісец і графік. Скончыў Бел.тэатр.маст.ін-т (1960). У 1960—70 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у жанрах партрэта, быт., станковай графіцы. Жывапісныя работы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, багаццем каларыту, псіхалагізмам: «Настаўніца» (1960), партрэты бел. пісьменнікаў Я.Брыля, Я.Семяжона (абодва 1967), Н.Гілевіча (1968) і інш. Аўтар шматлікіх малюнкаў, карыкатур і шаржаў на тэмы культ. жыцця (альбом «Няўрокам кажучы...», 1971).
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТА (Lotto) Ларэнца (каля 1480, г. Венецыя, Італія — 1556),
італьянскі жывапісец. У творчасці спалучаў традыцыі венецыянскай і ламбардскай школ жывапісу, уплывы мастацтва Рафаэля, Карэджа і паўн.-еўрап. майстроў. Творы Л. вызначаюцца эмацыянальнай напружанасцю, жыццёвай пераканаўчасцю вобразаў і пейзажных фонаў, вытанчанай гучнасцю каларыту. Сярод твораў: «Мадонна са св. Пятром пакутнікам» (1503), «Зняцце з крыжа» (1512), «Дабравешчанне» (каля 1527), «Укрыжаванне» (1531), «Мадонна з ружанцам» (1539), фрэскі ў капэле Суардзі ў Трэскоря (1524) і інш. Аўтар партрэтаў епіскапа Б. дэ Росі (1505), дамініканца (1526), Феба да Брэшыя (1550-я г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМІЁН (Marmion) Сімон (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),
французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).