ЛІСІ́ЦА (Іван Ігнатавіч) (н. 22.1.1950, в. Блістава Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. графік, жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). У 1980—86 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Творам уласціва змешанасць графічных тэхнік і жывапісу, дасканаласць пластычнай мовы, дэталізаваная завершанасць, эмацыянальнасць. Стварыў серыю графічных аркушаў па матывах твораў У.​Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Ладдзя роспачы», «Цыганскі кароль», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Сівая легенда» (усе 1979—86); жывапісныя творы «Да Багдановіча» (1982), «Партрэт маці» (1990), «Суботні вечар» (1995), «Спас» (1996), «Раніца», «Ушача», «Покліч» (усе 1997).

В.​В.​Шамшур.

І.Лісіца. Жнівень. 1996.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)