галіна ўсходазнаўства, якая вывучае мову, гісторыю і культуру стараж. народаў Двухрэчча (шумераў, вавіланян, асірыйцаў, хетаў і інш.) і суседніх краін, што карысталіся клінапісам. Часам узнікнення асірыялогіі як навукі лічаць 1857, калі быў расшыфраваны першы клінапісны тэкст. База для развіцця асірыялогіі закладзена даследаваннямі Г.Роўлінсана, які адкрыў у Іране клінапісныя надпісы цара Дарыя I, працамі Г.Ф.Гротэфенда па расшыфроўцы стараж.-перс. клінапісаў, археал. раскопкамі на тэр. Ірака, дзе ў 1-й пал. 19 ст. выяўлены рэшткі асірыйскіх гарадоў (Ніневіі, Дур-Шарукіна і інш.), знойдзены каштоўныя дакументы (б-ка асірыйскага цара Ашурбаніпала, архіў Тэль-эль-Амарна, законы вавілонскага цара Хамурапі і інш.). Поспехаў у галіне асірыялогіі дасягнулі Ф.Цюро-Данжэн (Францыя), Г.Цымерн і Б.Мейснер (Германія), С.Н.Крамер (ЗША), Б.Грозны (Чэхія) і інш. У Рас. імперыі асірыялогіяй займаліся У.С.Галянішчаў, М.В.Нікольскі, беларус К.А.Касовіч, які ў 1871 выдаў стараж.-перс. клінапісныя надпісы. У сав. час пытанні Асірыялогіі распрацоўвалі І.М.Дзьяканаў, М.М.Нікольскі, В.В.Струвэ, Б.А.Тураеў, А.І.Цюменеў, У.К.Шылейка і інш. На Беларусі праблемамі асірыялогіі (хеталогія) займаецца Г.І.Даўгяла. Важнейшымі цэнтрамі асірыялогіі з’яўляюцца Усходні ін-т у Чыкага (ЗША), Багдадскі музей, Луўр (Парыж), Брытанскі музей (Лондан), Папскі біблейскі ін-т (Рым), ун-ты Прагі, Берліна, Лейдэна, С.-Пецярбурга, Тбілісі, Ерэвана і інш.
Літ.:
Фридрих И. Дешифровка забытых письменностей и языков: Пер. с нем. М., 1961;
Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАХІ́МІЯ (ад бія... + геахімія),
галіна геахіміі, якая вывучае геахім. працэсы ў біясферы ў іх сувязі з працэсамі біял. кругавароту рэчываў на працягу геал. гісторыі Зямлі і ў сучасных умовах. Даследуе: жывое рэчыва, яго ўздзеянне на геахім. працэсы; гісторыю, біягенную міграцыю, размеркаванне і канцэнтрацыю ў зямной кары хім. элементаў; біягеахім. правінцыі ў ходзе біягеахім. раянавання; геахім. цыклы біягенных элементаў праз пабудову колькасных мадэляў; ролю арганізмаў ва ўтварэнні і разбурэнні радовішчаў карысных выкапняў; тэрыторыі антрапагеннага ўздзеяння (гар. экасістэмы, цэнтры здабыўной і перапрацоўчай прам-сці); біягеахім. эндэміі чалавека і жывёл; геахім. дзейнасць арганізмаў на забруджаных цяжкімі металамі і радыенуклідамі ўчастках; прагназуе развіццё біясферы.
Заснавальнік біягеахіміі — рус. вучоны У.І.Вярнадскі, які арганізаваў першую ў свеце біягеахім. лабараторыю (1918), пашырыў уяўленне аб біясферы як абалонцы Зямлі, даў тлумачэнне геахім. дзейнасці жывых істот, увёў вызначэнні біягеахім. энергіі засялення Зямлі як планеты, скорасці расцякання і паўсюднасці жыцця і інш. Гэтыя даследаванні развіваў А.П.Вінаградаў, які вызначыў сярэдні хім. састаў жывога рэчыва, распрацаваў тэарэт. ўяўленні аб біягеахім. правінцыях, што паслужыла асновай для біягеахім. пошукаў карысных выкапняў. На Беларусі праблемы біягеахіміі даследуюцца з 1960-х г. (К.І.Лукашоў, А.К.Лукашоў, У.А.Кузняцоў, В.Б.Кадацкі і інш.). Работы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, эксперым. батанікі, заалогіі, фотабіялогіі), у БДУ, БСГА, БелНДІ земляробства і кармоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 34,9 тыс.км². Нас. 1466,9 тыс.чал. (1994), гарадскога — 61%. Цэнтр — г.Бранск. Найб. гарады: Клінцы, Навазыбкаў, Унеча.
Прырода. Бранская вобласць размешчана ў цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны. Пераважная выш. 200—250 м, найб. да 288 м; нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. У рэльефе — спалучэнне моцна расчлянёных Сярэднярускага ўзвышша і Смаленскага ўзвышша і плоскай эразійнай Прыдняпроўскай нізіны. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 600 мм за год. Гал.р. Дзясна (сістэма Дняпра) з прытокамі Балва, Наўля, Няруса, Судасць; на З рэкі Іпуць і Беседзь (прытокі р. Сож). Пераважаюць падзолістыя, дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя глебы. Ландшафты ў асн. мяшаных лясоў — хваёвыя, значная ч. бярозавых і асінавых (найб. Бранскі лясны масіў); на ПдУ — лесастэп.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне (дызелі, цеплавозы, рэфрыжэратарныя секцыі, аўтамабілі, станкі, веласіпеды; с.-г., буд.-дарожныя, ірыгацыйныя машыны, электратэхніка і інш.) і металаапрацоўка. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў (азбестацэментныя вырабы, цэмент, шкло, шкловалакно, ізаляцыйныя матэрыялы і інш.), хім. (фасфатная мука), лёгкая (шарсцяная, гарбарна-абутковая, швейная), харч. (кансервавая, крухмальная, мясная і інш.), лясная і дрэваапр.прам-сць. Гал.галіна сельскай гаспадаркі — вырошчванне збожжавых культур, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Пашыраны пасевы тэхн. культур. Бульбаводства. Пладаводства. Птушкагадоўля. У Бранскай вобласці густая сетка чыгунак, найб. важныя магістралі Масква—Кіеў, Арол—Валгаград, значная сетка аўтадарог. Суднаходства па Дзясне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАРО́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прам-сці, якая вырабляе віно вінаграднае, пладова-ягаднае, шампанскае, каньяк.
Вінаробства вядома з даўніх часоў у краінах развітога вінаградарства. Усяго ў свеце вырабляецца 26 млн.т вінаграднага віна, найб. (1994; млн.т) у Італіі (6,0), Францыі (5,5), Іспаніі (2,3), ЗША (1,7), Аргенціне (1,4) і Германіі (1,0). У 1969 СССР займаў 4-е месца ў свеце па памерах плошчаў вінаграднікаў і вырабе вінаграднага віна (240 млн. дал). У канцы 1980-х г. у сувязі з антыалкагольнай кампаніяй паменшыліся плошчы вінаграднікаў, многія вінаробныя з-ды былі закрыты. У 1994 Расія знаходзілася на 7-м месцы ў свеце па вырабе вінаградных він (0,7 млн.т). Значная вінаробная прамысловасць на Украіне, у Малдове, Азербайджане, Арменіі і інш.
Вінаробная прамысловасць Беларусі спецыялізуецца на вытв-сці пладова-ягаднага віна з мясц. і вінаграднага віна з прывазной сыравіны. Першыя вінзаводы пабудаваны ў 1925 у саўгасах «Лошыца» Мінскага і «Вымна» Віцебскага р-наў. У 1940 іх было 13 (выраблена каля 1 млн. дал віна), у 1975 — 21 з-д. Да 1990 большасць з іх закрыта. Дзейнічаюць буйныя вінзаводы ў Магілёве, Пінску, Гомелі і Полацку, з-д шампанскіх він у Мінску. У 1994 выпушчана 0,6 млн. дал вінаграднага віна (у 1985 — 11,6), 5,5 млн. дал пладова-ягаднага (у 1985 — 9,9), 670 тыс. дал шампанскіх він (у 1985 — 544).
Да арт.Вінаробная прамысловасць. На заводзе па выпуску херасу НВА «Ялавены» (Малдова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́ ВЫЯЎЛЕ́НЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,
від народнай творчасці, які развіваецца ў рэчышчы мастацтва прымітывізму. Генетычна звязаны з сял. творчасцю, сістэмай нар. выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Выразна выявіўся ў 2-й пал. 18 ст., калі завяршалася дыферэнцыяцыя на прафес. і нар. мастацтва, на сял. і гар. культуру. Як самаст.галіна развіваўся ў 19 — пач. 20 ст. (рускі мяшчанскі, купецкі партрэт). Яго стваральнікі — гар. і прыгонныя дваровыя мастакі, рамеснікі, дробныя гандляры, купцы і інш., найчасцей — самавукі, дылетанты, аматары, былі і прафес. рамеснікі, выхаванцы правінцыяльных маст. школ. Існавалі розныя спосабы і формы выяўлення: станковыя, камерныя (лубок, безыменныя мяшчанскія партрэты), манум.-дэкар. (размалёўка інтэр’ераў шынкоў і корчмаў, шыльды і вітрыны крам, жывапіс на плоце і інш.), тэатр.-дэкарацыйныя (антураж правінцыяльных фотастудый, афішы, дэкарацыі ў балаганах, цырках, батлейках і інш.). Адметныя рысы: рэпрэзентатыўнасць, дэмакратызм, стыхійны рэалізм і непасрэднасць выяўл. мовы, свежасць светаўспрымання, плоскаснасць формаў, перавага стракатых фарбаў, святочныя інтанацыі, гумар і інш. У гарадскім выяўленчым фальклоры відавочны і адбітак маст. кірункаў (класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрн і інш.). Многія віды традыц.нар. мастацтва істотна паўплывалі і ўзбагацілі яго. На пачатку творчасці многія мастакі 19—20 ст. зазналі ўплыў гарадскога выяўленчага фальклору, сярод іх М.Шагал, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, А.Шаўчэнка, У.Лебедзеў, І.Машкоў і інш.чл. аб’яднання «Бубновы валет», а таксама інш. жывапісцы, графікі.
Літ.:
Островский Г.С. О городском изобразительном фольклоре // Сов. искусствознание, 74. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),
спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац.АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.
Літ.:
История и генеалогия. М., 1977;
Genealogia. Warszawa, 1959.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГАЛАГРА́ФІЯ,
галінагалаграфіі, у якой разглядаюцца заканамернасці пераўтварэння і апрацоўкі хвалевых палёў на аснове нелінейнага ўзаемадзеяння з рэчывам некалькіх кагерэнтных хваль. Выкарыстоўваецца для стварэння аптычных, оптаэлектронных і інтэгральна-аптычных элементаў з вял. хуткадзеяннем, лазераў з размеркаванай адваротнай сувяззю і інш.
Д.г. сфарміравалася як навук. кірунак у выніку сінтэзу ідэй класічнай галаграфіі і нелінейнай оптыкі; заснавана на ўзаемадзеянні некалькіх кагерэнтных хваль, якое ўзнікае пры праходжанні іх праз нелінейнае асяроддзе (крышталь, паўправаднік, вадкасць, пара металаў і інш.). Напр., 2 (ці больш) кагерэнтныя пучкі святла падаюць на паверхню нелінейнага асяроддзя пад аднолькавымі вугламі да яе і перасякаюцца ў ім. Створаная інтэрферэнцыйная карціна запісваецца ў асяроддзі ў выглядзе перыяд. структуры (рашоткі), на якой гэтыя ж пучкі дыфрагуюць (самадыфракцыя), што змяняе параметры пучкоў, і таму запісаная рашотка таксама змяняецца па глыбіні асяроддзя. Галаграмы запісваюцца ў асяроддзях з рознымі тыпамі нелінейнасці (рэзананснай, стрыкцыйнай, камбінацыйнай і інш.). Д.г. пашырае магчымасці кіравання светлавымі пучкамі, рэалізуе новыя прынцыпы рэгістрацыі і ўзнаўлення эл.-магн. хваль.
На Беларусі даследаванні па Д.г. распачаты ў 1968 у Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцтвам А.С.Рубанава і Б.І.Сцяпанава. Адкрыта новая фіз. з’ява — абарачэнне хвалевага фронту (1970, пры 4-хвалевым узаемадзеянні; 1978, пры суперлюмінесцэнцыі). Работы ў галіне Д.г. і яе дастасаваннях вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН, БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАЕЎРАПЕІ́СТЫКА, індаеўрапейскае мовазнаўства,
галінапараўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая вывучае індаеўрапейскія мовы. Грунтуецца на даследаванні адпаведнасцей паміж падобнымі элементамі індаеўрап. моў (з арыентацыяй на іх стараж. стан) і інтэрпрэтацыі гэтых адпаведнасцей.
Ля вытокаў І. — ням. мовазнавец Ф.Боп і дацкі вучоны Р.К.Раск. Асн. дасягненні 1-га перыяду ў развіцці І. (пач. 19 ст.) — вызначэнне кола індаеўрап. моў, стварэнне першай параўнальна-гіст. граматыкі (Боп) і асноў індаеўрап. этымалогіі (ням. мовазнавец А.Пот). 2-і перыяд (сярэдзіна 19 ст.) вызначаецца працамі ням. вучоных А.Шлайхера, І.Шміта, А.Фіка (індаеўрап. этымалогія). 3-і перыяд (канец 19 — пач. 20 ст.) звязаны з младаграматызмам, а таксама з працамі Ф. дэ Сасюра, П.Ф.Фартунатава, А.Мее, Х.Педэрсена і інш.
Развіццё І. характарызуецца пашырэннем матэрыялу даследаванняў (адкрыццё хецкай і інш. анаталійскіх моў), увагай да малавядомых моў, новымі тэорыямі ў галіне вакалізму і кансанантызму (ларынгальная тэорыя, акцэнтуацыя), структуры іменных асноў і кораня, арыгінальнымі ідэямі, звязанымі са структурай склонавай парадыгмы і дзеяслова, новымі гіпотэзамі пра дыялектны падзел стараж. індаеўрап. кантынуума і яго генетычных сувязях з настратычнымі мовамі і інш. (Э.Бенвеніст, Е.Курыловіч, Ф.Шпехт, Ю.Покарны, В.Пізані, Дж.Дэвота, В.Порцыг, В.У.Іванаў і інш.).
Літ.:
Общее и индоевропейское языкознание: Обзор лит.: Пер. с нем. М., 1956;
Савченко АН. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. М., 1974;
Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЦЫ́НЫ (італьян. cappuccino ад cappuccio капюшон),
каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў Італіі ў 1525 як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэо Серафіні з Баскіо імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў св. Францыска Асізскага (13 ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства. У 1619 папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. К. распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтр. Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў К. вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. У ВКЛ яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобл. Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць К. у Рас. імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — засн. ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу. У 2-ю сусв. вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 у свеце былі 93 адм.-тэр. адзінкі К. (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.). З 1940 у Рыме дзейнічае Гістарычны ін-т, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. К.; з 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»).
Літ.:
Dydycz A.P. Dzieje zakonu braci mniejszych Kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994;
Kdscioł katolicki w Polsce 1918—1990: Rocznik statysiyczny. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУХМА́ЛА-ПА́ТАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галінахарчовай прамысловасці, якая вырабляе крухмалапрадукты — крухмал, патаку, глюкозу і інш. Яе прадукцыя шырока выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, а таксама ў тэкст., хім., фармацэўтычнай, папяровай і інш. галінах прам-сці, у ліцейнай вытв-сці. Асн. сыравіна: бульба, кукуруза, пшаніца, рыс, сорга і інш.Гал. прадукт — крухмал, з’яўляецца важнай часткай прадуктаў харчавання. Найб. развіта ў Германіі, ЗША, Польшчы, Канадзе, Расіі. На Беларусі К.-п.п. спецыялізуецца на вытв-сці сухога крухмалу і патакі, часткова вырабляе жэліруючы крухмал. Яе развіццё пачалося ў 1840-я г. на дробных прадпрыемствах. Зараз дзейнічае больш за 50 прадпрыемстваў (у сістэме Мінсельгасхарча 16 спецыялізаваных з-даў, 2 цэхі па вытв-сці бульбянога крухмалу і 2 прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай патакі). Найбольшыя з іх: крухмала-патачны з-д у в. Чырвоны Бераг (Жлобінскі р-н), крухмальныя з-ды ў г. Талачын, в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), в. Сноў (Нясвіжскі р-н). У 1997 атрымана 9,3 тыс.т сухога крухмалу і 3,8 тыс.т патакі, хоць існуючыя магутнасці дазваляюць атрымліваць у год 25 тыс.т сухога крухмалу і 22,5 тыс. крухмальнай патакі. Пры базіснай крухмалістасці бульбы (15%) яе расход на вытв-сць 1 т сухога крухмалу складае 6,4—6,6 т. У залежнасці ад якасці бульбы і тэхналогіі перапрацоўкі доля выдалення крухмалу вагаецца ад 75 да 85%.