ПШЧО́ЛКА (Аляксандр Раманавіч) (1869, в. Чарсцвяды Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1943),

бел. пісьменнік, этнограф, фалькларыст. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1890), юрыд. ф-т Юр’еўскага (Тартускага) ун-та (1907). Настаўнічаў, працаваў адвакатам. Друкаваўся з 1898 у «Витебских губернских ведомостях», пазней у газ. «Сельский вестник», «Минское слово», «Белорусская жизнь» і інш. Пісаў на бел. і рус. мовах. Выдаў больш за 10 кніг апавяданняў і нарысаў («Нарысы з жыцця беларускай вёскі», 1899; «Беларускія апавяданні», 1901; і інш.), дзе паказаў жыццё і побыт бел. сялян канца 19 ст. Для літ. дзейнасці П. характэрны маралізатарства, натуралізм, супярэчлівасць і неакрэсленасць аўтарскай пазіцыі (цыкл нарысаў «Пісьмы з вёскі», 1907). У этнагр. нарысах апісваў звычаі, абрады і побыт Лепельшчыны («Дзяды», «Мікітавы хаўтуры», «Зажынкі і абжынкі», «Талака», «Беларускія святы»), У Полацку стварыў хор, які выконваў бел. нар. песні, у Вільні арганізаваў вечар бел. нар. музыкі. Пад яго рэдакцыяй у Віцебску выдадзена паэма «Тарас на Парнасе» (3-е выд., 1910).

Тв.:

Пилипово веселье: (Бел. очерк). Витебск, 1901;

Очерки и рассказы из белорусской жизни. Вып. 2. Витебск, 1903;

Очерки и рассказы из жизни белорусской деревни. 2 изд. Вильна, 1906;

Очерки и рассказы из жизни Белоруссии. Сб. 2. 2 изд. Витебск, 1910.

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Рагачове і Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. пад кіраўніцтвам Рагачоўскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Складалася з 17 арг-цый (больш за 160 чал.): 2 у Рагачове (кіраўнікі М.​Я.​Данілава і К.​К.​Гардзіеўскі), 3 у в. Турск (А.​А.​Ганчароў, В.​Ф.​Ярмоленка, Л.​А.​Кудраўцава), у пасёлках Дняпроўскі (Г.​А.​Фядосава), Масткі (М.​С.​Філіпаў) і Лавы (Ф.​Р.​Сідарэнка), вёсках Азяраны (А.​К.​Мальцаў), Гадзілавічы (І.​В.​Гранкова), Забалацце (В.​К.​Парфёнава), Красніца (А.​І.​Шукевіч), Слабада (А.​А.​Канавалава), Станькаў (У.​Я.​Крапніцкая), Філіпкавічы (Р.​П.​Лукашэвіч), Церахоўка (У.​Ф.​Мазепіна) і на ст. Салтанаўка (В.​А.​Ашмянскі, У.​В.​Лабачоў) Жлобінскага р-на. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю і боепрыпасы, зімой 1943 пераправілі ім абсталяванне зубаўрачэбнага кабінета і ўрачоў-стаматолагаў; рэгулярна псавалі абсталяванне на лесазаводзе, сянных прэсаў, апаратуру сувязі, водаправодную сістэму чыг. станцыі Рагачоў і гарнізона праціўніка, разам з партызанамі ўдзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, у баі з ням. гарнізонам у в. Гадзілавічы; аказвалі дапамогу разведгрупам Чырв. Арміі ў зборы інфармацыі пра перадыслакацыі праціўніка.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІЯ, Святаполк-Мірскія,

шляхецкі род герба «Бялыня» змененая ў ВКЛ, княжацкі род у Рас. імперыі. Вядомы з 16 ст., з 18 ст. выводзілі сябе ад Святаполка, сына вял. кіеўскага кн. Уладзіміра (адсюль 1-я частка прозвішча). Лічылі сябе стараж. ўладальнікамі Міра. Княжацкі тытул зацверджаны ў Польшчы ў 1821, у Расіі — у 1861. Найб. вядомыя:

Рыгор (?—20.3.1661), ваенны дзеяч, стражнік ВКЛ з 1635. Удзельнічаў у паходах на Малдову супраць туркаў, у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Адзін з кіраўнікоў войска ВКЛ, якое змагалася супраць укр. казакоў на Пд і У Беларусі ў 1648—51. 9.10.1648 заняў Пінск, удзельнічаў ва ўзяцці Бабруйска (гл. Бабруйска абарона 1649), у Лоеўскай бітве 1649, Лоеўскай бітве 1651. Пад камандаваннем Я.​Радзівіла ўдзельнічаў у кампаніі 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Падпісаў Кейданскі дагавор 1655. Багуслаў (? — пасля 1800), браслаўскі войскі з 1775, падкаморы з 1777. Пасол на сеймы 1776—86, Чатырохгадовы сейм 1788—92, належаў да рэфарматараў. Удзельнік паўстання 1794, арганізаваў паўстанцкую парадкавую камісію ў Браслаўскі пав.; чл. Найвышэйшай літоўскай рады і Найвышэйшай нацыянальнай рады. Станіслаў Войцех (21.10.1756, в. Завер’е Браслаўскага р-на — 1805), пісар земскі браслаўскі ў 1788, вял. пісар ВКЛ з 1791. Пасол на сеймы 1784, 1788. Уваходзіў у канспіратыўную арг-цыю Я.​Ясінскага па падрыхтоўцы паўстання 1794; чл. Найвышэйшай літ. рады, Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Дзмітрый Іванавіч [1824—30.1(11.2).1899], ген.-ад’ютант, ген. ад інфантэрыі, чл. Дзярж. савета (1880). Мікалай Іванавіч [5(17).7.1833, С.-Пецярбург — 15(27).7.1898], ген.-ад’ютант, ген. ад кавалерыі, чл. Дзярж. савета (1898). З 1881 наказны атаман Войска Данскога. У 1891 набыў Мірскі замак з навакольнымі маёнткамі, дзе збіраўся ўладкаваць радавое гняздо. Пабудаваў у Міры вінакурны з, палац, заклаў парк. Пётр Дзмітрыевіч (1857—1914), міністр унутр. спраў Расіі, гл. Святаполк-Мірскі П.Д.

т. 10, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАТО́ВІЧ (Аляксандр Ксавер’евіч) (8.10.1870, г. Арол? — 6.12.1919),

падарожнік, дыпламат, рэліг. публіцыст. Правадз. чл. Рус. геагр. т-ва. З патомных дваран Гродзенскай губ. Скончыў Аляксандраўскі ліцэй у Пецярбургу (1891), паскораны курс 1-га ваен. Паўлаўскага вучылішча (1902). У 1896—1900 тройчы пабываў у Эфіопіі. Рабіў здымку недаследаваных паўд.-зах. і зах. раёнаў, прасачыў цячэнне р. Ома, першы з еўрапейцаў перасек вобласць Кафа. Па просьбе эфіопскага імператара Мэнеліка II даследаваў стан зах. мяжы краіны, прапанаваў праграму мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі і дзярж. апарату Эфіопіі. Зрабіў важныя адкрыцці ў гідраграфіі і араграфіі краіны, сабраў значны матэрыял па этнаграфіі, праблемах рабства і сац. структуры эфіопскага грамадства. За падарожжа да воз. Рудольф з ваен. экспедыцыяй (1897—98) адзначаны вышэйшай эфіопскай узнагародай — залатым шчытом з шабляй (1898), рас. ордэнам Станіслава 2-й ступені (1898), малым сярэбраным медалём імя П.​П.​Сямёнава Рус. геагр. т-ва (1901). У 1900—01 у Порт-Артуры. У 1906 прыняў манаства, пад імем Антоній жыў на гары Афон (Грэцыя). У 1911 зноў пабываў у Эфіопіі. У 1-ю сусв. вайну ў 1914—17 іераманах атрада Чырв. Крыжа ў дзеючай арміі. Забіты рабаўнікамі.

Тв.:

Моя борьба с имяборцами на Святой горе Иеросхим. Пг., 1917;

С войсками Менелика II. М., 1971;

Третье путешествие по Эфиопии. М., 1987.

Літ.:

Кацнельсон И., Терехова Г. По неизведанным землям Эфиопии. М., 1975.

Г.​Р.​Усцюгава.

А.К.Булатовіч.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАНЦАВА МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак. паміж паўн. берагам Еўропы і а-вамі Шпіцберген, Зямля Франца-Іосіфа і Новая Зямля. Абмывае берагі Расіі і Нарвегіі. На З мяжуе з Нарвежскім морам, у паўд. частцы злучаецца з Карскім м. пралівам Карскія Вароты і з Белым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 1424 тыс. км². Размешчана б.ч. на шэльфе; найб глыб. 600 м, пераважныя глыб. 360—400 м. Берагі фіёрдавыя, высокія, скалістыя, моцна парэзаныя, на У ад п-ва Канін нізкія і слабапарэзаныя. Залівы: Порсангер-фіёрд, Варангер-фіёрд, Мотаўскі, Кольскі, Пячорская губа, Чэшская губа і інш. Найб. в-аў Калгуеў. Упадаюць р. Пячора, Індыга.

Клімат арктычны, але пад уплывам цёплага Нардкапскага цячэння (адгалінаванне Гальфстрыма) зіма адносна мяккая. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пн і У ніжэй за -1 °C, на ПдЗ 3—5 °C. У жн. на Пд 7—12 °C, на У 3—5 °C, на Пн ніжэй за 0 °C. Салёнасць на Пн 32—33%, на ПдЗ — каля 35%. Зімой не замярзае толькі паўд.-зах. частка, на Пн лёд трымаецца круглы год. Прылівы паўсутачныя (да 6,1 м). Раслінны і жывёльны свет багаты і разнастайны. Рыбалоўства (траска, селядзец, пікша, сайда, марскі акунь, камбала). Мае вял. трансп. значэнне. Гал. незамярзаючыя парты: Мурманск (Расія), Вардзё (Нарвегія). Назва ў гонар галандскага мараплаўца В.Барэнца.

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ЗМЕ́НЫ КЛІ́МАТУ,

змены кліматычных умоў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, адзін з відаў і вынікаў антрапагеннага ўздзеяння на прыроду. Памяншэнне лясістасці і павелічэнне разаранасці, меліярацыя, гідратэхн. збудаванні, рост гарадоў і дарожнай сеткі адбіваюцца на мікраклімаце і мезаклімаце (мясц. клімаце). Глабальныя змены клімату звязваюць з праяўленнем парніковага эфекту ў атмасферы, які вядзе да пацяплення. Павелічэнне прамысл. выкідаў у атмасферу выклікае зніжэнне прытоку сонечнай радыяцыі да зямной паверхні і пахаладанне клімату, што ў значнай ступені зніжае магчымасць парніковага эфекту. Т-ра паветра Зямлі за апошняе стагоддзе павялічылася на 0,5—0,6 °C. Мяркуюць, што змены клімату найб. значныя ў зімовы перыяд; пацяпленне клімату да 2015 складзе 1 °C. На Беларусі антрапагенныя змены клімату выяўляюцца пераважна ў мясц. клімаце (за апошнія 30 гадоў сярэдняя т-ра зімовых месяцаў павялічылася на 0,4 °C) і мікраклімаце меліяраваных зямель і ў гарадах. На асушаных балотах мінім. т-ра паветра на 3—5 °C ніжэй, чым на сухадолах, што павялічвае інтэнсіўнасць замаразкаў, скарачае вегетац. перыяд. У Мінску сярэднямесячная т-ра паветра на працягу большай часткі года павышаецца з-за гасп. дзейнасці на 0,2—0,6 °C, утварэнне ўстойлівага снегавога покрыва затрымліваецца на 3—4 дні і на некалькі дзён раней яно сыходзіць, памяншаецца абсалютная вільготнасць і павялічваецца колькасць сухіх дзён і ападкаў і інш. У сувязі з ростам уздзеяння чалавека на прыроду антрапагенныя змены клімату набываюць глабальны характар.

У.​Ф.​Логінаў.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,

1) спадчынна абумоўленая ступень супраціўляльнасці віду ўздзеянню неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя (у т. л. антрапагенных).

2) Патэнцыяльная здольнасць жывых арганізмаў павялічваць сваю колькасць у геам. прагрэсіі пры размнажэнні без уздзеяння вонкавых фактараў. Вызначаецца сярэдняй велічынёй прыплоду або скорасцю, з якой пры гіпатэтычным бесперашкодным размнажэнні асобіны дадзенага віду ўкрыюць усю паверхню зямнога шара раўнамерным слоем (напр., скорасць для сланоў складае 0,3 м/с, для некат. мікраарганізмаў — сотні м/с). Розніца паміж біятычным патэнцыялам і рэалізаванай колькасцю асобін папуляцыі адлюстроўвае супраціўленне асяроддзя, з якім арганізмы знаходзяцца ў антаганістычных адносінах. Змяненні плоднасці і выжывання жывёл адбываюцца пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя (абіятычных фактараў) і ў выніку міжвідавых і ўнутрывідавых узаемаадносін. Вял. ролю ў гэтых працэсах адыгрываюць унутрыпапуляцыйныя механізмы, якія забяспечваюць актыўную рэакцыю папуляцыі на вонкавыя ўздзеянні. У звычайных умовах скорасць размнажэння арганізмаў з кароткім жыццёвым цыклам (бактэрый пры ўспышцы эпідэміі, водарасцяў пры цвіценні вадаёма) блізкая да велічыні біятычнага патэнцыялу. Вызначэнне біятычнага патэнцыялу неабходна пры распрацоўцы метадаў барацьбы са шкоднымі відамі для павелічэння колькасці карысных відаў, аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету, пры экалагічных экспертызах тэхн. праектаў, стварэнні жывёлагадоўчых комплексаў, рыбных гаспадарак і інш. 3) Ступень здольнасці жывога покрыва трансфармаваць сонечную энергію ў ходзе біялагічнага кругавароту. Тэрмін «біятычны патэнцыял» увёў амер. эколаг Р.​Н.​Чэпмен (1925) у сувязі з праблемай дынамікі колькасці жывёл.

Г.​А.​Семянюк.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУМУЛЯ́ТАР,

прыстасаванне для назапашвання (акумуляцыі) энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць акумулятары: гідраўлічныя, механічныя (інерцыйныя), паравыя, пнеўматычныя, цеплавыя, электрычныя.

Гідраўлічны акумулятар назапашвае энергію рабочай вадкасці, што знаходзіцца пад ціскам. Выкарыстоўваецца для выраўноўвання ціску і расходу вадкасці ці газу з рэзкапераменнай нагрузкай. Бываюць гру́завыя, спружынныя, з пругкім корпусам, а таксама пнеўмагідраакумулятары поршневыя, мембранныя, балонныя. Інерцыйны акумулятар звычайна складаецца з масіўнага махавіка, вала, падшыпнікаў і кажуха. Мае мінім. страты энергіі на трэнне і супраціўленне паветра. Выкарыстоўваецца ў ветраэл. станцыях для выраўноўвання абаротаў генератара, прывода аўтаматрыс і аўтобусаў (гіробусаў), у прэсавым абсталяванні і інш. Паравы акумулятар — стальны бак, у якім назапашваецца адпрацаваная ў розных паравых машынах (напр., у паравым молаце) пара без змены агрэгатнага стану, якая затым расходуецца на тэхнал. мэты (напр., у сушыльных і прапарачных камерах) ці ў сан.-тэхн. прыстасаваннях (падагравальніках, цеплаабменніках і інш.). Пнеўматычны акумулятар — рэзервуар са сціснутым паветрам (ці інш. газам), падключаны да паветравода і абсталяваны засцерагальным клапанам, які рэгулюецца на зададзены гранічны ціск. Выкарыстоўваецца ў пнеўматычных сетках для выраўноўвання рабочага ціску і інш. Цеплавыя акумулятары (пастаяннага і пераменнага ціску) — пераважна паравадзяныя, назапашваюць цеплату ў цепласілавых устаноўках. Служаць для выраўноўвання цеплавых і сілавых нагрузак і недапушчэння перабояў у забеспячэнні парай прамысл. установак. Найб. пашыраны электрычны акумулятар.

Гідраўлічны акумулятар: а — гру́завы; б — балонны; 1 — рэзервуар; 2 — поршань; 3 — груз; 4 — балоны са сціснутым паветрам.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НГУЦКІ БОЙ 1714,

баявыя дзеянні на Балт. моры каля п-ва Гангут (цяпер Ханка) паміж рас. і швед. флатамі 7.8.1714 у Паўночную вайну 1700—21. Летам 1714 рас. вёславы (галерны) флот (99 галер і скампавей, 15 тыс. чал. дэсанта) пад камандаваннем ген.-адм. Ф.​М.​Апраксіна, накіраваны з Кранштата для ўзмацнення гарнізона ў г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя), сустрэў каля ўсх. ўзбярэжжа Гангута швед. флот (15 лінейных і 2 бамбардзірскія караблі, 3 фрэгаты, атрад вёславых суднаў) на чале з віцэ-адм. Г.​Ватрангам. Бакі занялі баявыя пазіцыі. 7 жн. рас. авангард з 23 скампавей (усяго каля 3500 чал., 160 гармат) на чале з ген.-лейт. А.​А.​Вейдэ (фактычна кіраваў Пётр I) каля 15 гадз атакаваў атрад швед. контр-адм. Н.​Эрэншэльда (1 фрэгат, 6 галер і 3 шхерботы; каля 900 чал., 116 гармат) і ў выніку жорсткага абардажнага бою авалодаў швед. караблямі. 8 жн. эскадра Ватранга пакінула Гангут і пайшла да Аландскіх а-воў. Шведы страцілі 10 караблёў, 711 чал. забітымі і параненымі, 237 палоннымі (у т. л. Эрэншэльд), расіяне — 1 галеру і 456 чалавек. Гангуцкі бой быў першай буйной перамогай маладога рас. флоту. Усе яго ўдзельнікі ўзнаг. спец. медалямі, цар атрымаў званне віцэ-адмірала. У гонар рас. маракоў, што загінулі, у 1871 у Рылакс-фіёрдзе пастаўлены помнік.

Літ.:

Филимошин М. Первая победа русского регулярного флота // Военно-ист. журн. 1984. № 8.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКАГА МЯЦЕ́Ж 1918,

антысавецкае ўзбр. выступленне 1-га польск. корпуса на чале з Ю.Р.Доўбар-Мусніцкім.

Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 са згоды сав. ўрада корпус (3 дывізіі, 25—29 тыс. легіянераў) пачаў канцэнтравацца ў раёне Рагачоў—Жлобін—Бабруйск. Аднак яго камандаванне не выконвала пастановы новай улады аб дэмакратызацыі войска, не дазваляла канфіскацыю памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, легіянеры рабавалі мясц. насельніцтва. Сав. ўлады ў снеж. 1917 часова арыштавалі Доўбар-Мусніцкага і некат. афіцэраў, у студз. 1918 выдалі загад аб расфарміраванні корпуса.

У адказ 25.1.1918 Доўбар-Мусніцкі аб’явіў вайну Сав. рэспубліцы, 26.1.1918 захапіў Рагачоў, 3.2.1918 — Бабруйск. Супраць мяцежнікаў накіраваны атрад чырвонагвардзейцаў (каля 10 тыс. чал.) на чале з І.​Вацэцісам. 13.2.1918 1-я польск. дывізія цалкам разбіта пад Рагачовам, горад вызвалены. 2-я дывізія адышла да Бабруйска, куды рухаліся астатнія часці корпуса. Большасць польск. палкоў былі раззброены па дарозе на Бабруйск. У выніку праведзенай бальшавікамі і палякамі-інтэрнацыяналістамі агітац. работы значная колькасць легіянераў перайшла ў сав. ваен. фарміраванні. З іх утвораны 1-ы польскі рэв. батальён у Віцебску, польскі батальён рэв. палка імя Мінскага Савета і інш. У лют. 1918 часці корпуса па дамоўленасці з вярх. камандаваннем герм. войск пачалі наступленне на Мінск, нанеслі паражэнне сав. войскам каля чыг. станцый Ясень і Асіповічы, 20.2.1918 захапілі Мінск. 26.2.1918 у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польск. корпуса немцам. У маі 1918 корпус расфарміраваны.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)