ЧАРБАМЫ́СЛА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 4 км на ПнУ ад в. Вялікае Сітна, за 48 км на ПнУ ад Полацка, у межах гідралаг. заказніка Глыбокае-Чарбамысла. Пл. 0,5 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 6,9 м, даўж. берагавой лініі 3,2 км. Пл. вадазбору 2 км².

Катлавіна лагчыннага тыпу, авальная, выцягнутая з ПнУ на ПдЗ. Схілы катлавіны на Пн і З выш. 15—20 м, на У да 8 м, пад хваёвым лесам, на Пд да возера прымыкае верхавое балота. Берагі высокія, на З, Пн і У зліваюцца са схіламі, пясчаныя, на Пд тарфяныя. Дно да глыб. 1,5—2 м выслана пяском і апясчаненым ілам, ніжэй сапрапелем. На глыб. да 2 м расце рэдкі ахоўны від — палушнік азёрны, да 4—4,5 м імхі. Ёсць пасяленні баброў, водзяцца ракі.

т. 17, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)