горы ў Індыі, зах. ўзвышаны край п-ва Індастан. Даўж. каля 1800 км, выш. да 2698 м (г. Анаймуды). Зах. схіл — стромкі ступеньчаты абрыў Дэканскага пласкагор’я да Аравійскага м.; усх. — спадзіста-нахіленыя раўніны, якія зніжаюцца ў бок цэнтр.ч. Дэканскага пласкагор’я і п-ва Індастан. На Пд горставыя масівы (Нілгіры, Анаймалай, Палні, Кардамонавы горы) з рэзкімі контурамі грабянёў. На Пн плоскавяршынныя ступеньчатыя ўзвышшы. З.Г. падзелены папярочнымі тэктанічнымі далінамі.
Паўд. ч. складзена з гнейсаў і чарнакітаў, паўн. — з базальтаў. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў на наветраных зах. схілах 2000—5000 мм за год, на ўсх. — 600—700 мм. Зах. схілы ўкрыты вільготнымі вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі, усх. — саваннамі і рэдкалессямі. Некалькі рэзерватаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ВАЛГАзвычайная
(Oriolus oriolus),
птушка сям. івалгавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Малой, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў лясах, рэдкалессі, парках і садах. На Беларусі звычайны гнездавальны від; нар. назва жаўна.
Даўж. цела 23—27 см, маса 70—90 г. Апярэнне галавы і тулава ў самцоў залаціста-жоўтае; ад асновы дзюбы да вока ідзе чорная паласа, у самак верх цела жаўтавата-зялёны, ніз шаравата-белы з цёмнымі падоўжанымі стракацінамі Гнёзды ў кронах дрэў (падобныя да павіслага паўшар’я) з размачаленай бярозавай скуркі, траў, лішайнікаў, моху. Нясе 3—5 яец. Корміцца вусенямі, павукамі, хрушчамі, клапамі, мухамі, матылямі і інш. Зімуе ў Афрыцы, Індыі.
Івалга звычайная: 1 — самец, 2 — самка каля гнязда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЫ́Р, вінная ягада, смакоўніца,
фігавае дрэва (Ficus carica),
кветкавая расліна сям. тутавых. Больш за 600 сартоў. Пашыраны ў дзікім стане ў Міжземнамор’і, Малой Азіі, Іране, Індыі. Вырошчваецца ў Паўн. Амерыцы, Сярэдняй Азіі, Крыме, на Каўказе.
Субтрапічнае пладовае дрэва выш. да 10 м з моцным карэнішчам. Жыве да 200 гадоў. Маладыя парасткі зялёныя, гладкія ці апушаныя. Лісце ападаючае, пальчата-лопасцевае, знізу апушанае. Двухдомнае, кветкі ўнутры грушападобных мясістых суквеццяў дзвюх форм (капрыфігах на мужчынскіх дрэвах, фігах — на жаночых). Плод — дробная сямянка ўнутры суплоддзя, запоўненага салодкай мякаццю. Спажываецца ў свежым выглядзе і пасля перапрацоўкі (сушка, варэнне, джэм, кампот). У сушаных пладах (вінных ягадах) да 77% цукру, шмат вітамінаў A, B1 B2, C, кальцыю, фосфару, жалеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПРА, праказа,
хранічнае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое пашкоджвае пераважна скуру і перыферычную нерв. сістэму. Адкрыта нарв. урачом Г.Хансенам (1871). Узбуджальнік — мікабактэрыя лепры (палачка); хвароба сустракаецца ў краінах Азіі (Індыі, М’янма, Тайландзе, Паўд. Карэі), экватарыяльнай Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Пранікае ў арганізм чалавека праз пашкоджаную скуру і слізістыя абалонкі органаў дыхання. Інкубацыйны перыяд 4—20 гадоў. Тыпы Л.: лепраматозная, туберкулоідная, недыферэнцыраваная. Пры лепраматознай узнікаюць эрытэматозна-пігментныя плямы, на паверхні якіх фарміруюцца лепромы, у ачагах выпадаюць валасы, у далейшым інфільтрацыя. Пры туберкулоідным тыпе ўзнікаюць плямавыя элементы, дробнапапулёзная высыпка; парушаецца адчувальнасць, адбываецца эрозія эпідэрміса. Недыферэнцыраваны тып праяўляецца эрытэматознымі, ахрамічнымі і гіпахромнымі плямамі з выразнымі межамі, пашкоджваецца перыферычная нерв. сістэма; знікае міміка. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ДХ’Я-ПРА́ДЭШ,
штат у цэнтр.ч.Індыі. Пл. 444 тыс.км². Нас. каля 70 млн.чал. (1997), гарадскога каля 20%. Адм. ц. — г.Бхопал. Найбольшыя гарады Джабалпур, Дург-Бхілаінагар, Індаур, Уджайн. Займае паўн.ч. Дэканскага пласкагор’я, на Пн заходзіць у межы Інда-Гангскай раўніны. Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў ад 700 мм (на ПнЗ) да 1600 мм (на Пд і ПдУ); дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. У натуральнай расліннасці пераважаюць лістападныя лясы. Сельскай гаспадаркай занята 75% насельніцтва. Вырошчваюць рыс, проса, пшаніцу, бавоўнік, алейныя культуры. Шаўкаводства. Здабыча марганцавай і жал. руд, баксітаў, каменнага вугалю, алмазаў. Прам-сць: баваўняная, металургічная, металаапр. і маш.-буд., буд. матэрыялаў, харч., джутавая, папяровая, хімічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЛЕЙ ((Macaulay) Томас Бабінгтан) (25.10.1800, Ротлі-Тэмпл, Вялікабрытанія — 28.12.1859),
брытанскі гісторык і паліт. дзеяч. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це. У 1833—38 чл.Вярх. савета пры віцэ-каралю Індыі: кіраваў складаннем крымін. кодэкса, правёў рэформу асветы, накіраваную на пашырэнне сеткі школ і прымусовае ўкараненне англ. культуры і мовы. Ваен. міністр Вялікабрытаніі ў 1839—41. Выступаў супраць ідэі ўсеагульнага выбарчага права, у якім бачыў пагрозу цывілізацыі. Аўтар «Гісторыі Англіі» з 1685 па 1702 (т. 1—5, 1849—61), а таксама папулярных гіст. твораў, дзе ў бліскучай літ. форме паказваў гісторыю Англіі як няспынны рух да росквіту пад кіраўніцтвам вігаў. Самай значнай падзеяй сусв. гісторыі лічыў англ. «Слаўную рэвалюцыю» (дзярж. пераварот 1688—89).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́.
У Карыбскім м., усх. і паўд. часткі архіпелага Антыльскія астравы ў Вест-Індыі. Уключаюць: Віргінскія а-вы, Наветраныя і Падветраныя а-вы, в-аў Барбадас. Агульная пл. каля 14 тыс.км². Нас. каля 3,4 млн.чал. (1990). Для астравоў знешняга ланцуга (частка Віргінскіх а-воў, Антыгуа, Барбуда і інш.), якія абмывае Атлантычны ак., характэрны нізкія вапняковыя плато. Астравы ўнутр. ланцуга, якія акаймоўваюць з У Карыбскае м., складзены пераважна з вулканічных парод (вулканічныя конусы ўздымаюцца да выш. 1467 м; дзеючы вулкан Суфрыер на в-ве Гвадэлупа). Частка астравоў мацерыковага паходжання. Горныя трапічныя лясы, другасныя саванны; на паўд. астравах — ксерафітныя лясы і хмызнякі. Адкрыты Х.Калумбам у канцы 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШМУЛА́ (тур. muşmula),
1) Mespilus, род лістападных кветкавых раслін сям. ружакветных з 1 відам М. германскай, або звычайнай (M. germanica). Пашырана на Пд Еўропы, у М. Азіі. Культывуюць у Еўропе і ЗША. Плады маюць цукар, яблычную к-ту, вітамін C, ужываюцца ў ежу сырыя і салёныя, з іх гатуюць пасцілу, віно. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Меданосная расліна.
2) М. японская, або субтрапічная, або локва (Eriobotrya japonica), вечназялёнае субтрапічнае дрэва ці куст. сям. ружакветных. Пашырана ў Кітаі і Паўн.Індыі. Культывуецца ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Кітаі, Японіі, ЗША. Плады спажываюць свежыя і перапрацаваныя (кампоты, варэнні і інш.). З насення робяць сурагат кавы. Дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОС ((Ross) Рональд) (13.5.1857, г. Алмора, Індыя — 16.9.1932),
англійскі паразітолаг, мікрабіёлаг і ўрач. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў мед. школу пры Лонданскім шпіталі (1879). З 1881 працаваў урачом у Індыі, з 1899 кіраваў мед. экспедыцыяй у Зах. Афрыцы з мэтай вывучэння малярыі. У 1902—17 праф. школы трапічнай медыцыны ў Ліверпулскім ун-це, з 1926 дырэктар Ін-та трапічных хвароб у Лондане (цяпер Ін-т імя Р.). Навук. працы па вывучэнні прычын узнікнення і заканамернасцях распаўсюджвання малярыі. Ажыццявіў эксперым. заражэнне птушак трапічнай малярыяй праз укусы камароў, што дазволіла вызначыць цыкл развіцця ўзбуджальніка гэтай хваробы ў чалавека і ролю камароў роду анофелес у пераносе ўзбуджальнікаў ліхаманкі і малярыі. Нобелеўская прэмія 1902.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́СА,
штат Індыі, на ПнУ паўвострава Індастан, каля Бенгальскага заліва. Плошча 155,8 тысяч км². Насельніцтва 30,06 млн. чалавек. (1988), гарадскога больш за 8,0%. Адм. ц. — горад Бхубанешвар. Найбольшыя гарады Катака, Рауркела, Берхампур. Размешчаны ў далінах рэк Маханады, Брахмані, Байтарані. На рацэ Маханады з найбуйнейшай у свеце земляной дамбай вадасховішча Хіракуд (1957). Горная частка штата — плато Чхота-Нагпур, адгор’і Усходніх Гатаў.
Клімат субэкватарыяльны, мусонны (ападкаў 1500 мм за год). Галоўныя сельска-гаспадарчыя культуры: рыс, пшаніца, проса, кукуруза, джут, батат, цукровы трыснёг. Лесаводства. Рыбалоўства. Развіты горназдабыўная (храміты, графіт, марганцавыя руды, кварцыты, даламіты, жалезныя руды і іншыя), металургічная і металаапрацоўчая (чорныя металы, ферасплавы, алюміній), хімічная (мінеральныя ўгнаенні), папяровая, лесахімічная і тэкстыльная прамысловасць, вытворчасць шкла, цэменту. Рамёствы. Турызм у Залатым Трохвугольніку (Канарак, Пуры, Бхубанешвар).