ХАРА́ПА,
руіны аднаго з гал. цэнтраў харапскай цывілізацыі (археал. культура сярэдзіны 3-га тыс. — 17—16 ст. да н.э. на тэр. сучасных Індыі і Пакістана) каля старога рэчышча р. Раві ў Пенджабе. Паселішча адкрыта ў 1921. Займала плошчу больш за 260 га і складалася з цытадэлі, умацаванай сцяной з вежамі, і ніжняга горада, які меў выразную планіроўку, падзел на кварталы, адасобленыя вытв. комплексы (збожжасховішча, мукамольні, ліцейныя майстэрні). Пра развіццё рамёстваў сведчаць знаходкі керамікі, медных і бронзавых прылад (нажы, сярпы, пілы і інш.), зброі (наканечнікі стрэл і коп’яў, мячы і інш.).
т. 16, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)