НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІ́СЦКАЯ ПА́РТЫЯ, Нацыянал-сацыялісцкая германская рабочая партыя (Nationalsozialistische Deutsche Arbeiterpartei; НСДАП),
праваэкстрэмісцкая паліт. партыя ў Веймарскай рэспубліцы (1920—33), адзіная дзярж. партыя ў «Трэцім рэйху» (1933—45), старшынёй і «фюрэрам» (правадыром) якой быў А.Гітлер (ад скарачэння першага слова назвы партыі «нацы» паходзяць тэрміны «нацысты», «нацызм»). Узнікла на базе невялікай Герм. рабочай партыі, засн. у 1919 у г. Мюнхен пад старшынствам слесара А.Дрэкслера. Мела іерархічную і ваенізаваную структурную будову (гл.СА, СС), антыкамуніст. і антысеміцкую накіраванасць, выступала за рэвізію Версальскага мірнага дагавора 1919 і аднаўленне Германіі як вял. дзяржавы; ідэалогія — нацыянал-сацыялізм (гл.Нацызм). Сац. база — сярэднія пласты, ч. рабочых, ветэранаў 1-й сусв. вайны і буйных прамыслоўцаў (апошнія падтрымлівалі партыю грашамі). Пасля «піўнога путчу» 1923 у Мюнхене забаронена ўладамі Баварыі (да 1925). Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 атрымала большасць месцаў у рэйхстагу (1932) і Гітлер узначаліў урад (1933). Апіраючыся на тэрор СА і СС, інш. структуры партыі (у т. л.Гітлерюгенд), Гітлер хутка ўстанавіў у краіне фаш. дыктатуру. Найб. колькасць членаў — 8,5 млн. (1945). Пасля паражэння Германіі ў 2-й сусв. вайне на Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй, што падлягала ліквідацыі (гл.Дэнацыфікацыя). У 1930—40-я г. ў Вільні і інш. месцах дзейнічала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (лідэр — Ф.Акінчыц, друкаваны орган — час.«Новы шлях»), Гл. таксама Фашызм, Неафашызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯФЁД (Уладзімір Іванавіч) (27.1.1916, г. Шахты Растоўскай вобл., Расія — 23.4.1999),
бел. тэатразнавец, пісьменнік, педагог. Чл.-кар.АН Беларусі (1972). Д-р мастацтвазнаўства (1963), праф. (1964). Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1940). Працаваў ва Упраўленні па справах мастацтваў пры СМ Беларусі. З 1954 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі (да 1988 заг. сектара, аддзела). Адначасова ў 1947—90 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Даследаваў пытанні гісторыі, тэорыі і сучаснай практыкі бел. тэатра, праблемы драматургіі і творчасці майстроў сцэны. Аўтар кніг «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965, за ўсе Дзярж. прэмія Беларусі 1966). Адзін з аўтараў «Гісторыі савецкага драматычнага тэатра» (т. 1—6, 1966—71), «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87, і гал. рэдактар. Пісаў аднаактовыя п’есы.
Тв.:
Шлях беларускага савецкага драматычнага тэатра. Мн., 1954;
Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959;
Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Мн., 1970;
Беларускі тэатр імя Я.Коласа. Мн., 1976;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Николай Ковязин: Жизнь и творчество, Мн., 1990;
Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;
Францішак Аляхновіч: Тэатр. і грамад.-паліт. дзейнасць. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЕРНАЯ СТУ́ДЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ АКАДЭ́МІІ МУ́ЗЫКІЗасн. ў 1939 (у 1941—59 не працавала) у Мінску. У розныя гады маст. кіраўніцтва ажыццяўлялі заг. кафедры опернай падрыхтоўкі Бел. акадэміі музыкі М.Сярдобаў, Ю.Новікаў, Ю.Ужанцаў, В.Ганчарэнка, М.Зданевіч (з 1983). Спектаклі ставілі таксама рэжысёры В.Барысевіч, П.Златагораў, дырыжоры Э.Арашкевіч, Н.Балазоўскі, І.Гітгарц, Н.Грубін, Л.Лях, М.Нерсесян, С.Ратнер, Р.Рубінштэйн і інш.
Ажыццявіла больш за 60 пастановак, у т. л. «Яўген Анегін» і «Іаланта» П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава, «Алека» С.Рахманінава, «Каменны госць» А.Даргамыжскага, «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні, «Любоўны напітак» Г.Даніцэці, «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта, «Травіята» Дж.Вердзі, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Сельскі гонар» П.Масканьі, «Паяцы» Р.Леанкавала, «Чыо-Чыо-сан» і «Багема» Дж.Пучыні, «Цыганскі барон» І.Штрауса, «Па старонках беларускіх опер», «Матухна Кураж» С.Картэса, фрагменты з опер «Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага, «Калючая ружа» Ю.Семянякі, «Яснае світанне» А.Туранкова, «Надзея Дурава» А.Багатырова, «Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна, «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, аперэты «Коксагыз» М.Чуркіна і інш. На сцэне студыі пачыналі творчы шлях А.Бундзелева, М.Галкоўскі, А.Гардынец, М.Грыгорчык, В.Гур’еў, С.Драбышэўскі, Зданевіч, У.Іваноўскі, Н.Казлова, І.Краснадубскі, В.Курбацкая, В.Кучынскі, Л.Лют, М.Майсеенка, В.Мінгалёў, А.Падгайскі, Я.Пятроў, В.Скорабагатаў, А.Тузлукоў, С.Франкоўскі, А.Шведава, І.Шыкунова і інш. За гады існавання студыя паказала каля 300 спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МСКІ КАНА́Л (ісп. Canal de Panama, англ. Panama Canal),
штучны водны шляхміжнар. значэння на тэр. Панамы ў Цэнтр. Амерыцы, праз Панамскі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Атлантычны і Ціхі акіяны. Даўж. 81,6 км, у т. л. 65,2 км па сушы і 16,4 км па дне бухты Лімон Карыбскага м. і Панамскага зал., шыр. 150—305 м, глыб. па фарватэры 12,8—25,9 м; 12 шлюзаў. Штогадовы аб’ём перавозак каля 154 млн.т, доля транзіту больш за 80%. Штогод праз П.к. праходзяць больш за 14 тыс. грузавых суднаў. Каля Атлантычнага ўвахода ў П.к. порты Крыстобаль і Калон, каля ціхаакіянскага — Бальбоа і Панама.
Ідэя будаўніцтва П.к. існавала і абмяркоўвалася з пач. 16 ст. У 1879 рэалізацыю гэтага праекта пачала Францыя, якая выкарыстала супярэчнасці паміж ЗША і Вялікабрытаніяй і ўзяла канцэсію на буд-ва канала ва ўрада Калумбіі. Крах франц.акц. кампаніі (1888, гл.«Панама») і націск з боку амер. і брыт. ўрадаў прымусілі Францыю ў 1902 прадаць свае правы ЗША. У 1903, пры падтрымцы ЗША, Панама аддзялілася ад Калумбіі, і далейшыя пытанні, звязаныя з буд-вам і функцыянаваннем канала, рэгуляваліся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновае карыстанне Панамскага канала зону, права будаваць і эксплуатаваць канал. Першае судна прайшло праз П.к. 15.8.1914, афіцыйна канал адкрыты 12.6.1920. Паводле амер.-панамскіх дагавораў 1977 П.к. з 1.1.2000 перайшоў пад кантроль Панамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЬ ((Pascal) Блез) (19.6.1623, г. Клермон-Феран, Францыя — 19.8.1662),
французскі матэматык, фізік і філосаф, адзін з заснавальнікаў гідрастатыкі. Атрымаў дамашнюю адукацыю, з дзяцінства выявіў выдатныя матэм. здольнасці. Навук. працы па арыфметыцы, тэорыі лікаў, алгебры, тэорыі імавернасцей, механіцы, філасофіі. Сфармуляваў метад поўнай матэм. індукцыі, знайшоў агульную прыкмету падзельнасці цэлых лікаў. Прапанаваў спосаб вылічэння бінаміяльных каэфіцыентаў (трохвугольнік П.), сфармуляваў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (гл.Паскаля тэарэма). Сканструяваў першую лічыльную машыну (1641 або 1642). Адкрыў адзін з асн. законаў гідрастатыкі (гл.Паскаля закон), эксперыментальна пацвердзіў існаванне атм. ціску (1648) і даказаў, што ён памяншаецца з вышынёй, выявіў гідрастатычны парадокс. З 1655 жыў у манастыры янсеністаў у Пор-Раялі. Аўтар філас. трактатаў і сатырычных твораў. Ў філас. творах развіваў думкі аб трагічнасці і кволасці чалавека, які знаходзіцца паміж двума бяздоннямі — бясконцасцю і мізэрнасцю (чалавек — «чарацінка, якая мысліць»). Шлях спасціжэння таямніц быцця і выратавання чалавека ад адчаю бачыў у хрысціянстве. Адыграў значную ролю ў фарміраванні франц. класічнай прозы. Яго імем названа мова праграмавання — паскаль і адзінка ціску — паскаль.
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о равновесии жидкостей // Начала гидростатики. 2 изд. М.; Л., 1933;
Из мыслей // Ларошфуко Фр. де, Паскаль Б., Лабрюйер Ж. де. Суждения и афоризмы. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЗО́Н (Аркадзь) (сапр.Маўшэнзон Арон Іосіфавіч; 23.9.1918, г. Віцебск — 19.8.1977),
бел.драматург. Вучыўся ў драм. студыі пры БДТ-1 (1936). Працаваў акцёрам і асістэнтам рэжысёра ў Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1946 у газ. «Віцебскі рабочы», з 1950 на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1965—71 — у Мін-ве культуры Беларусі. Дэбютаваў п’есай «Канстанцін Заслонаў» (паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1947; аднайм. кінафільм паводле сцэнарыя аўтара, 1949). Сюжэтны цэнтр многіх п’ес — маральна-этычная праблематыка: «Наталля Крыўцова» (апубл. 1954), «У ціхім завулку» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1955), «Непрымірымасць» (паст. Гомельскім абл.драм. т-рам, 1957), «Калі ты чалавек» (пад назвай «Твой светлы шлях» паст. т-рам імя Я.Купалы, 1961), «Пад адным небам» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Куды ідзеш, Сяргей?» (паст.Дзярж.рус.драм. т-рам Беларусі, 1965), «У доме на Сонечнай» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1966), «Толькі адно жыццё» (паст. 1969), «Білет у мяккі вагон» (паст. 1971, абедзве у рус.драм. т-ры Беларусі). Гіст. тэматыка ў п’есах «У бітве вялікай» (паст. Гомельскім абл.драм. т-рам, 1957), «Дарога праз ноч» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1970). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Зялёныя агні» (1956), «Наперадзе — круты паварот» (1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (6.2.1914, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1978),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1968). Засл. работнік культ. Украіны (1973). Вучыўся ў Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», на Бел. радыё (1934—36), літ. кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936—37). У 1941—43 у армейскай газ. «Знамя Советов», потым у БШПР. У 1945—46 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1958—67 нач. сцэнарнага аддзела, гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932) апявалі новую рэчаіснасць, выяўлялі (часам рытарычна) юначую захопленасць жыццём, сац. перспектывамі. Паэмы «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Гарбун» (1934) выявілі пошукі новых сродкаў адлюстравання ў паэт. эпасе мінулага і сучаснасці, хоць не пазбаўлены фармаліст. перакосаў і штучнасці. У нізцы вершаў «Сонечнае заўтра» (1931) — узбагачэнне лірызму, спалучэнне ўзнёсласці з жывымі малюнкамі жыцця. Паэма «У зялёнай дуброве» (1938) узнаўляла ў нар.-песенным ключы атмасферу згуртаванасці і таварыскасці людзей. У паэмах «Баранаў Васіль» (1937), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), цыкле «Юнацкі свет» (1939—40) глыбокі роздум пра лёс маладога пакалення, якое ўвайшло ў жыццё ў 1930-я г., пафас патрыятызму і інтэрнацыяналізму, узмацненне гераічнага пачатку, тэмы міру і бяспекі Радзімы. Барацьбе народа супраць ням.-фаш. захопнікаў прысвечана паэма «Сцяг брыгады» (нап. 1942; Дзярж. прэмія СССР 1946). Прасякнутая верай у перамогу, насычаная драм. падзеямі пач. перыяду вайны, сурова велічная ў паказе абставін, яна стала адным з буйнейшых дасягненняў паэзіі таго часу. Вершы ваен. гадоў («Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Камсамольскі білет» і інш.), паэмы «Прыгоды цымбал» і «Дом № 24» (абедзве нап. 1944) паказваюць духоўны свет людзей у ваен. выпрабаваннях, раскрываюць моц нар. духу, іх жыццетрываласць і непераможнасць. У пасляваен. лірыцы мацнеюць публіцыст. матывы (верш «Слова да Аб’яднаных Нацый»). У паэмах «Новае рэчышча» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «Толькі ўперад» (1950) адлюстравана мірная стваральная праца, падсумоўваецца вопыт пакалення паэта. Гісторыка-рэв. паэма «Грозная пушча» (1955) пра барацьбу працоўных Зах. Беларусі. Зб. «Новая кніга» (у пер. на рус. мову, 1964) выявіў узбагачэнне і ўскладненне свету сучасніка, якому ўласціва ўсё больш шырокае і поўнае далучэнне да навук.-тэхн. уяўленняў, адчуванне асабістай адказнасці за лёс чалавецтва. У зб-ках «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976), паэмах «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970—71) складаныя калізіі часу атрымалі лірыка-філас. вытлумачэнне; асабісты лёс героя ўпісваецца ў гіст.шлях грамадства, пачуцці паэта набываюць маштаб і значнасць як якасці светаўспрымання сучасніка, які ўсведамляе сваё месца ў свеце. Паэма «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана А.Твардоўскаму), напісаная ў форме трагедыйна-лірычнага маналога, сцвярджае ідэю адказнасці паэта перад грамадствам, выяўляе сувязь маральных і грамадзянскіх асноў асобы з усімі духоўнымі і творчымі пачаткамі жыцця. Раскрываючы праз прызму агульначалавечых праблем драматызм і складанасць свайго часу, паэзія К. паўстае як цэласны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі; узбуйненае абагульненае лірычнае перажыванне не траціць пры гэтым адзнак асабістасці, разгортваецца як індывід. духоўны, творчы пошук. Драм. паэма «Хамуціус» (1975) — пра лёс і подзвіг К.Каліноўскага, паказ духоўнага і маральнага росту асобы ў змаганні за шчасце народа. Стыль К. вызначаецца рамантычнай адухоўленасцю, разгорнутай метафарычнасцю, багаццем вобразна-асацыятыўных сувязей. Паводле матываў паэмы «Песня аб разведчыках» («Песня аб слаўным паходзе», нап. 1935—51) у 1967 створана тэлеопера «Ранак» (муз. Г.Вагнера). К. — сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А.Кучарам) і «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, 2 серыі, 1960—61, з М.Лужаніным). Выступаў з літ.-крытычнымі артыкуламі. На бел. мову пераклаў «Яўгенія Анегіна», паэму «Цыганы», асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, А.Малышкі, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, К.Куліева і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970 за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага, «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела. Імя паэта прысвоена Магілёўскаму ун-ту, школам у Мінску і Саматэвічах, у Мінску, на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дошка. У 1979 устаноўлена літ. прэмія імя К. Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Саматэвічах створаны літ. музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1974—77.
Літ.:
Грынчык М. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1964;
Бярозкін Р. Аркадзь Куляшоў. Мн., 1978;
Твардовский А. Аркадий Кулешов: Поэма «Знамя бригады»: Зрелость таланта // Собр. соч.М., 1980. Т. 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЧЫК (Варлен Леанідавіч) (25.6.1939, в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на — 13.11.1985),
бел. крытык і літ.знавец. Канд.філал.н. (1974). Скончыў БДУ (1960). Настаўнічаў. У 1966—71 працаваў у рэдакцыях газ. «Літаратура і мастацтва» і час. «Нёман». З 1972 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1981 нам.гал. рэдактара выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1959. Даследаваў бел. паэзію, сувязь л-ры з часам і жыццём, праблемы яе грамадзянскасці і мастацкасці, вышыні маральных крытэрыяў пры асэнсаванні рэчаіснасці, пытанні духоўнага багацця творчай асобы, паэт. майстэрства, культуры творчасці, асаблівасці творчых індывідуальнасцяў паэтаў розных пакаленняў (артыкулы пра Я.Купалу, М.Багдановіча, П.Панчанку, М.Танка, П.Броўку, У.Хадыку, А.Дудара, А.Пысіна, Н.Гілевіча, А.Вярцінскага, С.Гаўрусёва, Е.Лось, Р.Барадуліна, Я.Янішчыц, В.Зуёнка і інш.; зб-кіліт.-крыт. арт. «Свет жывы і блізкі», 1974; «Прад высокаю красою...», 1984, Літ. прэмія імя І.Мележа 1987; манаграфіі «Беларуская савецкая лірыка», 1979, з М.Ярошам; «Шлях да акіяна: Кніга пра паэзію Аркадзя Куляшова», 1981; кн. «Радзіме — радок і жыццё», 1986). Аналізаваў прозу В.Быкава, І.Пташнікава, А.Кудраўца, Я.Сіпакова, І.Хадановіча, М.Капыловіча і інш.Асн. пафас творчасці Бечыка, гал.эстэт. патрабаванні яго да л-ры — жыццёвасць, шчырасць, маральнасць, высокі маст. ўзровень. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове). Склаў зб. «Песні змагання, 1941—45: Вершы бел. паэтаў» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ КРЫНІ́ЦА»
(«Bielaruskaja krynica»),
штотыднёвая (у 1940 двухтыднёвая) грамадска-паліт. і літ. газета, орган Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). Выдавалася з 21.10.1917 у Петраградзе, з № 3 за 1918 у Мінску, з 7.9.1919 да 12.7.1940 у Вільні (з 15.4.1937 да 16.11.1939 не выходзіла). Да 1925 і з 17.11.1939 наз. «Крыніца» («Krynica»). Друкавалася на бел. мове кірыліцай ці лацінкай, у 1934—39 двума шрыфтамі адразу. Пэўны час мела падзагалоўкі «Каталіцкая газета», «Сялянская газета». Была разлічана на сялян, інтэлігенцыю, жыхароў Зах. Беларусі і беларусаў у эміграцыі. У часы грамадз. вайны прапагандавала нац.-рэліг. ідэі. Даводзіла, што беларусы — грамадзяне Еўропы і маюць права на сваю дзяржаўнасць, свабоднае і шчаслівае жыццё. Спрыяла кансалідацыі беларусаў-католікаў і беларусаў-праваслаўных. Пісала аб праблемах развіцця мастацтва, л-ры, асветы на бел. мове, змяшчала матэрыялы сац.-паліт. характару. Падтрымлівала ідэю федэрацыі Беларусі і Літвы, хутарызацыю, парцэляцыю. Асвятляла дзейнасць Т-вабел. школы, Бел. сялянскага саюза, Бел. студэнцкага саюза, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры. Падтрымлівала ідэі Бел. сялянска-работніцкай грамады, але крытычна ставілася да яе пралетарскай праграмы пра вядучую ролю адной партыі ў грамадстве. У 2-й пал. 1930-х г. працягвала прапагандаваць своеасаблівы шлях развіцця бел. народа. Шмат пісала пра міжнар. жыццё, становішча беларусаў у Латвіі, БССР і інш. Друкавала творы К.Сваяка, Ф.Грышкевіча, а таксама Т.Шаўчэнкі, І.Франко, М.Канапніцкай, Л.Талстога і інш. Тройчы закрывалася ўладамі. Выйшла 768 нумароў, 58 канфіскаваны. З 1991 у Мінску выдаецца аднайм. газета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮДО́ (ад яп. дзю мяккасць + до шлях),
японская нац. барацьба (у кімано са свабодным поясам, без абутку). Пры барацьбе стоячы барцы імкнуцца з дапамогай падножак, падсечак, кідкоў і інш. прыёмаў кінуць адзін аднаго на татамі (спец. цыновачная мата), пры барацьбе лежачы — утрымаць праціўніка прыціснутым спінай да татамі або з дапамогай болевых прыёмаў і задушлівых захватаў прымусіць яго прызнаць сябе пераможаным. Схваткі праводзяцца ў 8 вагавых катэгорыях (жанчыны — 48, 52, 61, 66, 72, больш за 72 кг і абсалютная; мужчыны — 60, 65, 71, 78, 86, 95, больш за 95 кг і абсалютная) і працягваюцца 4 мін для жанчын і 5 мін для мужчын.
Дз. створана ў канцы 19 ст.праф. Д.Кано, які сістэматызаваў і палепшыў тэхніку джыуджыцу (без элементаў, што пагражалі жыццю і здароўю барцоў) і ўвёў шмат новых, створаных ім самім. З канца 19 — пач. 20 ст. Дз. пашырылася ў шэрагу краін Еўропы, Азіі, Амерыкі У 1956 створана Міжнар. федэрацыя Дз. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1956, чэмпіянаты Еўропы — з 1951. З 1964 Дз. — алімпійская дысцыпліна (перапынак у 1968).
На Беларусі развіваецца з 1974, у 1977 створана рэсп. федэрацыя. Сярод бел. дзюдаістаў чэмпіён Еўропы (1983, 1984, 1985), уладальнік Кубка свету (1984, 1986), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1985) В.Пясняк, чэмпіён Еўропы (1997) Р.Мамедаў, бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы (1995) Н.Багіраў, прызёры чэмпіянату Еўропы 1977 А.Карыцкая і Т.Масквіна. Зборная каманда Беларусі сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1994).