МЕ́ТАД (ад грэч. methodos шлях даследавання або пазнання, тэорыя, вучэнне),
спосаб пазнання, сукупнасць прыёмаў і аперацый практычнага і тэарэт. асваення рэчаіснасці. М. могуць быць прыёмы навук. даследавання і маст. творчасці, сістэмы аперацый у тэхніцы, прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. У філасофіі пад М. разумеюць пэўны спосаб пабудовы і абгрунтавання сістэмы філас. і навук. ведаў. Зыходныя ўяўленні аб М. сфарміраваны ў антычнасці, але сістэмнае вывучэнне і распрацоўка М. адносіцца да Новага часу і звязана з узнікненнем і развіццём эксперым. навукі. Пачынальнік метадалогіі доследнай навукі Ф.Бэкан параўноўваў М. з паходняй, якая асвятляе шлях у цемры. Выключная рознатыповасць аб’ектаў навукі і чалавечай практыкі абумоўліваюць разнастайнасць М., таму спробы выпрацаваць універсальны, прыдатны да пазнання ўсіх з’яў і аб’ектаў М. не прывялі да поспеху. Адрозніваюць агульныя М., якія выкарыстоўваюцца ў працэсе як навук., так і звычайнага пазнання, а таксама ў практычнай дзейнасці, і навук. М., уласцівыя толькі навук. пазнанню. Навук. М., у сваю чаргу, падзяляюцца на агульнанавуковыя, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, і канкрэтна-навук., або спецыяльныя, якія ўжываюцца ў рамках асобных навук. дысцыплін. Тэндэнцыя інтэграцыі навук. ведаў вядзе да пашыранага выкарыстання М. адных навук у інш. навуках, што актуалізуе пытанне пра М. міждысцыпліннага даследавання. У залежнасці ад суаднясення з вопытам вылучаюць М. эмпірычныя і тэарэтычныя; адрозніваюць таксама лагічныя М., звязаныя з абстрактным, разумовым узроўнем пазнання (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя, аналогія і інш.), і практычныя М., непасрэдна звязаныя з матэрыяльнай, практычна-прадметнай дзейнасцю (назіранне, рэальны эксперымент і інш.). Павялічваецца роля М. навук.-тэхн. творчасці, дзе навук. пошук спалучаецца з вынаходствам і дзе творца спалучае ў сабе якасці даследчыка і інжынера. У залежнасці ад мэты М. падзяляюць на эўрыстычныя (скіраваныя на адкрыццё новага) і алгарытмічныя. Паводле характару дэтэрмінацыі адрозніваюць адназначна дэтэрмінаваныя і імавернасныя М. Ужываецца таксама класіфікацыя М. на колькасныя і якасныя. У залежнасці ад сферы выкарыстання бываюць М. хім., фіз., біял., лінгвістычныя, сацыялагічныя і інш. Развіццё М., іх ускладненне і дыферэнцыяцыя абумовілі стварэнне вучэння аб М. — метадалогіі.
Літ.:
Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;
Степин В.С., Елсуков А.Н. Методы научного познания. Мн., 1974;
Кочергин А.Н. Научное познание: формы, методы, подходы. М., 1991.
С.А.Яцкевіч.
т. 10, с. 302