ПАЎЛІ́НАЎ (Андрэй Міхайлавіч) (13.10. 1852, г. Іркуцк, Расія — 25.11.1897),
расійскі гісторык архітэктуры, архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1879). Акад. архітэктуры (1882). Чл. Маскоўскага археал. т-ва (1885). З 1888 заг. аддзела Аружэйнай палаты ў Маскве. Даследаваў помнікі архітэктуры і выяўл. мастацтва Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, рабіў іх навук. апісанні і замалёўкі. На 9-м археал. з’ездзе ў Вільні (1893) выступіў з дакладамі пра стараж. помнікі мураванага і драўлянага дойлідства Віцебска і Полацка. Вызначыў, што зах. апсіды Полацкага Сафійскага сабора прыбудаваны пазней, падрабязна апісаў муроўку Віцебскай Благавешчанскай царквы і датаваў гэты помнік 12 ст. Аўтар манаграфіі «Гісторыя рускай архітэктуры» (1894). Праектаваў грамадскія будынкі ў Маскве.
Тв.:
Древние храмы Витебска и Полацка в г. Витебске // Тр. девятого Археол. съезда в Вільне, 1893. М., 1895. Т. 1.
т. 12, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-І-МАРГА́ЛЬ ((Pí-y-Margall) Франсіска) (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),
іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.—ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).
т. 12, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАВАСЛА́ЎНЫ БЕЛАРУ́С»,
часопіс. Выдаваўся ў лют.—снеж. 1925 у Варшаве на бел. мове па ініцыятыве Беларускага пасольскага клуба. Рэдактар Я.Пачопка, маст. афармленне Я.Драздовіча. Афіцыйна павінен быў асвятляць жыццё правасл. царквы ў Польшчы і Зах. Беларусі. Асн. змест складалі матэрыялы з гісторыі, грамадскага і культ. жыцця Зах. Беларусі, літ. творы. Меў рубрыкі: «Што чуваць у свеце», «Беларускае жыццё», «З народнай творчасці», «З гісторыі археалогіі» і інш. Выступаў за ўвядзенне бел. мовы ў навуч. установах, царкве. Змясціў артыкулы, прысвечаныя Ф.Скарыне, Сімяону Полацкаму, Я.Купалу, па гісторыі стараж. Полаччыны І.Палачаніна, пра нар. земляробчыя святы М.Яцкевіча, даследаванне «Месца беларускай мовы сярод моў свету і славянскіх увасобку» І.Савіцкага. Друкаваў вершы Г.Леўчыка, П.Прадухі, С.Свістуна, апавяданні З.Бядулі, Пачопкі, М.Запольскага і інш. Выйшлі 22 нумары.
А.С.Ліс.
т. 12, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНКЕ́ВІЧ (Сцяпан Рыгоравіч) (23.1.1867—1919?),
бел. гісторык правасл. царквы, прапаведнік, грамадскі дзеяч. Д-р багаслоўя (1899). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1891), потым выкладаў у ёй. У 1901—08 прыват-дацэнт Пецярбургскага ун-та. У 1901—17 займаў і адм. пасады ў Св. Сінодзе. Вёў дабрачынную дзейнасць, рэліг.-павучальныя чытанні. Гіст. погляды Р. склаліся пад уплывам М.В.Каяловіча. Навук. дзейнасць пачаў з выдання «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі» (1892—94). Падрыхтаваў і выдаў фундаментальнае «Апісанне дакументаў архіва заходнярускіх уніяцкіх мітрапалітаў» (т. 1—2, 1897—1907). Аўтар прац па гісторыі Мінскай епархіі, артыкулаў у гродзенскіх, літоўскіх, мінскіх «Епархиальных ведомостях» і інш.
Тв.:
Краткий исторический очерк столетия Минской епархии... Мн., 1893;
История Минской архиепископии (1793—1832 гг.). СПб., 1893;
Жизнеописания западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. СПб., 1897.
В.М.Чарапіца.
т. 13, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,
нацыянальна-рэліг. барацьба чэш. народа за рэформу каталіцкай царквы, супраць ням. засілля і іншаземнай інтэрвенцыі ў 1-й пал. 15 ст. Прычынай Гусіцкіх войнаў стаў крызіс, які ахапіў каталіцкую царкву на мяжы 14—15 ст. і выклікаў падзенне яе аўтарытэту. Вышэйшае чэш. духавенства сканцэнтравала ў сваіх руках велізарныя багацці, жыло ў раскошы, чым выклікала да сябе нянавісць у народзе. З рэзкай крытыкай царквы і існуючых у ёй парадкаў выступіў мысліцель і прапаведнік Ян Гус, асуджэнне якога Канстанцкім царк. саборам і спаленне выклікалі абурэнне ва ўсёй Чэхіі і сталі штуршком да Гусіцкіх войнаў. 30.7.1419 пражскія гусіты (назва ўсіх прыхільнікаў ідэй Гуса) на чале з Я.Жэліўскім узнялі паўстанне і захапілі ўладу ў горадзе. Пасля смерці караля Вацлава IV (1419) паўстала ўся Чэхія, народ распраўляўся з патрыцыятам (у асноўным нямецкім) і каталіцкімі прэлатамі, граміў кляштары. Ужо ў першыя месяцы вайны адбылося размежаванне сярод гусітаў. Дробнае рыцарства і бюргерства ўтварылі памяркоўнае крыло гусітаў — чашнікі (чаша — сімвал царк. рэформы), якія задачы рэфармацыі каталіцкай царквы вызначылі ў Пражскіх артыкулах 1420. Гар. нізы і сялянства ўтварылі радыкальнае крыло, што атрымала назву табарыты (ад гары Табар). Табарыты патрабавалі рэфармацыі, заклікалі да ліквідацыі феад. парадкаў. Вясной 1420 пераемнік Вацлава IV Сігізмунд I арганізаваў супраць гусітаў крыжовы паход і ўзяў у аблогу Прагу. На дапамогу гораду прыйшлі гусіцкія атрады на чале з Я.Жыжкам і 14.7.1420 разграмілі крыжакоў на Віткавай гары. Земскі сейм (1421) пазбавіў Сігізмунда I чэш. прастола і стварыў часовы ўрад. Восенню 1421 Сігізмунд I арганізаваў 2-і крыжовы паход, захапіў Маравію і частку Усх. Чэхіі. У студз. 1422 крыжакі двойчы былі разбіты гусітамі каля Кутна-Гары і Нямецкі-Броду. У пошуках саюзнікаў супраць крыжакоў чашнікі прапанавалі чэш. карону вял. кн. ВКЛ Вітаўту. Замест сябе Вітаўт паслаў кн. Жыгімонта Карыбутавіча, які на чале 5-тысячнага бел.-літ. войска ў маі 1422 увайшоў у Прагу і быў каранаваны чэш. сеймам. Але з-за пазіцыі рымскага папы Вітаўт вымушаны быў адклікаць Жыгімонта Карыбутавіча. Пасля смерці Я.Жыжкі (1424) войска табарытаў узначаліў Пракоп Вялікі (Голы). На чале з ім табарыты і чашнікі 16.6.1426 каля Усці-над-Лабай разбілі войска папы і ням. курфюрстаў (3-і крыжовы паход). 4-ы крыжовы паход таксама скончыўся паражэннем крыжакоў пад Тахавам у жн. 1427. З гэтага моманту перавага гусітаў была неаспрэчнай. У 1427—33 гусіты здзейснілі паспяховыя паходы ў Аўстрыю, Баварыю, Маравію, Сілезію, Саксонію і інш. У 1431 папскі нунцый Дж.Чэзарыні арганізаваў 5-ы, самы буйны крыжовы паход; 14.8.1431 каля Домажліцы крыжакі панічна адступілі ў ням. землі. Супярэчнасці паміж чашнікамі і табарытамі ў 1434 выліліся ў ваен. супрацьстаянне. 30.5.1434 войска чашнікаў у бітве пад Ліпанамі разбіла табарытаў. 5.7.1436 у Іглаве чашнікі заключылі мір з Сігізмундам I і Базельскім саборам і падпісалі т.зв. кампактаты (пагадненні), у якіх са значнымі агаворкамі была легалізавана гусіцкая царква, праведзена секулярызацыя царк. маёмасці. У ходзе Гусіцкіх войнаў чэш. гарады пашырылі свае правы, б. каралеўскія гарады дамагліся поўнага самакіравання. Гусіцкія ідэі сталі правобразам еўрап. Рэфармацыі.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 5, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБО́ЦКІ (Белаблоцкі) Андрэй
(Ян) Хрыстафоравіч, усходнеславянскі філосаф і паэт 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся ў Францыі, Італіі, Іспаніі. Быў кальвінісцкім прапаведнікам у Слуцку, настаўнікам у Магілёве. З-за ганенняў езуітаў пераехаў у Смаленск, у 1681 — у Маскву, дзе прыняў праваслаўе. Да пераходу ў праваслаўе не прызнаваў афіц. царквы, крытыкаваў Біблію. Веру лічыў асабістай справай кожнага чалавека, філасофію ставіў вышэй за багаслоўе. У яго філас. поглядах перапляталіся ідэі рацыяналізму, дэізму і пантэізму. Адстойваў адзінства душы і цела. Аўтар твораў «Кароткая гутарка літасці з ісцінаю» (1685),
«Вялікая навука Раймунда Люлія» і «Кніга філасофская» (1698—99) і інш. У гал. паэт. творы — паэме «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» — сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Пераклаў першыя 2 кнігі трактата Фамы Кемпійскага «Аб наследаванні Хрысту».
т. 2, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ, Віленская Святадухаўская друкарня. Існавала ў 16—18 ст. у Вільні пры манастыры Святога Духа. З’яўлялася выдавецкім прадпрыемствам правасл. царквы ВКЛ. Выдавецкая дзейнасць дазволена прывілеямі Жыгімонта III Вазы ад 1589 і 1592 на друкаванне розных кніг «па грэцку, славянску, руску і польску». Першае вядомае выданне выйшла ў 1595. У 1610 друкарня закрыта. Брацтва ажыццяўляла сваю выдавецкую дзейнасць у Еўінскай друкарні. Дзейнасць Віленскай брацкай друкарні аднавілася ў 1615 і працягвалася да 1749, калі пажар знішчыў манастыр Святога Духа. Выдавала тэксты Святога пісання, школьныя падручнікі, богаслужэбныя кнігі, палемічную л-ру. У 1589—1610 выдадзены творы М.Сматрыцкага, С. і Л.Зізаніяў. Для аздобы кніг выкарыстоўваліся арнаментальныя гравюры і застаўкі, рамкі з расліннымі і геам. матывамі, геральдычныя гравюры (гербы Астрожскіх, Валовічаў, Агінскіх і інш.). У польскамоўных выданнях пераважаюць гатычныя ініцыялы.
М.В.Нікалаеў, М.І.Ткачэнка.
т. 4, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМ (? — 26.7.1435),
праваслаўны царкоўны дзеяч ВКЛ. З 1417 епіскап смаленскі. У 1432—35 мітрапаліт літоўскі. Паводле некат. летапісаў, меў тытул «мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі». Аднак улада Герасіма абмяжоўвалася тэр. ВКЛ і некаторых суседніх усх.-слав. зямель (напр., Пскова), бо ў 1433 галавой правасл. царквы Маскоўскай дзяржавы з такім жа тытулам «мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі» быў абраны разанскі епіскап Іона. Пасвячоны ў мітрапаліты ў Канстанцінопалі патрыярхам Іосіфам паводле просьбы вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлы. Працягваў жыць у Смаленску. Рымскі папа Яўген IV спадзяваўся з дапамогай Герасіма падпісаць унію з правасл. царквой ВКЛ. З пачаткам у 1432 вайны паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам Герасім быў на баку Свідрыгайлы, аднак у 1435 абвінавачаны апошнім у тайных зносінах з Жыгімонтам, арыштаваны і спалены на вогнішчы ў Віцебску. Расправа з Герасімам падарвала аўтарытэт Свідрыгайлы ў войску і садзейнічала яго паражэнню.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 5, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНАДЗЕСЯ́ТЫЯ СВЯ́ТЫ,
12 найбольш значных свят праваслаўя: Раство Хрыстова (Каляды) — 7 студз. (25 снеж. па с.ст.), Хрышчэнне Гасподняе (Вадохрышча) — 19(6) студз.; Стрэчанне Гасподняе (Грамніцы) — 15 (2) лют., Дабравешчанне — 7 крас. (25 сак.), Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербніца) — за тыдзень да Вялікадня, Узнясенне Гасподняе (Ушэсце) — на 40-ы дзень пасля Вялікадня, Дзень св. Тройцы (Сёмуха, Пяцідзесятніца) — на 50-ы дзень пасля Вялікадня, Праабражэнне Гасподняе (Спас) — 19 (6 жн.), Успенне Прасвятой Багародзіцы (Прачыстая) — 28 (15) жн., Раство Прасвятой Багародзіцы 21 (8 вер.), Узвіжанне Крыжа Гасподняга — 27 (14) вер., Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы (Уводзіны) — 4 снеж. (21 ліст). Разам з Вялікаднем лічацца галоўнымі святамі правасл. царквы. Пераважная большасць хрысц. свят прымеркавана да стараж. свят, звычаяў і абрадаў нар. календара. Звычайна хрысц. святы пачынаюцца з вечара, з усяночнай, а раніцай у царкве адбываецца святочная літургія.
А.У.Верашчагіна.
т. 6, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯЦІ́НА (лац. decima, франц. décime, dîme, ням. Zehnt, англ. tithe),
1) дзесятая частка даходу, якая збіралася царквою з насельніцтва ў сярэдневяковай Еўропе (Дз. царкоўная). Узнікла ў канцы 6 ст. У Стараж. Русі ўстаноўлена кн. Уладзімірам Святаславічам пасля хрышчэння Русі і прызначалася першапачаткова для Кіеўскай Дзесяціннай царквы, а пазней набыла характар паўсюднага падатку, які збіраўся царк. арг-цыямі (але не манастырамі). У ВКЛ у 15—16 ст. была Дз. «снаповая» (сяляне аддавалі кожны 10-ы сноп) і агульная (1/10 частка збожжа, мёду і інш.).
2) Стараж.-рус. мера зямельных плошчаў. Першапачаткова ўяўляла сабой квадрат з бакамі, якія раўняліся 1/10 вярсты (адсюль назва); пл. 2500 кв. сажняў. Як гал. пазямельная адзінка Расіі ўведзена Межавой інструкцыяй 1753 у выглядзе казённай Дз. плошчай 2400 кв. сажняў, або 1,0925 га. Скасавана ў 1918 з пераходам да метрычнай сістэмы мер.
Я.К.Анішчанка.
т. 6, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)