СПАНІЭ́ЛІ (англ. spaniel ад ісп. español іспанскі),
група парод (больш за 20) паляўнічых сабак для палявання на вадаплаўную, балотную і баравую дзічыну. Знаходзяць дзічыну, выганяюць яе пад выстрал паляўнічага, адшукваюць застрэленых птушак. Выведзены ў 15—16 ст. у Іспаніі. Сучасныя пароды (кокер-С., спрынгер-С., фільд-С., нарфольд-С.) сфарміраваліся ў 18—19 ст. у Вялікабрытаніі. Выведзены дэкар. пароды С. (кінгчарльз-С., той-С. і інш.).
Канстытуцыя моцная, сухая. Выш. ў карку 36—44 см. Масць чорная, карычневая (з падпалінамі), рыжая, белая або шэрая з плямамі і крапам. Поўсць доўгая, прамая або злёгку хвалістая, на вушах і лапах. пачассе. Галава доўгая з выпуклым ілбом і звіслымі вушамі. Хвост купіруюць. Тып паводзін ураўнаважаны-рухавы. Тыповы алюр на пошуку — лёгкі галоп.
Спаніэлі: 1 — кінг-чарльз-спаніэль; 2 — амерыканскі кокер-спаніэль; 3 — англійскі кокер-спаніэль; 4 — фільд-спаніэль; 5 — кламбер-спаніэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЭ́ННЕ МАГНІ́ТНАЕ,
змена магн. уласцівасцей ферамагнетыкаў і ферымагнетыкаў з цягам часу.
Адрозніваюць С.м. абарачальнае і неабарачальнае. Абарачальнае С.м. абумоўлена перабудовай даменнай структуры (гл.Дамены) у выніку знешніх уздзеянняў: пастаянных і пераменных магн. палёў, ваганняў т-ры, мех. вібрацый, радыяцыі і інш. Паўторнае намагнічванне ўстараняе вынікі абарачальнага С.м. і аднаўляе першапачатковую намагнічанасць. Неабарачальнае С.м. звязана са структурным старэннем рэчыва — зменай крышт. структуры, дысперснасці фаз і інш. элементаў структуры ў выніку дыфузіі, распаду цвёрдага раствору, упарадкавання і інш. Для павышэння магн. стабільнасці вырабаў праводзяць штучнае старэнне. Напр., для стабілізацыі крышт. структуры вырабы вытрымліваюць пры павышанай т-ры; для стабілізацыі даменнай структуры пастаянных магнітаў іх часткова размагнічваюць пераменным полем з амплітудай, якая спадае да нуля. Звычайна выкарыстоўваюць той від уздзеяння, якому выраб павінен процістаяць у працэсе эксплуатацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУ́РА (ад лац. structura будова, размяшчэнне),
сукупнасць устойлівых сувязей аб’екта, якія забяспечваюць яго цэласнасць пры знешніх і ўнутр. зменах. Уяўляе сабой спосаб узаемадзеяння элементаў сістэмнага ўтварэння, пры якім унутр. сувязі больш моцныя, чым знешнія, што абумоўлівае захоўванне якасных характарыстык сістэмы. У значнай ступені ўплывае на элементы сістэмы; часам адзін і той жа элементны састаў дзякуючы С. можа ўтвараць розныя сістэмы (напр., з’явы ізамерыі ў хіміі). Першапачаткова тэрмін «С.» ўжываўся ў навуцы для абазначэння формы. У 19 ст. ў сувязі з узнікненнем хімічнай будовы тэорыі, паняцце С. стала разглядацца як спосаб арганізацыі элементаў сістэмнага ўтварэння. З 20 ст. аналіз структурных адносін і сувязей займае значнае месца ў даследаваннях мовы, культуры, псіхалогіі, грамадства і інш. (гл.Гештальтпсіхалогія, Структуралізм, Структурна-функцыянальны аналіз). Паняцце С. цесна звязана з катэгорыямі агульнай тэорыі сістэм (сістэма, элемент, цэласнасць, арганізацыя) і кібернетыкі (функцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРКМАНЧА́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1828,
мірны дагавор паміж Расіяй і Персіяй (Іранам), які завяршыў рус.-іранскую вайну 1826—28. Падпісаны 22 лют. ў в. Туркманчай каля г. Тэбрыз (Персія) з боку Расіі яе намеснікам на Каўказе ген. І.Ф.Паскевічам, з боку Персіі — наследным прынцам Абас-Мірзой. У выпрацоўцы ўмоў удзельнічаў А.С.Грыбаедаў. Паводле дагавора да Расіі далучалася Усх. Арменія (Эрыванскае і Нахічэванскае ханствы), Персія гарантавала армянам у сваіх уладаннях права бесперашкоднага перасялення ў Расію, выплачвала Расіі 20 млн.руб. серабром, пацвярджала ўмовы Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 аб выключным праве Расіі мець ваен. флот на Каспійскім м. і свабодзе гандлю паміж дзвюма краінамі. Т.д. 1828 заклаў асновы рус.-перс. адносін да 1917, паспрыяў захаванню і кансалідацыі арм. народа на той частцы яго этн. тэрыторыі, дзе ў 20 ст. сфарміравалася сучасная дзяржава Арменія.
Заключэнне Туркманчайскага дагавора 1828. З карціны Я.Сухадольскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЛПМЕН (Helpmann) Роберт (9.4.1909, Маўнт-Гамбір, Аўстралія — 1986),
англійскі і аўстралійскі артыст балета, балетмайстар, акцёр. Вучыўся ў трупе Г.Паўлавай у Л.Новікава (1926; падчас гастроляў), з 1932 у школе Н. дэ Валуа ў Англіі. У 1934—50 вядучы танцоўшчык трупы «Вік-Уэлс бале» (з 1942 «Седлерс-Уэлс бале») у Вялікабрытаніі. У 1965—75 адзін з маст. кіраўнікоў Аўстрал. балета. Выканаўца вядучых партый у пастаноўках, якія вызначылі фарміраванне англ. балета: паэт і прынц Цемры («Прывіды» і «Дантэ-Саната» на муз. Ф.Ліста), Жаніх («Вясельны букет» Л.Бернерса), Дон Жуан («Дон Жуан» на муз. Р.Штрауса) і інш.; а таксама ў пастаўленых ім балетах. З 1930-х г. выступаў як драм. акцёр: Гамлет, Петручыо («Гамлет», «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Клоун («Той, хто атрымлівае аплявухі» Л.Андрэева) і інш. Здымаўся ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫ́НКУ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць цынк у ступені акіслення +2. Найб. шырока выкарыстоўваюць цынку аксід, а таксама сульфат ZnSO4, сульфід ZnS і хларыд ZnCl2.
Цынку сульфат — бясколерныя крышталі, раствараецца ў вадзе. З раствораў крышталізуецца гептагідрат ZnSO4∙7H2O — цынкавы купарвас (у прыродзе мінерал гасларыт). Атрымліваюць узаемадзеяннем цынку або яго аксіду з сернай к-той. Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскозы, як мікраўгнаенне, кампанент электраліту пры атрыманні цынку электролізам і цынкаваннем, пратраву пры фарбаванні тканін, адбельвальнік паперы і інш.Цынку сульфід — бясколерныя крышталі; не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў мінер. к-тах. У прыродзе мінералы сфалерыт і вюрцыт. Выкарыстоўваюць сінт. ZnS як люмінафор для экранаў электронна-прамянёвых і рэнтгенаўскіх трубак, кампанент літапону, паўправадніковы матэрыял. Цынку хларыд — бясколерныя, вельмі гіграскапічныя крышталі, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць як антысептык для драўніны, кампанент травільных раствораў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРГАВА́ННЕ ГУ́КАЎ, альтэрнацыя,
заканамерная замена гукаў мовы ў межах адной і той жа марфемы ў розных словах або словаформах.
Адрозніваюць Ч.г. гіст. і пазіцыйнае (фанет.). Гіст. абумоўлена гукавымі працэсамі, якія адбываліся ў стараж. перыяд і ў сучаснай бел. мове не існуюць: «б — бл» («любіць — люблю»), «п — пл» («сыпаць — сыплю»), «в — ўл» («славіць — слаўлю»), «ф — фл» («графіць — графлю») і інш. Пры пазіцыйным чаргаванні змена гукаў у слове абумоўлена фанет. законамі сучаснай мовы. Найб. частыя пазіцыйныя Ч.г. у бел. мове — «о, е — а» («дом — дамы», «сем — с’амі»), «у — ў» («ён узяў — яна ўзяла»), «і — ы» («ісці — адысці»), звонкія і глухія («сады — сат»), цвёрдыя і мяккія («рука — рук’і»), свісцячыя і шыпячыя («груз’іц’ — грушчык») зычныя.
Літ.:
Юргелевіч П.Я. Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ЎКА З ПАВІ́ННАЙ,
добраахвотны асабісты зварот (яўка) асобы, якая ўчыніла злачынства, з заявай аб ім у органы, што вядуць дазнанне, у пракуратуру, суд з намерам аддаць сябе ў рукі правасуддзя. У крымінальна-працэсуальным праве Рэспублікі Беларусь Я. з п. — адна з падстаў да ўзбуджэння супраць яе крымін. справы. У выпадку, калі той, хто прыйшоў з павіннай, паведамляе пра ўчыненне злачынства разам з інш. асобамі, ён папярэджваецца аб крымін. адказнасці за свядома лжывы данос. Заява аб павіннай можа быць пісьмовай і вуснай. Яна перадаецца органу дазнання, следчаму, пракурору або ў суд, аб чым складаецца адпаведны пратакол, у якім падрабязна выкладаецца: дзе і калі, пры якіх абставінах учынена злачынства, якімі данымі яно пацвярджаецца, матывы, што схілілі асобу прыйсці з заявай. Паводле крымін. права Рэспублікі Беларусь, Я. з п. з’яўляецца акалічнасцю, якая змякчае адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СІНЫдвух лікаў,
дзель аднаго ліку на другі. Адносіны дзвюх аднародных велічынь наз. лік, які атрымліваецца ў выніку вымярэння першай велічыні, калі другая прынята за адзінку. Калі 2 велічыні вымераны з дапамогай адной і той жа адзінкі, то іх адносіны роўныя адносінам лікаў, якія іх вымяраюць. Адносіны даўжынь 2 адрэзкаў выражаюцца рацыянальным (сувымерныя адрэзкі) або ірацыянальным (несувымерныя адрэзкі) лікам. Паводле Эўкліда, 4 адрэзкі a, b, a′, b′ утвараюць прапорцыю a : b = a′ : b′, калі для адвольных натуральных лікаў m і n выконваецца адна з суадносін ma = nb, ma > nb, ma < nb адначасова з адпаведнымі суадносінамі ma′ = nb′, ma′ > nb′, ma′ < nb′. У выпадку несувымернасці a і b — разбіўка ўсіх рацыянальных лікаў x = m/n на 2 класы па прыкмеце а > xb або а < xb супадае з разбіўкай па прыкмеце a′ > xb′ або a′ < xb′, што адпавядае сутнасці ідэі сучаснай тэорыі дэдэкінда сячэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАХВО́СЦІК Валянцін Сяргеевіч (н. 6.9.1934, в. Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1994). Скончыў студыю Бел.т-ра імя Я.Купалы (1958), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1965). З 1958 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Яго мастацтва адметнае напоўненасцю і каларытнасцю вобразаў пры лаканізме вонкавых выразных сродкаў. Сярод роляў: Сымон («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Зуеў («Апошні шанц» В.Быкава), Каравай («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Дугін («Радавыя» А.Дударава), Бялугін («Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага), Урыя Шэлі («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта). Здымаецца ў кіно: «Рудабельская рэспубліка», «На ростанях», «Воўчая зграя», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена» і інш. Удзельнічае ў тэлевізійных («Па шчасце, па сонца» паводле твораў Я.Купалы і інш.) і радыёпастаноўках (за ролі ў спектаклях «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа Дзярж. прэмія Беларусі 1989).