род кветкавых раслін сям. касачовых. 7 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны садовы гібрыд К. звычайная (C. crocosmiiflora) у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Мае шмат сартоў (напр., Везувій, Ледзі Аксфорд).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 60—100 см. Сцябло прамое, разгалінаванае. Лісце мечападобнае, у густых пучках. Кветкі аранжава-чырванаватыя, дыяметрам 3—5 см у верхавінкавым мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКІ ЧАЙ (Pentaphylloides),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі інтрадукаваны К.ч.: драбналісты (P. parvifolia), куставы (P. fruticosa), маньчжурскі (P. mandshurica), Фрыдрыхсена (P. friedrichsenii).
Лістападныя кусты выш. да 1,5 м. Лісце перыстае, жаўтавата-зялёнае. Кветкі адзіночныя або ў суквецці, белыя, жоўтыя дыяметрам да 3 см. Плод — апушаны шматарэшак. Лісце ўжываецца для прыгатавання чайнага напітку. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРАВІ́ШНЯ (Laurocerasus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Амерыкі. Культывуецца Л. лекавая (L. officinalis).
Вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце цэльнае, часцей скурыстае. Кветкі белыя, дробныя, духмяныя, у вузкіх гронках. Плод — сакаўная касцянка, у некат. відаў — ядомая. Насенне ядавітае (мае сінільную к-ту). Драўніна выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўчай прам-сці. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПТАМАНА́ДЫ (Leptomonas або Herpetomonas),
род прасцейшых сям. трыпанасамід кл. жгуціканосцаў. Больш за 10 відаў. Паразіты жывёл і раслін. У жывёл паразітуюць у кішэчніку насякомых, чарвей, паўзуноў, крыві рыб, птушак, млекакормячых; у раслін — у млечным соку (малачаевыя, складанакветныя і інш.), вакуолях клетак, выклікаюць захворванне кафейнага дрэва — некроз флаэмы. Пераносчыкі — клапы.
Даўж. 15—30 мкм. Цела тонкае, верацёнападобнае. Жгуцік служыць для перамяшчэння і прымацавання да эпітэлію кішэчніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЦМАН (Naucrates ductor),
рыба сям. стаўрыдавых. Пашыраны ў адкрытых трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў. Невял. групамі звычайна трымаецца каля акул, дэльфінаў, чарапах і інш.; робіць з імі далёкія міграцыі.
Даўж. да 70 см, звычайна каля 30 см. Афарбоўка сінявата-белая з 5—7 цёмна-сінімі шырокімі папярочнымі палосамі. Луска дробная, цыклоідная. На хваставым сцябле скурыстыя кілі. Кормяцца дробнай рыбай, ракападобнымі, магчыма, рэшткамі корму «гаспадароў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХАЙРО́ДЫ (Machairodus ад грэч. machaira кароткі крывы меч + odus зуб),
шаблязубыя тыгры, род вымерлых жывёл сям. кашэчых. Вядомы з міяцэнавых і пліяцэнавых адкладаў. Былі пашыраны ў паўд.ч. Еўропы, Азіі, Афрыцы. Блізкія роды (Smilodon і інш.) жылі ў Паўн. Амерыцы.
Большыя за сучасных тыграў. Мелі вял. (даўж. да 14 см) шаблепадобныя верхнія іклы з рэжучымі зазубленымі краямі, якімі забівалі буйных таўстаскурых жывёл (мастадонтаў, насарогаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯТЛІ́ЧКА (Apera),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від — М. палявая (A. spicaventi). Трапляецца на вільготных пясках, каля дарог, у пасевах збожжавых культур.
М. палявая — аднагадовая травяністая расліна выш. да 1 м. Сцёблы круглыя, голыя, прамыя або каленчата-ўзыходныя. Лісце лінейна-ніткападобнае, шурпатае. Дробныя аднакветныя каласкі сабраны ў буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — зярняўка. Шкоднае пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙСЕ́РЫІ (Neisseria),
род бактэрый сям. нейсерыевых. Высокаадаптаваныя паразіты (гінуць па-за арганізмам), жывуць у верхніх дыхальных шляхах млекакормячых жывёл і чалавека. Выключэнне — патагенныя віды: ганакок (N. gonorrhoeae), узбуджальнік ганарэі, размнажаецца ў мочапалавым тракце, і менінгакок (N. meningitidis), выклікае эпідэмічны цэрэбраспінальны менінгіт.
Клеткі дыяметрам 0,5—1 мкм у форме боба ці кававага зерня, размешчаныя парамі. Грамадмоўныя. Аэробы ці факультатыўныя анаэробы. Ёсць сапрафітныя віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТЭЛО́ПСІС (Nitellopsis),
род харавых водарасцей сям. харавых. 3 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на ілістым дне глыбокіх вадаёмаў трапляецца Н. прытуплены (N. obtusa).
Талом з ніткападобных парасткаў, членіста-кальчаковай будовы выш. да 1 м, падзелены на вузлы і міжвузеллі, прымацоўваецца да грунту рызоідамі. Міжвузеллі ўтвораны адной шмат’ядзернай клеткай даўж. 0,2—20 см, якая не здольна да дзялення. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́КЛЕУСу пчалярстве,
невялікая пчаліная сям ’я, якую фарміруюць для ўтрымання маладой няплоднай маткі да яе спароўвання з трутнем і часовага захоўвання запасной плоднай маткі. Складаецца з маладых нялётных пчол ад моцнай сям’і, расплоду пчол і падсаджанай няплоднай маткі або яе спелай кукалкі (з пачаткам адкладання яец іх замяняюць на новых) ці запасной плоднай маткі. Пазней Н. аб’ядноўваюць у новыя сем’і ці падсільваюць імі слабыя сем’і.