АМБІВАЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. ambo абодва + valentia сіла),
дваістасць успрымання і перажывання, калі адзін і той жа аб’ект выклікае ў чалавека процілеглыя пачуцці і ацэнкі (задавальненне і незадаволенасць, сцвярджэнне і адмаўленне). Тэрмін «амбівалентнасць» увёў у 1930 швейц. псіхіятр Э.Блейлер для вызначэння супярэчлівага псіх. стану. Рас.літ.-знавец М.Бахцін надаў яму значэнне эстэт. паняцця. Амбівалентнасць выявілася ў нар. і неафіц. культуры эпохі сярэднявечча і Адраджэння, у фальклоры, нар. мастацтве. Амбівалентныя вобразы, сюжэты і матывы характэрны для бел. і інш. архаічнай міфалогіі, сінкрэтычнай творчасці з нявыяўленай дыферэнцыяцыяй эстэт. катэгорый-апазіцый (прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага). Амбівалентныя гратэск і сімволіка ёсць у творчасці Ф.Рабле, М.Сервантэса, М.Гогаля, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы. У класічным мастацтве і бел.нац. фальклоры амбівалентнасць выкарыстоўваецца як дасціпны і шматзначны маст. сродак, спалучэнне прыкмет эпічнага героя і камічнага дублёра ў чарадзейных казках і легендах, нар. тэатры, прыказках і прымаўках, літ.-маст. травестацыях і пародыях (польска-бел. камедыі, інтэрмедыі 17—18 ст., ананімныя творы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). У сучасным мастацтве праяўляецца ў сатыр. жанрах (у творах А.Макаёнка, ананімнай паэме «Сказ пра Лысую гару»), цыркавой клаунадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗААБМЕ́Ну фізіялогіі,
працэс пастаяннага абмену газаў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем пры дыханні, фотасінтэзе і інш. Заключаецца ў паглынанні арганізмам кіслароду (O2) і выдзяленні вуглякіслага газу (CO2) — канчатковага прадукту акісляльнага метабалізму. Біял. роля газаабмену вызначаецца яго непасрэдным удзелам у абмене рэчываў, пераўтварэнні хім. энергіі засваяльных пажыўных прадуктаў у энергію, неабходную для жыццядзейнасці арганізма. Газаабмен адлюстроўвае інтэнсіўнасць працэсаў акіслення біялагічнага ва ўсіх органах і тканках. У раслін газаабмен адбываецца праз вусцейкі ліста; у чалавека і высокаарганізаваных жывёл — праз сістэмы органаў дыхання і кровазвароту і скуру, у прасцейшых — шляхам дыфузіі газаў праз паверхню цела. Патрэба ў газаабмене тым большая, чым вышэй арганізаваны жывы арганізм.
Газаабмен у чалавека і жывёл вызначаюць спец. прыладамі, з дапамогай якіх разлічваюць энергазатраты арганізма (непрамая каларыметрыя). Узровень газаабмену залежыць ад стану арганізма, умоў знешняга асяроддзя, інтэнсіўнасці мышачнай дзейнасці і інш. Рэгуляцыя газаабмену ідзе на ўсіх этапах транспарту газаў за кошт біяхім., біяфіз., нервовых і гумаральных уплываў. Газаабмен вывучаюць для ацэнкі дынамікі захворванняў і эфектыўнасці іх лячэння, у с.-г. жывёл — для распрацоўкі навукова абгрунтаваных нарматываў кармлення і ўтрымання.
Літ.:
Уэст Дж. Физиология дыхания: Основы: Пер. с англ.М., 1988;
Физиология дыхания. Л., 1991 (Руководство по физиологии).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЗЕНТЭРЫ́Я (ад дыз... + грэч. enteron кішка),
крываўка, эпідэмічная хвароба з групы кішачных. Узбуджальнік Д. ў чалавека — дызентэрыйныя бактэрыі (самы пашыраны від Флекснера і Зоне). Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бактэрыяносьбіты. Пашырэнню Д. спрыяюць мухі, парушэнне асабістай гігіены і сан.стану ўстаноў водазабеспячэння і харч. прадпрыемстваў. З харч. прадуктамі і вадой бактэрыі трапляюць у страўнікава-кішачны тракт і выклікаюць спецыфічнае запаленне язваў на слізістай абалонцы тоўстага кішэчніка.
Інкубацыйны перыяд 2—3, часцей 3—7 дзён. Вострая Д. пачынаецца з павышэння т-ры (37—38 °C), агульнай млявасці, дрэннага апетыту, схваткападобнага болю ў ніжняй ч. жывата, вадкага (з крывёю і сліззю) і частага (5—10 разоў у суткі) надворку. У апошні час амаль у 80% хворых Д. бывае са слабымі клінічнымі прыкметамі. Цяжкая форма вострай Д.: высокая ліхаманка, ці гіпатэрмія, часты (30—40 разоў у суткі) надворак і інш. — трапляецца рэдка. Хранічная Д. перыядычна абвастраецца. Лячэнне: шпіталізацыя, лячэбнае харчаванне, антыбіётыкі, аральная дэгідратацыя салявымі растворамі.
Сярод с.-т. жывёл на Д. хварэюць ягняты і парасяты. Заражэнне адбываецца праз корм, пітную ваду і подсціл, забруджаныя выдзяленнямі хворых жывёл і бактэрыяносьбітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАРЭ́ННЕ,
працэс пераходу рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны (пару). Адрозніваюць выпарэнне фізічнае (з паверхні вады, снегу, лёду, глебы) і выпарэнне біялагічнае — транспірацыю. Пад выпарэннем разумеюць параўтварэнне на свабоднай паверхні вадкасці ў выніку цеплавога руху яе малекул пры т-ры, ніжэйшай за т-ру кіпення. Велічыня выпарэння вымяраецца ў выпаральніках (у міліметрах таўшчыні слоя выпаранай вады з вызначанай плошчы).
У замкнёнай сістэме пры пастаяннай т-ры з часам устанаўліваецца раўнаважны ціск (ціск насычанай пары), які адпавядае роўнасці патокаў малекул, якія выпарваюцца і вяртаюцца ў вадкасць з пары (кандэнсацыя). Ціск насычанай пары вызначаецца толькі т-рай і павялічваецца з яе павышэннем. Калі ціск насычанай пары становіцца роўны знешняму ціску, выпарэнне пераходзіць у кіпенне. Выпарэнне цвёрдых цел наз.сублімацыяй або ўзгонкай. Выкарыстоўваюць у прам-сці пры ачыстцы рэчываў, сушцы матэрыялаў, раздзяленні вадкіх сумесей, кандыцыяніраванні паветра; у абаротных сістэмах водазабеспячэння прадпрыемстваў (выпарнае ахаладжэнне вады). Гл. таксама Выпарванне.
Выпарэнне — адзіная форма перадачы вады з паверхні Зямлі ў атмасферу; забяспечвае кругаварот вады на Зямлі. На тэр. Беларусі сярэднегадавое выпарэнне з паверхні глебы 475—575 мм, з воднай паверхні за бязлёдастаўны перыяд 520—700 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЗААЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1980 у Мінску на базе Аддзела заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі (у 1932—58 Аддзел фауны Ін-та біялогіі). Лабараторыі (1998): экалогіі наземных пазваночных жывёл, арніталогіі, энтамалогіі, іхтыялогіі, водных беспазваночных жывёл, гідраэкалогіі, паразіталогіі. Аспірантура (з 1958), дактарантура па спецыяльнасцях «заалогія» і «гідрабіялогія» (з 1994).
Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне механізмаў фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах нарастання антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў вядзення экалагічнага маніторынгу; навук. абгрунтаванне развіцця і расшырэння сеткі ахоўных прыродных тэр.; вядзенне Чырв. кнігі рэдкіх і знікаючых відаў жывёл. Вынікі даследаванняў: распрацаваны метадычныя асновы, прынцыпы складання і прагноз стану і дынамікі жывёльнага свету, канцэпцыя для планавання рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў найб. значных відаў і груп паляўнічай фауны, рыбных запасаў вял. азёр Беларусі і ахове рэдкіх і знікаючых відаў рыб, рэканструкцыя фауны і акліматызацыя гідрабіёнтаў у падагрэтых водах энергет. аб’ектаў, меры па барацьбе з узбуджальнікамі паразітозаў і пераносчыкамі каранцінных і асабліва небяспечных захворванняў на тэр. Беларусі. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.Е.Макушок, чл.-кар. І.М.Сяржанін; працуюць акад.Нац.АН Беларусі і Рас.АН Л.М.Сушчэня, чл.-кар. М.М.Пікулік (дырэктар), 7 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ ГРАМА́ДСТВА,
адно з вызначэнняў сучаснага стану грамадства ў індустр. развітых краінах, якое звязана з якасна новым узроўнем вытв-сці, перапрацоўкі і распаўсюджання інфармацыі. Тэорыя І.г. ўзнікла ў 1970-я г., калі новая тэхнал. рэвалюцыя, усеагульная камп’ютэрызацыя і інфарматызацыя грамадства прывялі да глабальных змен у навук., тэхн., сац., духоўнай і інш. сферах яго жыццядзейнасці, паглыблення творчага, інтэлектуальнага пачатку ў матывацыі прац. дзейнасці, вытв-сці матэрыяльных і культ. каштоўнасцей. Такое грамадства ў розных тэарэт. канцэпцыях (Д.Бел, З.Бжазінскі, А.Тофлер, А.Кінг, Дж.Нейсбіт) разглядаецца як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства або як якасна новая ступень у развіцці грамадскага прагрэсу, якая прыходзіць на змену постіндустрыялізму. Асн. рысы І.г.: камп’ютэрызацыя, шырокае развіццё інфарм. тэхналогій і інфраструктур, у т. л. сродкаў масавай камунікацыі, інтэлектуалізацыя чалавечай дзейнасці; дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя; паглыбленне працэсаў інтэрнацыяналізацыі і фарміраванне наднац. эканам., сацыякульт. і паліт. структур. Паказчыкамі сац. і паліт. ўзроўню І.г. з’яўляюцца таксама ўсебаковая інфармаванасць насельніцтва, бесперашкодная работа ўсіх службаў і сродкаў масавай інфармацыі, неабмежаваны доступ карыстальнікаў інфармацыі да банкаў даных, свабодны абмен інфармацыяй, хуткае прымяненне і ажыццяўленне на гэтай аснове практычных рашэнняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́СЦІНА,
адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Адрозніваюць І. абсалютную і адносную. Абсалютная — поўныя (вычарпальныя) веды пра вывучаемы прадмет, якія не могуць быць абвергнуты наступным развіццём пазнання;адносная — няпоўныя (абмежаваныя аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі абставінамі) веды пра той жа прадмет. Гэтыя І. дыялектычна ўзаемазвязаны; абсалютная складаецца з адносных, у кожнай адноснай змяшчаецца «часцінка» абсалютнай І. Практыка пераконвае, што чалавецтва не ў стане пазнаць абсалютную І., але пастаянна набліжаецца да яе, да раскрыцця сутнасці быцця. Такім чынам, І. — дыялект. працэс, што ідзе ў кірунку ўсё большай паўнаты адлюстравання аб’екта і пераадольвае на сваім шляху памылковыя погляды. Найважнейшая праблема — адмежаванне І. ад памылак, пошук крытэрыя І. Яе імкнуліся знайсці ант. філосафы, не знайшоўшы такога рашэння, яны схіляліся да агнастыцызму і скептыцызму. Аб’ектыўныя ідэалісты разглядалі І. як вечныя, абсалютныя ўласцівасці ідэальных аб’ектаў (Платон), як божае адкрыццё (Аўгусцін). Суб’ектыўныя ідэалісты разумеюць І. як згоду мыслення з яго апрыёрнымі формамі (І.Кант), як найб. простую ўзгодненасць адчуванняў (Э.Мах, Р.Авенарыус), форму псіхал.стану асобы (экзістэнцыялісты) і г.д.Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з аб’ектыўнасці зместу І., прызнае ў якасці гал. крытэрыя І. сац.-гіст. практыку людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́КІ,
від японскага класічнага тэатра. Уключае музыку, танцы, драму. Узнік у 16 ст. на аснове нар.т-ра і нар. танца. Першапачаткова трупы складаліся пераважна з жанчын (она-К.), пасля іх забароны (1629) — з хлопчыкаў-падлеткаў (вакасю-К.), з 1651 — выключна з мужчын (яра-К.), якія выконвалі і жаночыя ролі (анагата). Гісторыя драматургіі К. звязана з развіццём гутарковай драмы (нёгэн), якой папярэднічаў нар. вулічны фарс 14—15 ст. Ігра акцёраў будавалася на аснове пераймання рэчаіснасці (манамантэ) і перадачы ўнутр. свету, стану чалавека. Гал. жанры К. — пачуццёвая меладрама і быт. драма. Росквіт К. пачынаецца з канца 17 ст.
Завершаную форму набыў у 2-й пал. 18 ст., калі ў рэпертуар увайшлі п’есы т-ра марыянетак, пантаміма, склаліся дакладна вызначаныя тэхніка ігры акцёраў (ката), амплуа (герой, нягоднік, дзяўчына, хлопец і інш.), сістэма дэкарацый і абсталявання сцэны, акцёрскія дынастыі. З 1870-х г. К. рэфармаваўся, часткова набыў еўрап. рысы. У 1980-я г. пачалося абнаўленне т-ра і яго новы ўздым. У сучасным К. захаваліся асаблівая ўмоўная манера выканання, кананічныя позы, грым, дэкарацыі і інш.
Сцэны тэатра кабукі. З дрэварытаў Кацукавы Шаунша і Утагавы Кунісады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
інстытут духоўнай адукацыі ў ламаізме. Існавалі пераважна пры манастырах, радзей у форме індывідуальнага навучання. Рыхтавалі ламаў. Да паступлення ў манастыр навучанне грамаце, пач. культавым абрадам і малітвам вялося ламай у сям’і. З 6-гадовага ўзросту хлопчыка аддавалі ў манастыр паслушнікам, потым ён займаўся ў пач.рэліг. школе, дзе ўдасканальваўся ў пісьме і веданні культу, вывучаў паэтыку, стылістыку, сінаніміку і кампазіцыю тэксту, астралогію, асновы харэаграфіі і драмы (т. зв. «5 малых прадметаў»). Навучэнцаў знаёмілі таксама з «5 вялікімі прадметамі» (мовазнаўства, логіка, медыцына, філасофія, тэхналогія). Здольных вучняў у 15—20-гадовым узросце размяркоўвалі ў манастырскія (дацанскія) школы, якія падзяляліся на 3 класы: ніжэйшы і сярэдні па 5 гадоў навучання, старэйшы — 4. У дацанскіх школах выкладалася т. зв. «ўнутраная навука» — рэліг.-філас. сістэма будызму. Яе выпускнікі набывалі сярэднюю ступень адукацыі ламы і маглі паступаць у вышэйшую рэліг.-філас. школу (7 гадоў навучання). Заканчэнне яе давала права паступаць на багаслоўскія або філас. ф-ты пры буйнейшых манастырах, дзе 10—15 гадоў вучылі навук. і містычную філасофію, аддаючыся медытацыі для «дасягнення стану Буды». Выпускнікі ва ўзросце 50—60 гадоў атрымлівалі вышэйшыя вучоныя ступені. У 20 ст. шэраг Л.ш. існуе ў Тыбеце і інш. рэгіёнах пашырэння ламаізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад позналац. condensatio ушчыльненне, згушчэнне),
пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі або крышталічны. Адбываецца пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу, і адносіцца да фазавых пераходаў першага роду.
Пры К. ў інтэрвале т-р ад крытычнай да т-ры трайнога пункта рэчыва пераходзіць у вадкі стан (адваротны працэс — выпарэнне або кіпенне), пры больш нізкіх т-рах — у крышталічны (адваротны працэс — сублімацыя). Суправаджаецца вылучэннем цеплаты параўтварэння або сублімацыі (узгонкі). Для раўнаважнай К. неабходна прысутнасць кандэнсаванай фазы (вадкасць, крышталі) або т.зв. цэнтраў К. (напр., пылінкі). На нязмочвальных паверхнях вадкая фаза выпадае ў выглядзе кропель (кропельная К.), на поўнасцю змочвальных — у выглядзе плёнак (плёначная К.). Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (цеплаабменныя апараты), у хім. тэхналогіі для раздзялення шматкампанентных газавых сумесей на фракцыі (фракцыйная К.), у апрасняльных устаноўках, халадзільнай і крыягеннай тэхніцы.
К. вадзяной пары ў атмасферы, працэс пераходу вадзяной пары, якая знаходзіцца ў паветры, у вадкі або цвёрды стан з утварэннем кропель і крышталёў воблакаў і туманаў, а таксама з вылучэннем вады і лёду на наземных прадметах. Адбываецца на ядрах кандэнсацыі пры ахаладжэнні паветра да пункта расы, у выніку яго цеплаабмену з зямной паверхняй.