1) дапаможныя сплавы, якія выкарыстоўваюцца для ўвядзення легіруючых элементаў у вадкі метал (гл.Легіраванне).
Засваенне легіруючага элемента з Л. больш высокае і ўстойлівае, чым пры ўвядзенні яго ў чыстым выглядзе. Л. атрымліваюць сплаўленнем кампанентаў, што ўваходзяць у яе састаў, або ўзнаўленнем іх з руд, канцэнтратаў ці аксідаў. У якасці Л. выкарыстоўваюць медзь, ртуць (гл.Амальгама) і інш. Л. наз. таксама металы, якія ўводзяцца ў высакародныя металы для надання цвёрдасці, зніжэння іх кошту і інш. Колькасць Л. ў сплаве вызначаецца пробай. Для манет рэкамендуецца Л., найб. устойлівая да зношвальнасці. Напр., да золата і серабра дабаўляюць медзь; аптымальныя суадносіны для золата 9:1 (900-я проба), для серабра 5:1 (833-я проба).
2) У паліграфіі 2 злучаныя паміж сабой (злітыя) літары на адной ножцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧНІ́К, светач, дзед,
у беларусаў стараж. прыстасаванне для асвятлення хаты з дапамогай лучыны ці смалістых корчыкаў. Былі стацыянарныя і пераносныя (рухомыя). Стацыянарны Л. меў дымаход, верхняя частка якога выходзіла на дах, і гарызантальна падвешаную пад ім жал. рашотку, дзе палілі смалістыя корчыкі. Сярод рухомых вылучаліся звычайныя і падвесныя Л. Звычайны ўяўляў сабой драўляную стойку, на верхнім канцы якой замацоўваўся клямар для лучыны, з суцэльнай асновай з выемкай для вады ці крыжападобнай, тады побач ставілі пасудзіну з вадой. Падвесны Л. — кароткі кій з клямарам для лучыны на адным канцы і з крукам для падвешвання на другім. Л. з дымаходам быў пашыраны ў цэнтр. Беларусі і на Палессі. Месцамі ўжываўся да 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ КРЫШТА́ЛІ,
крышталі, утвораныя з малекул, звязаных паміж сабой слабымі Ван-дэр-Ваальса сіламі або вадароднай сувяззю. Унутры малекул сувязь паміж атамамі больш моцная, звычайна кавалентная, таму фазавыя ператварэнні М.к. (плаўленне, узгонка, паліморфныя пераходы) адбываюцца без разбурэння асобных малекул.
Большасць М.к. — крышталі арган. злучэнняў (нафталін і інш.); М.к. ўтвараюць некаторыя простыя рэчывы (H2, галагены, N2,O2, S8), бінарныя злучэнні тыпу CO2, металаарган. злучэнні, некаторыя комплексныя злучэнні. Да М.к. адносяцца крышталі многіх палімераў, у т. л. бялкоў і нуклеінавых кіслот. Для М.к. характэрны нізкія т-ры плаўлення (ад -150 да -350 350 °C), вялікія каэф. цеплавога расшырэння, вял. сціскальнасць, малая цвёрдасць. Большасць М.к. пры звычайнай т-ры — дыэлектрыкі, некаторыя М.к. (напр., арган. фарбавальнікі) — паўправаднікі. Гл. таксама Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.
Літ.:
Китайгородский А.И. Молекулярные кристаллы. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ПАТ, Публій Карнелій Непат
[Publius Cornelius Nepos; каля 109 да н.э., г. Павія, Італія — каля 27 да н.э.],
старажытнарымскі гісторык і паэт. Сябар Катула і Цыцэрона. Аўтар «Хронікі» ў 3 кн. (захавалася ў фрагментах), у якой апісаў найважнейшыя падзеі ў гісторыі Грэцыі ў сувязі з гісторыяй Рыма (увёў новую храналогію, у якасці вызначальнай прыняў дату заснавання Рыма). Праца «Прыклады» (не захавалася) уяўляла сабой зборнік гіст. анекдотаў і апавяданняў пра выдатныя мясціны. Гал. праца Н. — «Пра знакамітых людзей» у 16 кн. (захаваліся 22 біяграфіі з раздзелам «Пра знакамітых іншаземных палкаводцаў» і біяграфіі Катона Старэйшага і Атыка з раздзелам «Пра рымскіх гісторыкаў»). Аўтар эратычных вершаў (паводле сведчання Плінія Малодшага); захаваліся звесткі, што Н. быў таксама выдаўцом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫЯ,
вагальны рух восі ўласнага вярчэння цела, які адбываецца адначасова з прэцэсіяй і пры якім змяняецца вугал паміж воссю ўласнага вярчэння цела і воссю, вакол якой адбываецца прэцэсія, (вугал нутацыі Θ; гл.Эйлеравы вуглы).
У гіраскопа (ваўчка), што рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару , Н. ўяўляе сабой ваганні восі гіраскопа, амплітуда і перыяд якіх тым меншыя. чым большая вуглавая скорасць яго ўласнага вярчэння Ω. Частата Н. пры вялікіх Ω можа быць такая вялікая. што нутацыйныя ваганні восі ваўчка будуць успрымацца на слых (гудзенне). Пры наяўнасці супраціўлення (трэння) нутацыйныя ваганні дастаткова хутка затухаюць, пасля чаго ў гіраскопа застаецца толькі прэцэсійны рух.
У астраноміі Н. — абумоўленыя прыцягненнем Сонца і Месяца невялікія ваганні зямной восі, якія накладваюцца на яе прэцэсійны рух. Адкрыў у 1737 англ. астраном Дж.Брадлей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІАМІ́ДЫ,
палімеры, якія маюць у асн. ланцугу макрамалекулы амідныя групы —C(O)—NH—. Паводле хім. будовы П. з’яўляюцца бялкі і пептыды, але структурай і ўласцівасцямі яны істотна адрозніваюцца ад сінт. П., таму вылучаны ў асобныя класы злучэнняў.
Найб. пашыраны аліфатычныя П. з агульнай ф-лай [—HNRNHOCR′CO—]n і [—HNRCO—]n, дзе R, R′ — алкіл (напр., полікапраамід, полігексаметыленадыпінамід), мал.м. (1—3)∙104. Тэрмапластычныя палімеры. Бясколерныя крышт. або шклопадобныя рэчывы, tпл 180—300 °C (макрамалекулы ў П. злучаны паміж сабойвадароднымі сувязямі). Раствараюцца ў моцнапалярных растваральніках (напр., канцэнтраванай сернай кіслаце). Характарызуюцца высокай зноса- і цеплаўстойлівасцю, нізкім каэф. трэння, добрымі электраізаляцыйнымі і трываласнымі ўласцівасцямі. Атрымліваюць полікандэнсацыяй дыкарбонавых кіслот (ці іх эфіраў) з дыамінамі, полімерызацыяй лактамаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці валокнаў (гл.Поліамідныя валокны), плёнак, канстр., быт. і інш. вырабаў, як аснову кляёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІПЕПТЫ́ДЫ,
арганічныя злучэнні, якія маюць астаткі амінакіслот (ад 6—10 да некалькіх дзесяткаў). Умоўная мяжа паміж П. і бялкамі знаходзіцца ў вобласці малекулярнай масы 6000 (ніжэй за яе — П., вышэй — бялкі). Бялкі сінтэзуюцца на рыбасомах у выглядзе поліпептыдных ланцугоў і маюць адзін або некалькі такіх ланцугоў, кожны з якіх сінтэзуецца асобна, а потым злучаюцца паміж сабой (напр., гемаглабін). У арганізме П. ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў (аўтоліз тканак, страваванне і інш.) і пры біясінтэзе з амінакіслот. Простыя П. — крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, па фіз. і хім. уласцівасцях блізкія да амінакіслот. Складаныя П. — аморфныя, з вадой утвараюць калоідныя растворы. Многія прыродныя П. маюць біял. актыўнасць гармонаў, антыбіётыкаў і таксінаў. Сінт. П. выкарыстоўваюць у якасці мадэлей пры вывучэнні будовы і біял. актыўнасці бялкоў. Гл. таксама Пептыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Упершыню згадваецца ў інвентары Радашковіч за 1549. Размяшчаўся паміж 2 ставамі, утворанымі на рэках Гуйка і Вязынка, на «капцы сыпаным», і формай нагадваў няправільны чатырохвугольнік. З усіх бакоў замак акружала вада. У замку было 5 вежаў (у т. л. вежа-брама), звязаных паміж сабой сценамі (гароднямі). Адна вежа месцілася асобна на падворку. Сярод узбраення Р.з. ў інвентары згадваюцца гарматы, гакаўніцы, ручніцы, аркебузы, кіі. Былі таксама запасы свінцу, пораху і інш. Перад замкам размяшчаліся арсенал, 2 млыны, сядзібны дом, лазня, бровар і інш.гасп. пабудовы. У інвентары адзначана, што Р.з. «добрага будованья, не гнилого». Цяпер замчышча часткова разбурана і занята сучаснай забудовай.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКІ КРЭМЛЬ,
архітэктурны ансамбль 17 ст. ў г. Растоў Яраслаўскай вобл. (Расія). Узведзены ў 1670—83 на беразе воз. Нера, да 19 ст.наз. Архірэйскі дом. Уяўляе сабой комплекс культавых, жылых і гасп. пабудоў (гал. з іх пастаўлены вакол цэнтр. плошчы і злучаны арачнымі пераходамі), абкружаных масіўнымі сценамі з 5 вуглавымі, 4 уязнымі і 2 дазорнымі вежамі. Сярод найб. значных арх. помнікаў: цэрквы надбрамныя Уваскрэсення Хрыстова (1670; фрэскі 1675, маст. Д.Грыгор’еў, Г.Нікіцін) і Іаана Багаслова (1683), Спаса-Праабражэнская на Сенях (1675, фрэскі Дз.Сцяпанава, І. і Ф. Карпавых), Адзігітрыі (1698); княжацкія церамы (16—17 ст.), палаты Белая (1672, пл. 300 м²), Красная (1672—80) і Іераршая (17 ст.).
Літ.:
Баниге В.С. Кремль Ростова Великого XVI—XVII в. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́НГЕ ((Runge) Філіп Ота) (23.7.1777, г. Вольгаст, Германія —2.12.1810),
нямецкі жывапісец, графік, тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў рамантызму ў ням. жывапісе. Вучыўся ў Капенгагенскай (1799—1801) і Дрэздэнскай (1801—03) АМ. Ствараў алегарычна-сімвалічныя кампазіцыі («Поры дня», 1802—09), у якіх імкнуўся увасобіць думку пра містычную адухоўленасць прыроды, пра з’яднанне мастака-творцы са светам. У партрэтах спалучаў дакладнасць выяўлення натуры з глыбокай эмацыянальнасцю, схаванай пад знешняй сузіральнай адлучанасцю вобразаў: «Мы ўтраіх» (1805), «Партрэт дзяцей Хюльзенбек», «Мае бацькі», «Аўтапартрэт» (усе 1806). Аўтар кампазіцый на рэліг. тэму «Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Хрыстос на возеры» (абедзве 1806—07). Аўтар трактата «Кола колераў, або Канструкцыя адносін усіх фарбаў паміж сабой» (1810).
Тв.:
Рус.пер. — Из писем // Эстетика немецких романтиков. М., 1987.