ІНТРАДУ́КЦЫЯ (ад лац. introductio уводзіны, уступ) у музыцы, частка муз. твора, якая выконвае функцыю ўступу. Нярэдка пазначаецца ў назве («Інтрадукцыя і Паланэз» для віяланчэлі і фп. Ф.​Шапэна). Часам уяўляе сабой род уверцюры да оперы, балета ці асобнага акта (звычайна больш кароткая, свабоднай будовы). У айч. музыказнаўстве прынята адрозніваць паняцці І. і ўступу (апошні менш развіты кампазіцыйна і менш самастойны ў адносінах да цэлага; у назве звычайна не пазначаецца). У класічнай музыцы лепшы ўзор І. — «Інтрадукцыя і ронда-капрычыёза» К.​Сен-Санса. У бел. музыцы І.-ўступ, І.-пралог сустракаюцца ў операх А.​Багатырова («У пушчах Палесся»), Я.​Цікоцкага (2-я рэд. «Алесі»), балеце Я.​Глебава («Тыль Уленшпігель») і інш.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)