АРАВІ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Аравія (ад стараж.-яўр. араба пустыня),
на ПдЗ Азіі, самы вялікі на зямным шары. Пл. каля 2730 тыс.км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 2700 км. Абмываецца на З Чырвоным м., на Пд Адэнскім залівам і Аравійскім м., на У Аманскім і Персідскім залівамі. Мяжу на Пн звычайна праводзяць па 30°паўн. шыраты. Паверхня Аравійскага паўвострава — плато з узвышанымі зах. і паўд. ўскраінамі (пераважныя выш. 1000—2000 м), размешчанае на Аравійскім шчыце. Найб. высокія горныя вобласці на ПдЗ — горы Хіджаз і Йеменскія (выш. 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб) і на ПдУ Асманскія горы (выш. 3353 м, г. Шаме). Уздоўж зах. берага нізіна Тыхама, уздоўж усх. — Эль-Хаса. На Пн пясчаныя пустыні Вял. Нефуд, М. Нефуд, на Пд пустыня Руб-Эль-Халі. Фундамент Аравійскага паўвострава складзены са стараж.крышт. парод (архейскія сланцы і граніты) і ўкрыты на Пн і У мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі вапнякамі і пясчанікамі. Карысныя выкапні: буйныя радовішчы нафты (гл.Персідскага заліва нафтагазаносны басейн), золата, жал. і поліметалічныя руды, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад 7 °C на Пн да 24 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 і 30 °C (самы цёплы — чэрв., максімум да 55 °C). Ападкаў на раўнінах каля 100 мм, у гарах Йемена 500 мм за год (індыйскі мусон). Малы сцёк, рэдкая сетка рэк і азёраў, сухія рэчышчы — вадзі. Вял. роля належыць падземным водам і карставым крыніцам. Пастаянныя вадасцёкі на Пд і ПдЗ — рэкі Масіла, Тыбан і інш. Большая ч. тэрыторыі — зона пустыняў і паўпустыняў. На прымітыўных шэразёмах жорсткая падушкападобная паўхмызняковая расліннасць (вярблюджая калючка, палын, салянкі, ахіла), шматгадовыя травы (арыстыда, астрагал), пашыраны перакаці-поле, іерыхонская ружа, лішайнік манна; па схілах гор лістападобныя лясы з дробным лісцем (акацыі, мімозы, друр-джуп, трапляюцца кактусападобныя малачаі); на ПдУ — саванны. У рэдкіх аазісах — фінікавая пальма, садавіна, бавоўнік. Жывёльны свет: антылопы, газелі, дзікі кот, шакалы, гіены, ліс фянёк, бабуіны, гамадрылы, сабакападобныя малпы; з птушак — арлы, ястрабы, сокалы, на ўзбярэжжах — фламінга, пеліканы, чаплі; паўзуны — рагатая гадзюка, гюрза, кобра, хамелеоны. На тэр. Аравійскага паўвострава дзяржавы Саудаўская Аравія, Йемен, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, частка Ірака і Іарданіі.
М.В.Лаўрыновіч.
Аравійскі паўвостраў. Падушкавыя формы раслін у камяністай пустыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́РЫЯ,
старажытная рабаўладальніцкая дзяржава на тэр. сучаснага Ірака. Існавала з 2-га тыс. да нашай эры да 7 ст. да нашай эры. З даўніх часоў тут жылі субарэйцы, ці хурыты, якія каля 2-га тыс. да нашай эры змяшаліся з селіцкімі семіцкімі плямёнамі Паўд. Месапатаміі. Цэнтрам Асірыі ў сярэдзіне 2-га тыс. да нашай эры стаў г. Ашур (Асур) і яго калоніі. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля, земляробства. Запасы лесу, каменю, метал.руды спрыялі развіццю рамёстваў. Выгаднае геагр. размяшчэнне зрабіла Ашур цэнтрам транзітнага гандлю паміж Паўд. Двухрэччам і М. Азіяй.
У сярэдзіне 18 ст. да нашай эры Асірыя трапіла пад уладу Вавілоніі, у 16—15 ст. да нашай эры — Мітані. У канцы 15 — пач. 14 ст. да нашай эры Асірыя зноў стала незалежная і падпарадкавала Вавілонію. Асірыйскія законы 14 ст. да нашай эры сведчаць пра панаванне патрыярхальнай сям’і, пра маёмаснае расслаенне абшчыны. Заваёўніцкія войны, якія Асірыя вяла ў 14—13 ст. да нашай эры, павялічылі прыток рабоў-ваеннапалонных. Пасля часовага заняпаду (12 ст.) у канцы 12 — пач. 11 ст. да нашай эры Асірыя вяла паспяховыя войны ў Вавілоніі, Паўн. Сірыі, Фінікіі, рабіла набегі на Армянскае нагор’е. Аднак рух плямёнаў арамеяў аслабіў і расчляніў Асірыю. У 10—9 ст. да нашай эры асірыйскія цары зноў вялі заваёўніцкія войны з Вавілоніяй, Урарту, Мідыяй, Сірыяй. Разарэнне с.-г. раёнаў у выніку бясконцых войнаў выклікала сац.-паліт. крызіс. Пасля грамадз. вайны царом стаў Тыглатпаласар III (745—727 да нашай эры), які правёў дзярж. рэформы: умацаваў войска, увёў сістэму масавага перасялення заваяваных плямёнаў, надзяліў зямлёй вольных земляробаў і абавязаў іх выконваць вайск. павіннасць. Пры ім зноў пачаліся заваёўніцкія войны. За 100 гадоў Асірыя заваявала амаль усю Пярэднюю (Зах.) Азію і ператварылася ў магутную ваен. дзяржаву. Унутрыпаліт. барацьба, класавыя супярэчнасці, вызв. барацьба заваяваных народаў аслабілі Асірыю. Пры цару Ашурбаніпале (669 — каля 633 да нашай эры) войны супраць кааліцыі дзяржаў на чале з Вавілонам падарвалі сілы Асірыі, у 605 да н.э. яна была пераможана і перастала існаваць. Яе насельніцтва змяшалася з арамеямі Месапатаміі.
Пра выяўл. мастацтва Асірыі гл. ў арт.Вавілона-Асірыйская культура.
Да арт.Асірыя. Паляванне Ашурбаніпала. Рэльеф у палацы Ашурбаніпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛА́С (грэч. Atlas),
Атласкія горы, горная сістэма на ПнЗ Афрыкі, у Марока, Алжыры і Тунісе. Даўж. каля 2000 км. Сярэдняя выш. 2000—2500 м, найб. 4165 м (г. Тубкаль). Паўночны хрыбет Эр-Рыф і Тэль-Атлас утвораны альпійскай складкавасцю. Паралельныя складкава-глыбавыя хрыбты найб. высокай цэнтр. часткі (Сярэдні Атлас, Высокі Атлас, Антыатлас і інш.) узніклі ў перыяд герцынскага арагенезу, ім характэрны альпійскія формы рэльефу. На З ад Сярэдняга Атласа ступенямі спускаецца плато Мараканская Месета. Паміж хрыбтамі Тэль-Атлас і Сахарскі Атлас ляжаць Высокае плато і раўніны Алжырскай Месеты, далей на У — Туніскі хрыбет.
Складзены Атлас пераважна з вапнякоў, мергеляў, стракатых глін; трапляюцца стараж. вулканічныя пароды. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: жал., поліметал. руды, нафта, фасфарыты, каменная соль. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на Пн і паўпустынны ў астатніх раёнах. У ніжнім поясе гор сярэдняя т-растудз. 10—12 °C на Пн, ва ўнутр. раёнах 4—6 °C. Сярэдняя т-раліп. каля 25 °C (максімум 40 °C на ўнутр. раўнінах). Ападкаў на б.ч.тэр. 400—600 мм за год, найб. колькасць на паўн. і зах. схілах Высокага Атласа — 2000—2500 мм, на Пд менш за 300 мм. З гор пачынаюцца рэкі Дра і Шэліф. Шматлікія сухія рэчышчы (уэды, вадзі). У міжгорных упадзінах салёныя азёры — себхі (Шот-эш-Шэргі, Шот-эль-Ходна, Захрэз-Гарбі і інш.). На ўзбярэжжы на карычневых глебах зараснікі вечназялёных цвердалістых хмызнякоў тыпу маквісу (мірт, сунічнае дрэва, дрок, алеандр, аліва і інш.). У сухіх унутр. раёнах на Пд і ў зоне субтрапічных паўпустыняў — разрэджаная злакавая расліннасць (кавыль, трава альфа), зараснікі палыну, спарты на шэра-карычневых, моцна друзаватых глебах. У Атласе рэзка выяўлена вышынная пояснасць. Паўн. і зах. схілы да выш 800—1200 м укрыты вечназялёнымі хмызнякамі і дрэвамі (каменны і коркавы дуб), да выш. 1700 м — мяшаныя лясы з вечназялёнымі, летнезялёнымі шыракалістымі (дуб, клён) і хваёвымі дрэвамі, да 2200 м — хвойныя лясы (атласкі кедр) на горна-лясных бурых глебах, вышэй — ядлоўцы. На вяршынях — плямы горна-лугавой і горна-стэпавай расліннасці. Жывёльны свет: малпы, антылопы, шакалы, гіены, дробныя грызуны; паўзуны (змеі, яшчаркі і вараны, чарапахі); скарпіёны, фалангі, скалапендры. Шмат пералётных птушак, з драпежных — арлы і ястрабы. Ландшафты паўн. раёнаў моцна зменены чалавекам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЕПРАПЯТРО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,9 тыс.км². Нас. 3852 тыс.чал. (1996), гарадскога — 84%. Цэнтр — г.Днепрапятроўск. Найб. гарады: Крывы Рог, Днепрадзяржынск, Нікапаль, Новамаскоўск, Паўладар, Марганец, Жоўтыя Воды, Сінельнікава.
Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны, на З Прыдняпроўскае ўзв. (выш. да 192 м), у цэнтр.ч. Прыдняпроўская нізіна, якая на Пд пераходзіць у Прычарнаморскую нізіну, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. (выш. да 211 м). Карысныя выкапні: жалезныя, марганцавыя, нікелевыя і тытанавыя руды, каменны і буры вугаль, прыродны газ, графіт, баксіты, вапнякі, граніты, гнейсы, гліны і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -5 да -6,5 °C, ліп. ад 22 да 23,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 450 мм на Пн да 400 мм на Пд. Гал. рака Дняпро з прытокамі Арэль, Самара (злева), Мокрая Сура, Базаўлук, Інгулец (справа). Пабудаваны Днепрадзяржынскае і Кахоўскае вадасх., канал Дняпро—Крывы Рог, вадавод з Дняпра ў Кіраваградскую вобл. Глебы пераважна чарназёмныя, па далінах рэк чарназёмна-лугавыя. Стэп разараны. Лясы займаюць невял. плошчы (дуб, ясень, граб, клён).
Гаспадарка. Д.в. — адна з найб. індустрыяльна развітых на Украіне. Здабыча жал. (Крыварожскі бас.), марганцавых (Нікапальскі бас.), поліметал. руд, каменнага вугалю (зах.ч. Данбаса). Вядучыя галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (уран) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, электравозы, чыг. вагоны. станкі, прэсы, буракаўборачныя камбайны, прылады, радыётэхніка), коксахім., хім. і нафтахім. (азотныя ўгнаенні, пластмасы, шыны, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (швейныя вырабы, верхні трыкатаж, абутак), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (у т. л.вытв-сць мэблі і паперы), харч. (алей, мука, крупы і інш.). Вытв-сцьбуд. (цэмент) і вогнетрывалых матэрыялаў. Прыдняпроўская, Крыварожская, Днепрадзяржынская і інш.ДРЭС, Днепрадзяржынская ГЭС. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы, проса, грэчкі; вырошчваюць сланечнік, сою, цукр. буракі, агародніну, бульбу. Пладаводства, вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйныя арашальныя сістэмы. Асн. від транспарту — чыгуначны. Чыгункі: Крывы Рог—Днепрапятроўск—Чырвонаармейск, Далінская—Запарожжа і інш.Аўтамаб. транспарт выкарыстоўваецца ў асн. для ўнутр. перавозак. Газаправоды: Шабялінка (Харкаўская вобл.)—Днепрапятроўск—Крывы Рог, Перашчэпіна—Днепрапятроўск, Крамянчуг—Крывы Рог, транзітныя нафтаправоды. Суднаходства па Дняпры. Рачныя парты: Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Нікапаль. Бальнеагразевы курорт Салёны Ліман.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАРПА́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На З Украіны. Утворана 22.1.1946. Пл. 12,8 тыс.км². Нас. 1,3 млн.чал., гарадскога 41% (1996). Цэнтр — г.Ужгарад. Найб. гарады: Мукачава, Берагава, Вінаградаў, Хуст, Чоп.
Прырода. Размешчана на паўд.зах. схілах Усх. Карпат і на паўд.-ўсх. ускраіне Сярэднедунайскай нізіны. Горы займаюць каля 80% тэр. Хрыбты Водападзельны (выш. да 1693 м), Паланінскі (да 1881 м), Вулканічны (да 1081 м) выцягнуты з ПнЗ на ПдУ. Ва ўсх.ч. знаходзяцца масівы Рахаўскі і Чарнагора (г.Гаверла, 2061 м) з альпійскімі формамі рэльефу. Карысныя выкапні: буры вугаль (Закарпацкі буравугальны раён), каменная соль, ртутныя і поліметал. руды, мармур, туф, андэзіт, мінер. вада. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. складае -1,7 °C на раўніне і -7,8 °C у гарах, ліп. адпаведна 19,2 °C і 13,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 600 мм на раўніне да 1400 мм у гарах. Гал. рака: Ціса (бас.р. Дунай) з вытокамі Чорная Ціса і Белая Ціса і прытокамі Цярэсва, Цярэбля, Рыка, Баржава, Уж, Латарыца. Глебы на нізінах пераважна дзярновыя і алювіяльныя, у перадгор’ях буразёмна-падзолістыя, у гарах бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Лясы займаюць больш як 50% тэр. У перадгор’ях дубовыя і дубова-букавыя лясы, у гарах да 1100 м букавыя і мяшаныя, да 1600 м хвойныя, вышэй альпійскія лугі (паланіны), якія выкарыстоўваюцца як паша. На тэр. З.в. Карпацкі запаведнік.
Гаспадарка індустрыяльна-агр. тыпу з развітой сферай турызму і санаторна-курортнага лячэння. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (прыборы, станкі, электрарухавікі), лясныя і дрэваапр. (мэблевая, фанерная, цэлюлозна-папяровая, лесахім.), харчасмакавая (вінаробчая, агароднінакансервавая, мясная, масласыраробчая, мукамольна-крупяная, тытунёвая), лёгкая (трыкатажная, футравая, абутковая, швейная). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цагельна-чарапічная, каменедрабільная, кар’еры па здабычы туфу, мармуру). Здабыча бурага вугалю, каменнай солі. Народныя маст. промыслы (вырабы з дрэва, саломы, лазы, маёлікі). Ужгарадская і Рахаўская ЦЭС, Цярэбле-Рыкская ГЭС. На раўніне пасевы пшаніцы, кукурузы. Вінаградарства, пладаводства. Вырошчваюць агародніну, бульбу, з тэхн. культур — тытунь, сланечнік. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. У перадгор’ях авечкагадоўля. Пчалярства. Па тэр.вобл. праходзяць чыгункі Чоп—Мукачава—Львоў, Чоп—Ужгарад—Львоў, Чоп—Рахаў—Івана-Франкоўск, аўтадарогі Ужгарад—Мукачава—Львоў, Ужгарад—Перачын—Львоў, Ужгарад—Рахаў—Івана-Франкоўск; нафтаправод «Дружба» і 3 газаправоды. Турызм. Закарпацкая і Сваляўская групы курортаў, курорт Сіняк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
фізіка-геаграфічная правінцыя на З Беларусі. Займае Гродзенскую, паўн.ч. Брэсцкай і зах.ч. Мінскай абласцей. Мяжуе на Пн з Беларуска-Валдайскай правінцыяй, на У з Перадпалескай правінцыяй, на Пд з Беларускім Палессем. Працягнулася з З на У на 250 км, з Пн на Пд у сярэднім на 150 км; пл. 37,3 тыс.км². Падзяляецца на фізіка-геагр. раёны (паводле В.А.Дзяменцьева, з дапаўненнем); Лідская раўніна, Сярэднянёманская нізіна, Верхнянёманская нізіна, Паўднёва-Заходняе адгалінаванне Беларускай грады (Навагрудскае, Ваўкавыскае, Гродзенскае і Слонімскае ўзвышшы), Капыльская града, Прыбугская раўніна, Баранавіцкая раўніна, Слуцкая раўніна, Стаўбцоўская раўніна. У рэльефе спалучаюцца канцова-марэнныя ўзвышшы, донна-марэнныя раўніны, водна-ледавіковыя і прыледавіковыя нізіны. Найвыш. пункт 323 м над узр. м. (Замкавая гара на Навагрудскім узв.), самы нізкі пункт Беларусі 80 м над узр. м. ў даліне р. Нёман каля граніцы з Літвой. У тэктанічных адносінах тэр. З.-Б.п. размешчана ў межах Бел. антэклізы і паўн.ч. Брэсцкай упадзіны. Асобныя выхады крышт. архейскіх і пратэразойскіх парод, а таксама асадкі мелавога, палеагенавага і неагенавага ўзросту перакрываюцца чацвярцічнымі (марэннымі, водна-ледавіковымі, азёрнымі, рачнымі, балотнымі і лёсападобнымі) адкладамі. Карысныя выкапні: мел, мергель, пяскі, гліны, торф, жал.руды. Клімат умерана цёплы, вільготны. Сярэдняя т-растудз. ад -4,4 да -6,7 °C, ліп. 17,4—18,8 °C. Вегет. перыяд 187—208 сут. Ападкаў 530—695 мм, на Навагрудскім узв. да 706 мм за год. Найб. рака Нёман з прытокамі Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач, Ласосна; на ПдЗ рэкі Лясная і Нараў (бас.р. Буг), Ясельда (бас.р. Прыпяць). Найб. азёры Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь. На ўзвышшах і раўнінах глебы дзярнова-падзолістыя сярэдне- і моцнаападзоленыя на марэнных суглінках, супесках і лёсападобных пародах. У нізінах пераважаюць дзярнова-слабаападзоленыя глебы на пясках, а таксама забалочаныя і тарфяна-балотныя; алювіяльна-лугавыя — на поймах рэк. Лясы займаюць 28% тэр. Шыракаліста-яловыя і хваёвыя лясы, хмызнякі, сухадолы і нешырокія палосы заліўных лугоў сярод узвышшаў і на раўнінах. На нізінах пераважаюць хваёвыя бары, драбналістыя і забалочаныя лясы, нізінныя балоты. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі. У З.-Б.п. нацыянальныя паркі Белавежская пушча, Налібоцкая пушча, а таксама ландшафтныя, гідралагічныя і біялагічныя заказнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў цэнтр.ч. Украіны, у міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Утворана 10.1.1939. Пл. 24,6 тыс.км². Нас. 1224,8 тыс.чал. (1996), гарадскога 59%. Цэнтр — г.Кіраваград. Найб. гарады: Александрыя, Светлаводск, Знаменка.
Прырода. К.в. займае паўд.ч. Прыдняпроўскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. — 269 м. Паверхня хвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Карысныя выкапні: буры вугаль, нікелевыя і жал.руды, торф, графіт, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы (граніт, лабрадарыт, кварцыт, мергель). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 420—470 мм за год. Гал. рэкі: Дняпро (з прытокам Інгулец) і Паўд. Буг (з прытокамі Інгул і Сінюха). У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Глебы чарназёмныя, на ПнЗ чаргуюцца з участкамі шэрых і цёмна-шэрых ападзоленых лясных глеб. Стэпы ўзараныя. Пад лесам (дуб, граб, ясень, клён) і хмызнякамі каля 150 тыс.га.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, паліўная, харчовая. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці с.-г. агрэгатаў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, дызельных рухавікоў, радыёпрылад, пішучых машынак. Каляровая металургія прадстаўлена Пабугскім нікелевым з-дам і Светлаводскімі з-дамі чыстых металаў і цвёрдых сплаваў. Здабыча і брыкетаванне бурага вугалю (Дняпроўскі вугальны басейн). На яго базе працуе хім.прам-сць (з-д горнага воску). Здабываюць жал. руду, графіт, граніт, лабрадарыт. Вытв-сць электраэнергіі на Крамянчугскай ГЭС, шэрагу ЦЭС і невял. ГЭС. Развіта харч.прам-сць, пераважна цукровая. Ёсць прадпрыемствы маслатлушчавай, мясной, малочнай, сыраварнай, мукамольнай, кандытарскай, спіртавой прам-сці. Шэраг камбікормавых з-даў, Лёгкая прам-сць (швейная, трыкат., абутковая, гарбарная). Прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (у т. л. мэблевай). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (з-ды шчэбеневы, цагельны, жалезабетонных вырабаў). Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2050 тыс.га, у т. л. пасяўная пл. займае каля 1700 тыс.га. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, ячмень), тэхн. культуры (цукр. буракі, сланечнік, соя, каляндра), бульбу, агародніну. Масівы арашальных зямель. Садоўніцтва. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і авечкагадоўля. Пчалярства. Сажалкавая рыбагадоўля. Гал. чыгункі: Кіеў—Днепрапятроўск, Масква—Адэса, Кіеў—Мікалаеў; аўтадарогі: Кіеў—Адэса, Кіраваград—Мікалаеў, Кіеў—Днепрапятроўск, Харкаў—Адэса. Суднаходства па р. Дняпро. Аэрапорт у г. Кіраваград.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 13.6.1934. Пл. 29,8 тыс.км². Нас. 1339 тыс.чал. (1997), гарадскога 60%. Цэнтр — г.Курск. Найб. гарады: Жалезнагорск, Курчатаў, Льгоў, Шчыгры, Рыльск, Абаянь.
Прырода. К.в. займае паўд.-зах. схілы Сярэднярускага ўзв. (выш. да 275 м). Паверхня — узгоркавая раўніна, моцна парэзаная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (Курская магнітная анамалія), фасфарыты, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -8 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Сейм, Псёл) і Дона (Аскол). Глебы чарназёмныя, на ПнЗ шэрыя лясныя. Пераважае культурная расліннасць, участкі лесастэпаў і стэпаў (Стралецкі і Казацкі стэпы) засталіся толькі ў Цэнтральначарназёмным запаведніку. Пад лесам каля 8% тэрыторыі (дуб, ясень, ліпа, клён). З жывёл трапляюцца лось, казуля, ліс, куніца, заяц-русак, суслік і інш.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — жалезарудная, электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харч., лёгкая, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча (10,5 млн.т, 1996) і абагачэнне жал.руды (Міхайлаўскі горна-абагачальны камбінат, г. Жалезнагорск). Вытв-сць электраэнергіі 20 млрд.кВт∙гадз. (1996), пераважна на ЦЭЦ. Буйная Курская АЭС. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю аўтамаб. акумулятараў, кавальска-прэсавага абсталявання, лічыльных машын, падшыпнікаў, элеватарнага абсталявання, свідравальных установак, сродкаў аўтаматызацыі для цукр. прам-сці, трактарных агрэгатаў, аўтарамонтам. Завод «Атамрамонт» (Курчатаў). Вытв-сць гумава-тэхн., гумавых, пластмасавых вырабаў, лекавых сродкаў. Больш за 10 цукр. з-даў. Развіта мясная, малочная, масласыраробная, кансервавая, крупяная прам-сць. Вытв-сць камбікармоў. Лёгкая прам-сць (гарбарна-абутковая, трыкат., швейная, пяньковая). Вытв-сць дываноў. Дрэваапрацоўчая і мэблевая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя канструкцыі і вырабы, цэгла, вапна). Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Пад с.-г. ўгоддзямі 2432 тыс.га, у т. л. пасяўная пл. займае 1640 тыс.га. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень, авёс, грэчка) і тэхн. культуры (цукр. буракі), бульбу, агародніну. Садоўніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушку. Пчалярства. Даўж. чыгунак 1,1 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,8 тыс.км. Гал. чыгункі Масква—Харкаў, Кіеў—Варонеж, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль. Мясц. суднаходства па р. Сейм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДЫНА́ЎСКІ ПАЎВО́СТРАЎ Самы вялікі ў Еўропе, на ПнЗ мацерыка. Даўж. каля 1900 км, шыр. да 800 км, пл. каля 800 тыс.км². Абмываецца Баранцавым, Нарвежскім, Паўн., Балт. морамі, іх залівамі і пралівамі. Зах. і паўн. берагі высокія, стромкія, фіёрдавага тыпу, усх. і паўд. — нізкія, пераважна скалістыя, шхернага тыпу, на асобных участках плоскія, пясчаныя; моцна парэзаныя. Уздоўж узбярэжжаў — шматлікія астравы і скалы. Зах. і цэнтр. часткі паўвострава займаюць Скандынаўскія горы (г. Гальхёпіген, 2469 м), усх. схілы якіх пераходзяць у плато Норланд выш. 400—700 м. Уздоўж Балт.м. размешчана Сярэдняшведская нізіна з вял. азёрамі, марэннымі і озавымі падняццямі; на Пд — купалападобнае ўзв. Смоланд (выш. да 377 м), прыморскія нізіны. У геал. адносінах С.п. належыць да Балтыйскага шчыта і зоны каледонскай складкавасці. У плейстацэне С.п. быў цэнтрам зледзянення Еўропы. Захаваліся шматлікія марэнныя грады, друмліны, озы і інш. формы ледавіковага рэльефу, у высакагор’ях — ледавікі. Карысныя выкапні: жал., малібдэнавыя, тытанавыя, медныя, уранавыя, марганцавыя руды, поліметалы. Клімат С.п. пераважна ўмераны, на Пн — субарктычны; на яго ўздзейнічае Паўн.-Атл. цёплае цячэнне. На З клімат умераны марскі з мяккай зімой (сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да 2 °C на Пд) і халаднаватым летам (ад 10 °C на Пн да 14 °C на Пд), вялікай вільготнасцю (1000—3000 мм за год). На У клімат пераходны да кантынентальнага. Зіма марозная (-15 °C на Пн, -5 °C на Пд), лета ўмерана цёплае (да 17 °C у ліп. на Пд). Ападкаў ад 400 да 800 мм за год. Рачная сетка С.п. густая. Рэкі кароткія, з парогамі і вадаспадамі, багатыя гідраэнергет. рэсурсамі; найб. буйныя — Глома, Торніяёкі, Далельвен, Онгерманельвен, Кларэльвен. Шматлікія азёры тэктанічнага, ледавіковага і змешанага паходжання: Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн. У раслінным покрыве пераважаюць хваёвыя лясы. На крайняй Пн — зона тундраў; Пд паўвострава — у зоне мяшаных лясоў (пераважае бук). На зах. узбярэжжы і схілах верасоўнікі і тарфянікі. У гарах вышынная пояснасць: хваёвыя лясы падымаюцца да 400 м на Пн і 900 м на Пд, ад 900 да 1100 м — пояс бярозавага крывалесся, вышэй — горная тундра. Жывёльны свет прадстаўлены тундравымі і ляснымі формамі. На ўзбярэжжах — птушыныя базары, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. На С.п. размешчаны Швецыя, Нарвегія, паўн.-зах.ч. Фінляндыі. Буйныя гарады: Стакгольм, Гётэбарг (Швецыя), Осла (Нарвегія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТСВА́НА (Botswana),
Рэспубліка Батсвана, (Republic of Botswana), дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн і З з Намібіяй, на Пд і ПдУ з ПАР, на ПнУ з Зімбабве. Пл. 600,4 тыс.км². Нас. 1,4 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Габароне. Падзяляецца на 8 акруг. Афіц. мовы англійская і сетсвана. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 вер.).
Дзяржаўны лад. Батсвана — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць прэзідэнту і парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Тэр. Батсваны займае вял. бяссцёкавую катлавіну пустыні Калахары, абмежаваную з усіх бакоў плато. Сярэдняя выш. 800—1000 м, на З да 1300 м. Рэльеф раўнінны, на У слабахвалісты. Карысныя выкапні: алмазы, золата, хром, серабро, плаціна, марганцавыя, медна-нікелевыя і кобальтавыя руды, каменны вугаль, азбест і інш. Клімат трапічны, з рысамі кантынентальнасці, гарачы і засушлівы. Сярэдняя т-растудз. 21—27, ліп. каля 16 °C. Ападкаў на Пн і У 500—700 мм, у Калахары менш за 250 мм. Дажджлівы перыяд у снеж.—красавіку. Рэкі малаводныя. На Пн — бяссцёкавы басейн р. Акаванга, на У — р. Лімпопа (упадае ў Індыйскі ак.) з прытокамі. Расліннасць пераважна саванная, на Пн — трапічнае рэдкалессе. Па далінах рэк на Пн, У, Пд — галерэйныя лясы. Нац. паркі — Гемсбак, Чобе, Нцкаі-Пан.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — народы сям’і банту: тсвана (каля 80%), машона, педы, герэра. У глыбіні Калахары карэнныя жыхары бушмены (кайсанская моўная група). Ёсць невял. колькасць англічан, афрыканераў, выхадцаў з Азіі і інш. 50% насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. вераванняў, 50% — хрысціяне. Шчыльнасць насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана на ПдУ. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найбольшыя гарады Габароне, Серове, Фрэнсістаўн, Мачуды.
Гісторыя. Стараж. гісторыя Батсваны даследавана мала. Вядома, што бечуаны, якія прыйшлі з сучаснага Трансвааля (правінцыя ПАР), выцеснілі ва ўнутр. раёны Калахары бушменаў — аўтахтоннае насельніцтва краіны. Бечуаны на працягу стагоддзяў вялі барацьбу з плямёнамі, што пранікалі на іх тэрыторыю. Асабліва жорсткія былі войны з плямёнамі зулу на пач. 19 ст. З 1820 (з заснаваннем першай хрысціянскай місіі) — пастаянныя кантакты з еўрапейцамі. З сярэдзіны 19 ст. землі Батсваны пачынаюць захопліваць буры, аднак бечуаны, умела выкарыстоўваючы англа-бурскія супярэчнасці, здолелі на працягу 3 дзесяцігоддзяў захаваць незалежнасць. У 1885 б.ч. зямель бечуанаў далучана да англ. уладанняў у Паўд. Афрыцы. Англ. ўлады абвясцілі паўн. землі бечуанаў (тэр. сучаснай Батсваны) пратэктаратам пад назвай Бечуаналенд.
Пад націскам нац.-вызв. руху брыт. ўрад у 1961 прыняў канстытуцыю Батсваны, у ліст. 1963 даў пратэктарату самакіраванне. На выбарах у заканадаўчы сход у 1965 перамагла Дэмакр. партыя. 30.9.1966 абвешчана незалежная рэспубліка Батсвана.
Асн.паліт. партыя — Дэмакр. партыя Батсваны (правячая). Федэрацыя прафсаюзаў Батсваны аб’ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Батсвана — чл.ААН (з 1966), Садружнасці і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. Батсвана — аграрная краіна са значнай горнай прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %) сельскай гаспадаркі 12, прам-сці каля 50, у т. л. горна-здабыўной каля 45. У сельскай гаспадарцы занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, захаваліся феад. і племянныя перажыткі. Апрацоўваецца 3% тэрыторыі, пад лугамі і пашай каля 70%. Гал. галіна — адгонна-пашавая мясная жывёлагадоўля (круглагадовы выпас жывёлы на натуральных пашах). Пагалоўе (млн.): буйн. раг. жывёлы 3,5, коз і авечак 1,7. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Жывёла нізкапрадукцыйная. Росту пагалоўя перашкаджаюць засухі, недахоп вады, хваробы. За гады незалежнасці праведзены работы па паляпшэнні пашы, стварэнні вет. цэнтраў. Земляробства ў гаспадарках мясц. насельніцтва адыгрывае дапаможную ролю. Магчыма толькі на Пд і У краіны. Асноўныя с.-г. культуры — сорга, кукуруза, вырошчваюць пшаніцу, боб, проса, гародніну, садавіну. На ПдУ на плантацыях еўрап. фермераў вырошчваюць на арашальных землях экспартныя культуры: арахіс, тытунь, бавоўну, сланечнік, цытрусавыя. Некаторую ролю ў гаспадарцы карэннага насельніцтва адыгрываюць паляванне і рыбалоўства (асабліва на Пн). Гал. галіна прамысловасці — горназдабыўная. Батсвана займае 2—3-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (да 20 млн. каратаў штогод, гал. радовішчы Арапа, Джваненг, Летлхакане). Здабываюць таксама медныя, нікелевыя (другі па велічыні вытворца ў Афрыцы) і марганцавыя руды, каменны вугаль, азбест, серу. З галін перапрацоўчай прам-сці найб. развіта мясная (буйны мясакамбінат у г. Лабацэ). Есць невял. прадпрыемствы па вытв-сці касцявой мукі, масла, мыла, піва і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. ЦЭС у Габароне і Селебі-Пікве. Трансп. сетка развіта слаба. Адзіная чыгунка (даўж. 714 км) перасякае ўсх.ч. краіны. Даўж. аўтадарог 15,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,5 тыс.км. Міжнар. аэрапорт каля Габароне, авіяц. сувязі з суседнімі краінамі. Экспарт: алмазы, медна-нікелевы канцэнтрат, мяса, скуры, прадукты плантацыйнай гаспадаркі. Імпарт: машыны, абсталяванне, паліва, збожжа і мука, тэкстыль, адзенне. Значнае месца ў эканоміцы займаюць турызм і грашовыя пераводы грамадзян Батсваны, якія працуюць у ПАР. Асн. гандлёвыя партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, інш. краіны ЕЭС, ЗША. Грашовая адзінка — пула.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Батсваны.Батсвана. Агульны выгляд сталіцы Габароне.