АРАГО́Н
(Aragón),
аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі, на мяжы з Францыяй. Пл. 47,7 тыс. км², нас. 1,2 млн. чал. (1991). Адм. ц. — г. Сарагоса. Буйныя гарады Уэска і Тэруэль. Уключае правінцыі Сарагоса, Тэруэль і Уэска. Займае Арагонскую раўніну ў бас. р. Эбра. Акаймавана Пірэнейскімі (пік Анета, 3404 м), Іберыйскімі, Кантабрыйскімі і Каталонскімі гарамі. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Сярэднія т-ры студз. 4—8 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў 350 мм за год. Эканоміка агр.-прамысловая. Земляробства пераважна арашальнае ў даліне р. Эбра. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кукурузу, цукр. буракі, шафран, садавіну, агародніну, вінаград, міндаль, масліны, на паліўных землях — рыс, тытунь, траву альфа. Гадуюць авечак, козаў. Здабыча бурага вугалю, жал. руды. На горных рэках некалькі ГЭС, працуюць ЦЭС на бурым вугалі. Прамысловасць: чорная і каляровая металургія, маш.-буд. (трансп. і с.-г. машыны), металаапр., электратэхн., хім., цэментная, шкляная, папяровая, тэкст., харч., гарбарна-абутковая. Чыг. і аўтамаб. транспарт, нафта- і газаправоды, у Сарагосе міжнар. аэрапорт.
У 9 ст. ў ходзе Рэканкісты засн. графства Арагон. На пач. 11 ст. тэр. Арагоны далучана да каралеўства Навара, у 1035 самастойнае каралеўства, якое на аснове асабістай уніі аб’ядналася ў 1137 з Барселонскім графствам. У 1164 графы Барселоны сталі каралямі і ўключылі ў Арагон усе землі Каталоніі. У 13—15 ст. Арагон адваяваў у маўраў Балеарскія а-вы, Валенсію, Сіцылію, Сардзінію, Неапалітанскае каралеўства. У 1479 каралеўства Арагон з Кастыліяй аб’ядналіся ў адзіную дзяржаву — Іспанію. У 1978 Арагон атрымаў аўтаномію.
Ф.С.Фешчанка.
т. 1, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)