горад, цэнтр Вілейскага раёна Мінскай вобл., на р. Вілія. За 103 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Полацк. Вузел аўтадарог (на Маладзечна, Смаргонь, Мядзел, Докшыцы, Плешчаніцы). 29,8 тыс.ж. (1995).
Вядома з 1599 як мястэчка, цэнтр Вілейскага староства Ашмянскага пав.ВКЛ. Мела назву Стары Куранец, у 16 ст. належала роду Куранецкіх З 1793 у складзе Рас. імперыі, Кацярына II падаравала Вілейку мінскаму ген.-губернатару Карнееву, які аб’яднаў мястэчка і вёску Вілейку ў адзін нас. пункт. З 1795 цэнтр Вілейскага павета. 22.1.1796 зацверджаны герб горада: чырв.поле шчыта перасякае выява ракі з суднам і залатым коласам. Развіццю Вілейкі спрыяла гандл. суднаходства, штогод адбываліся 4 кірмашы. Вял. страты гораду прычынілі пажар 1810 і вайна 1812. У час паўстання 1830—31 тут дзейнічаў паўстанцкі к-т, паўстання 1863—64 — паўстанцкі атрад. У 1860 у Вілейцы царква, 3 малітоўныя дамы, 3 капліцы, шпіталь, бровар, 14 крам, 272 дамы, у 1861 — 2931 ж., у 1897 — 3560 ж. У 1904 праз Вілейку прайшла чыгунка. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічаў рэв.-сялянскі к-т, с.-д. група. У 1918 акупіравана герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяв. Дзейнічалі падп. райкомы КПЗБ і КСМЗБ, арг-цыі Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-вабел. школы. З 1939 у БССР, цэнтр Вілейскай вобласці. З 26.6.1941 да 2.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут больш за 6 тыс.чал.; дзейнічала Вілейска-Куранецкае патрыятычнае падполле 31.10—1.11.1943 адбыўся Вілейскі бой 1943. У 1959 у Вілейцы 8,2 тыс., у 1989 — 25 тыс. жыхароў.
Арх.-планіровачную структуру горада фарміруюць вуліцы 17 Верасня, Першамайская, Вадап’янава, якія ўтвараюць прамавугольную сетку дробных кварталаў сядзібнай, пераважна драўлянай забудовы. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр — прамавугольная ў плане пл. Леніна. Яе асн. кампазіцыйнымі дамінантамі з’яўляюцца Вілейскі Крыжаўзвіжанскі касцёл і Вілейская царква. У зах. частцы будуюцца шматпавярховыя дамы, на Пн і З фарміруецца індывід. забудова сядзібнага тыпу. Зберагліся помнікі архітэктуры 19—20 ст.: будынкі гімназіі, турмы, бальніцы, жылы дом па вул. Чырвонаармейскай, 28. Паводле генплана 1979 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана развіццё горада ў паўд. напрамку ўздоўж р. Вілія, рэканструкцыя і забудова цэнтр. часткі 3—6-павярховымі жылымі дамамі з захаваннем існуючай сеткі вуліц, стварэнне на левабярэжжы буйнога шматпавярховага жылога раёна.
Заводы «Зеніт» і аўтарамонтны, прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вілейскі гісторыка-краязнаўчы музей. Магілы ахвяр фашызму. За 1 км ад Вілейкі Вілейскае вадасховішча.
Г.А.Каханоўскі (гісторыя).
Вілейка. Цэнтр горада. Крыжаўзвіжанскі касцёл і царква (справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЫ́Я ЎБО́РЫ,
састаўная частка адзення. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напачатку мелі пераважна практычнае значэнне. Паступова набывалі разнастайныя формы і аздабленне; станавіліся ўпрыгажэннямі і нават прадметамі раскошы. Часам выконвалі сімвалічную функцыю. На Беларусі адметныя галаўныя ўборы вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Асн. формамі былі: у мужчын шапка, у дзяўчат вянок, у жанчын чапец, паверх убрус. Адлюстроўвалі маёмасную няроўнасць і сац. становішча чалавека (жаночыя — і сямейнае), паступова замацоўваліся і этнічныя асаблівасці адзення.
Галаўныя ўборы пануючых класаў выраблялі з дарагіх мануфактурных тканін і футра, багата аздаблялі каштоўнымі камянямі, жэмчугам, вышыўкай і інш. Мужчынскімі галаўным ўборам магнатаў і гар. знаці ў 16—19 ст. былі кучма, ялмонка, канфедэратка, брыль, магерка з якасных матэрыялаў, у шляхты — шапкі-каўпакі, у духавенства — найперш скуф’я. Жаночыя галаўныя ўборы вызначаліся разнастайнасцю тыпаў і залежнасцю формаў ад змены стыляў у зах.-еўрап. касцюме. Былі пашыраны намітка (убрус, хустка), хустка (рабак, шырынка), рантух, каптуровыя ўборы, а таксама вянок, чылка і інш.Бел.нар. галаўныя ўборы выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шапавалы. Мужчыны насілі розныя віды шапак: суконную або лямцавую белую ці шэрую магерку, аўчынную або футравую цыліндрычную ці конусападобную кучомку, зімой — аўчынную ці футравую аблавуху. Летам найчасцей насілі валеныя ці плеценыя брылі. З канца 10 ст. набыў пашырэнне картуз, заменены ў 20 ст. кепкай. Жаночыя галаўныя ўборы 19 — пач. 20 ст. вылучаліся багаццем формаў, спосабам нашэння, вытанчанасцю мастацкага выканання. Дзявочыя ўборы ахоплівалі галаву ў выглядзе абручыка ці перавязкі-ручніка, падзяляліся на віды: вянок, скіндачка, чылка, кубак, хустка; часам яны ўваходзілі ва ўбор замужніх жанчын, якім не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы былі больш складаныя паводле будовы, больш сціплыя па дэкоры. Галаўныя ўборы жанчын падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка, рожкі), каптуровыя (каптур, чапец, наколка), падвічкавыя (падвічка). На белае поле палатна наносіўся чырвоны ці чырвона-чорны арнамент. З прыёмаў маст. афармлення пераважалі вышыўка, узорыстае ткацтва, аплікацыя парчовай тасьмой і інш. Жаночыя галаўныя ўборы не мелі рэзкага падзелу на летнія і зімовыя, у холад на іх дадаткова накідвалі хустку.
З канца 19 ст. ў вёску ўсё шырэй пранікаюць фабрычныя вырабы. Яны паступова выцеснілі традыц.нар. галаўны ўбор.
Літ.:
Гл. пры арт.Адзенне.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Галаўныя ўборы: 1 — маладуха ў каптуры. Маладзечанскі раён; 2 — жанчына-мяшчанка ў галовачцы. Давыд-Гарадок Столінскага раёна; 3 — жанчына ў намітцы. Маларыцкі раён; 4 — хлопец у саламяным брылі. Лепельскі раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЦЯГНЕ́ННЕ,
гравітацыя, універсальнае ўзаемадзеянне паміж любымі відамі матэрыяльных аб’ектаў, абумоўленае іх масамі і ўсімі відамі энергіі, што існуюць у фіз. сістэме; імкнецца зменшыць адлегласць паміж целамі. Найб. слабае з вядомых тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (гл.Гравітацыйнае ўзаемадзеянне), але з прычыны неабмежаванага радыуса дзеяння адыгрывае асн. ролю ў макраскапічных маштабах: вызначае сілу цяжару (вагу цела), паскарэнне свабоднага падзення, рух і будову нябесных цел, структуру і эвалюцыю зорак, галактык і ўсяго Сусвету.
П. ажыццяўляецца пры дапамозе гравітацыйнага поля, якое аднолькава дзейнічае на розныя целы незалежна ад іх масы, хім. саставу і інш.Асн. характарыстыка матэрыяльнага аб’екта як крыніцы П. — яго гравітацыйная маса. Для слабых гравітацыйных палёў і нерэлятывісцкіх скарасцей руху цел выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Класічная тэорыя П. дае магчымасць тлумачыць многія з’явы на Зямлі і ў космасе. рашаць важныя прыкладныя задачы. Аднак яна не тлумачыць прыроду П. і рух перыгелія планеты Меркурый, не ўзгадняецца са спец.адноснасці тэорыяй і непрыдатная ў выпадку моцных палёў П. і руху часціц у гэтых палях са скарасцямі, блізкімі да скорасці святла. Рэлятывісцкае абагульненне ньютанавай тэорыі П. — агульная тэорыя адноснасці створана А.Эйнштэйнам (1915—16). Агульнарэлятывісцкія ўраўненні поля П. (ураўненні Эйнштэйна) звязваюць геам. характарыстыкі прасторы-часу з фіз. характарыстыкамі гравітуючай матэрыі. Паводле эйнштэйнаўскай тэорыі П. гравітацыя ёсць праяўленне скрыўлення прасторы-часу (адхіленне яе геаметрыі ад эўклідавай), якое выклікаецца масай рэчыва і ўсімі ’відамі энергіі, што існуюць у гравітуючай сістэме. Таму П. залежыць не толькі ад размяшчэння цел у прасторы, але і ад характару іх руху, размеркавання ціску і нацяжэнняў у гэтых целах, наяўнасці эл.-магн. і інш.фіз. палёў. З агульнай тэорыі адноснасці вынікае, што рухомая (напр., вярчальная) матэрыяльная сістэма стварае дадатковае поле П., аналагічнае магн. полю рухомых эл. зарадаў, а змяненні (хвалі) гравітацыйнага поля распаўсюджваюцца ў вакууме са скорасцю святла. Таму шэраг важнейшых вывадаў тэорыі Эйнштэйна (існаванне гравітацыйнага выпрамянення, гравітацыйнага радыуса, чорных дзір і інш.) якасна адрозніваецца ад вывадаў ньютанаўскай тэорыі П. Асн. палажэнні і назіральныя прадказанні эйнштэйнаўскай тэорыі П. пацверджаны астр. назіраннямі і эксперыментамі ў зямных умовах; агульная тэорыя адноснасці з’яўляецца тэарэт. фундаментам сучасных нябеснай механікі, астраметрыі, астрафізікі і касмалогіі.
Літ.:
Богородский А.Ф. Всемирное тяготение. Киев, 1971;
Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Теория тяготения и эволюция звезд. М., 1971;
Вейнберг С. Гравитация и космология: Пер. с англ.М., 1975;
Мизнер Ч., Торн К., Уилер Дж. Гравитация: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1977;
У илл К.М. Теория и эксперимент в гравитационной физике: Пер. с англ.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДЗІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1812,
генеральная бітва ў час вайны 1812 паміж рас. і франц. войскамі 7 вер. каля с. Барадзіно за 124 км на З ад Масквы.
Рас. арміі — 1-я Зах. на чале з ген. М.Б.Барклаем дэ Толі і 2-я Зах. пад камандаваннем ген. П.І.Баграціёна — пасля адыходу ад Смаленска 3 вер. спыніліся каля с. Барадзіно, дзе галоўнакаманд. ген. М.І.Кутузаў вырашыў прыняць бой, каб не дапусціць праціўніка да Масквы. Пазіцыі рас. часцей (правы фланг прыкрываўся р. Калоча, цэнтр — Баграціёнавымі флешамі і размешчанай на выш. Курганная батарэяй М.М.Раеўскага, левы фланг даходзіў да в. Уціца) перакрылі Новую Смаленскую дарогу, па якой рухаліся франц. войскі на чале з галоўнакаманд. імператарам Напалеонам I. Шэсць рас. дывізій на правым флангу і 4 дывізіі ў цэнтры падпарадкоўваліся Барклаю дэ Толі, 5 егерскіх палкоў на левым флангу — Баграціёну. 5 вер.франц. войскі (каля 40 тыс.чал., 186 гармат) пасля працяглага і цяжкага бою авалодалі перадавой рас. пазіцыяй — Шавардзінскім рэдутам, які абаранялі часці ген.-лейт. А.П.Гарчакова (12 тыс.чал., 46 гармат).
У Барадзінскай бітве рас. войскі налічвалі 154,8 тыс.чал. (у т. л. 11 тыс. казакоў і 28,5 тыс. апалчэнцаў) і 640 гармат, франц. — 133,8 тыс.чал., 587 гармат. Бітва праходзіла як лабавая атака франц. сіламі рас. цэнтра — батарэі Раеўскага і Баграціёнавых флешаў, якія 6 разоў пераходзілі з рук у рукі паміж 9 і 12 гадз. Да 12 гадз Напалеон збіў рускіх з усіх пунктаў і рыхтаваўся нанесці сваімі рэзервамі (19 тыс. гвардзейцаў) вырашальны ўдар, аднак у выніку раптоўнага рэйду конніцы ген. Ф.П.Уварава і казакоў ген. М.І.Платава ў франц. тыл ледзь не трапіў у палон і загадаў адкласці атаку на наступны дзень. Артыл. кананада працягвалася да 17 гадз. У 18 гадзрас. войскі адышлі на лінію с. Горкі — Старая Смаленская дарога. З надыходам цемры Напалеон адвёў франц. часці за р. Калоча. Страты французаў склалі 50—58 тыс.чал. (у т. л. 49 генералаў), расіян — 45,6 тыс.чал., з якіх 29 генералаў. Недахоп сіл змусіў Кутузава 8 вер. адступіць з войскамі ў бок Масквы. Напалеону не ўдалося разграміць рас. армію ў генеральнай бітве. На рас. баку ў ёй удзельнічалі ўраджэнцы Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай губ., вызначыліся Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі. На месцы бітвы дзейнічае Барадзінскі ваенна-гіст. музей (засн. ў 1903, пл. 110 км²).
Літ.:
Богданов Л.П. На поле Бородинском. 2 изд. М., 1987;
Вахрушев А.М. Зори Бородина: Ист. повествование. М., 1992.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Барадзінская бітва. Літаграфія з карціны А.Сафонава «Барадзінская бітва 26 жніўня 1812». 1902.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТА (лац. moneta),
грашовы знак, адзін з законных плацежных сродкаў. Стандартызаваны па памерах, пробе, масе кавалак каштоўнага металу правільнай формы, які можа прымацца не на вагу, а на лік, або грашовыя метал. знакі з медзі, бронзы, нікелю, алюмінію, цынку і інш. У адрозненне ад зліткаў мае па ўсёй паверхні адбітак штэмпеля з выявамі і надпісамі (з 2-й пал. 16—17 ст. і на гурце), якія засцерагалі М. ад падробкі, абразання і гарантавалі яе якасць ад імя імітэнта. Назву традыцыйна звязваюць з адным з імён вярх. рымскай багіні Юноны (Рэгіна — царыца, Соспіта — збавіцельніца; Манета — дарадчыца), пры храме якой у 3 ст. да н.э. ў рымскім Капітоліі знаходзіўся манетны двор. Першыя М. з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст. да н.э. Надпіс «Moneta» сустракаецца на стараж.-рымскіх М., ранніх зах.-еўрап. дэнарыях; як частка легенды — на еўрап. М., што абарачаліся і ў ВКЛ з 14 ст., і ў легендзе М. ВКЛ. У 16 ст. ў ВКЛ М. называлі сярэднія наміналы, меншыя за талер, але большыя за пенязь (дэнарый); у 17 ст. — і талерную з удакладненнем «добрая», «твардая», а таксама дробную з удакладненнем «шэлядная» М. У бел. пісьмовых крыніцах на працягу 15—18 ст. сустракаюцца М. белая, М. бітая, М. важная, М. грубая, М. давна, М. добрая, М. старадавна, М. цвёрдая, М. цалковая як вызначэнне дабраякаснай, і М. фальшывыя, да якіх ставіліся як да непажаданых. Па манетнай стапе ў 16 ст. адрознівалі М. літоўскую і М. польскую (адпавядала 8/10 літоўскай). Паводле прызначэння вылучаюць М. абяговую, М. данатыву («падарункавая»), М. камемаратыўную (памятная), М. пробную, М. навадзельную і М. антыкварную падробку. Паводле функцыі ў грашовым абарачэнні адрозніваюць М. паўнавартасную (банкаўскую) і разменную (дробную, білонную). Залежна ад тэхнікі вырабу М. адносяць да літых (адлітых у форму з выявамі), чаканеных (атрыманых з дэфармацыяй процілеглага ад выявы боку, аднабаковых), бітых (штампаваных), вальцаваных (зробленых пракаткаю). Паводле металу М. падзяляюцца на мона- і біметалічныя, у т. л. плакіраваныя (з ядром з інш. металу). М. мае манетнае поле з выявамі і легендамі на ім, апушку па краі поля, гурт. Гал. характарыстыкі М. — проба і маса (у стараж. нарматыўных дакументах апісвалася паняццем стапа); існавалі дапушчальныя адхіленні (рэмедыум) па масе, пробе і таўшчыні. У нумізматычных апісаннях істотную ролю адыгрывае фіксацыя суадносін восей выяў аверса (гал. бок) і рэверса (адваротны бок) М. адносна адзін аднаго. Гісторыю манетных сістэм і абарачэння М. у якасці грошай, М. як артэфакты, тэхніку манетнай справы вывучае нумізматыка.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
І.Л.Сінчук.
Да арт.Манета. Рымскі дэнарый (каля 45 да н.э.) з выявамі багіні Юноны-Манеты і інструментаў манетчыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САВА,
тэрыторыя на Пд Саюзнай Рэспублікі Югаславія (СРЮ), у Рэспубліцы Сербія. Мяжуе з Албаніяй (на З) і Македоніяй (на Пд). Пл. 10887 км². Нас. каля 2 млн.чал. (1997), албанцы (больш за 90%), сербы, чарнагорцы і інш. У выніку ваен. дзеянняў (1998) значная ч. насельніцтва пакінула К. і знаходзіцца ў лагерах бежанцаў у Албаніі (албанцы) і ва ўнутр. раёнах Югаславіі (сербы і чарнагорцы). Адм. ц. — г. Прышціна. Большую ч. тэрыторыі займаюць міжгорныя катлавіны Косава Поле і Метохія. Клімат умерана кантынентальны. Рэкі Белы Дрын і Ібар. Па схілах гор — шыракалістыя лясы, шмат лугоў і горных пашаў. Вырошчваюць збожжавыя (кукуруза, пшаніца, ячмень), тытунь, агародніну, садавіну, вінаград. У гарах гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Здабыча свінцова-цынкавай руды, выплаўка свінцу і цынку. Хім., цэм., дрэваапр., папяровая, тэкст., гарбарная, харч.прам-сць. Рамёствы і саматужныя промыслы. Развіты аўтамаб. транспарт.
Тэр. К. ў 2 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, з канца 4 ст.н.э. ў складзе Візантыі, у 6—7 ст. заселена славянамі. З 9 ст. ў складзе Балг, царства, з 11 ст. зноў у Візантыі, з пач. 12 ст. ў Сербскай дзяржаве. У 14—15 ст. заваявана Турцыяй. У 16—18 ст. адбывалася масавая эміграцыя сербаў і каланізацыя К. албанцамі-мусульманамі. Паводле Лонданскага мірнага дагавора 1913 падзелена паміж Сербіяй і Чарнагорыяй. З 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1945—63 аўт. вобласць, у 1963—69 аўт. край К. і Метохія, у 1969—74 аўт. край, у 1974—90 сацыяліст.аўт. край К. ў складзе Сербіі. З канца 1980-х г. у К. актывізаваўся рух алб.этн. большасці за выхад края са складу Сербіі і Югаславіі, які падтрымлівае Албанія. 23.3.1989 сербскія ўлады скасавалі аўт. статус К. як суб’екта федэрацыі. 5.7.1990 распусцілі мясц. парламент і ўвялі прамое кіраванне краем з Бялграда. З пач. 1998 паліт. сітуацыя ў К. абвастрылася: сутыкненні алб. дэманстрантаў з сербскай паліцыяй; выбары парламента і прэзідэнта непрызнанай «Рэспублікі Косава» — 22.3.1998 перамаглі партыя «Дэмакратычны саюз К.» і яе лідэр І.Ругова; баі паміж югаслаўскай арміяй і падп. «Вызваленчай арміяй К.»
У лют. і сак. 1999 у г. Рамбуе (Францыя) пад наглядам зах. дзяржаў і Расіі адбыліся перагаворы паміж дэлегацыямі СРЮ і косаўскіх албанцаў, каб выпрацаваць план шырокай аўтаноміі К. пры захаванні тэр. цэласнасці Югаславіі. Калі Бялград адверг патрабаванне зах. дзяржаў размясціць у К. ўзбр. кантынгент НАТО, разглядаючы гэта як парушэнне свайго суверэнітэту над краем, камандаванне НАТО 24.3.1999 без санкцыі ААН пачало ваен. аперацыю супраць Югаславіі.
Літ.:
Югославский кризис и Россия: Док, факты, коммент. (1990—1993). М., 1993;
История Югославии. Т. 1—2. М., 1963;
Арш Г.Л., Сенкевич И.Г., Смирнова Н.Д. Краткая история Албании. М., 1965;
Ключник В. Балканы пахнут порохом // Армия. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖА́НІН (Максім) (сапр.Каратай Аляксандр Амвросьевіч; н. 2.11.1909, в. Прусы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт.Засл. дз. маст. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі бел.пед. тэхнікум (1928). Вучыўся ў БДУ (1928—31). Працаваў у час. «Узвышша», на Бел. радыё (1930—32). 10.8.1933 незаконна асуджаны. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобл. Рэабілітаваны ў 1956. З 1935 на выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1944—53 у газ. «Звязда», час. «Вожык». У 1967—71 гал. рэдактар сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1925. Раннія вершы (зб. «Крокі», 1928) прасякнуты эмац.-рамантычным успрыняццем рэчаіснасці. У зб-ках вершаў і паэм «Неаплачаны рахунак» (1930), «Галасуе вясна за вясну», «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!», «Аднагалосна» (усе 1931), «Першамайская вуліца» і «Галасы гарадоў» (абодва 1932) зварот да надзённых тэм жыцця вёскі і горада, паглыбленне іх грамадскага гучання. Творы ваен. перыяду (зб. «Шырокае поле вайны», 1945) адлюстроўваюць мужнасць і гераізм воінаў, вышыню чалавечага духу ў час смяротнай небяспекі. Пасляваенная паэзія Л. ўславіла мірныя справы людзей працы (зб-кі «Поступ», 1950; «Святло Радзімы», 1952; «Моваю сэрца», 1955). Кніга вершаў «Прасторы» (1958) пашырыла паэтычны свет аўтара. Вершы і паэмы грамадзянскага гучання ў кнігах «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), «Як нараджаўся новы свет» (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы пад выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983). Ў сярэдзіне 1980—90-я г. паэзія Л. набывае праніклівае філасофска-быційнае гучанне, у якім зноў абвастраецца асабістая памяць, рахункі сваіх і агульных крыўдаў, пачуццё справядлівасці, але ўсё перажытае ўраўнаважваецца мудрым чалавечым вопытам, удзячнай любоўю да жыцця і хвалою ў яго гонар. Паэзіі Л. ўласціва жанрава-стылявое багацце, разнастайнасць вобразна-моўных сродкаў, паэт. майстэрства. Піша прозу («Колас расказвае пра сябе», 1964, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1965; «Дванаццаць вячорных вогнішчаў», 1968; «Людзі, птушкі, прастор», 1976; «Трое», 1989). Выступае як крытык і публіцыст (кнігі «Вачыма часу», 1964; «Рэпартаж з рубцом на сэрцы», 1973; «З ранку да вечара», 1978). Выдаў зб. гумару «Сілівон на дачы» (1958), вершы і апавяданні для дзяцей, паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1959). Аўтар сцэнарыяў фільмаў («Паўлінка», 1951; «Народны паэт», 1952; «Першыя выпрабаванні», 1960 і «Запомнім гэты дзень», 1967, з А.Куляшовым). На бел. мову пераклаў «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава, асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, А.Фадзеева, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—3. Мн., 1968—70;
Зб.тв.Т. 1-4. Мн., 1979—81;
Вярнуся ветрам: Лірыка, гумар, сатыра. Мн., 1987.
Літ.:
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;
Яго ж. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Кісялёў Г. Крокі // Полымя. 1984. № 11;
Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства: Творчасць М.Лужаніна // Роднае слова. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАМЯНЕ́ННЕэлектрамагнітнае, свабоднае электрамагнітнае поле, якое існуе незалежна ад крыніц, што яго ствараюць; працэс утварэння свабоднага электрамагнітнага поля. Выпрамяненню ўласцівы т.зв.карпускулярна-хвалевы дуалізм. Асн. хвалевыя характарыстыкі выпрамянення — частата ν (або даўжыня хвалі ), дзе c — скорасць святла ў вакууме), а таксама хвалевы вектар
, дзе — адзінкавы вектар напрамку распаўсюджвання хвалі. Хвалевыя ўласцівасці выпрамянення праяўляюцца ў наяўнасці інтэрферэнцыі і дыфракцыі (гл.Дыфракцыя хваль, Інтэрферэнцыя хваль). Карпускулярныя ўласцівасці характарызуюцца тым, што кожнай асобнай хвалі з частатой ν і хвалевым вектарам адпавядае часціца (квант або фатон) з энергіяй і імпульсам
, дзе h — Планка пастаянная. Карпускулярныя ўласцівасці праяўляюцца ў квантавых з’явах, напр., фотаэфект, Комптана эфект і інш.
Праяўленне хвалевых ці карпускулярных (квантавых) уласцівасцей выпрамянення залежыць ад яго частаты, па значэннях якой выпрамяненне ўмоўна падзяляецца на дыяпазоны (гл.табл.). <TABLE> Для хваль вял. даўжыні (напр., ЗВЧ, радыёхвалі) энергія квантаў вельмі малая, таму карпускулярныя ўласцівасці выпрамянення практычна не праяўляюцца. З павелічэннем частаты расце энергія квантаў і з інфрачырвонага дыяпазону ўжо пачынаюць пераважаць карпускулярныя ўласцівасці.
Уласцівасці выпрамянення для малых частот апісваюцца класічнай электрадынамікай, для вялікіх — квантавай. Паводле класічных Максвела ўраўненняў выпрамяненне ў кожным пункце прасторы і ў кожны момант часу характарызуецца напружанасцямі электрычнага і магнітнага палёў і пераносіць энергію, аб’ёмная шчыльнасць якой
. У квантавай тэорыі ўраўненні Максвела поўнасцю захоўваюцца, аднак велічыні і маюць іншы сэнс. У гэтым выпадку сувязь паміж хвалевымі і карпускулярнымі ўласцівасцямі выпрамянення мае статыстычны характар: шчыльнасць энергіі эл.-магн. хвалі вызначаецца лікам квантаў у адзінцы аб’ёму
, для асобнага кванта імавернасць яго знаходжання ў пэўным аб’ёме прапарцыянальная шчыльнасці энергіі.
Выпрамяненне ўзнікае ў рэчыве пры нераўнамерным руху эл. зарадаў ці змене магн. момантаў, у выніку чаго рэчыва траціць энергію і адбываюцца працэсы выпрамянення. Да іх адносяцца выпрамяненне бачнага, ультрафіялетавага і інфрачырвонага святла атамамі і малекуламі, γ-выпрамяненне атамных ядраў, выпрамяненне радыёхваль антэнамі. Адваротныя працэсы выпрамянення — працэсы паглынання. Пры іх за кошт энергіі выпрамянення павялічваецца энергія рэчыва. Паводле законаў класічнай электрадынамікі сістэма рухомых зараджаных часціц неперарыўна траціць энергію ў выглядзе выпрамянення — адбываецца неперарыўны працэс утварэння эл.-магн. хваль. Аднак у квантавых сістэмах працэсы выпрамянення і паглынання дыскрэтныя і адбываюцца ў адпаведнасці з законамі квантавых пераходаў (гл.Вымушанае выпрамяненне, Спантаннае выпрамяненне).
М.А.Ельяшэвіч, Л.М.Тамільчык.
Дыяпазоны частот і даўжынь хваль электрамагнітнага выпрамянення (шкала электрамагнітных хваль)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ РАЁН.
У цэнтр.ч. Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 16.9.1959, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,9 тыс.км²Нас. 49,5 тыс.чал. (1998, без г. Магілёў). Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Магілёў. Уключае 296 сельскіх нас. пунктаў, 16 сельсаветаў: Брылёўскі, Вяйнянскі, Вендаражскі, Дашкаўскі, Заводскаслабодскі, Кадзінскі, Княжыцкі, Мастоцкі, Махаўскі, Нядашаўскі, Палыкавіцкі, Пашкаўскі, Семукацкі, Сідаравіцкі, Сухарэўскі, Цішоўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС: 11 сельскіх нас. пунктаў у зоне забруджання радыёнуклідамі ад 5 да 15 Кю/км².
Большая ч.тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўн. і паўн.-ўсх.ч. — у межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, 80% тэрыторыі на выш. 170—190 м, найвыш. пункт 200 м (за 2 км на Пн ад Магілёва). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны, суглінкі, мінер. фарба, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 644 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. З Пн на Пд працякае р. Дняпро з прытокамі Вільчанка, Паўна з Лазнёўкай, Дубравенка, Лахва з Лахвіцай і Жыварэзкай. На зах. ускраіне цячэ р. Друць з прытокамі Арлянка і Грэза (вытокі), на У — р. Раста з прытокам Рудзея. Вадасховішчы Рудзея і Зарэсце. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (59,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,1%). Пад лесам 24% тэр. раёна, з іх 20,6% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пд. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, альховыя і інш. Балоты займаюць 11.3 тыс. га; найб. Буйніцкае і Вял. Укрупскае. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Варацей, Гарадзенка, Загрэбля-Прысленка, Карніца, Пагост, Праворышча, Прусіна, Прыбрэжжа, Раманькі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: крыніца ў в. Палыкавічы, участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі ў Вільчыцкім лясніцтве; мясц. значэння: дубы ў Магілёве, парк у в. Дашкаўка.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 119 тыс. га, з іх асушаных 16,8 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 7 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка, 3 аграфірмы, эксперым. база, саўгас-камбінат «Усход», 3 птушкафабрыкі, зверагаспадарка, дзяржплемпрадпрыемства. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжа, агародніцтве, садаводстве, бульбаводстве, ільнаводстве. Прадпрыемствы металаапр., харч., дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Магілёў — вузел чыгунак на Асіповічы, Оршу, Крычаў, Жлобін, аўтадарог — на Бабруйск, Мінск, Оршу, Чэрыкаў, Гомель. Суднаходства па Дняпры. У раёне 23 сярэднія, 5 базавых, 8 пач., 11 муз. (11 філіялаў), спарт. школ, вышэйшае прафес. агратэхн. вучылішча ў в. Буйнічы, 32 дашкольныя ўстановы, 37 дамоў культуры і клубаў, 36 б-к, 7 бальніц, паліклініка, 2 амбулаторыі, 41 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры: царква Пакроваў Багародзіцы (2 пал. 19 ст.) у в. Вейна, Успенская царква (1903) у в. Галяні 1-я, сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Дашкоўка, касцёл дамініканцаў (1681) у в. Княжыцы, мемар. капліца (1912) і помнік (1962) на месцы бітвы ў Айч. вайну 1812 каля в. Салтанаўка, капліца (19 ст.) у в. Стайкі, Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Сухары. Помнік гісторыі Буйніцкае поле каля в. Буйнічы. Музей баявой і працоўнай славы ў в. Палыкавічы. Выдаецца газ. «Прыдняпроўская ніва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЧНІ́К,
прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага, дэкар, і утылітарнага прызначэння. Бытуе ў краінах Цэнтр. Еўропы. Шырыня звычайна 25—45 см, даўж. 1—3 м.
На Беларусі вядомы з глыбокай старажытнасці, са з’яўленнем ткацтва. Р.-ўціральнікі служылі для быт. патрэб, у Р.-трапкачах насілі ў поле абед. Да пач. 20 ст. Р. шырока ўжывалі ў дэкар. і абрадавых мэтах. Вернікі Р. прыбіралі абразы; яны былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзінных, пахавальных і інш. абрадах: на іх прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родным жаніха; іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання; на Р. апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж. У часы засухі, войнаў, эпідэмій жанчыны адной вёскі за дзень ці ноч ткалі Р.-абыдзённік, які вешалі на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу.
Р. ткалі на кроснах, аздаблялі ўзорыстым натыканнем (браным, пераборным, выбраным, закладным), вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі. Тэхніка выканання, характар дэкору, яго размяшчэнне адметныя ў кожным гісторыка-этнагр. рэгіёне. Традыц. Р. Панямоння пераважна манахромныя, выкананыя шматнітовай тэхнікай: геам. ўзоры, раўнамерна размешчаныя па ўсім полі, утвараюцца чаргаваннем адбеленых і суравых нітак пражы і ўтку. Р. Паазер’я, арнаментаваныя браным ці выбраным натыканнем, вызначаюцца буйным (часам паліхромным) малюнкам з дрэвам жыцця, вазонам, антрапаморфнымі фігурамі (гл.Віцебскія ручнікі); нярэдкія тут і ажурныя вырабы. Асаблівасць Р. Падняпроўя — буйны ромба-геам. дэкор, які шырокімі шчыльнымі палосамі размяшчаецца па канцах і паступова разрэджваецца да сярэдзіны Р. (Пн Падняпроўя) або выразна ад яе аддзяляецца (гл.Неглюбскія ручнікі). Падобны дэкор і Р. Усходняга Палесся; тут таксама пашыраны вырабы з выразнымі папярочнымі палосамі аднолькавай шырыні па ўсім полі (гл.Калінкавіцкія ручнікі). Для Р. Заходняга Палесся (гл. Дадатак) характэрны дэкор з гладкіх палос рознай шырыні, раўнамерна размешчаных па ўсім полі; далікатным дробнаўзорыстым дэкорам з вузенькіх палосак вызначаюцца мотальскія ручнікі. У цэнтральнай Беларусі значную частку складаюць шматнітовыя Р. з буйнарапортным шашачным бела-шэрым малюнкам поля і ўзорыстымі чырв. палосамі таго ж малюнку па канцах. Вылучаюцца капыльска-клецкія Р. з буйным лаканічным арнаментам па канцах, вытканым закладной тэхнікай. У традыц. Р. пераважае спалучэнне чырв. дэкору з белым фонам, з канца 19 ст. дадаўся чорны, з сярэдзіны 20 ст. пануючае становішча заняла паліхромія; ромбагеам. арнаментыка стараж. сімвалічнага характару саступіла месца расліннаму гладзеваму дэкору. На аснове традыц. Р. вырабы падарункавага, сувенірнага, маст. прызначэння ствараюць сучасныя нар. майстры, прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць).
Літ.:
Фадзеева В.Я. Беларускі ручнік. Мн., 1994;
Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка: Пер. з рус.Мн., 1996;
Ручнік у прасторы і часе: Матэрыялы Міжнар.навук.-практыч. канф.Мн., 2000.
Я.М.Сахута.
Ручнік. Клімавіцкі раён Магілёўскай вобл. 1960-я г.Ручнікі з г. Косаў Івана-Франкоўскай вобл. Украіна. 1970.Ручнік. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1930-я г.Ручнік. Сяло Верашчакі Бранскай вобл. Расія. 1973.Ручнік. Капыльскі раён Мінскай вобл. 1950-я г.А.Бяляева. Браны ручнік. Сяло Карпагары Архангельскай вобл. Расія. 1976.