МЮРА́Т ((Murat) Іаахім) (25.3.1767, г. Лабастыд-Мюра, Францыя — 13.10.1815),

французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Бергскі і Клеўскі (1806). Кароль Неапалітанскага каралеўства пад імем Іаахім-Напалеон [1808—15]. У франц. арміі з 1787. Вызначыўся пры задушэнні мяцяжу раялістаў у 1795, у Італьянскім (1796—97) і Егіпецкім (1798—99) паходах Напалеона I, садзейнічаў захопу ім улады ў Францыі. Удзельнік усіх Напалеонаўскіх войнаў. У час вайны 1812 супраць Расіі камандаваў кав. корпусам, удзельнічаў у баях каля Астроўна, Смаленска, с. Таруціна, Барадзінскай бітве 1812. Пасля ад’езду Напалеона I у Францыю (5.12.1812) да студз. 1813 камандаваў рэшткамі «вялікай арміі»; на баку Напалеона ўдзельнічаў у бітвах пры Дрэздэне і Лейпцыгу. У студз. 1814 заключыў тайны саюз з Аўстрыяй і Вялікабрытаніяй з мэтай захаваць неапалітанскі прастол, але яго дамаганні адхіліў Венскі кангрэс 1814—15. У перыяд «Ста дзён» выступіў на баку Напалеона I, быў разбіты ў Італіі і ўцёк на в-аў Корсіка. Каб вярнуць сабе прастол, на чале невял. атрада высадзіўся на Пд Італіі, але схоплены аўстрыйцамі і па прыгаворы ваен. суда расстраляны.

Літ.:

Тюлар Ж. Мюрат, или Пробуждение нации: Пер. с фр. М., 1993.

т. 11, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРКУ́РАЎ (Сяргей Дзмітрыевіч) (7.11.1881, г. Гюмры, Арменія — 8.6.1952),

расійскі скульптар-манументаліст. Нар. маст. СССР (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1902—05). Да 1909 працаваў у Парыжы. З 1929 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. З 1944 дырэктар музея выяўл. мастацтваў у Маскве. У ранні перыяд пад уплывам мадэрну творчасці была ўласціва ўзнёслая сімвалічнасць, часам стылізацыя вобразаў (статуя Ф.​Дастаеўскага, 1911—13, устаноўлена ў 1918 у Маскве, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш акад. манеры, удзельнічаў у ажыццяўленні плана манументальнай прапаганды. У творах, якія вызначаліся маналітнасцю аб’ёмаў і статычнасцю кампазіцый, імкнуўся да ўвасаблення ў вобразах вял. грамадскага зместу. Сярод работ: партрэт С.​Г.​Шаўмяна (1929), статуя У.​Леніна на канале імя Масквы (1937), гарэльеф «Расстрэл 26 бакінскіх камісараў» (1924—46, устаноўлены ў 1958 у Баку), скульпт. група «Смерць правадыра» (1927—47, устаноўлена ў 1958 у г.п. Горкі Ленінскія Маскоўскай вобл.), помнікі К.​Ціміразеву ў Маскве (1922—23), Шаўмяну ў Ерэване (1931), Ф.​Дзяржынскаму ў Валгаградзе (1932) і ў Дзяржынску (Расія, 1948), А.​Пушкіну ў Магнітагорску (1949) і інш. Рабіў пасмяротныя маскі дзярж. дзеячаў і дзеячаў культуры. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951.

С.Мяркураў. Партрэт С.​Г.​Шаўмяна. 1929.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУМО́ВІЧ, Наўмовіч Міхась (н. 3.10.1922, в. Рамашкавічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, мастак, фізіятэрапеўт. Пасля сканчэння Навагрудскай бел. гімназіі (1944) мабілізаваны ў Бел. краёвую абарону, потым у дывізію СС «Беларусь». Восенню 1944 перайшоў да франц. партызан. З канца 1944 у Андэрса арміі. З чэрв. 1945 жыў у Італіі. З 1947 у Францыі, дзе скончыў Нац. вышэйшую школу мастацтва (ф-т скульптуры, 1953) і школу фізіятэрапіі (1955) у Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзярж. і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва. Узначальваў Аб’яднанне бел. работнікаў у Францыі (з 1946), Бел. незалежніцкую арг-цыю моладзі ў Францыі (1949—52), Аб’яднанне бел. студэнтаў, Бел. аб’яднанне камбатантаў. Рэдагаваў час. «Моладзь» (1948—54). З 1991 старшыня Беларускага хаўрусу. Аўтар больш як 10 скульпт. твораў з каменю, у т. л. помніка на магіле М.Равенскага, скульптур для касцёлаў, моста Аляксандра III і Новага моста (Парыж). Пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк. У 1950—60-я г. аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Я.​Купалы, «Сымон-музыка» Я.​Коласа, «Матчын дар» А.​Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Малюе і акварэллю. Узнагарода па анатоміі Prix Hugier (1949).

А.​С.​Ляднёва.

т. 11, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМІ́ТКА, павойнік, хуста, сярпанка,

даўні галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі. Складаўся з уласна Н. — тонкага белага кужэльнага палатна (ручніка) 30—60 см шырынёй, ад 2,3—2,6 да 5 м даўжынёй, абматанага паверх чапца і тканкі (лямец, кібалка). Вядома каля 30 спосабаў абмотвання Н. Часам абодва яе канцы завязвалі ззаду (магілёўскі строй), над ілбом ці па баках (капыльска-клецкі строй); найчасцей адзін канец праходзіў пад барадой і драпіраваўся над плячом, а другі спадаў на спіну. Часта Н. замацоўвалі доўгімі шпількамі, тады яе можна было здымаць, як шапку. Канцы Н., іншы раз і край над ілбом аздаблялі арнаментам (вышыўка ці натыканне), карункамі, мохрыкамі (пухавіцкі строй, маларыцкі строй, кобрынскі строй). Святочную Н. аздаблялі зелянінай, букетам штучных ці жывых кветак, папяровым веерам (ляхавіцкі строй), кветкамі вяргіні (пінска-івацэвіцкі строй), пер’ем (кобрынскі строй), маляўнічай каробачкай з 2 «рожкамі» — пукамі фарбаванага пер’я (касцюм свацці ў маларыцкім строі). Першы раз у Н. ўбіралі нявесту на вяселлі (абрад «ачэпін»), пасля чаго жанчына не выходзіла на людзі без яе. Найдаўжэй бытавала на Палессі (да 1950-х г.). Іл. гл. таксама ў арт. Галаўныя ўборы.

М.​Ф.​Раманюк.

Жанчыны ў святочных уборах з наміткамі. Вёска Варатынічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Геранім Францавіч) (14.7.1816, в. Тулава Віцебскага р-на — пасля 1864),

бел. і польскі пісьменнік. Скончыў Віцебскую губ. гімназію (1835), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Да 1860-х г. служыў чыноўнікам у Віцебску. Літ. дзейнасць пачаў у 1830-я г. У 1858 напісаў па-беларуску драм. паэму «Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі)», якая, паводле некаторых звестак, ставілася ў 1862 у Віцебску. На польск. мове выдаў 2 зб. «Паэзія» (Вільня, 1845 і 1848) і кн. «Творы, напісаныя між іншым» (Вільня, 1857). Драма «Падарожны» (нап. 1859) не апублікавана. Творы прасякнуты трывогай за лёс народа, надзеяй на лепшую будучыню, сатырай на чыноўніцтва. Перакладаў на польск. мову бел. нар. песні, вершы І.​В.​Гётэ і М.​Лермантава; А.​Вярыгу-Дарэўскаму і яго брату Сямёну прысвяціў верш «Заход сонца» (1843).

Тв.:

Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі): [П’еса] // Беларуская літаратура XIX ст. Мн., 1988;

[Вершы] // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Мн., 1998.

Літ.:

Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969. С. 159—161;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 161—163;

Мархель У. Шчыры, але не камерны: Геранім Марцінкевіч: Вяртанне спадчыны // Роднае слова. 1998. № 2.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХНО́ (Нестар Іванавіч) (29.10.1889, г. Гуляйполе Запарожскай вобл., Украіна — 6.7.1934),

украінскі паліт. дзеяч, адзін з кіраўнікоў анарха-сял. паўстанцкага руху на Украіне ў 1918—21. У рэвалюцыю 1905—07 далучыўся да анархістаў (гл. Анархізм). У 1909 за забойства паліцэйскага прыстава прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 10 гадоў катаргі. Пасля вызвалення (1917) вярнуўся ў Гуляйполе, дзе ў крас. 1918 узначаліў анархісцкі партыз. атрад, які змагаўся супраць памешчыкаў, укр. гетманскіх улад і аўстра-герм. акупантаў. У 1919—21 ваяваў супраць белагвардзейцаў, пятлюраўцаў і Чырв. Арміі. З восені 1919 камандаваў «Рэвалюцыйна-паўстанцкай арміяй Украіны» (30—50 тыс. чал.). Дзейнічаў імкліва і жорстка, спалучаў партыз. тактыку з дзеяннямі буйных сіл конніцы і пяхоты. Выступаў за «безуладную дзяржаву» і «вольныя Саветы», свабоду эканам. дзейнасці для сялян. Тройчы заключаў пагадненні з Сав. уладай і дзейнічаў на баку чырв. войск, але кожны раз, незадаволены палітыкай бальшавікоў у адносінах да сялянства і байцоў сваіх атрадаў, уздымаў антысав. мяцяжы. Да восені 1921 разгромлены Чырв. Арміяй, эмігрыраваў. Жыў у Румыніі, Польшчы, Францыі. Аўтар кн. «Успаміны» ( выд. 1992).

Літ.:

Белаш А.В., Белаш В.Ф. Дороги Нестора Махно: Ист. повествование. Киев, 1993;

Телицын В. Нестор Махно. М.;

Смоленск, 1998.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯРЫ́ЙНЫЯ КАМАРЫ́, анофелесы (Anopheles),

род насякомых сям. сапраўдных камароў атр. двухкрылых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 3 віды. Найб. трапляецца М.к. звычайны (A. maculipennis) М.к. з’яўляюцца пераносчыкамі плазмодыяў — узбуджальнікаў малярыі, тулярэміі, японскага энцэфаліту. М.к. звычайны таксама прамежкавы гаспадар паразітуючых на сабаках філярыід (гл. Філярыятоз). Жывуць паблізу вадаёмаў, у балоцістых мясцінах, каля населеных пунктаў. Кампанент гнюсу.

Даўж. да 8 мм. Цела жаўтавата-бурае. Крылы вузкія, закругленыя, з 4—5 бурымі плямкамі. Ногі доўгія. Вусікі 15-членікавыя, у самцоў з густымі доўгімі валаскамі. Ротавыя органы колюча-сысучыя. У адрозненне ад інш. камароў характэрная пастава М.к. — цела, узнятае пад вуглом да паверхні, уніз галавой. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі, апрача таго, пасля апладнення смокчуць кроў пазваночных жывёл і чалавека (высмоктваюць крыві больш, чым важаць самі). Яйцы, лічынкі і кукалкі развіваюцца ў вадзе. Лічынкі дыхаюць атм. паветрам, трымаюцца пад паверхняй вады. За год 3—5 генерацый. Для знішчэння лічынак выкарыстоўваюць інсектыцыды, рэпеленты і інш., разводзяць рыб (напр., гамбузія), якія кормяцца лічынкамі і кукалкамі насякомых (біял. метад).

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Малярыйныя камары: 1 — самец; 2 — тыповая пастава камара пры сядзенні; 3 — лічынка; 4 — кукалка; 5 — яйцо.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́О ДУНЬ (сапр. Шэнь Яньбін ; 4.7.1896, Дунсян, прав. Чжэцзян, Кітай — 27.3.1981),

кітайскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Пекінскім ун-це. У 1949—64 міністр культуры КНР, у 1976—81 старшыня Саюза кіт. пісьменнікаў. Яго творчасці ўласціва спалучэнне традыц. стылю з патрабаваннямі эстэтыкі сац. рэалізму. Праблемы інтэлігенцыі, расчараванай у рэвалюцыі, адлюстраваны ў трылогіі «Зацьменне» (1927—28), зб-ках апавяд. «Шыпшына» (1929) і «Леташняя трава» (1931). Жыццё кіт. горада і вёскі ў аповесці «Крама сям’і Лінь» (1932), рамане «Перад світаннем» (1933). Рэв. настроі ў сял. асяроддзі — гал. тэма «Вясковай трылогіі» (1932—34). У гады вайны супраць Японіі (1937—45) у творах гучаць патрыят. матывы (раман «Распад», 1941; аповесці «Несправядлівасць», «Аповесць пра першы этап», «Пасля разгрому» і інш.). Роздум пра лёс кіт. правінцыі напярэдадні рэв. 1911 адлюстраваны ў рамане «Зарошанае лісце, чырвонае, як кветкі веснавыя» (1942). Аўтар літ.-крытычных твораў, публіцыстыкі (зб-кі «Натхненне», 1959; «Пра гісторыю і гістарычныя драмы», 1962, і інш.).

Тв.:

Бел. пер. — Вясеннія шаўкапрады // Полымя. 1953. № 11;

Перад світаннем. Мн., 1959;

Рус. пер.Соч. Т. 1—3. М., 1956;

Избранное. Л., 1990.

Літ.:

Сорокин В.Ф. Творческий путь Мао Дуня. М., 1962.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 10, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЮКО́Ў (Павел Мікалаевіч) (27.1.1859, Масква — 31.3.1943),

расійскі гісторык і паліт. дзеяч. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). Чытаў лекцыі ў Маскоўскім, Сафійскім і Чыкагскім ун-тах. Адзін з заснавальнікаў Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі, з 1907 старшыня яе ЦК і рэдактар газ. «Речь». Дэпутат Дзярж. думы 3-га і 4-га скліканняў. Пасля Лют. рэв. 1917 міністр замежных спраў у Часовым урадзе (да 2.5.1917). У грамадз. вайну адзін з арганізатараў Добраахвотніцкай арміі на Доне, пазней у Камітэце вызвалення Расіі ў Лондане. З 1920 у Парыжы, з 1921 рэдактар газ. «Последние новости» (друкаваліся І.​А.​Бунін, М.​І.​Цвятаева, У.​У.​Набокаў і інш.). У 2-ю сусв. вайну выступаў супраць супрацоўніцтва рус. эміграцыі з Германіяй, вітаў перамогі Сав. Арміі. Даследаваў гісторыю рус. эканомікі 15—18 ст., гісторыю грамадска-паліт. думкі, культуры, гістарыяграфію. Аўтар прац «Галоўныя плыні рускай гістарычнай думкі» (1898), «З гісторыі рускай інтэлігенцыі» (1902), «Расія на пераломе» (т. 1—2, 1927) і інш.

Тв.:

Воспоминания. М., 1991;

Очерки по истории русской культуры. Т. 1—3. М., 1993—95.

Літ.:

Думова Н.Г., Трухановский В.Г. Черчилль и Милюков против Советской России. М., 1989;

Думова Н.Г. Либерал в России: трагедия несовместимости: Ист. портрет П.​Н.​Милюкова. Ч. 1. М., 1993.

т. 10, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫПАТЭТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ад грэч. peripatoi крытая галерэя — лекцыйная зала),

лікей, філасофская школа Арыстоцеля. Была буйным цэнтрам ант. ведаў, спалучала функцыі акадэміі навук (даследаванні на падставе метаду Арыстоцеля ў розных галінах ведаў, каардынацыя даследчай дзейнасці). Адрозніваюць некалькі перыядаў перыпатэтызму. 1-ы перыяд — 4—2 ст. да н.э. Лікей створаны ў 335 да н.э. ў Афінах Арыстоцелем, пасля яго школай кіраваў Тэафраст (паклаў пачатак батаніцы; на яго лекцыях прысутнічала каля 2 тыс. слухачоў). У школе выкладалі Эўдэм Радоскі, Арыстаксен з Тарэнта і інш. Вучнямі былі Дурыс, Хамелеон з Гераклеі Пантыйскай, Праксіфан з Лесбаса. Калі школу ўзначальваў філосаф і прыродазнавец Стратон з Лампсака, характэрнай яе рысай стала схільнасць да заняткаў асобнымі навукамі (гісторыя, геаграфія, гісторыя л-ры і інш.). У 2-і перыяд (1 ст. да н.э.) вучоныя Андронік Радоскі, Ксенарх, Стасей з Неапаля былі пераважна выдаўцамі, рэдактарамі і каментатарамі арыстоцелеўскіх твораў. Падобная дзейнасць характэрна і для 3-га перыяду (1—2 ст. н.э.). Сярод вучоных таго часу Аляксандр з Эгі, Адраст, Гермін, Арыстокл з Месены, Аляксандр Афрадысійскі. Большасць з іх займалася гіст. біяграфіямі, літ.-знаўствам, папулярнай этыкай. З 4 ст. ўласна перыпатэтычныя традыцыі знікаюць, творы Арыстоцеля пачалі каменціраваць неаплатонікі.

В.​І.​Боўш.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)