ВІЯ́Н ((Vian) Барыс) (10.3.1920, г. Віль-д’Аўрэ, Францыя — 23.6.1959),
французскі пісьменнік, музыкант, аўтар і выканаўца песень. Дэбютаваў зб. «Сто санетаў пра каханне» (1941), раманам «Сумятня ў Ардэнах» (1942, выд. 1966). Вылучаюцца раманы «Пена дзён» (1947; аднайм. фантасмагарычная опера Э.Дзянісава, 1963), «Восень у Пекіне» (1947), п’еса «Усеагульная скуралупня» (паст. 1950). Пад псеўданімам Вернон Салівэн апублікаваў свае раманы «Я прыйду плюнуць на вашы магілы» (1946), «Мёртвыя аднаго колеру» (1947), «Знішчыць усіх вырадкаў» (1948), «Яны не разумеюць, што робяць» (1949), выдаўшы іх за пераклады амер. бестселераў. У 1950 пасля суд. разбору «як перакладчык» Віян абвінавачаны ў «зневажанні нораваў». Аўтар раманаў «Чырвоная трава» (1950), «Сэрцадзёр» (1953), зб. вершаў «Я не хацеў бы здохнуць» (1962), п’есы «Падвячорак генералаў» (паст. 1962), лібрэта опер «Снежны кавалер» (1957, муз. Ж.Дэлеру) і «Фіеста» (1958, муз. Д.Міё). Віян распрацаваў прынцыпова новую эстэтыку, якая папярэднічала постмадэрнізму. Пацыфізм і нон-канфармізм Віяна, непрыняцце яго героямі рэлігіі, дзяржавы і працы, геданізм і эскапізм засвоены маладзёжнай контркультурай 1960-х г.
Тв.:
Бел.пер. — Ваўкалак: [Апавяданне] // Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Рус.пер. — Мёртвые все одного цвета. М., 1992;
Женщинам не понять. СПб., 1993;
Пена дней. Л., 1994;
Мурашки. М., 1994;
Сердцедер. М., 1994.
Літ.:
Ерофеев В.В. Борис Виан и «мерцаюшая эстетика» // Ерофеев В.В. В лабиринте проклятых вопросов: Эссе. 2 изд. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЗІ́ЗМ,
сацыяльна-паліт. і філас.-этычнае вучэнне ў Індыі. Узнік у 1920—40-я г. ў перыяд уздыму нац.-вызв. барацьбы. Назва паходзіць ад імя яго заснавальніка М.К.Гандзі. Гал. прынцып гандзізму — пераадоленне каланіяльнага прыгнечання дзейнай сілай духоўна-маральнага ўдасканалення і ўзвышэння прыгнечаных над прыгнятальнікамі, ці актыўнага, мэтанакіраванага ненасілля. Прадугледжвалася схіленне да антыкаланіяльнай барацьбы ўсяго насельніцтва Індыі незалежна ад каставых, расавых, этнічных, рэліг. і інш. адрозненняў. Устаноўка на актыўнае ненасілле ажыццяўлялася ў форме несупрацоўніцтва з каланіяльнай адміністрацыяй (адмова ад атрымання ганаровых тытулаў і званняў, байкот каланіяльнай палітыкі і інш.), грамадз. непакорнасць (нявыплата падаткаў, спыненне дзелавой актыўнасці). Грамадскі ідэал гандзізму — грамадства без эксплуатацыі і прыгнечання чалавека чалавекам, дзе кожнаму індывіду дадзена магчымасць сцвярджаць і адстойваць свае правы. Ідэалізуюцца праца ў яе простых формах, патрыярхальныя адносіны паміж грамадскімі групамі (класавы мір, апека багатых над беднымі). Гандзізму ўласціва рэзкая крытыка тэхн. цывілізацыі. У час барацьбы Індыі за незалежнасць гандзізм быў ідэалагічнай асновай пераадолення вынікаў каланіяльнага панавання Англіі, антыфеад. і прагрэс. пераўтварэння грамадскага жыцця, барацьбы супраць сепаратызму і кансалідацыі індыйскай нац. дзяржаўнасці, умацавання Індыі ў свеце. Асн. палажэнні вучэння гандзізму сталі афіц. ідэалогіяй партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс.
Літ.:
Намбудирипад Е.М. Махатма Ганди и гандизм: Пер. с англ.М., 1960;
Мартышин О.В. Политические взгляды М.К.Ганди. М., 1970;
Литман А.Д. Современная индийская философия. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1944—54, «Дзесяць гадоў вясны», антыфеадальная, бурж.-дэмакр. рэвалюцыя ў Гватэмале. Асн. прычына — цяжкае становішча мясц. насельніцтва, жорсткая эксплуатацыя індзейцаў плантатарамі. Ваен. хунта, якая ў 1944 скінула дыктатара Х.Убіка, не правяла неабходных рэформаў, што выклікала ўсенародную незадаволенасць. 20.10.1944 група афіцэраў на чале з Х.Арбенсам Гусманам пры падтрымцы насельніцтва ўзяла ўладу ў свае рукі. На свабодных выбарах 1945 перамог і стаў прэзідэнтам лідэр Нар.-вызв. фронту Х.Х.Арэвала. Прынятая ў сак. 1945 канстытуцыя абвясціла дэмакр. свабоды і ліквідацыю памешчыцкага землеўладання; у 1946 прыняты закон пра сац. забеспячэнне, у 1947 — першы ў краіне прац. кодэкс. Урад Арбенса Гусмана, які стаў прэзідэнтам у 1951, у чэрв. 1952 прыняў закон аб агр. рэформе, паводле якога ў латыфундыстаў і амер. «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО) экспрапрыіравана 555 тыс.га зямлі, 400 тыс.га з іх размеркавана паміж 100 тыс. сялян. Урад ЗША заявіў афіц. пратэст супраць экспрапрыяцыі зямель у ЮФКО. Пры падтрымцы ЗША ў Гандурасе былі падрыхтаваны ўзбр. атрады гватэмальскіх эмігрантаў на чале з палк. К.Кастыльё Армасам, якія 18.6.1954 уварваліся на тэр. Гватэмалы. Кіраўніцтва гватэмальскай арміі адмовілася падтрымаць прэзідэнта Арбенса Гусмана, і ён вымушаны быў падаць у адстаўку. 28.6.1954 уладу захапіў Кастыльё Армас. Рэформы, праведзеныя ў гады рэвалюцыі, былі адменены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗУІ́ТЫ (ад лац. формы імя Ісус Iesus),
члены каталіцкага манаскага ордэна Таварыства Ісуса, створанага ў 1534 ісп. дваранінам І.Лаёлам для барацьбы з Рэфармацыяй і ўмацавання каталіцызму. Ордэн пабудаваны на аснове строгай цэнтралізацыі, суровай дысцыпліны і абсалютнай волі яго кіраўніка — генерала («чорнага папы»), які выбіраецца пажыццёва і падначальваецца толькі папе рымскаму. З цягам часу ордэн ператварыўся ў моцную арг-цыю, якая пашырылася ў Еўропе, пранікла ў краіны Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі. У 1569 Е. пачалі дзейнасць у ВКЛ. У 1773 булай папы Клімента XIV ордэн скасаваны. Ва ўсх. Беларусі Кацярына П насуперак папскай буле захавала ордэн. Е. заснавалі ў Полацку навіцыят (курсы падрыхтоўкі для ўступлення ў ордэн). Свае школы Е. вызвалілі ад урадавага кантролю і падначалілі Полацкаму калегіуму (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Іх калегіумы існавалі ў многіх гарадах Беларусі, у т. л. ў Віцебску, Магілёве, Оршы (гл.Калегіум, Езуіцкія навучальныя ўстановы). У 1820 Е. былі выгнаны з Рас. імперыі. У 1814 ордэн адноўлены папам Піем VII ва ўсім свеце. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі была створана каталіцка-езуіцкая група ў Альбярціне. У наш час Е. — адзін з буйнейшых і ўплывовых каталіцкіх ордэнаў.
Літ.:
Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;
Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;
Цярохін С.Ф. Многія прыйдуць пад імем маім (езуіты на Беларусі). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕШНЕЭКАНАМІ́ЧНЫЯ СУ́ВЯЗІ,
адна з форм эканам. дзейнасці дзяржавы, прадпрыемстваў і фірм, якая звязана са знешнім гандлем, ажыццяўленнем сумесных з інш. краінамі праектаў. Ахопліваюць комплекс гасп., крэдытных, валютна-фін., прававых узаемаадносін. Уяўляюць сабой арганічную частку міжнар.эканам. адносін, якія развіваюцца на аснове міжнароднага падзелу працы. Уключаюць абмен спажывецкімі таварамі, машынамі, абсталяваннем навук.-тэхн. ведамі, дасягненнямі ў галіне культуры, паслугамі па эканам. і тэхн. супрацоўніцтве і прадугледжваюць стварэнне сумесных прадпрыемстваў, вытв-сцей і навук. калектываў; з’яўляюцца фактарамі эканам. росту, інтэнсіфікацыі вытв-сці, удасканалення тэхналогій, узбагачэння рынку спажывецкімі таварамі. З.с. праходзяць пэўныя этапы: ад гандлю і паслуг — да вывазу капіталу, стварэння міжнар. вытв-сці і фарміравання адзінага сусв. рынку валют, крэдытаў, каштоўных папер. На сучасным этапе З.с. перарастаюць у інтэрнац. групоўкі (Еўрапейскі Саюз, міждзярж. аб’яднанні ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Азіі і інш.), якія каардынуюць вытв-сць і збыт тавараў, выступаюць як адзіная юрыд. асоба на міжнар. рынку. Адным з асн. кірункаў інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у сусв. супольнасць з’яўляецца больш цеснае эканам. збліжэнне з краінамі СНД і найперш з Рас. Федэрацыяй. Асн. формамі З.с. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца знешні гандаль і вытв. сувязі. Многія бел. прадпрыемствы супрацоўнічаюць з замежнымі фірмамі. Павялічваецца прыток на Беларусь замежных інвестыцый. Беларусь удзельнічае ў міжнар. выстаўках і кірмашах, актывізуе З.с. праз свае і замежныя пасольствы і консульствы. Дзейнічае Мін-ва па знешнеэканам. сувязях Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НА-ІРА́КСКАЯ ВАЙНА́ 1980—88 Выклікана ідэалаг. і паліт.-эканам. процістаяннем гэтых дзяржаў, у т. л. іх барацьбой за кантроль над нафтавымі рэсурсамі ў Перс. заліве; Іран імкнуўся таксама скінуць кіруючы ў Іраку рэжым С.Хусейна. Пачалася з уступлення ў вер. 1980 іракскіх войск у іранскую прав. Хузестан з намерам Ірака змяніць на сваю карысць межы, устаноўленыя ў 19.75 паводле дагавора з Іранам. Пасля адкрыцця Іракам «другога фронту» ў Курдыстане іранскія войскі да мая 1982 адваявалі амаль усе акупіраваныя Іракам тэрыторыі і да 1988 рабілі шматлікія, але малавыніковыя наступленні на пазіцыі іракскіх войск. З 1982 вайна суправаджалася ўзаемнымі бамбардзіроўкамі гарадоў, з 1984 вялася «танкерная вайна» (узаемныя напады на судны-танкеры). Узнікла пагроза інтэрнацыяналізацыі вайны (Ірак падтрымалі Кувейт і Саудаўская Аравія; каб засцерагчы ад небяспекі трансп. шляхі экспарту нафты, сваеваен. караблі ў Перс. заліў накіравалі ЗША, Вялікабрытанія і Францыя; з 1987 баявыя караблі ЗША, якія канваіравалі кувейцкія танкеры, уступалі ў сутыкненні з іранскімі ВМС). Доўгі час ААН не ўдавалася спыніць вайну дыпламат. сродкамі. Нарэшце пры пасрэдніцтве ген. сакратара ААН Х.Перэса дэ Куэльяра Ірак і Іран пагадзіліся на перагаворы аб перамір’і (1988). 16.8.1990 заключаны мірны дагавор. Агульныя страты ў вайне паводле розных падлікаў склалі ад 500 тыс. да 1 млн.чал., эканам. страты абедзвюх краін — каля 400 млрд. долараў.
Літ.:
Ниязматов Ш.А. Ирано-иракский конфликт: Ист. очерк. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 4.8.1945 у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 20.6.1948. Агульная пл. 232,6 м², у т. л. пад экспазіцыяй 85,2 м². Размешчаны ў хаце, дзе 7.7.1882 нарадзіўся Я.Купала, на ёй устаноўлена мемар. дошка (30.6.1946). З 1972 філіял уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Экспазіцыя складаецца з мемар. і гісторыка-літ. частак. У мемар. пакоі (адноўлены ў 1964) зберагаюцца асабістыя рэчы бацькоў паэта, мэбля, посуд канца 19 ст. У гісторыка-літ. частцы — архіўныя дакументы, аўтабіягр. матэрыялы, фотаздымкі, творы мастакоў Э.Агуновіча, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча, што адлюстроўваюць дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Зберагаюцца таксама прылады працы і рэчы хатняга ўжытку. У летні перыяд на тэр. філіяла дзейнічае выстаўка твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вязынцы і філіялу прысвяцілі свае творы бел. (П.Панчанка, Р.Барадулін, К.Буйло, А.Вялюгін, Е.Лось, П.Прыходзька, С.Шушкевіч і інш.), рус., укр., лат., арм. (Ю.Ванаг, П.Гарэцкі, А.Грашы, Р.Лубкіўскі, Л.Хаўстаў, А.Юшчанка), англ. і балг. (У.Мэй, А.Тодараў) і інш. паэты; мастакі М.Бельскі, Р.Віткоўскі, С.Каткоў, А.Кроль, М.Купава, У.Пашчасцеў, І.Пратасеня, І.Рэй, К.Харашэвіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКІЯ ДЫВІ́ЗІІ,
вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919—20. Першая Л.-б. д. фарміравалася на тэр. Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губ. з добраахвотнікаў палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Складалася з 3 стралк. брыгад і палка ўланаў. Дывізія і палкі мелі толькі сваегеагр. назвы без агульнай нумарацыі. Дзейнічала на бел.-літ. фронце польскіх войск. У лютым 1919 заняла Беласток, у крас. правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліп.—жн. дзейнічала супраць войск 16-й арміі Зах. фронту, наступала на Мір і Стоўбцы, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Л.-б. д., якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. У ліп. 1920 у час наступлення Чырв. Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы вер. 1920 пасля адступлення Чырв. Арміі камандзірам 1-й Л.-б. д. прызначаны ген. Л.Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Л.-б. д. 8.10.1920 паводле загаду Ю.Пілсудскага Жалігоўскі ў знак нязгоды перадачы Вільні і Віленскага краю Літве ўзняў т.зв. «бунт» 1-й Л.-б. д. 9.10.1920 заняў Вільню, 12.10.1920 абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. Дывізіі атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Л.-б. д. стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХВЯ́РСТВА,
дача ў пазыку грошай, рэчаў, с.-г. прадуктаў і да т. п. на кабальных умовах за выплату высокіх працэнтаў. Як правіла, такія пазыкі выкарыстоўваліся не як капітал, а ў якасці пакупнога і плацежнага сродкаў. Зарадзілася ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і пазней назіралася ў самых розных грамадска-эканам. фармацыях. З часоў Стараж. Рыма Л. развівалася разам з водкупам — зборам арэнднай платы, падаткаў і г. д. Характэрным для Л. быў выключна высокі працэнт па пазыках. Яго ўзровень вагаўся ў вельмі шырокіх межах — ад некалькіх дзесяткаў да соцень працэнтаў гадавых. Ліхвярскі капітал адбіраў ў пазычальніка амаль увесь прыбавачны прадукт і таму ён не мог сістэматычна выкарыстоўвацца для мэт капіталіст. ўзнаўлення. З развіццём капіталізму, стварэннем крэдытнай справы, узнікненнем банкаў і пазыковага капіталу асновы Л. былі падарваны. Аднак у наш час у некаторых краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі з-за недастатковага развіцця ўнутр. рынку і таварна-грашовых адносін, слабасці крэдытнай сістэмы існуюць умовы для захавання Л. Яно служыць асновай фін. закабалення і эксплуатацыі мясц. гандлярамі і багацеямі бядняцкіх слаёў насельніцтва. У індустрыяльна развітых краінах ліхвярскія аперацыі забаронены законам, таму ажыццяўляюцца нелегальна. На Беларусі Л. было найбольш пашырана ў эпоху феадалізму. Так, у Статуце Вял.кн. Літоўскага 1588 змешчана прававая норма (раздз. 3, арт. 24) аб адказнасці шляхты, якая пакінула свае маёнткі, каб пераехаць у горад для заняткаў Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАРЫ́НСКАЯ БІ́ТВА 1827,
баявыя дзеянні ў Наварынскай бухце (на ПдЗ ад п-ва Пелапанес, Грэцыя) паміж тур.егіп. флотам і аб’яднанымі эскадрамі Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі 20 кастр. ў час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Аб’яднаныя эскадры (злучыліся 11 кастр.) былі накіраваны ўрадамі сваіх краін для аказання націску (дэманстрацыяй ваен. караблёў) на Турцыю, якая адмовілася выканаць патрабаванні Лонданскай канвенцыі 1827. Камандуючыя эскадрамі брыт. віцэ-адм. Э.Кодрынгтан, франц. контр-адм. А.Г. дэ Рыньі і рас. контр-адм. Л.Гейдэн вырашылі ўвесці свае сілы ў Наварынскую бухту, дзе знаходзіўся тур.-егіп. флот (62 баявыя караблі, 6 брандэраў і да 126 дапаможных суднаў, каля 2,2 тыс. гармат) пад камандаваннем Ібрахіма-пашы. 20 кастр. саюзны флот (26 баявых караблёў, каля 1,3 тыс. гармат) пад агульным камандаваннем Кодрынгтана ўвайшоў у бухту. Пасля забойства туркамі 2 парламенцёраў і абстрэлу тур. берагавымі батарэямі (165 гармат) саюзных караблёў адбыўся 4-гадзінны бой, у ходзе якога тур.-егіп. флот быў амаль увесь знішчаны (загінула да 7 тыс. туркаў, саюзнікі страцілі каля 800 чал.). У бітве вызначыўся рас. флагманскі карабель «Азоў» (камандзір М.П.Лазараў), які знішчыў 5 суднаў праціўніка. Разгром тур. флоту садзейнічаў нац.-вызв. барацьбе грэкаў і перамозе Расіі ў рус.-тур. вайне 1828—29.
Літ.:
М.П.Лазарев: Док. Т. 1. М., 1952;
Русские и советские моряки на Средиземном море. М., 1976.