СТУ́ДЫЯ ВАЕ́ННЫХ МАСТАКО́Ў імя М.Б.Грэкава.
Створана ў Маскве ў 1934—35 як навучальная студыя самадз. мастакоў-чырвонаармейцаў пры асобнай кав. брыгадзе, потым пры Паліт. упраўленні Маск. ваен. акругі, у 1943—91 пры Гал. палітупраўленні Сав. арміі і ВМФ. З 1940 арг-цыя прафес. мастакоў. Названа ў гонар мастака-баталіста М.Б.Грэкава. Паўплывала на развіццё батальнага жанру, станаўленне мастацтва дыярам і панарам. Сярод вядучых майстроў студыі М.Авечкін, Я.Вучэціч, І.Еўсцігнееў, М.Жукаў, П.Крываногаў, П.Мальцаў, М.Самсонаў.
Літ.:
Востоков Е. Грековцы. 2 изд. М., 1983.
т. 15, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНА́Ж,
грубы корм з правяленых траў, кансерваваных у герметычных умовах. Выкарыстоўваюць травы натуральных сенажацяў і пасяўныя. Для паскарэння падвяльвання (да 50—55% вільготнасці) травы здрабняюць (бабовыя дадаткова плюшчаць) і шчыльна закладваюць у сянажныя сховішчы. Корм кансервуецца ва ўмовах фізіял. сухасці асяроддзя, што выключае актыўнае развіццё бактэрый, і герметычнасці, што перашкаджае развіццю плесні. Спажыўная каштоўнасць С. (у 100 кг С. з канюшыны 30—35 кармавых адзінак і 4—5 кг засваяльнага пратэіну) абумоўлена высокім утрыманнем сухога рэчыва і захаваннем найб. каштоўных ч. раслін (лісця, суквеццяў).
т. 15, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́ФІКА НЕРВО́ВАЯ,
уплыў нервовай сістэмы на структурна-хім. арганізацыю органаў і тканак, іх рост і развіццё праз уздзеянне на абмен рэчываў. Выпадзенне трафічнага рэгулявання суправаджаецца паталаг. зменамі ў тканках (атрафіі, змярцвенні, язвы), т.зв. нейрагенныя дыстрафіі. Трафічная функцыя ўласціва амаль усім нервам, таму спец. трафічных нерваў мала. Да іх адносяць сімпатычныя нервы, што стымулююць абмен рэчываў у міякардзе, нервы, якія мабілізуюць тлушчавыя запасы, і інш. У працэсе Т.н. удзельнічаюць медыятары (катэхаламіны, сератанін, гістамін і інш.) і некат. неідэнтыфікаваныя хім. злучэнні, што ўтвараюцца ў нерв. ствалах.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ паверхні,
раздзел геаметрыі, які вывучае такія ўласцівасці паверхні і фігур на ёй, якія могуць быць атрыманы толькі пры дапамозе вымярэнняў на самой паверхні, без звароту да аб’ёмных вымярэнняў. Адлегласць паміж 2 пунктамі на паверхні вызначаецца як мінімум даўжынь крывых, што знаходзяцца на паверхні і злучаюць гэтыя пункты. Прыклады У.г.: планіметрыя — У.г. плоскасці, сферычная геаметрыя — У.г. сферы і інш. У.г. скрыўленай паверхні можна разглядаць як геаметрыю двухмернай скрыўленай прасторы. Развіццё паняцця скрыўленай прасторы прывяло да стварэння Г.Ф.Б.Рыманам т.зв. рыманавых прастор, якія адыгрываюць вял. ролю ў сучаснай фізіцы.
т. 16, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́БРЫКА (лац. fabrica майстэрня),
прамысловае прадпрыемства, заснаванае на выкарыстанні сістэмы машын; форма буйной машыннай вытворчасці. З эканам. пункту гледжання паміж Ф. і заводам розніцы няма. Звычайна Ф. наз. прадпрыемствы лёгкай і здабыўной галін прам-сці (тэкст., абагачальныя Ф.). Узнікла ў выніку прамысловага перавароту ў канцы 18 ст. Зыходным пунктам пераходу ад мануфактурнай майстэрні (гл. Мануфактура) да Ф. паслужыла паяўленне рабочай машыны і развіццё сістэмы машын. У Расіі першыя Ф. (Аляксандраўская мануфактура) засн. ў 1799. На Беларусі першыя паравыя машыны з’явіліся ў 1820-я г. на суконных прадпрыемствах у Хомску і Косаве.
т. 16, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕМІНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. femina жанчына, самка) у біялогіі, развіццё ў асобін мужчынскага полу жаночых другасных палавых прыкмет. Назіраецца ў самцоў рыб, земнаводных, птушак, млекакормячых, у т. л. ў чалавека, у выніку парушэнняў гарманальнага балансу.
Эксперыментальна Ф. выклікаюць у кастрыраваных самцоў перасадкай яечніка ці ўвядзеннем жаночых гармонаў (эстрагенаў). Напр., перасадка яечнікаў кастрыраваным пеўням выклікае ў іх з’яўленне апярэння, галаўнога ўбору і палавога інстынкту, якія характэрны для курэй. У кастрыраваных самцоў млекакормячых (пацукі, малпы) пасля трансплантацыі яечніка ці ўвядзення эстрагенаў развіваюцца малочныя залозы, праяўляецца жаночы палавы інстынкт.
т. 16, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРДЫНА́НД III (Ferdinand; 13.7.1608, г. Грац, Аўстрыя — 2.4.1657),
кароль ч. Венгрыі (з 1625) і Чэхіі (з 1627), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1637—57], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын Фердынанда II, бацька імператара Леапольда I. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 пасля смерці А.Валенштайна (1634) і да ўступлення на імператарскі прастол галоўнакаманд. імперскімі войскамі, генералісімус. З 1636 герм. кароль. Як імператар намагаўся ўзмацніць цэнтр. ўладу. Сапернічаў (да 1645) з Дзьёрдзем I Ракацы. Пры ім завершана Трыццацігадовая вайна (гл. Вестфальскі мір 1648). Клапаціўся пра развіццё ў Вене італьян. оперы.
т. 16, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛІ́Н (ад грэч. cholē жоўць),
азоцістае арган. рэчыва, якое змяшчаецца ў тканках жывёл, раслін і ў мікраарганізмах і неабходна для нармальнага абмену тлушчаў. Найб. багатыя Х. мяса, рыба, соевая мука. Уваходзіць у састаў ацэтылхаліну, фосфаліпідаў. Атрыманы з жоўці. Валодае ліпатропным дзеяннем, папярэджвае развіццё тлушчавай інфільтрацыі печані. Адносяць да вітамінаў групы В.
Пластычны матэрыял для пабудовы структур жывой тканкі, можа сінтэзавацца ў арганізме з серыну. Недахоп Х. ў спалучэнні з бялковай недастатковасцю выклікае тлушчавую дэгенерацыю печані, садзейнічае развіццю цырозу печані. У суткі чалавеку неабходна 250—600 мг Х. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
т. 16, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРА́ПА,
руіны аднаго з гал. цэнтраў харапскай цывілізацыі (археал. культура сярэдзіны 3-га тыс. — 17—16 ст. да н.э. на тэр. сучасных Індыі і Пакістана) каля старога рэчышча р. Раві ў Пенджабе. Паселішча адкрыта ў 1921. Займала плошчу больш за 260 га і складалася з цытадэлі, умацаванай сцяной з вежамі, і ніжняга горада, які меў выразную планіроўку, падзел на кварталы, адасобленыя вытв. комплексы (збожжасховішча, мукамольні, ліцейныя майстэрні). Пра развіццё рамёстваў сведчаць знаходкі керамікі, медных і бронзавых прылад (нажы, сярпы, пілы і інш.), зброі (наканечнікі стрэл і коп’яў, мячы і інш.).
т. 16, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́КЕРСБЕРГ (Eckersberg) Крыстафер Вільхельм (2.1.1783, г. Блокраг, Данія — 22.7.1853),
дацкі жывапісец. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў пры АМ у Капенгагене, у 1810—13 у майстэрні Ж.Л.Давіда ў Парыжы. У 1813—16 жыў у Рыме. З 1818 праф. АМ у Капенгагене, у 1827—29 яе дырэктар. Зазнаў уплыў класіцызму. Паўплываў на развіццё дацкай нац. школы жывапісу: «Спартанскія хлопчыкі» (1812), партрэты Б.Торвальдсена (1814), «Від праз арку Калізея (1813—16), пані Шміт, сям’і Натансон (абодва 1818), «Дзяўчына з сям’і Марсман» (1820), «Карвет «Галатэя» ў буру» (1839).
т. 18, кн. 1, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)