ФЕМІНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. femina жанчына, самка) у біялогіі, развіццё ў асобін мужчынскага полу жаночых другасных палавых прыкмет. Назіраецца ў самцоў рыб, земнаводных, птушак, млекакормячых, у т. л. ў чалавека, у выніку парушэнняў гарманальнага балансу.

Эксперыментальна Ф. выклікаюць у кастрыраваных самцоў перасадкай яечніка ці ўвядзеннем жаночых гармонаў (эстрагенаў). Напр., перасадка яечнікаў кастрыраваным пеўням выклікае ў іх з’яўленне апярэння, галаўнога ўбору і палавога інстынкту, якія характэрны для курэй. У кастрыраваных самцоў млекакормячых (пацукі, малпы) пасля трансплантацыі яечніка ці ўвядзення эстрагенаў развіваюцца малочныя залозы, праяўляецца жаночы палавы інстынкт.

т. 16, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)