спосаб хаваць нябожчыка. З мусцьерскага часу (палеаліт) вядомы П. ў пячорах і інш. жытлах, пазней у вадзе, на дрэвах і інш. Пры пераходзе да бронзавага веку ўзніклі абрады трупаспалення (гл.Крэмацыя), трупапалажэння, потым муміфікацыі (гл.Мумія). Часта ў магілу клалі ежу, прылады працы, зброю, упрыгожанні. З усталяваннем маёмасных адносін у некаторых народаў з нябожчыкам клалі забітых жонак, рабоў, жывёлу. Рабілі дальмены, скляпы, будавалі піраміды, маўзалеі, калумбарыі, храмы, пахавальні. На Беларусі вядомы курганныя і бескурганныя могільнікі. У раннім жал. веку на Пд шмат П. у урнах. З канца 10 — пач. 11 ст. ўсталявалася П. хрысціянскае (у зямлі ў дашчанай дамавіне, з царк. адпяваннем), якое суправаджалася галашэннямі, памінкамі. Для П. адводзяцца спец. месцы (могілкі), на магілах ставяць помнікі. Пашыранай з’явай перыядуВял.Айч. вайны сталі брацкія магілы: П. ў адным доле да некалькіх соцень воінаў, жыхароў, якія загінулі ў баях, ад рук ням.-фаш. захопнікаў. У наш час хаваюць пераважна ў зямлі або крэміруюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНЫЯ ЖЫВЁЛЫ І РАСЛІ́НЫ,
першыя на Зямлі арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі біясферы далі пачатак усёй разнастайнасці раслінных і жывёльных форм жыцця. Узнікалі, развіваліся і знікалі на працягу многіх мільёнаў гадоў. Першыя сляды жывых істот выяўлены ў горных пародах, узрост якіх вызначаны ў 3,5 млрд. гадоў. Першыя формы жыцця ўзніклі, верагодна, у дакембрыйскіх морах (гл.Дакембрый) і падзяліліся на 2 асн. групы — расліны і жывёлы, якія за пэўны час прайшлі эвалюц. шлях ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў. Першапачатковыя аднаклетачныя істоты адносіліся да групы найб. прымітыўных арганізмаў — пракарыёт. Сярод некат. плаваючых іх форм узніклі першыя сапраўдныя аднаклетачныя — эўкарыёты. У канцы пратэразою (у вендзе, каля 600 млн.г. назад) у адкладах адзначаны адбіткі мнагаклетачных арганізмаў, якія бачны простым вокам. Прадстаўнікі найб.стараж. жывёл — археацыяты — з’явіліся каля 570 млн.г. назад. У канцы кембрыйскага перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, а расліны былі прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі. Далейшая эвалюцыя біясферы прывяла да сучаснага стану флоры і фауны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ДРОБ,
бясконцы дзесятковы дроб, у якім, пачынаючы з некаторага месца, перыядычна паўтараецца пэўная група лічбаў (перыяд). Перыяд запісваюць у дужках, напр., замест 5,6666... пішуць 5,(6) і чытаюць «5 цэлых і 6 у перыядзе».
Дроб наз. чыстым, калі перыяд пачынаецца адразу пасля дзесятковай коскі, і змешаным, калі паміж коскай і перыядам ёсць інш. лічбы. Напр., 8,(3) — чысты П.д., а 2,3(41) — змешаны. Усякі П.д. — рацыянальны лік. Усякі рацыянальны лік пераўтвараецца у канечны дзесятковы дроб ці бясконцы П.д. Кожны П.д. можна пераўтварыць у звычайны дроб, дзе лічнік — рознасць паміж лікам, які стаіць паміж коскай і другім паўтарэннем перыяду, і лікам паміж коскай і перыядам; назоўнік мае лічбу 9 столькі разоў, колькі лічбаў у перыядзе, і справа ад яе дапісваецца столькі нулёў, колькі лічбаў стаіць паміж коскай і перыядам. Напр., 0,(45) = 45/99 = 5/11; 0,58(3) = (583 − 58)/900 = 525/900 = 7/12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́РЧАНКА Іван Васілевіч (н. 2.4.1962, в. Маліноўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, гісторык. Д-рфілал.н. (2000). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1983). З 1988 працуе ў Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. Даследуе гісторыю і тэорыю л-ры, гісторыю і філас. думку Беларусі, культурнае ўзаемадзеянне еўрапейскіх народаў перыяду Рэнесансу, Рэфармацыі і барока, праблемы дзяржаўнасці і адукацыі. Аўтар прац: «Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.», «Астафей Валовіч», «Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега» (усе 1992), «Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар» (1993), «Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі» (1994), «Хрысціянскі катэхізіс у кніжна-пісьмовай культуры ўсходніх славян эпохі Адраджэння і барока» (1998) і інш., навукова-папулярных артыкулаў пра Ф.Скарыну, Міколу Гусоўскага, І.Пацея, А.Рымшу, С.Косава, Кірылу Тураўскага, М.Сматрыцкага, М.Радзівіла Чорнага і інш. Працы С. вылучаюцца багаццем фактычнага матэрыялу, грунтоўнасцю навук. аналізу.
Тв.:
Aurea mediocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯНЦЯ́НСКІ ПРАРЫЎ 1915,
наступальная аперацыя германскіх войск супраць рас. войск Зах. фронту 9.9—2.10.1915 у 1-ю сусв. вайну 1914—18. Пасля няўдалай спробы акружыць 10-ю рус. армію і ўзяць Вільню (жн. 1915) герм. войскі 9 вер. пачалі новае наступленне на г. Свянцяны і 10 вер. прарвалі фронт. Кав. група (6 дывізій) пранікла ў тылы рас. войск, захапіла Вілейку (14 вер.) і падышла да Маладзечна. Асобныя часці групы дайшлі да Барысава, а атрад конных егераў пашкодзіў чыгунку каля Смалявіч. Рас. войскі пакінулі Вільню, але немцы замацаваць поспехі не змаглі. Наступленне варожай кавалерыі 16—17 вер. было спынена 2-й рус. арміяй і ў ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні яна была разбіта. Пасля 10-дзённых баёў (да 2 кастр.) герм. войскі адступілі ў раён азёр Нарач—Свір. С.п. — апошняя аперацыя манеўровага перыяду вайны на рас.-герм. фронце, пасля якой абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЎЦАПАДО́БНЫЯ (Charadriiformes),
атрад птушак, 3 падатр.: кулікі (14 сям., каля 180 відаў), чайкі (4 сям., каля 100 відаў), чысцікі (1 сям., 22 віды). Вядомы з позняга мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на ўзбярэжжах і астравах вадаёмаў, балотах і сенажацях, трапляюцца на палях. На Беларусі 57 відаў. Найб. пашыраны чайка азёрная (Larus ridibundus), кнігаўка, слонка, бакас. 13 відаў у Чырв. кнізе Беларусі: аўдотка, гаршнэп, паручайнік, сявец залацісты, чорнаваллёвік, крачка малая (гл.Крачкі), кулік-сарока, кулоны, уліт вялікі (гл.Уліты), ціркушка стэпавая (гл.Ціркушкавыя), чайкі малая і серабрыстая. У Чырв. кнізе МСАП 14 відаў, 3 падвіды.
Маса птушак ад 20 г (кулік-верабей) да 1 кг і больш (кулон). Апярэнне шчыльнае, няяркае, зверху часцей цямнейшае. Ногі доўгія. Дзюба часцей доўгая, вострая, прамая або загнутая. Крылы вузкія, доўгія. Хвост кароткі. Вывадкавыя і паўвывадкавыя птушкі. У кладцы да 5 яец. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай, дробнымі земнаводнымі і млекакормячымі. насеннем раслін. Асобныя — аб’екты палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАДЖ-МАХА́Л,
помнік індыйскай архітэктуры перыядуВялікіх Маголаў на беразе р. Джамна за 2 км ад г. Агра. Пабудаваны ў 1630—52 (арх., верагодна, Устад-Іса і інш.) як маўзалей жонкі султана Шах-Джахана Мумтаз-Махал. У ім жа пахаваны і сам султан, звергнуты з трона і зняволены ўласным сынам. 5-купальны будынак (выш. з цэнтр. купалам каля 74 м) на платформе (выш. 7 м) з 4 мінарэтамі па вуглах. У плане мае выгляд квадрата са зрэзанымі вугламі. Абліцаваны белым паліраваным мармурам з інкрустацыяй з самацветаў. Фасады аздоблены стральчатымі аркамі, рэльефамі, аформлены парталамі-айванамі. Інтэр’ер маўзалея дэкарыраваны мазаікай з паўкаштоўных і каштоўных парод каменю, разьбой па белым мармуры. Надмагіллі абкружаны мармуровай шырмай ажурнай разьбы. Помнік валодае незвычайным акустычным эфектам. Каля Т.-М. знаходзяцца; саборная мячэць (1648) і гасцініца для паломнікаў, рэгулярны кіпарысавы сад з вадаёмам, каналамі і фантанамі. Маўзалей уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЛЕР (ням. Taler),
буйная сярэбраная высокай пробы манета еўрап. краін 16—19 ст., грашова-лікавая адзінка, вагавая адзінка для серабра. З’яўленне Т. выклікала пераход ад грашова-лікавага перыядугроша да талернага ў гаспадарцы еўрап. краін. Першыя Т. адпавядалі залатому дукату (да 1559), выбіты ў 1484 у Ціролі, у 1500 у Саксоніі. У 16—17 ст. Т. меў нефіксаваны курс. Манета Прусіі 1765—90, намінал мясц. эмісій папяровых бонаў Прусіі 19 ст. Гандлёвы Т. біўся для арабскіх княстваў, Йемена, Франц. берага Самалі, Эфіопіі і інш. тэрыторый у 20 ст. шэрагам еўрап. краін па стапе 18 ст. У 18—19 ст. манеты талернага тыпу атрымліваюць нац. назвы (напр., долар) і асобныя стандарты ўтрымання серабра. У бел. пісьмовых крыніцах 2-й пал. 16—1-й пал. 18 ст. тэрмін Т. (таксама таляр, тарэль) сустракаецца з удакладненнем: біты, імперыяльны, новы, стары, тварды, цалковы. Асн. грашовая адзінка і адзін з наміналаў банкнотаў Варшаўскага княства 1810.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАФАЛЬГА́РСКАЯ БІ́ТВА 1805,
адна з вырашальных марскіх бітваў перыядунапалеонаўскіх войнаў. Адбылася 21.10.1805 каля мыса Трафальгар (атл. ўзбярэжжа Іспаніі недалёка ад порта Кадыс) паміж англ. (27 лінейных караблёў, камандуючы віцэ-адм. Г.Нельсан) і франка-ісп. (18 франц. і 15 ісп. лінкораў, каманд. віцэ-адм. П.Вільнёў) эскадрамі. Франка-ісп. эскадра, заблакіраваная са жн. 1805 у раёне Кадыса караблямі Нельсана, па загадзе Напалеона I 20 кастр. рушыла з гэтага порта, каб без бою выйсці ў Міжземнае мора. Але 21 кастр. пры спробе ўхіліцца ад сутыкнення з праціўнікам павярнула на Пн, яе строй перарэзалі 2 калонамі (15 і 12 караблёў) англ. сілы, якія атакавалі цэнтр і ар’ергард калоны. У ходзе больш чым 5-гадзіннага бою франка-ісп. эскадра страціла 18 караблёў (з іх 17 захоплена) і 7 тыс.чал., англійская — 1700 чал., у т. л. Нельсана (смяротна паранены). Перамога ў гэтай бітве забяспечыла Вялікабрытаніі панаванне на моры і ўскладніла сувязь Францыі з яе калоніямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́СТАВАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ галіна псіхал. навукі, якая вывучае заканамернасці этапаў псіхічнага развіцця і фарміравання асобы на працягу антагенезу чалавека ад нараджэння да старасці. Як самаст. галіна ведаў сфарміравалася ў канцы 19 ст.Асн. раздзелы: дзіцячая псіхалогія, псіхалогія падлетка, псіхалогія ранняга юнацтва, псіхалогія дарослага чалавека, псіхалогія старасці (геронтапсіхалогія) і інш. Пры вывучэнні кожнага ўзроставага перыяду ўлічвае агульныя тэндэнцыі развіцця, асаблівасці папярэдняга і наступнага ўзросту. У.п. даследуе ўзроставую дынаміку псіхічных працэсаў з улікам уплыву на індывід. развіццё чалавека культ.-гіст., этн. і сац.-эканам. умоў, раскрывае псіхал. змест паслядоўных этапаў фарміравання асн. структур псіхікі індывіда. Паколькі псіхічнае развіццё чалавека ажыццяўляецца ў працэсе навучання і выхавання, У.п. цесна звязана з педагагічнай псіхалогіяй.
Літ.:
Выготский Л.С. Проблема возраста//Собр. соч.М., 1984. Т. 4;
Возрастная и педагогическая психология: Тексты. М., 1992;
Обухова Л.Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996;
Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах (общие и возрастные особенности). 2 изд. Мн., 2000.