помнік індыйскай архітэктуры перыяду Вялікіх Маголаў на беразе р. Джамна за 2 км ад г. Агра. Пабудаваны ў 1630—52 (арх., верагодна, Устад-Іса і інш.) як маўзалей жонкі султана Шах-Джахана Мумтаз-Махал. У ім жа пахаваны і сам султан, звергнуты з трона і зняволены ўласным сынам. 5-купальны будынак (выш. з цэнтр. купалам каля 74 м) на платформе (выш. 7 м) з 4 мінарэтамі па вуглах. У плане мае выгляд квадрата са зрэзанымі вугламі. Абліцаваны белым паліраваным мармурам з інкрустацыяй з самацветаў. Фасады аздоблены стральчатымі аркамі, рэльефамі, аформлены парталамі-айванамі. Інтэр’ер маўзалея дэкарыраваны мазаікай з паўкаштоўных і каштоўных парод каменю, разьбой па белым мармуры. Надмагіллі абкружаны мармуровай шырмай ажурнай разьбы. Помнік валодае незвычайным акустычным эфектам. Каля Т.-М. знаходзяцца; саборная мячэць (1648) і гасцініца для паломнікаў, рэгулярны кіпарысавы сад з вадаёмам, каналамі і фантанамі. Маўзалей уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.