КАПЕ́РНІК (Kopernik, Copernicus) Мікалай (19.2.1473, г. Торунь, Польшча — 24.5.1543), польскі астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це (1491—95), удасканальваў веды ў італьян. ун-тах, дзе вывучаў права, медыцыну, матэматыку, астраномію. З 1512 жыў у г. Фромбарк (Польшча), вядомы як дзярж. дзеяч, урач і знаўца астраноміі. Займаўся таксама эканам. даследаваннямі (гл.Каперніка і Грэшэма закон). Больш як 30 гадоў працаваў над стварэннем новай тэорыі будовы свету — геліяцэнтрычнай. Вучэнне К., паводле якога Зямля з’яўляецца адной з планет, як і іншыя планеты, абарачаецца вакол Сонца і верціцца вакол сваёй восі, а не займае цэнтр. становішча ў Сусвеце, поўнасцю адмаўляла ранейшую геацэнтрычную сістэму свету Пталамея. Выказаў ідэю пра адзінства свету: «нябесныя» і «зямныя» целы падпарадкоўваюцца законам, аднолькавым для ўсяго Сусвету. Шляхам матэм. разлікаў К. даволі дакладна склаў план Сонечнай сістэмы. Сваё вучэнне ён абагульніў у творы «Пра абарачэнні нябесных сфер» (6 кніг, апубл. ў 1543), забароненым каталіцкай царквой з 1616 па 1828. Адкрыццё мела рэв. характар, яно зрабіла карэнны пералом у астр. навуцы і вызначыла далейшы шлях развіцця дакладнага прыродазнаўства. На Беларусі вучэнне К. вядома з 16 ст., яго погляды адлюстраваны ў філас. трактатах, навук. працах астраномаў Віленскай астранамічнай абсерваторыі.
Тв.:
Рус.пер. — О вращениях небесных сфер: Малый комментарий. М., 1964.
Літ.:
Веселовский И.Н., Белый Ю.А. Николай Коперник, 1473—1543. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́СТВА,
манархічная дзяржава або асобнае паліт. ўтварэнне на чале з князем; феад. ўладанне князя. Вядомы ў многіх народаў. У Стараж. Русі К. ўзніклі ў 9 — пач. 10 ст. з плем. княжанняў, уладу над якімі захапіла дынастыя Рурыкавічаў. Называліся звычайна па гал горадзе. Буйныя К. падзяляліся на меншыя — удзельныя княствы. Буйнейшыя К. называліся вялікімі К. (Уладзіміра-Суздальскае ў 12—13 ст., Маскоўскае і Цвярское ў 14—15 ст. і інш.). На тэр. Беларусі з 10—11 ст. існавалі Полацкае, Тураўскае, з 12—13 ст. Берасцейскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гальшанскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Крэўскае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Свіслацкае, Слуцкае К.; асобныя часткі бел. зямель уваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага, Кіеўскага, Чарнігаўскага і Смаленскага К. (гл. адпаведныя артыкулы). У 14—16 ст.бел., укр. і рус. княствы аб’яднаны пад уладай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства. У ВКЛ былыя К. да 1-й пал. 16 ст. пераўтвораны ў намесніцтвы, ваяводствы, паветы, афіцыйна скасаваны паводле адм. рэформы 1565—66, але назва «княства» ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да тэр. Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Слуцкага К. У Расіі апошняе ўдзельнае К. (Касімаўскае царства) скасавана ў 1681. К. існавалі і ў інш. краінах (напр., у Германіі да 1871, у Індыі да 1950). Некаторыя К. захаваліся да нашага часу — Ліхтэнштэйн, Манака, арабскія К. (эміраты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХА́НАЎ (Альберт Анатолевіч) (н. 13.9. 1935, г. Кіраў, Расія),
расійскі пісьменнік. Акад.Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1992). Чл.-кар.Рас. акадэміі адукацыі (1990). Скончыў Уральскі ун-т (Свярдлоўск, 1958). Да 1988 працаваў у друку (у 1975—88 гал. рэдактар час. «Смена»). З 1988 дырэктар НДІ дзяцінства Рас. акадэміі адукацыі. Друкуецца з 1961. Першая кн. «Няхай будзе сонца!» (1963) — гіст. аповесць пра мастака М.Э.Андрыёлі. У зб-ках аповесцей і апавяданняў для юнацтва «Юрка Гагарын — цёзка касманаўта» (1966), «Зоркі ў верасні» (1967), «Музыка» (1971), трылогіі «Сямейныя абставіны» (1967—73; аднайм. фільм 1977), аповесцях «Галгофа» (1979), «Кікімара» (1983), раманах «Мой генерал» (1975; аднайм. фільм 1979), «Мужчынская школа» (1995) і інш. паглыблены аналіз пачуццяў і перажыванняў юных герояў, своеасаблівы дыялог пакаленняў. У кнігах публіцыстыкі «Канспект лёсу» (1976), «Поры жыцця» (1978), «Сэнс існага» (1985), «Цяжар маладосці» (1989), «Пісьмы ў абарону дзяцінства» (1997) і інш. роздум над праблемамі выхавання моладзі. Па творах Л. пастаўлены таксама фільмы «Добрыя намеры», «Карусель на кірмашовай плошчы», «Апошнія халады», «Каманда 33», «Вышэйшая мера». З 1991 прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Асобныя апавяданні Л. на бел. мову пераклаў Я.Курто. Дзярж. прэмія Расіі імя Крупскай 1980, міжнар. прэміі імя М.Горкага (1983) і Я.Корчака (1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЦЫСТЭРЦЫЯ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. У г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1744—45 у б. урочышчы Кімбараўка па фундацыі Б.Ражанскага на правым беразе р. Прыпяць, у т.зв. Анёльскай даліне. У 1883 кляштар закрыты, у 1888 перададзены праваслаўным. Уключае мураваны касцёл Міхаіла і жылы корпус, абнесеныя мураванай агароджай. У 1893—94 касцёл рэканструяваны пад царкву: прыбудаваны драўляная званіца, бакавая мураваная галерэя і інш. Касцёл — 1-нефавы, пакрыты высокім 2-схільным дахам з увагнутымі вальмамі над 3-граннай апсідай. Мае моцную канструкцыю (таўшчыня сцен 1,5 м). Гал. фасад расчлянёны на 3 часткі высокімі пілястрамі, завершаны шырокім тонкапрафіляваным карнізным поясам і ступеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894). Бакавыя фасады дэкарыраваны 3 ярусамі фігурных і арачных ніш з конхамі ў верхнім ярусе. Гал. ўваход праз нізкі 5-гранны тамбур, дэкарыраваны буйнымі вуглавымі лапаткамі. Інтэр’ер быў аздоблены сюжэтнай фрэскавай размалёўкай пач. 18 ст. (не захавалася). Першапачаткова з касцёлам з ПнУ злучаўся крыты бляхай і чарапіцай П-падобны ў плане 3-павярховы жылы корпус (1-ы паверх мураваны, 2-і і 3-і — з «прускага муру»), які ствараў унутр. двор. Захаваўся корпус прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны квадратнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Іл.гл. да арт.Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары.
літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1963). Акад.АН Літвы (1941). Скончыў Сейнскую духоўную семінарыю (1915) і Фрыбургскі ун-т (1922, Швейцарыя). З 1923 выкладаў у Каўнаскім (з 1928 праф.) і Вільнюскім (1940—54) ун-тах. У 1935 афіцыйна зняў з сябе духоўны сан. Друкаваўся з 1911. У ранніх творах спалучаны рысы неарамантызму і сімвалізму, матывы адзіноты, пошук высокіх маральных ідэалаў: зб-кі вершаў «Князь Жвайніс» (1916), «Творы» (т. 1—2, 1921). У кнігах лірыкі «Паміж дзвюх зорак» (1927), «Шляхі і ростані» (1936), драмах «Пярсцёнак і жанчына» (1926), «Уладыка» (1930) філас. роздум над праблемамі чалавечага існавання, паглыблены псіхалагізм. Рэаліст. антыклерыкальны раман «У цені алтароў» (1933) адметны псіхал. аналітычнасцю, драматызмам. У пасляваен. кнігах вершаў «Вітаю зямлю» (1950), «Паэзія» (1956), «Акно» (1966), гіст. рамане «Паўстанцы» (т. 1—2, 1957—67; за 1-ы том Дзярж. прэмія Літвы 1958) асэнсаванне гіст. і сац. падзей 20 ст. Аўтар даследаванняў па л-ры канца 19 — пач. 20 ст. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Х.Жычка, М.Навіцкі, П.Прыходзька, А.Разанаў.
Te.: Raštai. Т. 1—10. Vilnius, 1959—69; Рус.пер. — В тени алтарей. М., 1964; Дар бытия. Вильнюс, 1966; Вершины и бездны. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік горадабудаўніцтва 2-й пал. 18 ст. ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1760—80-я г. ў стылі барока з удзелам італьян.арх. Дж.Сака на высокім узгорку берага р. Мядзелка. Быў адм., культ. і гандл. цэнтрам горада. Напачатку забудова была драўляная. На прамавугольнай у плане плошчы (295 × 93 м) цэнтр. месца займалі гандл. рады. На зах. баку плошчы размяшчаліся будынак канцылярыі і суда, абапал яго сіметрычна стаялі па 3 дамы рамеснікаў; іх фланкіравалі дом урача і гасцініца. На ўсх. баку паміж драўлянымі храмамі быў 2-павярховы з вежай будынак школы, на паўд. баку — карчма і сіметрычна ёй 2 аднолькавыя гасцініцы, на паўн. — аўстэрыя і 3 дамы рамеснікаў. Захаваліся дом урача, 3 дамы рамеснікаў, гасцініца, жылы дом. Дом урача — прамавугольны ў плане мураваны 2-павярховы будынак накрыты высокім вальмавым чарапічным дахам. Гал. фасад сіметрычна раскрапаваны нішамі і філёнгамі. Дамы рамеснікаў прамавугольныя ў плане, 1-павярховыя, з мансардамі, накрытыя 2-схільнымі чарапічнымі дахамі. Утвараюць суцэльную забудову. Гасцініца мае ідэнтычную з домам урача аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак. Сфарміраваны ў выніку аб’яднання і рэканструкцыі ў 19 ст. дамоў рамеснікаў. Гал. фасад атрымаў складаную асіметрычную кампазіцыю з высокімі ступеньчатымі атыкамі, спрошчанай крапоўкай сцен, шатровай вежачкай над адным з прамавугольных аконных праёмаў.
С.Г.Багласаў.
Пастаўскі архітэктурны ансамбль: 1, 2 — дамы рамеснікаў; 3 — дом урача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЛІН-БРЭ́СЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) 18 ліп. — 2 жн. ў Вял.Айч. вайну; састаўная частка стратэг.Беларускай аперацыі 1944. Удзельнічалі арміі 8-я гвардз., 28, 47, 48, 61, 65, 69, 70, 1-я Войска Польскага, 6-я і 16-я паветр., 2-я танкавая і некалькі карпусоў. Мэта аперацыі: ударамі левага крыла фронту ў абыход Брэсцкага ўмацаванага раёна з Пд і Пн разграміць люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка і выйсці шырокім фронтам да р. Вісла. Сав. войскам процістаялі асн. сілы ням. 2-й палявой, частка сіл 4-й танк. армій, 9-я палявая армія. У выніку перагрупоўкі войск на напрамку гал. ўдару была дасягнута перавага сав. сіл над праціўнікам: па асабовым складзе ў 3 разы, па артылерыі і танках у 5 разоў, было больш самалётаў. Ужо ў першы дзень аперацыі вызвалена Жабінка, 20 ліп. — Кобрын і Маларыта, 22 ліп. — Камянец, 23 ліп. — Дамачава, 24 ліп. — Люблін, 28 ліп. — Брэст і Высокае. Поспеху Л.-Б.а. садзейнічала наступальная Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 1-га Укр. фронту, якая пачалася 13 ліп., а таксама ўдзел у баях партыз. падраздзяленняў, у т. л. брыгады імя Леніна. 31 ліп.сав. танкі выйшлі да Прагі — прадмесця Варшавы на правым беразе Віслы. З 28 ліп. да 2 жн. 8-я гвардз. і 69-я сав. арміі фарсіравалі на Пд ад Варшавы Віслу і захапілі плацдармы на яе зах. беразе ў раёнах Мангушава і Пулавы. У выніку аперацыі войскі 1-га Бел. фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад акупантаў, выйшлі на тэр. Польшчы і стварылі ўмовы для наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 вайск. злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Брэсцкіх», 12 — «Кобрынскіх», 16 — «Люблінскіх», 9 — «Ковельскіх». У гонар войск 1-га Бел. фронту ў Брэсце пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ВЯЛІКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая ў канцы 15 ст. стала ядром Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Цэнтр — г.Масква. Утварылася каля сярэдзіны 14 ст. ў выніку росту Маскоўскага княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. вылучылася як удзел Уладзіміра-Суздальскага княства. У час княжання Данілы Аляксандравіча [1276—1303] Маскоўскае княства стала незалежным, да яго былі далучаны Каломна (1301), Пераяслаўль-Залескі (1302) і Мажайск (1303). Асновы паліт. і эканам. магутнасці Масквы заклаў кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40], які дамогся ад хана Залатой Арды права збору тат. даніны з зямель паўн.-ўсх. Русі. Па яго ініцыятыве цэнтр агульнарус. правасл. мітраполіі ў 1326 перанесены ў Маскву. Паслядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў па пашырэнні тэр. М.в.к. шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г.д. абумовіла ператварэнне Масквы ў гал.паліт., эканам. і рэліг. цэнтр паўн.-ўсх. Русі. Вял.кн.Дзмітрый Іванавіч Данскі [1359—89] замацаваў за Масквой вял. Уладзімірскае княжанне, за якое яна з пач. 14 ст. вяла барацьбу з Цвярскім, а ў 1350—60-я г. і з Суздальска-Ніжагародскім княствамі. Яго перамога над войскам Залатой Арды ў Кулікоўскай бітве 1380 спрыяла замацаванню вядучай ролі М.в.к. паўн.-ўсх. Русі. З 14 ст. М.в.к. вяло барацьбу за ўплыў на сумежныя рус. землі з ВКЛ, якое да сярэдзіны 15 ст. мела перавагу. Пры вял.кн.Васілю II Васілевічу Цёмным [1425—62] у выніку працяглай феад. вайны была падаўлена апазіцыя ўдзельных князёў. Вял.кн. Іван III [1462—1505], які скінуў манг.-тат. няволю (1480), далучыў да М.в.к. Наўгародскую феадальную рэспубліку (1478), у асн. завяршыў аб’яднанне вакол Масквы інш.рус. зямель і адваяваў значныя тэрыторыі ў ВКЛ, першы пачаў называць сябе вял. князем і «государём всяе Руси».
Літ.:
Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;
Алексеев Ю.Г. Под знаменем Москвы: Борьба за единство Руси, М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НЯ,
рака ў Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 172 км. Пл. вадазбору 4910 км². Пачынаецца каля в. Ланенка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., вусце на ўсх. ускраіне г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пдпа Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Галыша, Бася, Раста (справа), Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Кашанка (злева). Даліна слабазвілістая, добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. ад 0,4—0,6 км у верхнім цячэнні да 1—2 км у ніжнім. Схілы стромкія, часам абрывістыя, выш. ад 3 да 20 м, значна парэзаны ярамі, асабліва каля гарадоў Горкі і Слаўгарад. Ніжэй вусця р. Бася трапляюцца невял. тэрасы. Пойма роўная, двухбаковая, лугавая, шыр. 0,25—0,5 км, у вусці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй вусця р. Быстрая пашыраецца да 3,8 км. Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусця р. Пнёўка (15 км) і ад паўд. ускраіны г. Горкі ўніз па цячэнню (4 км), на астатнім працягу звілістае або моцна звілістае, каля г. Горкі разгаліноўваецца на некалькі рукавоў. Шыр. ракі 15—20 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхнім цячэнні нізкія і забалочаныя, адкрытыя, выш. 1—1,5 м, на асобных участках да 7 км. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 26,8 м³/с. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Веснавы ледаход 3—5 сут. Веснавое разводдзе доўжыцца каля 50 дзён. Найб. ўзровень разводдзя звычайна ў пач.крас., сярэдняя выш.над межанным узроўнем каля 3 м. Летне-асенняя межань (каля 5 мес) амаль кожны год 2—4 разы за сезон парушаецца дажджавымі паводкамі працягласцю 5—20 сут і выш. 0,5—1,5 м. П. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ гарады: Горкі (пры ўпадзенні р. Парасіца) і Слаўгарад (пры ўпадзенні П. ў р. Сож).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Яў фізіцы,
незалежнасць фіз. сістэм і з’яў, а таксама прастораў, у якіх існуюць матэрыяльныя аб’екты і працякаюць рэальныя працэсы, ад пэўных аперацый над імі (зрухаў, паваротаў, адбіццяў, перастановак і інш.). Матэматычна ўласцівасці С. адпавядаюць інварыянтнасціфіз. тэорый (ураўненняў руху і станаў, фіз. законаў і інш.) адносна пераўтварэнняў С., якія ў сукупнасці вызначаюць адпаведныя групы С.
Ідэі і прынцыпы С. адыгрываюць канструктыўную ролю пры пабудове фіз. тэорый. Напр., спец. адноснасці тэорыя — па сутнасці фіз. тэорыя С. прасторы і часу. Выразы аператараў фіз. велічынь у квантавай механіцы вызначаюцца праз генератары груп С. Класіфікацыя элементарных часціц заснавана на ўліку і выкарыстанні геам. (прасторава-часавай) і ўнутранай (ізатапічнай, унітарнай і інш.) С. Для тэорый узаемадзеянняў элементарных часціц абавязковай з’яўляецца інварыянтнасць адносна Лорэнца пераўтварэнняў і пераўтварэнняў адпаведнай дынамічнай С. (гл. Калібровачная інварыянтнасць). Паслядоўны ўлік уласцівасцей С. дазволіў абгрунтаваць справядлівасць законаў захавання фіз. велічынь (гл. Нётэр тэарэма) паводле схемы: С. — інварыянтнасць — закон захавання (напр., аднароднасць часу — інварыянтнасць тэорыі адносна зрухаў пачатку адліку часу — закон захавання энергіі). У квантавай фізіцы разглядаюцца таксама дыскрэтныя С.: зарадавае спалучэнне, прасторавая інверсія і абарачэнне часу (гл. Людэрса — Паўлі тэарэма). Важнае значэнне мае вывучэнне магчымых парушэнняў С. ў фіз. сістэмах. Адкрыцці парушэнняў прасторавай і камбінаванай С. сталі вызначальнымі для пабудовы тэорыі слабых (электраслабых) узаемадзеянняў. З парушэннямі сферычнай С. ў атаме за кошт узаемадзеяння электронаў з эл. ці магн. полем звязана адпаведнае расшчапленне спектральных ліній (гл. Зеемана з’ява, Штарка з’ява). Фіз. С. — аснова класіфікацыі крышталёў (гл. Сіметрыя крышталёў), выкарыстоўваецца ў даследаваннях па оптыцы і акустыцы крышталёў, пры пабудове агульнай тэорыі аптычнай анізатрапіі (гл. Каварыянтныя метады), а таксама ў атамнай. малекулярнай і ядз. спектраскапіі.
Літ.:
Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ.М., 1971;
Федоров Ф.И. Теория гиротропии. Мн., 1976;
Яго ж. Группа Лоренца. М., 1979;
Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.