ПАРТЫТУ́РА (італьян. partitura ад лац. partio дзялю, размяркоўваю),
нотны запіс шматгалосага муз. твора для аркестра, хору, камернага ансамбля і інш. У П. кожная партыя пішацца ці друкуецца на асобным нотным стане; натаносцы (радкі) размяшчаюцца па вертыкалі — у пэўным парадку па групах інструментаў і па гарызанталі — паводле прынцыпу супадзення тактаў, тэсітуры — зверху ўніз (за выключэннем труб), партыі арфы, фп., аргана, салістаў, хору — над групай струнных (смыкавых). Размяшчэнне інстр. груп у П. для сімф. аркестра (зверху ўніз) наступнае: драўляныя духавыя, медныя духавыя, ударныя, струнныя. Чытанне (аналіз) П. — адна з дысцыплін муз. адукацыі кампазітараў, дырыжораў, музыказнаўцаў і інш.
Першыя звесткі пра П. датуюцца пач. 16 ст. («Tabulae compositorias», «Кампазітарскія табліцы»), Развіццё кампазітарскай тэхнікі, інструментарыя, інстр. складу аркестра адбілася на структуры П. Сучасная арганізацыя П. сфарміравалася ў 19 ст. Некат. змены ў традыц. правілы ўнеслі Г.Берліёз, Р.Вагнер, Р.Штраус, А.Месіян і інш. Спробы прасцейшага запісу арк. твораў рабілі М.Рымскі-Корсакаў, М.Мяскоўскі, С.Пракоф’еў. У сярэдзіне 20 ст. новыя віды кампазітарскай тэхнікі (А.Шонберг, А.Берг, А.Анегер і інш.) спрыялі ўзнікненню ўмоўных спосабаў натацыі, а таксама інш. знакавых натацыйных прынцыпаў. У бел. музыцы гэта адбілася ў некат. творах Дз.Смольскага, В.Кузняцова, В.Капыцько і інш.
Літ.:
Таранов Г. Курс чтения партитур. М.; Л., 1939;
Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;
Рогаль-Левицкий Д.Р. Беседы об оркестре. М., 1961;
Мальтер Л. Таблицы по инструментоведению. М., 1966;
Благодатов Г.И. История симфонического оркестра. Л., 1969;
Фортунатов Ю.А. История оркестровых стилей. М., 1973.
Т.А.Дубкова.
т. 12, с. 141