апошняе зледзяненне на тэр. Беларусі ў плейстацэне. Доўжылася па розных ацэнках 105 ці 85 тыс. гадоў ад муравінскага міжледавікоўя да галацэну. Было самым халодным сярод плейстацэнавых зледзяненняў. Складалася з трох этапаў — анагляцыялу (раннеледавікоўя), пленігляцыялу (сярэдне- ці ўласна ледавікоўя) і катагляцыялу (позналедавікоўя). На працягу анагляцыялу адбывалася паступовая (з «цёплымі» інтэрстадыяльнымі перапынкамі) змена міжледавіковага клімату на перыгляцыяльны. Пленігляцыял, у якім панавала шматгадовая мерзлата і інш. крыягенныя з’явы, завяршыўся пашырэннем на тэр. Беларусі мацерыковага ледавіка (да паўд. мяжы Беларускага Паазер’я). Ледавік пакінуў пасля сябе свежы марэнны рэльеф і тоўшчу адкладаў сярэдняй магутнасцю каля 15 м. У катагляцыяле паскорана-рытмічнае пацяпленне прывяло да канчатковага знікнення пахаванага (мёртвага) лёду, шматгадовай мерзлаты і інш. прыкмет зледзянення. З адкладамі П.з. звязаны многія радовішчы жвіру, пяску, гліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІПЕПТЫ́ДЫ,
арганічныя злучэнні, якія маюць астаткі амінакіслот (ад 6—10 да некалькіх дзесяткаў). Умоўная мяжа паміж П. і бялкамі знаходзіцца ў вобласці малекулярнай масы 6000 (ніжэй за яе — П., вышэй — бялкі). Бялкі сінтэзуюцца на рыбасомах у выглядзе поліпептыдных ланцугоў і маюць адзін або некалькі такіх ланцугоў, кожны з якіх сінтэзуецца асобна, а потым злучаюцца паміж сабой (напр., гемаглабін). У арганізме П. ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў (аўтоліз тканак, страваванне і інш.) і пры біясінтэзе з амінакіслот. Простыя П. — крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, па фіз. і хім. уласцівасцях блізкія да амінакіслот. Складаныя П. — аморфныя, з вадой утвараюць калоідныя растворы. Многія прыродныя П. маюць біял. актыўнасць гармонаў, антыбіётыкаў і таксінаў. Сінт. П. выкарыстоўваюць у якасці мадэлей пры вывучэнні будовы і біял. актыўнасці бялкоў. Гл. таксама Пептыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСКО́Ў (Васіль Міхайлавіч) (н. 14.3.1930, с. Арлова Новаусманскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік, журналіст. З 1953 на журналісцкай працы. Уражанні ад паездак у кнігах нарысаў «Нататкі фотарэпарцёра» (1960), «Крокі па расе» (1963; Ленінская прэмія 1964), «Белыя сны» (1965), «Падарожжа з маладым месяцам» (1969), «Па дарогах Амерыкі» (1973, з Б.Стрэльнікавым), «Прасёлкі» (1988) і інш. Кніга дакумент. нарысаў «Чакайце нас, зоркі!» (1963; з М.Рабровым) пра лётчыкаў-касманаўтаў В.Церашкову і В.Быкоўскага. Пра сям’ю пустэльнікаў-старавераў дакумент. аповесць «Таежны тупік» (1990). Аўтар кн. «Вайна і людзі» (1970). Самабытна піша пра прыроду (цыклы нарысаў «Акно ў прыроду», «Прасёлкі»), выступае ў яе абарону. Многія кнігі П. праілюстраваны яго фотаработамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТАПЧЫНА́ (Еўдакія Пятроўна) (4.1.1812, Масква — 15.12.1858),
руская пісьменніца. Графіня. Друкавалася з 1831. Першы зб. — «Вершы» (1841). Яе паэзіі ўласцівы тонкае спалучэнне пачуццяў і разважанняў, шчырае раскрыццё свету жаночай душы. У сатыр. паэме «Дом вар’ятаў у Маскве ў 1858 г.» (апубл. 1885 як «працяг» паэмы А.Ваейкава «Дом вар’ятаў») крытычная ацэнка тагачаснага грамадскага жыцця. Аўтар драм. паэм, рамана ў вершах «Дзённік дзяўчыны» (1850), камедыі ў вершах «Вяртанне Чацкага ў Маскву, ці Сустрэча знаёмых асоб пасля дваццаціпяцігадовай разлукі» (1856, апубл. 1865), «свецкіх» аповесцей «Чыны і грошы», «Паядынак» (абедзве 1838), аўтабіягр. раманаў «Шчаслівая жанчына» (1852), «Ля прыстані. Раман у лістах» (1857) і інш.Многія вершы Р. пакладзены на музыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЧНАЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, укрытыя зялёным лісцем на працягу ўсяго года. У адрозненне ад летне- і зімовазялёных раслін кожны ліст вечназялёных раслін жыве некалькі гадоў (напр., ліст. лімона — 3, ігліца елкі — 8—12, хвоі — 3—5 гадоў), паступова замяняецца новым, таму гэтыя расліны называюць таксама шматгадовазялёнымі. Лісце вечназялёных раслін звычайна мае прыстасаванні, якія змяншаюць выпарэнне вады раслінай (транспірацыю) і павышаюць зімаўстойлівасць.
Характэрныя для трапічнай і субтрапічнай флоры. У краінах з умераным і халодным кліматам, у т. л. на Беларусі, трапляюцца вечназялёныя расліны барэальнага і трапагеннага паходжання, напр. хвойныя дрэвы і кусты (елка, хвоя, ядловец), некаторыя лясныя і балотныя кусцікі і шматгадовыя травяністыя расліны (брусніцы, талакнянка, багун, верас, журавіны, дзярэзы, грушанкі і інш.). Многія вечназялёныя расліны як дэкар. вырошчваюць у адкрытым грунце, аранжарэях і пакоях (напр., алеандр, лаўравішню, пальмы, плюшч, самшыт, цытрусавыя). Добрыя прадуцэнты кіслароду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДА́РНЫЯ ВЫ́РАБЫ,
драўляныя ёмістасці з клёпак для вадкіх, паўвадкіх і сыпучых прадуктаў і бытавых патрэб. Ва ўжытку беларусаў вядомы з глыбокай старажытнасці. Шматлікія іх рэшткі (ад невял. конавак да бочак на некалькі сотняў літраў) выяўлены пры археал. раскопках у пластах 11—14 ст. Форма клёпак (падоўжаныя трапецападобныя ці акруглыя выпуклыя) абумовіла форму бандарных вырабаў — кадзепадобную (канічную) ці бачарную (пукатую). Паводле прызначэння вылучаюць пасудзіны для вады і вадкіх рэчываў (трансп. бочка, кадушка, вядро, біклага, барылка, конаўка), для с.-г. прадуктаў (бочка, кадзь, бачурка, кубелец), для бытавых патрэб (кубел, жлукта, балея, цэбар, ражка, дзяжа, даёнка, бойка, бельчык), меры ёмістасці (асьміна, шаснастка, гарнец, карэц). Большасць бандарных вырабаў вызначалася функцыянальнай мэтазгоднасцю, вонкавай прастатой, практычнасцю. Некаторыя вырабы невял. памераў аздаблялі разьбой і выпальваннем. У наш час многія бандарныя вырабы саступілі месца разнастайным металічным, фарфора-фаянсавым, пластмасавым і інш. ёмістасцям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕМІ́Я (ад ан... + грэч. haima кроў) малакроўе, захворванні чалавека і жывёл, якія характарызуюцца зніжэннем колькасці гемаглабіну ў адзінцы аб’ёму крыві, часцей пры адначасовым зніжэнні колькасці эрытрацытаў. Адрозніваюць 3 асн. групы анеміі: ад страты крыві; пры павялічаным разбурэнні эрытрацытаў; пры парушэнні ўтварэння эрытрацытаў. Суправаджаюць анемію многія захворванні, у т. л. інфекцыйныя, пры якіх у арганізме ўзнікае дэфіцыт жалеза, вітаміну B12, фоліевай кіслаты. Могуць быць вынікам непаўнацэннага харчавання (асабліва пры недахопе ў ежы мяса). Асн. прыкметы жалезадэфіцытных анемій: бледнасць скуры, галавакружэнне, галаўны боль, «мушкі» ў вачах, ломкасць валасоў і пазногцяў. Анемія, звязаныя з вітаміннай недастатковасцю, часцей адзначаюцца ў пажылых людзей; да агульных прыкмет дадаюцца спецыфічныя — адчуванне пякоты ў языку, паносы, у запушчаных выпадках — сімптомы пашкоджання нерв. сістэмы. Пры гемалітычных набытых і спадчынных анеміях, звязаных з павышаным разбурэннем эрытрацытаў, скура і слізістая абалонкі жаўтушныя. Усе віды анеміі патрабуюць неадкладнага лячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФЕО́З (ад грэч. apotheōsis абагаўленне),
1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л.бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.
2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,
на ПнУ Афрыкі (частка Сахары), у Егіпце, паміж далінай р.Ніл і Чырвоным морам. На Пд (22°паўн. ш.) злучаецца з Нубійскай пустыняй. У рэльефе пераважаюць друзаватыя, пясчанікавыя і вапняковыя плато выш. да 500 м, якія паступова ўздымаюцца з З на У. Уздоўж Чырвонага м. цягнецца крышт.хр. Этбай (выш. да 2184 м, Шаіб-эль-Банат). Карысныя выкапні: нафта, волава, фасфарыты, буд. камень. Клімат трапічны пустынны, гарачы. Сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 30 °C, ападкаў да 100 мм за год. Дажджы не выпадаюць многія гады. Характэрны сухія рэчышчы (вадзі). Падземны сцёк, які захоўваецца круглы год, падтрымлівае ў далінах разрэджаную ксерафітавую і злакава-хмызняковую расліннасць; трапляюцца асобныя дрэвы (акацыі, тамарыскі, фінікавая пальма і інш.). Жывёльны свет: шматлікія грызуны, антылопы, гіены, шакалы, паўзуны. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля (козы, авечкі, вярблюды). У аазісах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія растуць у вадзе. Адрозніваюць расліны, паглыбленыя ў ваду толькі ніжняй часткай (гідрафіты) і цалкам або большай сваёй часткай (гідатафіты). Вядома больш за 260 відаў водных раслін, з іх на Беларусі больш за 150 відаў. Воднае асяроддзе абумовіла асаблівыя рысы арганізацыі водных раслін: значнае павелічэнне паверхні цела, што палягчае паглынанне неабходнай колькасці кіслароду і інш. газаў, якіх у вадзе ў 30 разоў менш, чым у паветры. У водных раслін развіта разналістасць: падводнае, плаваючае і паверхневае лісце на адной расліне адрозніваецца ўнутр. і вонкавай будовай. Амаль усе — мнагалетнікі, размнажаюцца вегетатыўна. Насенне і плады разносяцца птушкамі або воднымі цячэннямі. Водныя расліны ўдзельнічаюць у прыроднай ачыстцы вадаёмаў, ва ўзбагачэнні вады кіслародам, у назапашванні сапрапеляў і торфу. Многія — добрыя індыкатары чысціні вады, выбіральна паглынаюць шкодныя рэчывы. Масавае развіццё водных раслін можа выклікаць замор рыбы, зарастанне.