1) фільм, які ствараецца сродкамі ігравога кіно (сцэнарны сюжэт, акцёрскае выкананне, рэжысёрская і выяўл. трактоўка і інш. 2) Твор кінамастацтва — фільм, што мае маст. каштоўнасць, вобразныя творчыя вырашэнні і выступае ў маст. функцыі. Ствараецца ў формах ігравога (мастацкага кіно), а таксама дакументальнага кіно, анімацыйнага кіно і навукова-папулярнага кіно.
М.ф. з’явіўся адначасова з узнікненнем кінематографа (гл.Нямое кіно). Пэўны ўклад у стварэнне першых ігравых фільмаў зрабілі Ж.Мельес (Францыя), У.Пол (Англія), Э.Портэр (ЗША). Вял. роля ў развіцці выразных сродкаў М.ф. (драматургіі. акцёрскай творчасці, мантажу) належыць амер. рэжысёру Д.У.Грыфіту. Сярод класікаў сусв.маст. кіно Ч.Чаплін, Р.Клер, Ф.Феліні, М.Антаніёні, І.Бергман. У Расіі у 1907 створаны першы М.ф. «Сценька Разін і княжна» («Панізовая вольніца», рэж. А.Дранкоў). Да класічных кінатвораў, якія ў значнай ступені абумовілі ўзровень далейшага развіцця ігравога кінематографа, належаць М.ф. сав. кіно 1920-х г.: «Браняносец Пацёмкін» С.Эйзенштэйна, «Маці» У.Пудоўкіна, «Зямля» А.Даўжэнкі. Сярод майстроў сав.маст. кіно браты Васільевы, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, С.Герасімаў, М.Ром, М.Хуцыеў, А.Таркоўскі, М.Міхалкоў.
На Беларусі ў 1926 першы М.ф. «Лясная быль» пастаўлены рэж. Ю.Тарычам паводле аповесці М.Чарота «Свінапас». У фільмах Тарыча «Лясная быль» і «Да заўтра», У.Корш-Сабліна «Першы ўзвод», Э.Аршанскага «Двойчы народжаны» закладзены асновы бел.маст. кіно. Створана мноства кінастужак высокага маст. ўзроўню, сярод іх «Канстанцін Заслонаў» Корш-Сабліна і А.Файнцымера, «Праз могілкі» (паводле П.Ніліна) і «Людзі на балоце» (паводле І.Мележа) В.Турава, «Альпійская балада» Б.Сцяпанава (паводле В.Быкава), «Дзікае паляванне караля Стаха» В.Рубінчыка (паводле У.Караткевіча), «Ідзі і глядзі» Э.Клімава (паводле А.Адамовіча), «Знак бяды» М.Пташука (паводле Быкава), «Сведка» В.Рыбарава (паводле В.Казько).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НШЫКАЎ (Аляксандр Данілавіч) (16.11.1673, Масква — 23.11.1729),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, фаварыт і паплечнік Пятра I. Граф (1704), святлейшы князь (1707), генералісімус (1727). З 1686 дзяншчык Пятра I. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96, Вялікага пасольства. У час Паўночнай вайны 1700—21 вызначыўся як военачальнік. З 1705 каманд. кавалерыяй рас. арміі ў Рэчы Паспалітай; кіраваў адыходам войск з Гродна ў Брэст (1706), атрымаў перамогу ў бітве каля г. Каліш (1706, Польшча), удзельнічаў у бітве пад Лясной 1708, Палтаўскай бітве 1709 і інш.; камендант крэпасці Нотэбург (1702, цяпер г. Петракрэпасць), губернатар Пецярбурга (1703), кіраваў буд-вам Пецярбурга і Кранштата, занятымі рас. войскамі прыбалтыйскімі землямі і Іжорскай зямлёй (1714). Кіраваў краінай у час ад’ездаў Пятра I. У 1718—24 і 1726—27 прэзідэнт Ваеннай калегіі. Пасля смерці Пятра I з дапамогай гвардыі ўзвёў на прастол Кацярыну I, фактычна кіраваў дзяржавай. Быў адным з найбагацейшых рас. памешчыкаў (валодаў 90 тыс. прыгонных, 6 гарадамі, маёнткамі ў Расіі, Украіне, Прусіі, Аўстрыі і інш. багаццямі. У Рэчы Паспалітай, напр., у 1709 дамогся ад польск. караля і вял. князя ВКЛ Аўгуста II перадачы яму ў трыманне Дзісенскага і Аршанскага старостваў, узяў у заклад у гетмана Р.А.Агінскага Язёрскае староства на Магілёўшчыне, якое паводле загаду Пятра I у 1710 вярнуў, у 1710 купіў мяст. Ула ў Полацкім ваяв., у 1711 узяў у заклад у Ю.Сапегі Горы-Горацкае графства, у 1715 купіў мяст. Дуброўна, набыў інш. маёнткі ў Беларусі). Трапіў у няміласць пры Пятру II, пазбаўлены маёмасці і высланы з сям’ёй у крэпасць Бярозаў (цяпер Бярозава Цюменскай вобл.), дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́СЭР Гамаль Абдэль, Гамаль Абд ан-Насыр (15.1.1918 Бені-Мур, Егіпет — 29.9.1970), егіпецкі паліт. і дзярж. дзеяч. Палкоўнік. Герой Сав. Саюза (1964). Скончыў ваен. вучылішча Генштаба. Вызначыўся ў араба-ізраільскай вайне 1948—49: Адзін з заснавальнікаў тайнай арг-цыі «К-т свабодных афіцэраў», які 23.7.1952 скінуў караля Фарука II і ліквідаваў у Егіпце манархію. З 1953 вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі, нам. прэм’ер-міністра і міністр унутр. спраў, з 1954 прэм’ер-міністр Егіпта. У кастр. 1954 дамогся ад Вялікабрытаніі згоды на вывад брыт. войск з Егіпта. У 1956 абраны прэзідэнтам Егіпта. У ліп. 1956 нацыяналізаваў міжнар. кампанію Суэцкага канала, што прывяло да англа-франка-ізраільскай агрэсіі 1956 супраць Егіпта. У знешняй палітыцы арыентаваўся на СССР і краіны сацыяліст. лагера. Быў прыхільнікам панарабскага руху. Падтрымаў ідэю аб’яднання Егіпта і Сірыі ў Аб’яднаную Араб. Рэспубліку (назва ААР; у 1961 Сірыя выйшла, назва ААР захавалася за Егіптам да 1971), абраны яе прэзідэнтам у 1958. Ва ўнутр. палітыцы прытрымліваўся ідэй «араб. сацыялізму», імкнуўся ператварыць Егіпет у развітую, індустр. дзяржаву, для чаго праведзена агр. рэформа, пачата індустрыялізацыя, будавалася вышынная Асуанская плаціна. У паліт. сферы ўсталяваў аўтарытарны, аднапартыйны рэжым. Першым з араб. лідэраў прыйшоў да ўсведамлення неабходнасці мірнага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту. У жн. 1970 пагадзіўся на 90-дзённае спыненне агню з Ізраілем.
Тв.:
Рус.пер. — Проблемы египетской революции: Избр. речи и выступления 1952—1970 гг.М., 1979.
Літ.:
Dekmedjian R.H. Egypt under Nasir. New York, 1971;
Lacouture J. Nasser. Paris, 1971;
Nutting A. Nasser. London;
New York, 1972;
Stephens R.H. Nasser: A political biography. New York, 1972;
Vatikiotis P.J. Nasser and his generation. London, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ННЯ (Bologna),
горад на Пн Італіі, на р. Рэна, каля падножжа Паўн. Апенінаў. Адм. ц. правінцыі Балоння і вобласці Эмілія-Раманья. Ва ўзгорыстай мясцовасці з высокаразвітой сельскай гаспадаркай (сады і вінаграднікі). 395 тыс.ж. (1993). Займае выгаднае трансп. становішча на шляхах з Паўн. Італіі на Пд. Вузел чыгунак, аўтадарог; аэрапорт; злучаны суднаходным каналам з р. По. Машынабудаванне (у т. л. дакладнае), чорная металургія, хім., керамічная (вырабы з маёлікі), фармацэўтычная, лёгкая, харч., паліграф.прам-сць. Цэнтр атамных даследаванняў.
З канца 6 ст. да нашай эры Балоння (Фельсіна) сталіца этрускаў. У 4 ст. да нашай эры захоплена племем бояў (адсюль сучасная назва). З 189 да нашай эры Балоння — рым. калонія Банонія. На пач. 8 ст. захоплена лангабардамі, пазней была пад уладай франкаў, папы рымскага. У 1114 дамаглася статуса гар. камуны. У канцы 11 ст.засн.Балонскі універсітэт. У 1506—1860 (з перапынкам у 1796—1815) Балоння ў складзе Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. У 2-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.
Абрысы сярэдневяковай Балонні (вузкія прамыя вуліцы, дамы з аркадамі на 1-м паверсе, фасады гатычных палацаў) склаліся ў 11—15 ст. У цэнтры горада — плошчы Маджорэ і Нептуна з царквой Сан-Петроніо (14—17 ст.), «Палацам караля Энца» (1246), Палацца Камунале (13—15 ст.), Палацца дэль Падэста (13—15 ст.) і фантанам «Нептун» (1566). Комплекс раманскіх цэркваў 11—13 ст. Сан-Стэфана; нахіленыя дамы-вежы Торэ Гарызенда (1110), Торэ Азінелі (1009—1119); цэрквы Сан-Франчэска (13 ст.) і Сан-Даменіка (13—18 ст.); рэнесансавыя і барочныя дамы. Музеі: Нац. пінакатэка, Гар. музей, Галерэя сучаснага мастацтва. Захаваліся шматлікія некропалі этрускаў 6—4 ст. да нашай эры
Літ.:
Rubbi P. E. Guida alla Bologna d’oggi. Bologna, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ З РАСІ́ЯЙ 1609—18,
вайна за вяртанне Смаленскай зямлі і за ўтварэнне федэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У сувязі з няўстойлівым становішчам у Маскоўскай дзяржаве баярская апазіцыя, жадаючы пазбавіцца ад цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону каралевічу Уладзіславу, сыну караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта III Вазы. Узнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне швед. корпуса на чале з Я.Дэлагардзі на тэр. Расіі для барацьбы з атрадамі Лжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт III быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне швед. войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаўся як варожы акт. У вер. 1609 пачалася аблога Смаленска, але толькі 13.6.1611 горад быў узяты. 4.7.1610 войска С.Жулкеўскага (6,5 тыс.чал.) разбіла рус. войска каля Клушына і падышло да Масквы, дзе ў выніку перавароту цар Шуйскі быў скінуты, а царом абвешчаны Уладзіслаў. Баяры, жыхары Масквы і інш. гарадоў прынеслі яму прысягу. У вер. 1610 войска Рэчы Паспалітай заняло Маскву. 1-е рус. апалчэнне ўзяць Маскву не змагло. У 1612 2-е апалчэнне на чале з К.Мініным і Дз.Пажарскім вызваліла Маскву, у лют. 1613 Земскі сабор абраў царом 16-гадовага М.Ф.Раманава. У наступныя гады Жыгімонт III спрабаваў заваёўваць землі на У, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі сабраць вял. войска. У 1617—18 Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, але штурм горада вынікаў не даў. Паводле заключанага Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адыходзілі смаленскія (за выключэннем Вязьмы), да Польск. каралеўства — ноўгарад-северскія і чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Расіі».
А.П.Грыцкевіч.
Да арт. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Аблога Смаленска беларуска-польскім войскам у 1610. Гравюра Г.Келера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́РДЖЫЯ (Georgia),
штат на ПдУ ЗША. Пл. 150 тыс.км². Нас. 6917 тыс.чал. (1993), больш як 1/4 — негры. Гар. насельніцтва каля 70%. Адм. ц. і буйнейшы горад Атланта. Большая ч.тэр. занята нізіннай прыморскай раўнінай. На Пн і ПнЗ адгор’і Апалачаў. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. 6—12 °C, ліп. 24—28 °C. Ападкаў 1300—1600 мм за год. Рэкі мнагаводныя, у нізоўях суднаходныя, найб. — Савана Шыракалістыя (дуб, бук) і хваёвыя лясы займаюць 67% тэр. Індустрыяльна-агр. штат. Прам-сць: тэкст., харч., лесанарыхтоўчая, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, маш.-буд., хім., швейная; буйныя авіяц. і аўтазборачныя прадпрыемствы. Гал. цэнтры Атланта, Агаста, Калумбус, Савана. Здабыча кааліну і буд. матэрыялаў. ГЭС на горных рэках. Марское рыбалоўства. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля, асабліва птушкагадоўля і вырошчванне куранят-бройлераў. Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу і свіней. Гал.с.-г. культуры: арахіс, бавоўна, кукуруза, тытунь, сеяныя травы, соя. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Гал. порт Савана. Каля Атланты міжнар. аэрапорт. Турызм.
Найбольш стараж.мясц. насельніцтва — індзейцы. У 1733 з’явіліся першыя перасяленцы з Англіі; з 1754 яе калонія (наз. па імю караля Георга II). У выніку вайны за незалежнасць ў Паўночнай Амерыцы 1775—83 Дж. стала адным з першых штатаў-заснавальнікаў ЗША У 18—19 ст. існавала плантацыйная гаспадарка, заснаваная на працы рабоў-неграў (вырошчвалі бавоўнік). У 1832—36 індзейцы выселены на 3. У грамадзянскую вайну ў ЗША 1861—65эканам. цэнтр (разам з Атлантай) мяцежных паўд. штатаў. У 1866—68 мясц.тэрарыст. арг-цыі ку-клукс-клана сарвалі Рэканструкцыю Поўдня 1865—77 у штаце. У 1870 паўторна прынята ў склад ЗША У канцы 19 ст. актывізавалася індустрыялізацыя. У 1950—60-я г. скасаваны закон аб паліт. дыскрымінацыі і расавай сегрэгацыі неграў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́ЦКІЯ, Карыбут-Вішнявецкія,
княжацкі род герба «Карыбут» у ВКЛ і Польскім каралеўстве. Сваё паходжанне выводзілі ад Карыбута, сына вял. князя ВКЛ Альгерда. Больш верагодна, што паходзілі ад князёў Нясвіцкіх з Валыні. Родапачынальнік кн. Міхайла Васілевіч Збаражскі (? — пасля 1516) валодаў замкам Вішнявец (адсюль прозвішча) у Крамянецкім пав. на Валыні. Вішнявецкім належалі вял. зямельныя ўладанні на Украіне і Беларусі, у т. л. Брагінская воласць (з 1509). У 16 ст. Вішнявецкія падзяліліся на 2 галіны: старэйшую [пайшла ад старосты прапойскага, чачэрскага і варнянскага кн. Івана Міхайлавіча (? — 1542)] і малодшую [пайшла ад старосты рэчыцкага князя Аляксандра Міхайлавіча (? — 1555)]. Першая галіна ў мужчынскім родзе згасла ў 1744, другая — у 1673. Найб. Вядомыя:
Дзмітрый Іванавіч (? — 1563), гл.Вішнявецкі Дз.І. Адам Аляксандравіч (? — 1622), уладальнік Брагіна, дзе ў 1601—03 знаходзіўся Лжэдзмітрый I, які абвясціў сябе царэвічам Дзмітрыем. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя I і Лжэдзмітрыя II на Маскву. Канстанцін Канстанцінавіч (1564—1641), ваявода белзскі (1636), рускі (1638), староста чаркаскі (1623) і крамянецкі. Пазнаёміў Ілжэдзмітрыя I са сваім сваяком Юрыем Мнішкам. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя (1604—05) і каралевіча Уладзіслава (1617—18) на Маскву. Іерамія Міхал Міхайлавіч (1612—20.8.1651), ваявода рускі (1646), староста гадзяцкі, канеўскі, пшэмыскі. Адзін з буйнейшых магнатаў на Украіне. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Выступаў супраць цэнтралізацыі ўлады ў Рэчы Паспалітай. Патрабаваў ад караля рашучых дзеянняў па задушэнні вызв. вайны 1648—51 на Украіне, у выніку якой страціў большасць сваіх маёнткаў. На пачатку вызв. вайны на Украіне фактычна ўзначаліў процідзеянне паўстанцам-казакам і сялянам. Міхал (31.7.1640—10.11.1673), кароль польскі і вял. князь ВКЛ [1669—73]. Гл.Міхал Вішнявецкі. Януш Антоній (1678—18.1.1741), староста пінскі, падчашы ВКЛ (1697), маршалак надворны ВКЛ (1699), кашталян (1702) і ваявода (1704) віленскі, ваявода (1706) і кашталян (1726) кракаўскі. Міхал Сервацы (13.5.1680—16.9.1744), брат Януша Антонія, гетман польны ВКЛ (1702—03, 1707—35), гетман вялікі ВКЛ (1703—07, з 1735), кашталян (1703—06) і ваявода (1706—07, з 1735) віленскі, канцлер ВКЛ (з 1720), рэгіментар войска ВКЛ (1730). Пісьменнік і паэт. Апошні мужчына ў родзе Вішнявецкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРЫШЧА́НА»,
помнік бел. перакладной л-ры. Папулярны рыцарскі раман. Перакладзены на бел. мову ў 2-й пал. 16 ст. з сербскай крыніцы (апошняя з італьян. арыгінала). Бел. пераклад збярогся ў Пазнанскім рукапісным зборніку. У аснове твора — паэт. кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у бел. рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літ. апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць пра Трышчана» — класічны ўзор жанру рыцарскага рамана, пабудаванага на авантурна-прыгодніцкай фабуле і любоўнай інтрызе. Гал. герой — ідэальны рыцар, які служыць прыгожай даме і праводзіць свой час у няспынных прыгодах і рыцарскіх турнірах. У барацьбе за прыгожую Іжоту, дачку ірландскага караля, якую герой здабывае ў паядынках з рознымі сапернікамі свайму дзядзьку, каралю Марку, Трышчан выходзіць пераможцам. Аднаго ён не можа пераадолець — сваіх пачуццяў да Іжоты. Каханне прыносіць героям вял. пакуты: Іжота належыць каралю Марку, сеньёру Трышчана, і становіцца яго жонкай. У зах.-еўрап. версіях легенды зроблена спроба знайсці выйсце: гал. герой жэніцца на другой Ізольдзе. Аднак такі ўчынак прыносіць новыя пакуты закаханым. Усёпаглынальная любоўная страсць паскарае заўчасную смерць гал. герояў. Фінал твора гучыць як гімн вял. каханню. У бел.-сербскай «Аповесці пра Трышчана» падзеі заключнай часткі выкладзены інакш: Трыстан не жэніцца з другой жанчынаю, а застаецца верны сваёй каханай да канца, дзеянне ў творы не даведзена да трагічнага фіналу. У бел. апрацоўцы асн. ўвага сканцэнтравана на апісанні незвычайных прыгод, паядынкаў і рыцарскага гераізму Трышчана; аптыміст. канец лепш стасуецца з агульнай ідэйна-маст. канцэпцыяй аповесці, у якой, насуперак аскетычным прынцыпам хрысціянства, апяваюцца пачуцці і перажыванні чалавека, яго зямныя радасці і страсці, паэтызуецца пераможная сіла кахання. «Аповесць пра Трышчана» — унікальны слав. варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, каштоўны помнік бел.літ. мовы 16 ст. Перакладзена на сербскахарвацкую (Бялград, 1966), англ. (Лідс, 1977; Нью-Йорк, 1988), італьян. (Фларэнцыя, 1983) мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́РМА (Palermo),
горад у Італіі, на ПнЗ в-ва Сіцылія. Адм. цэнтр вобл. Сіцылія і прав. Палерма. Каля 740 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Тырэнскім м.Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд., суднарамонтная, с.-г., эл.-тэхн., радыёэлектронная; дрэваапр., мэблевая, паліграф., цэм., харчасмакавая. Ун-т (з 1777). Акадэмія выяўл. мастацтваў і музыкі, кансерваторыя. Абсерваторыя. Бат. сад. Оперны і драм. тэатры. Турызм. Зімовы курорт. Штогадовыя міжземнаморскія кірмашы.
Засн. фінікійцамі. У 5—3 ст. да н.э.гал. цэнтр карфагенян у Сіцыліі. У 254 да н.э. заваяваны Рымам, у 535 н.э. — Візантыяй, у 1-й пал. 9 ст. — арабамі, у 1072 — нарманамі. З 1130 рэзідэнцыя каралёў Сіцылійскага каралеўства. З 12 ст. буйны эканам. і культ. цэнтр Паўд. Еўропы. У 1282 пасля паўстання (гл.«Сіцылійская вячэрня») з горада выгнана Анжуйская дынастыя. У час праўлення каралёў Арагона (1302—1479) заняпаў. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1734—1816 сталіца Сіцылійскага каралеўства, размяшчалася рэзідэнцыя віцэ-караля. З 1820 цэнтр рэв. руху за аўтаномію Сіцыліі. Паўстаннем у П. (12.1.1848) пачалася Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі. 27.5.1860 вызвалены войскамі Дж.Гарыбальдзі ад улады ісп. Бурбонаў і ўвайшоў у склад Італьян. каралеўства.
У старой частцы П. — касцёлы Сан-Джавані дэльі Эрэміці (каля 1132, мазаікі сярэдзіны 12 ст.) і Мартарана (спалучае рысы раманскага стылю з элементамі араб. і візант. архітэктуры; 1143, мазаікі сярэдзіны 12 ст.), Палацца Рэале (нармандскі палац 11 ст., перабудаваны з араб. крэпасці; перабудаваны ў 16—18 ст., мазаікі 12 ст.), Капэла Палаціна (1130—43, мазаікі 12 ст.), сабор (каля 1170, гал. фасад 14—15 ст., порцік 1465; купал — пасля 1781, паводле праекта Ф.Фугі; кампаніла 12 ст.); палацы Ла Дзіза (1154—60), Ла Куба (1180), К’ярамонце (1307), Абатэлі (1495), касцёлы 17 ст., т-р «Масіма» (1879—97, арх. Дж.Б. і Э.Базіле). У сучасным цэнтры П. (раён Вілануова) — магазін «Рандаца» (1960) і інш. Музеі: археал.нац., Нац. галерэя Сіцыліі, галерэя сучаснага мастацтва, этнагр. Дж.Пітрэ, скарбніца сабора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 3 МАЯ 1791 (Ustawa tządowa),
асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты 3.5.1791 на Чатырохгадовым сейме ў Варшаве. Абвяшчала суверэннасць Рэчы Паспалітай як унітарнай дзяржавы, ліквідавала падзел яе на Карону і ВКЛ. Але кароль захаваў і тытул вял.кн. літоўскага. У веданні ВКЛ захавалася судаводства, свой скарб, роўнае прадстаўніцтва ў сейме і яго камісіях. Месцам правядзення сеймаў вызначана Варшава, але яны маглі адбывацца раз у 3 гады ў Гродне. Канстытуцыя абвясціла нязменнасць кардынальных правоў, захавала карпаратыўнасць і адзінаўладдзе за шляхецкім саслоўем, шляхецкія правы і прэрагатывы абвяшчала непарушнымі. Грамадзянскія свабоды пашыраліся на прывілеяваныя станы шляхты, духавенства, чыноўнікаў. Адначасова рабіліся ўступкі жыхарам гарадоў дзярж. юрысдыкцыі, у ліку якіх асабістая недатыкальнасць, права набыцця зямлі, шляхецтва, заняцця адм.-судовых і царк. пасад. Дэкларавала апеку права і ўрада над феад.-залежнымі сялянамі. Абвяшчала свабоду веравызнанняў з захаваннем дзяржаўнасці за каталіцтвам. Епіскапы пераведзены на дзярж. ўтрыманне. Заканадаўчая ўлада аддадзена 2-палатнаму сейму (палата дэпутатаў і сенат), выканаўчая — каралю і радзе з 6 міністраў, падсправаздачных сейму. Міністраў назначаў кароль. Палата дэпутатаў складалася з 204 паслоў (з іх 24 з дарадчым голасам прадстаўлялі гарады), выбраных на 2 гады на мясц. сейміках. Выбарчы голас атрымалі асобы шляхецкага стану з 19 гадоў, якія мелі гадавы даход больш за 100 злотых і былі запісаны ў земскія кнігі. Сенат складаўся з 132 саноўнікаў, у т. л.караля. Ён быў пазбаўлены права заканадаўчай ініцыятывы, але меў права адкладальнага вета. Ліквідавана права ліберум вета (liberam veto), усе пастановы сейма павінны былі прымацца большасцю галасоў, уведзена спадчыннасць трона. Выканаўчай адміністрацыяй на мясц. узроўні былі парадкавыя камісіі, якія выбіраліся мясц. сеймікамі. Земскія і гродскія суды аб’ядноўваліся ў зямянскія суды, Пажыццёвасць пасад скасоўвалася і змянялася іх выбарнасцю. Канстытуцыя абвяшчалася нязменнай на 25 гадоў. Перагледзець яе мог толькі канстытуцыйны сейм. Была першай у Еўропе і другой у свеце (пасля ЗША) Канстытуцыяй, зафіксаванай пісьмова. Скасавана Гродзенскім сеймам 1793 у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Łojek J. Upadek Konstytucji 3 maja. Wrocław, 1976;
Skowronek J. Wielka chwila narodowych dziejów: Konstytucja 3 maja i reformy Sejmu Cztemletniego. Warszawa, 1991.