Рэспубліка Сінгапур (малайскае Republik Singapura, англ. Republic of Singapore), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на в-ве Сінгапур (пл. 570 км²) і прылеглых дробных астравах (каля 50), каля паўд. берагоў п-ва Малака. Джахорскім прал. (перасечаны дамбай з чыгункай, шашой і магістральным водаправодам) аддзелены ад тэр. Малайзіі, Сінгапурскім — ад Інданезіі. Пл. 648 км². Нас. 4151,3 тыс.чал. (2000). Дзярж. мовы — малайская, кітайская, англійская, тамільская. Сталіца — г.Сінгапур. Нац. свята — Нацыянальны дзень (9 жн.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Чл. Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1991 (з папраўкай 1993). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на прамых усеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Аднапалатны парламент выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Рэльеф раўнінны (выш. да 176 м). Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы і вільготны. Т-ра ўвесь год 26—28 °C. Выпадае каля 2500 мм ападкаў за год. Амаль уся тэрыторыя забудавана, ёсць паркі і скверы. Захаваліся невял. балоты, рэшткі трапічных лясоў (каля 5% тэр.), каля берагоў мангравыя зараснікі. Ёсць некалькі рэзерватаў, запаведнік на г. Букітымах, сусв. вядомы бат. сад.
Насельніцтва. Жывуць кітайцы (76%), малайцы (15%), выхадцы з Паўд. Азіі, пераважна тамілы (7%), еўрапейцы (англічане, французы, партугальцы), нашчадкі ад мяшаных шлюбаў еўрапейцаў з прадстаўнікамі азіяцкіх народаў, арабы і інш. Вернікі — будысты, канфуцыянцы, мусульмане, індуісты, хрысціяне. Сярэднегадавы прырост каля 1 % за год. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва больш за 6400 чал. на 1 км², адна з найб. у свеце. Усё насельніцтва гарадское, жыве ў г. Сінгапур (3567 тыс.ж.), суседніх гарадах і пасёлках. У прам-сці занята 25,6% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 1%, у фінансах і банкаўскай справе — 33,5%, у буд-ве — 6,6%, у кіраванні і абслуговых галінах — 33,3%.
Гісторыя. У сярэдневякоўі тэр. С. ўваходзіла ў склад розных малайска-інданез. дзяржаў (Шрывіджаі. Малакскага султаната і інш). Пасля войнаў 13—14 ст. да пач. 19 ст. яна амаль незаселена. У 1819 брыт. губернатар Явы Т.С.Рафлз выкупіў в-аў Сінгапур у султана Джахора, заснаваў тут факторыю С., вакол якой вырас горад — адзін з найб. гарадоў Паўд.-Усх. Азіі; з 1826 асобная калонія Вялікабрытаніі. У 1942—45 С. акупіраваны яп. войскамі. У 1954 створана Партыя нац. дзеяння (ПНД). У 1959 С. атрымаў самакіраванне. У 1963—65 у складзе Федэрацыі Малайзія, з 9.8.1965 — незалежная дзяржава. Урад ПНД (напачатку на чале з прэм’ер-міністрам Лі Куан Ю, з ліст. 1990 — Го Чок Тонгам) ажыццяўляе палітыку прыцягнення замежнага капіталу і развіцця рыначнай эканомікі, што прывяло да хуткага эканам. росту С. і ператварэння яго да пач. 1990-х г. у адну з найб. развітых краін Азіі. С. — чл.ААН (з 1965), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі. Дыпламат. адносіны паміж С. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992. Гал.паліт. партыя — Партыя нац. дзеяння, інш. партыі не адыгрываюць значнай ролі ў паліт. жыцці С.
Гаспадарка. С. — найб. развітая ў эканам. адносінах краіна Паўд.-Усх. Азіі. Разам з Тайванем і Паўд. Карэяй трывала ўваходзіць у лік «новых індустр. краін». Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 91,7 млрд.дол., каля 22 100 дол. на душу насельніцтва (2000). У прам-сці ствараецца каля 30% ВУП, у транспарце і сувязі — 13%, у сельскай гаспадарцы — 0,2%, у сферы абслугоўвання каля 57%. С. — буйны рэгіянальны і міжнар. цэнтр гандлю, фінансаў, маркетынгу, паслуг і распрацовак найноўшых тэхналогій, важнейшы трансп. і камунікацыйны вузел Паўд.-Усх. Азіі. Аснова эканомікі — традыц. знешнегандл. аперацыі (гал. чынам рээкспарт) і экспартныя галіны прам-сці (на імпартнай сыравіне). У прам-сці 3 групы галін: суднабудаванне і суднарамонт (2-е, пасля ЗША, месца ў свеце па вытв-сці перасоўных буравых установак для распрацоўкі марскіх радовішчаў нафты), нафтаперапрацоўка (5 з-даў сумарнай магутнасцю перапрацоўкі 60 млн.т нафты за год, 3-е месца ў свеце) і нафтахімія; электроніка, радыё- і электратэхніка (персанальныя камп’ютэры, інтэгральныя схемы, перыферыйныя сістэмы, абсталяванне аўтаматызаванага праектавання, сродкі навігацыі і сувязі, фотаоптыка, гадзіннікі і інш.), зборка і рамонт самалётаў, аўтамабіляў, матацыклаў, веласіпедаў; лёгкая (тэкст., швейная, трыкатажная) і харчовая. Вытв-сць электраэнергіі 28 млрд.кВт∙гадз (1999), усе электрастанцыі цеплавыя, працуюць на вадкім паліве. Захавалі сваё значэнне традыц. галіны: волаваплавільная, перапрацоўка каўчуку і гумавая прам-сць, дрэваапрацоўка. Дзейнічаюць старэйшы ў Паўд.-Усх. Азіі металург. з-д поўнага цыкла, інш. прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі. Высокаразвітая ваен.прам-сць, прадукцыя якой ідзе пераважна на экспарт (стралковая зброя, патрульныя марскія катэры, радыёапаратура, боепрыпасы і інш.). Рээкспарт каўчуку, волава, копры, драўніны, вострых прыпраў (найб. перцу). Развіта аказанне разнастайных інфарм., фін., тэхнал., мед. і турыстычных паслуг. С. — буйны фін. цэнтр (саступае толькі Лондану, Нью-Йорку і Токіо). Працуюць валютныя і фондавыя біржы, 141 банк, у т. л. 128 замежных. Праводзяцца буйныя міжнар.гандл.-прамысл. выстаўкі, навукова-тэхн. сімпозіумы і канферэнцыі. Штогод С. наведвае больш за 7 млн. турыстаў з суседніх краін, Японіі, Кітая, ЗША і інш. У 1998 даход ад турызму склаў 5,79 млрд.дол. Сельская гаспадарка мае другаснае значэнне. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1,3 тыс.га. Вырошчваюць гевею, какосавую пальму, вострыя прыправы, тытунь, агародніну, садавіну, кветкі. Развіты свінагадоўля (у 1997—190 тыс. свіней) і птушкагадоўля (2 млн. курэй). Марское рыбалоўства (штогадовы ўлоў 13—15 тыс.т рыбы). Транспарт пераважна марскі. У С. — буйнейшы ў рэгіёне транзітны марскі порт (прымае за суткі ў сярэднім 150 суднаў, 2-гі ў свеце пасля Ротэрдама па грузаабароце). У порце — зона свабоднага гандлю. Марскі флот налічвае больш за 500 суднаў. Даўж. чыгункі 38,6 км, аўтадарог і вуліц 3017 км. У краіне 379,5 тыс. легкавых, 140,8 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Аэрапорт Чангі — адзін з найбуйнейшых у свеце. Трубаправодны транспарт заняты транспарціроўкай пітной вады з Малайзіі і Інданезіі. У 1998 экспарт склаў 128 млрд.дол., імпарт — 133,9 млрд.дол. Экспартуюцца і рээкспартуюцца нафтапрадукты (8% сусв. гандлю імі), вылічальная тэхніка і радыётэлевізійнае абсталяванне (каля 14% сусв. аб’ёму), камунікацыйнае і офіснае абсталяванне, марскія судны і платформы, хім. прадукты, машыны і абсталяванне, каўчук, тэкст. і швейныя вырабы, алей, лесаматэрыялы, волава і інш. У імпарце пераважаюць сыравінныя тавары і харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Малайзія (19% экспарту, 15% імпарту), ЗША (18% і 15% адпаведна), Японія (21% імпарту), Інданезія, Кітай, Тайланд, Паўд. Карэя і інш. Грашовая адзінка — сінгапурскі долар.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сінгапура.Да арт.Сінгапур (дзяржава). Жылыя кварталы г. Сінгапур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НЫЯ АРА́БСКІЯ ЭМІРА́ТЫ (ААЭ),
Імарат аль-Арабія аль-Мутахіда, дзяржава на Блізкім Усходзе. Займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва, абмываецца водамі Персідскага і Аманскага заліваў. Федэрацыя з 7 эміратаў: Абу-Дабі, Дубай (Дыбай), Аджман, Ум-эль-Кайвайн, Рас-эль-Хайма, Эль-Фуджайра, Шарджа. Пл. 83,6 тыс.км². Нас. 1,86 млн.чал. (1992). Афіц. мова арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г.Абу-Дабі. Нац. свята — Дзень утварэння федэрацыі (2 снеж.).
Дзяржаўны лад. ААЭ — федэратыўная дзяржава. Кожны эмірат, які ўваходзіць у яе, — абсалютная манархія і мае значную самастойнасць. Паводле Часовай Канстытуцыі 1971 вышэйшы орган дзярж. улады — Вышэйшы Савет з правіцеляў эміратаў, які са свайго складу выбірае прэзідэнта тэрмінам на 5 гадоў. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае прэзідэнт. Функцыі дарадчага органа выконвае Федэральны нац. сход (40 чал.), куды ўваходзяць прадстаўнікі ўплывовых плямёнаў, дзелавых колаў і інтэлігенцыі.
Прырода. Большая ч.тэр. — пустынная раўніна, на Пд і ПдЗ пераходзіць у пустыню Руб-эль-Халі, на У — адгор’і Аманскіх гор (выш. да 1127 м). Узбярэжжа Персідскага заліва нізіннае, шмат дробных астравоў. Асн. карысныя выкапні — нафта (запасы 13,3 млрд.т) і прыродны газ (5,8 трлн. м³), пераважна ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Знойдзены таксама каменны вугаль, жал. руда, храміты, руды нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны, сухі. Т-ра паветра ў студз. каля 20 °C, у ліп. 30—35 °C (макс. да 50 °C), ападкаў на раўнінах 100—150 мм за год, у гарах 300—400 мм (макс. зімой). Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Раслінны і жывёльны свет бедны. На раўніне рэдкія аазісы з вінаграднікамі, фінікавымі пальмамі, акацыямі, тамарыскамі. У гарах расліннасць тыпу саваннаў. Сярод жывёл — газелі, зайцы, яшчаркі. У прыбярэжных водах тунец, макрэль, стаўрыда, сардзіны, селядцы; водмелі багатыя жэмчугам.
Насельніцтва. За апошнія 30 гадоў насельніцтва павялічылася прыкладна ў 30 разоў, пераважна за кошт іміграцыі. Больш за палавіну насельніцтва складаюць арабы — мясц. ўраджэнцы, выхадцы з Егіпта, Сірыі, Йемена і інш.араб. краін. Жывуць індыйцы і пакістанцы (разам 600 тыс.чал.), іранцы (200 тыс.чал.), еўрапейцы (25 тыс.чал.). Асн.ч. насельніцтва ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Гар. насельніцтва 84% (1986). Буйнейшыя гарады (1985): Абу-Дабі, Дубай (330 тыс.ж.), Эль-Айн (150 тыс.ж.), Шарджа (120 тыс.ж.).
Гісторыя. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н. э. тэр. ААЭ была заселена семіцкімі плямёнамі, якія стварылі тут найб.стараж. ў Аравіі матэрыяльную культуру. У 3-м — пач. 1-га тыс. да н.э. гэтая тэр. ў складзе дзяржавы Дыльмун. Тут жылі семіцкія плямёны халдзеяў, узніклі першыя паселішчы фінікійцаў. У канцы 1-га тыс. да н. э. з паўд. і паўд.-ўсх. Аравіі на ўзбярэжжа Персідскага заліва прасунуліся араб. плямёны. На тэр. сучасных ААЭ (наз. Ас-Сір) імі засн. адна з першых араб. дзяржаў Харакен. Пазней яна распалася на дробныя княствы, якія ў 4—6 ст. трапілі ў залежнасць ад дзяржавы Сасанідаў, у 7—11 ст. уваходзілі ў склад Арабскага халіфата (гл.Халіфат), пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 11—15 ст. княствы і султанаты Ас-Сіра ўваходзілі ў бахрэйнскую дзяржаву карматаў, Багдадскі халіфат, Аман, Армуз, Маскат, Асманскую імперыю. У 16 ст. пачалася каланізацыя Ас-Сіра партугальцамі, потым англічанамі і галандцамі. У выніку барацьбы пазіцыі англічан узмацняліся, у 1819 яны атрымалі перамогу над мясц.араб. насельніцтвам, якое называлі піратамі, а тэр. княстваў адпаведна Пірацкім берагам. У 1853 паміж Вялікабрытаніяй і правіцелямі дробных эміратаў падпісаны «Дагавор аб вечным міры», паводле якога Пірацкі бераг атрымаў назву Аман Дагаворны (АД). У канцы 19 ст. Вялікабрытанія ўстанавіла над ім свой пратэктарат, які дзейнічаў да канца 2-й сусв. вайны. У выніку нац.-вызв. руху, а таксама націску амер. нафтавых кампаній брыт. панаванне аслабла. У канцы 1960-х г.брыт. ўрад прыняў рашэнне аб вывадзе сваіх узбр. сіл з раёна Персідскага заліва (завершаны ў 1971). 2.12.1971 6 эміратаў АД (Абу-Дабі, Дубай, Шарджа, Аджман, Эль-Фуджайра, Ум-эль-Кайвайн) абвясцілі пра стварэнне федэратыўнай дзяржавы — ААЭ; у лют. 1972 да іх далучыўся эмірат Рас-эль-Хайма. Дзейнасць паліт. партый і арг-цый забаронена. ААЭ — чл.ААН, ОПЕК, Лігі арабскіх краін, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш.Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 20.10.1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — нафтагазавая прам-сць. У 1993 здабыта 108 млн.т нафты, 26 млрд.м³ газу, у т. л. ў Абу-Дабі адпаведна 89 млн.т і 20 млрд.м³. Нафтаперапр. з-ды ва Ум-ан-Нары і Рувейсе, газаперапрацоўчыя ў Рувейсе, Джэбель-Алі, на в-ве Дас, у Шарджы (выпрацавана 17 млрд.кВт∙гадзэл. энергіі; 1991); алюмініевы з-д у Джэбель-Алі (156 тыс.т алюмінію ў год); працуе 9 цэментных з-даў (3,1 млн.т у 1990), з-д па вытв-сці азотных угнаенняў (228 тыс.т; 1990/91), буйнейшы ў свеце сухі док для рамонту супертанкераў у Дубаі. Развіты (пераважна ў Дубаі і Шарджы) саматужныя промыслы: выраб дываноў, шарсцяных тканін, залатых і сярэбраных упрыгожанняў. Для вырошчвання с.-г. культур прыдатныя толькі 0,5% тэрыторыі. Пашы і лугі займаюць 2,4%. Крыху лепшыя ўмовы для сельскай гаспадаркі ў горных раёнах эміратаў Эль-Фуджайра і Расэль-Хайма. Пашыраецца аазіснае земляробства са штучным арашэннем (вырошчваюць агародніну, фінікі, вінаград, манга, збожжавыя і інш.). Буйной раг. жывёлы 53 тыс. галоў (1991), авечак 270 тыс. галоў. Гадоўля вярблюдаў, птушкагадоўля, рыбалоўства (95 тыс.т; 1991), здабыча жэмчугу. Забяспечваюць сябе малаком, яйкамі і інш. прадуктамі харчавання. Асн. транспарт — аўтамабільны. Знешнегандл. сувязі забяспечвае пераважна марскі транспарт. Порты Джэбель-Алі і Рашыд у эміраце Дубай, Зейд у Абу-Дабі і Эль-Фуджайра. Міжнар. аэрапорты ў Абу-Дабі, Дубаі, Шарджы, Рас-эль-Хайме, Эль-Айне, Эль-Фуджайры. Рэгулярныя і чартэрныя рэйсы звязваюць ААЭ з многімі краінамі свету, у т. л. з Беларуссю. Свабодная эканам.зона ў аэрапорце Джэбель-Алі (эмірат Дубай). Горад Дубай — цэнтр рээкспарту і турызму. ААЭ — буйны фінансавы цэнтр Б.Усходу. Агульныя дэпазіты 63 дзеючых у краіне камерц. банкаў на пач. 1992 склалі 43 млрд.дол. ЗША. Праз ААЭ (асабліва эмірат Дубай) штогод праходзіць да 170 т золата, з якіх прыкладна 40 т застаецца ў эміратах. ААЭ вывозіць нафту і нафтапрадукты (18,4 млрд.дол. ЗША; 1991), звадкаваны газ, алюміній, цэмент, рыбу, фінікі, жэмчуг. Увозяць машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, быт. тэхніку, гатовыя вырабы, харч. прадукты. Гандаль вядзецца ў асн. з Японіяй, ЗША, зах.-еўрап. і араб. краінамі. Дзякуючы паскоранаму развіццю нафтагазавай прам-сці і прыбыткам ад яе ў эміратах дасягнуты высокія тэмпы эканам. росту, забяспечаны адзін з самых высокіх сярэдніх гадавых даходаў у свеце ў разліку на душу насельніцтва, створаны сучасныя гарады і інфраструктура. ААЭ аказваюць значную фінансавую дапамогу краінам, якія развіваюцца. Грашовая адзінка — федэральны дырхам.
Літ.:
Абдалла Я.Ю. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1978;
Географический справочник: новые цифры, факты, названия. М., 1993;
Исаев В.А., Озолинг В.В. Катар;
Объединенные Арабские Эмираты. М., 1984;
Клековский Р.В., Луцкевич В.А. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ЛЕДАВІ́ТЫ АКІЯ́Н,
найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і, паміж Еўразіяй і Паўн. Амерыкай. Пл. з морамі 14,75 млн.км², аб’ём вады 18,1 млн.км². Сярэдняя глыб. 1225 м, найб. 5527 м (паўн.-ўсх.ч. Грэнландскага м.). Падводнымі парогамі адасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным ак. праходзіць па ўсх. уваходзе ў Гудзонаў прал., па паўд. мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім ак. — па паралелі м. Унікын (Чукоцкі п-аў) да перасячэння з берагам п-ва Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўн. Палярным і Паўн. Ледавітым морамі. Сучасную назву дало ў 1845 Лонданскае геагр.т-ва.
Берагавая лінія моцна парэзана, утварае шмат мораў і заліваў. Да бас. П.Л.а. належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на У абразіўныя з невял. залівамі; Карскае. Лапцевых, Усх.-Сібірскае, Чукоцкае, Бофарта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя; Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі бас.), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі (пра моры і залівы гл. адпаведныя арт.).
Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, Франца-Іосіфа Зямля, Новая Зямля, Паўночная Зямля, Урангеля востраў, Новасібірскія астравы, Калгуеў, Вайгач і інш. агульнай пл. 4 млн.км².
Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6% плошчы дна, шэльф — 50,3%, кантынентальны схіл — 18,4% і падножжа — 5,9%. Шыр. найбуйнейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыб. да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50—100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантынентальнымі схіламі з найб. перападам глыбінь (да 2500 м). Кантынентальны схіл на Пн ад Новасібірскіх а-воў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг. Ад Атлантычнага ак. ў П.Л.а. зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хр., які разломамі падзяляецца на хр. Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўж. хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі соцень км, адносная выш. 1—3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыб. 2200—3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага бас. і катлавіны Амундсена і Нансена (3500—4500 м) Еўразійскага суббасейна. Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева—Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500—3000 м) і шырокую Канадскую (3200—3800 м) і інш. У межах акіяна вылучаюцца платформавыя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты стараж. платформ утвараюць паўн.-ўсх.ч. Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў. У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20—25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму бас. і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5—15 км) з базітавым фундаментам. Найб.стараж. ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пач. мелу.
Донныя адклады П.Л.а. пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты. Карысныя выкапні: нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Зах.-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі бас., Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп); газагідраты ў м. Бофарта; россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усх.-Сібірскага і Чукоцкага; на металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.
Клімат арктычны. Асн. яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85—125 МДж/м². Т-ра паветра ў студз. ў цэнтр.ч. да -36 °C, каля берагоў Нарвегіі -4 °C, у ліп. 1—6 °C. Ападкаў за год адпаведна 75—200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім м., звычайна ў выглядзе снегу. Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсх. сектарам П.Л.а., зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найб. частыя і глыбокія ў зах.ч. акіяна.
Гідралагічны рэжым. Гал. яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90% плошчы акіяна (акрамя Пд Баранцава м.) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3—5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс.км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі. На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30—35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, макс. — 100 км/сут. У П.Л.а. вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амеразійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім бас. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усх.-Грэнландскае цячэнне (20—30 км/сут) выносіць 2/3 сцёку вады з Арктычнага басейна. Цёплыя воды з Атлантычнага ак. прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў прал. паступае вады ў 3—4 разы меней. П.Л.а. моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод больш за 5 тыс.км³ вады. Т-ра паверхневых вод летам -1,4 °C, зімой -1,7 °C, т-ра лёду -10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30‰, макс. прыдонных 34,9‰. Шчыльнасць арктычных вод найб. 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), макс. прыліў у Мязенскай губе Белага м. — 9 м.
Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі і атл. формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым м. — заасцерай. Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі бас. і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш. Летам на астравах «птушыныя кірмашы»; гагары, тупікі і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Моры Нарвежска-Грэнландскага бас., Баранцава-Карскага шэльфа і м. Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш. У Белым м. — водараслевы промысел. На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у м. Бофарта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і інш. газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль. Транспартныя шляхі: у Расіі па Паўночным марскім шляху (2—3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага). Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, Пн Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Гал. парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).
Літ.:
Богданов Ю.А., Каплин П.А., Николаев С.Д. Происхождение и развитие океана. М., 1978;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ФРЫКА,
другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн.км², з астравамі 30,3 млн.км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20′паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52′паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32′зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23′усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб.п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн.км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.
Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б.ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак.Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.
Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж.Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).
Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).
Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.
Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.
У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2°паўд. і 8°паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19°паўн. і 16°паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30°паўн. і 30°паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.
Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс.км²).
Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах.ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш.Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс.км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.
Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7°паўн. і 5°паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зонасаваннаў, якая цягнецца да 18—19°паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі 1/5 зямель, прыдатных для ворыва.
Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт.Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.
Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.
Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн.чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.
Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.
Да арт.Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.Да арт.Афрыка. Дарога ў саванне.Да арт.Афрыка. У афрыканскай саванне.Да арт.Афрыка. Горныя лясы Уганды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДУ́РАС, Андурас (Honduras),
Рэспубліка Гандурас (República de Honduras), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На З мяжуе з Гватэмалай, на ПдЗ — з Сальвадорам, на У — з Нікарагуа; на Пн абмываецца Карыбскім м., на Пд — зал. Фансека Ціхага ак. Падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Пл. 112 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Тэгусігальпа. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гандурас — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатны Нац. кангрэс (128 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў.
Прырода. На большай ч. краіны горы і ўзвышшы. Цэнтр.ч. займае складкава-глыбавае нагор’е выш. да 2865 м. Вялікае значэнне маюць міжгорныя басейны і катлавіны з слабахвалістай паверхняй. У горных раёнах бываюць разбуральныя землетрасенні. Уздоўж узбярэжжаў нізіны, самая вялікая з іх — Маскітавы бераг. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, свінцу, цынку, жал. руды, вугалю і інш. Клімат трапічны, пасатны, на нізінах і ў далінах гарачы (сярэднія месячныя т-ры ад 22 да 26 °C), на нагор’і цёплы (ад 10 да 24 °C). Ападкаў за год на паўн.-ўсх. схілах гор больш за 3000 мм, на ўчастках, заслоненых гарамі ад пасату, каля 1000 мм. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Пад лесам 34% тэрыторыі. На нізінах і ніжніх схілах гор (да выш. 700 м) трапічныя лясы. Вышэй, у далінах і міжгорных басейнах, на горных схілах, закрытых ад вільготных вятроў, вечназялёныя субтрапічныя і дубова-хваёвыя лясы. У найб. сухіх раёнах — травяністая расліннасць саваннаў. Нац. паркі: Ла-Тыгра, Рыо-Платана; ёсць рэзерваты і лясныя заказнікі.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва гандурасцы, народ, які сфарміраваўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Індзейцы (7%, плямёны ленка, пайя, хікаке, міскіта, сума і інш.) жывуць пераважна каля граніцы з Гватэмалай, негры (2%) — на паўн. ўзбярэжжы. У антрапал. адносінах каля 85% метысаў, 10 — індзейцаў, 2 — неграў, 1% — еўрапейцаў. 97% вернікаў католікі, ёсць групы неграў-пратэстантаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 53,6 чал. На 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана ў міжгорных катлавінах і на паўн. ўзбярэжжы. Каля паловы насельніцтва жыве ў гарадах. Найб. гарады (1993, тыс.ж.): Тэгусігальпа — 718,5, Сан-Педра-Сула — 378,3, Эль-Прагрэса — 124,9, Данлі — 116. У сельскай гаспадарцы занята 62% працаздольнага насельніцтва, у абслуговых галінах — 20, у прам-сці — 9, будаўніцтве — 3%.
Гісторыя. У 2—6 ст. у зах.ч. Гандураса існаваў г. Капан, адзін з буйнейшых цэнтраў цывілізацыі майя. У час адкрыцця Х.Калумбам у 1502 тэр. Гандураса была заселена індзейскімі плямёнамі. З 1524 пачалося заваяванне Гандураса іспанцамі. Індзейцы мужна супраціўляліся, аднак іх паўстанне (1537—39), якое ўзначальваў Лемпіра, пацярпела паражэнне. Значная ч. карэннага насельніцтва вынішчана або памерла ад непасільнай працы на рудніках. У 1542 Гандурас увайшоў у склад віцэ-каралеўства Новая Іспанія (з 1560 у складзе ген.-капітанства Гватэмала). 15.9.1821 абвешчана незалежнасць Гандураса, і ён увайшоў у склад Мексіканскай імперыі. З 1823 у складзе Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1838 самаст. дзяржава, прынята 1-я канстытуцыя. У сярэдзіне 19 ст. ішла жорсткая барацьба паміж кансерватарамі (партыя буйных землеўладальнікаў) і лібераламі (партыя буржуазіі), якая суправаджалася грамадз. вайной, неаднаразова адбываліся дзярж. перавароты. Адносная стабілізацыя наступіла з прыходам да ўлады ў 1877 ліберала М.А.Сота, пры якім сталіца перанесена з Камаягуа ў Тэгусігальпу. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася пранікненне ў Гандурас амер. капіталу. На ўзбярэжжы Карыбскага мора закладзены велізарныя бананавыя плантацыі, Гандурас паступова ператварыўся ў краіну монакультуры. Амер. фірмы, якія валодалі бананавымі плантацыямі, былі па сутнасці «дзяржавай у дзяржаве». Выступленні гандурасцаў супраць амер. засілля бязлітасна душыліся. Пасля беспаспяховых паўстанняў 1931—32 у краіне ўстанавілася дыктатура прадстаўніка Нац. партыі Т.Карыяса Андзіны; былі забаронены дэмакр. арг-цыі, праследавалася апазіцыя. У час 2-й сусв. вайны Гандурас удзельнічаў у антыгітлераўскай кааліцыі. На выбарах 1954 і 1957 перамог ліберал Ж.Р.Вільеда Маралес. У час яго праўлення праведзена некалькі прагрэс. рэформаў, у т. л. прыняты закон аб агр. рэформе (1962), але практычна сістэма землеўладання не змянілася.
У выніку ваен. перавароту 1963 прэзідэнтам абвешчаны палкоўнік О.Лопес Арэльяна (1956—71). У 1964—65 у некат. раёнах краіны пачалася партыз. барацьба, выступленні працоўных і студэнтаў, супраць якіх былі кінуты войскі. Унутр. і знешняя рэакцыя справакавала ў ліп. 1969 узбр.тэр. канфлікт з Сальвадорам (завяршыўся ў 1992; паводле рашэння Міжнар. Гаагскага трыбунала Гандурас атрымаў 2/3 спрэчнай тэр.). Улада ваенных існавала да 1982, калі прэзідэнтам быў выбраны ліберал Р.Суаса Кордава. Але армія не падпарадкавалася прэзідэнту. Пад выглядам барацьбы з паўстанцамі армейскія спецслужбы ажыццяўлялі рэпрэсіі і тэрор, сотні людзей прапалі без вестак. Гэта выклікала хвалю пратэсту ў краіне і за мяжой. У сак. 1993 урад Р.Гальегаса стварыў спец. камісію для расследавання абвінавачванняў супраць армейскіх спецслужбаў; большасць з іх пацвердзілася. На выбарах у ліст. 1993 перамог К.Р.Рэйна, які пачаў рэфармаванне ўзбр. сіл. Гандурас — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Арг-цыі цэнтральнаамер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Паліт. партыі: Нац. партыя, Ліберальная партыя Гандураса, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Гандурас — адна з самых адсталых краін Зах. паўшар’я, агр. краіна з эканомікай монатаварнага тыпу, адна з гал. вытворцаў і экспарцёраў бананаў. У валавым унутр. прадукце доля сельскай гаспадаркі 28%, апрацоўчай прам-сці — 16, горназдабыўной — 2, абслуговых галін — 38%. Апрацоўваецца 14% тэр., пад лугамі і пашай 30%. Большая ч. зямельных угоддзяў належыць мясц. латыфундыстам і кампаніям ЗША. Сялянства беззямельнае і малазямельнае. Характэрны нізкі агратэхн. ўзровень. На ўзбярэжжы Карыбскага мора плантацыі бананаў (збор 931 тыс.т., 1993, у асобныя гады да 1,5 млн.т), цукр. трыснягу (каля 3 млн.т), бавоўны. Горная ч. краіны — зона пераважна спажывецкага земляробства, вырошчваюць (1993, збор тыс.т): кукурузу — 638, сорга — 91, рыс — 35, фасолю і інш.харч. культуры; экспартныя культуры — кава і тытунь. Развіта агародніцтва, субтрапічнае і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. У горных раёнах на пашы і лугах гадуюць буйн. раг. жывёлу (2,3 млн.гал.), паўсюдна ў сял. гаспадарках — свіней (0,6 млн.гал., 1993) і птушку. Важная галіна гаспадаркі — лоўля крэветак і амараў. Цэнтр рыбалоўства і здабычы морапрадуктаў — зал. Фансека. Прам-сць прадстаўлена ў асн. перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Невял. здабыча серабра, золата, свінцу, сурмы, цынку. У г. Агультэка металург. з-д выпускае каля 100 тыс.т сталі за год, працуе на мясц.жал. рудзе. У г. Пуэрта-Картэс нафтаперапр.з-д перапрацоўвае за год 500 тыс.т імпартнай нафты. Ёсць цэм.з-д, цэлюлозна-папяровы камбінат. У гарадах невял. прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. маслабойнай, цукровай, піваварнай, спіртагарэлачнай, кансервавай, тытунёвай), тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, буд. матэрыялаў, керамічнай, металаапр., хім., гумаватэхн. прам-сці. Асн.прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў г. Сан-Педра-Сула і яго наваколлі і ў Тэгусігальпе. На ПнУ, Пд, у горных далінах — нарыхтоўкі каштоўнай драўніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз штогод, на ГЭС у горных раёнах і невялікіх ЦЭС у гарадах. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 8950 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1700 км. Па ўзбярэжжы Ціхага ак. праходзіць участак Панамерыканскай шашы. На Пн для вывазу бананаў да партоў пракладзены вузкакалейныя чыгункі агульнай даўж. 785 км. Асобныя ўчасткі рэк (даўж. 465 км) у нізоўях выкарыстоўваюцца для суднаходства. Знешні гандаль забяспечваецца марскім транспартам. Гал. парты: Пуэрта-Картэс і Пуэрта-Кастылья (на Пн), Сан-Ларэнса (на Пд). У сувязі з ільготным падаткаабкладаннем да партоў Гандурас прыпісаны гандл. флот з 252 суднаў агульным танажом каля 1 млн.т. У краіне 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Тэгусігальпы. Развіваецца замежны турызм. Гандурас экспартуе бананы (у асобныя гады складаюць да 60% па кошце), каву, крэветкі і інш. морапрадукты, мінер. сыравіну, мяса, драўніну; імпартуе машыны і трансп. сродкі, хім. прадукты, тавары нар. попыту, паліва, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (65% экспарту, 45% імпарту), Японія, Бельгія, Нідэрланды, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — лемпіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л.зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́Н, Сусветны акіян (ад грэч. Ōkeanos вялікая рака, якая абцякае Зямлю),
неперарыўная водная абалонка Зямлі, якая акружае мацерыкі і астравы, мае агульны салявы састаў. Пл. 361,06 млн.км². Акіян займае каля 70,8% зямной паверхні (60,7% Паўн., 80,9% Паўд. паўшар’яў). Сярэдняя глыб. 3795 м, макс. 11 022 м (Марыянскі жолаб у Ціхім ак.). Складае 94% гідрасферы. Змяшчае 1370 млн.км³ вады (гл.табл.), што складае 0,1% ад аб’ёму зямнога шара. Паводле фізіка-геагр. уласцівасцяў акваторыя акіяна падзяляецца на Ціхі акіян, Атлантычны акіян, Індыйскі акіян, Паўночны Ледавіты акіян. Умоўна вылучаецца Паўднёвы акіян вакол Антарктыды. Вывучае акіян акіяналогія.
Рэльеф і геалагічная будова дна. У рэльефе дна вылучаюцца 4 планетарныя морфаструктуры. Падводная ўскраіна мацерыкоў — затопленая частка мацерыковых платформаў з адносна спакойным тэктанічным рэжымам. Характарызуецца кантынентальным тыпам зямной кары магутнасцю да 35 км. Займае глыбіні да 1400—3200 м. Падзяляецца на шэльф, мацерыковы схіл і мацерыковае падножжа. На большай частцы перыферыі Ціхага ак., на ПнУ Індыйскага, а таксама ў морах Карыбскім, Міжземным і Скоша (Скотыя) паміж мацерыковым падножжам і ложам акіяна выяўлена пераходная зона з геасінклінальным тыпам зямной кары (гл.Геасінкліналь), дзе адбываюцца сцісканне зямной кары, інтэнсіўныя вертыкальныя рухі, сейсмічнасць і вулканізм, якія па-рознаму праяўляюцца ў межах зоны. Да яе прымеркаваны глыбакаводныя жалабы. Адзін з гал. элементаў рэльефу і тэктанічных структур дна — ложа акіяна. Займае самыя глыбокія, акрамя глыбакаводных жалабоў, часткі (4000—7000 м). Яму ўласцівы тонкая (да 8 км) акіянская кара, асаблівы тып вулканізму і разломнай тэктонікі, слабая сейсмічнасць, запаволеныя адмоўныя рухі. Рэльеф дна ўтвораны чаргаваннем вял. катлавін і падняццяў. Над ложам акіяна на выш. 4—5 км, зрэдку да 10 км узнімаюцца сярэдзінна-акіянскія хрыбты. Яны распасціраюцца праз усе акіяны, маюць рыфтагенальны тып зямной кары, характарызуюцца лінейнымі магнітнымі анамаліямі, высокай сейсмічнасцю і вулканізмам. У рэльефе спалучаюцца рыфтавыя даліны і хрыбты, папярочныя разломы, вулканічныя масівы, плато, гаёты.
Паходжанне акіяна. Мяркуюць, што воды акіяна маглі ўтварыцца пры дэферэнцыяцыі мантыі Зямлі. Паводле тэорыі тэктонікі пліт, акіяны ўзніклі пры распадзе стараж. мацерыкоў, калі часткі мацерыкоў рассоўваліся ў процілеглыя бакі. Лічыцца, што Атлантычны ак. утварыўся каля 160—180 млн. гадоў назад (юрскі перыяд), Ціхі і Індыйскі ак. ўзніклі раней.
Донныя адклады. Магутнасць акіянскіх адкладаў вагаецца ад 2000—3000 м у прымацерыковых зонах да дзесяткаў метраў на сярэдзіннаакіянскіх хрыбтах. Адзначаны 3 зоны макс. магутнасці адкладаў: каля экватара, на Пн ад 40°паўн. ш. і на Пд ад 40°паўд. ш. Узрост асадкавай тоўшчы мяняецца ад восевай часткі сярэдзіннаакіянскіх хрыбтоў (пліяцэн-плейстацэн) да краявых частак акіяна, дзе яны больш старажытныя. Сярод донных адкладаў вылучаюць тэрыгенныя, якія ўтвараюцца ў выніку размывання сушы, біягенныя (карбанатныя і крамяністыя), вулканагенныя, палігенныя (змешанага паходжання) і аўтыгенныя (аалітавыя і жалеза-марганцавыя канкрэцыі). Найб. плошчы дна акіяна займаюць карбанатныя глеі (каля 150 млн.км²) і глыбакаводная чырвоная гліна (больш за 110 млн.км², гл.Марскія адклады).
Хімізм і салёнасць вады. У акіянскай вадзе растворана каля 80 хім. элементаў, сярэдняя канцэнтрацыя іх каля 35 г/л. Усяго ў акіяне растворана 5∙1022г соляў. Салёнасць вады выражаецца ў праміле, абазначаецца ‰ (1‰ адпавядае 1 г/1 кг). Сярэдняя салёнасць вады на паверхні 34,7‰, У адкрытым акіяне — ад 31,4‰ у Паўн. Ледавітым ак. да 37,25‰ у трапічных водах Атлантычнага ак., каля берагоў Антарктыды 33,93‰, на экватары 32—34‰. У Паўн. паўшар’і салёнасць акіяна ніжэйшая, чым у Паўднёвым. Пераважаюць солі хларыдаў, натрыю і магнію (88,7‰) і сульфатаў магнію, кальцыю і калію (10,9‰; гл. таксама Марская вада). У вадзе раствораны таксама кісларод (паступае з атмасферы і ўтвараецца зялёнымі водарасцямі), вуглякіслы газ і інш., ад якіх залежыць жыццё арганізмаў у акіяне. У халоднай вадзе растворанага кіслароду больш (у палярных шыротах у прыпаверхневых водах да 10 мл/л, у цёплых трапічных шыротах 4 мл/л). На глыб. 1000 м і глыбей растворанага ў вадзе кіслароду 2—3 мл/л. У маларухомых частках акіяна на глыбіні намнажаецца серавадарод ад перагнівання арган. рэшткаў.
Тэмпературны рэжым. Гал. крыніцай цяпла, што вызначае т-ру вады акіяна, з’яўляецца сонечная радыяцыя, 3—45% якой у залежнасці ад вышыні Сонца над гарызонтам і ад хвалявання адбіваецца ў сусветную прастору (гл.Альбеда). Больш за 99% сонечнай радыяцыі, якая ўвайшла ў ваду акіяна, паглынаецца ў яе верхніх слаях. Акіян з’яўляецца акумулятарам цяпла і моцна ўплывае на клімат Зямлі. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні акіяна 17,5 °C (у Паўн. паўшар’і яна вышэй, чым у Паўд.). Самы цёплы Акіян — Ціхі (19,4 °C), самы халодны — Паўн. Ледавіты (-0,8 °C). Тэрмічны экватар у акіяне ссунуты на Пн ад геаграфічнага (сярэдняя т-ра вады складае 26—28 °C), у палярных шыротах яна блізкая да нуля або адмоўная (-1,5, -1,9 °C). З глыбінёй т-ра зніжаецца, на глыб. 1000 м яна ніжэй за 5 °C, у прыдоннай зоне складае 1,4—1,8 °C, у палярных абласцях ніжэй за 0 °C (-0,5, -1,5 °C).
Цыркуляцыя вады. У акіяне існуе адзіная сістэма ўстойлівых цячэнняў (гл.Марскія цячэнні), якая забяспечвае перанос і ўзаемадзеянне водаў. Асн. паверхневыя цячэнні ўзнікаюць пад уплывам пастаянных вятроў. Цячэнні захопліваюць масы вады да глыб. 150—200 м і ўтвараюць антыцыкланальныя кругавароты ў трапічных і субтрапічных шыротах (пасатныя цячэнні) і цыкланальныя ва ўмераных і палярных шыротах. Паверхневыя цячэнні, накіраваныя ад экватара да полюсаў, цёплыя, у адваротным напрамку — халодныя. Прынос да берагоў мацерыкоў цёплай вады цячэннямі і награванне паветр. масаў над імі моцна ўплываюць на клімат прыбярэжных і далёкіх ад акіяна краін (зімовыя адлігі на Беларусі тлумачацца прытокам цёплага паветра з Атлантычнага ак.). Каля ўзбярэжжаў мацерыкоў назіраецца выхад на паверхню глыбінных водаў акіяна (гл.Апвелінг), якія багатыя пажыўнымі рэчывамі і спрыяюць развіццю разнастайных арганізмаў. Падняцце водаў на паверхню ў адкрытым акіяне адбываецца ў месцах разыходжання цячэнняў (у зонах дывергенцыі) і ў цыкланальных кругаваротах. Апусканне водаў звязана з канвергентнымі зонамі, дзе сутыкаюцца цячэнні, і з антыцыкланальнымі кругаваротамі. Глыбінныя цячэнні ўзнікаюць ад рознай шчыльнасці вады. У прыдоннай зоне існуюць арктычныя і асабліва развітыя антарктычныя цячэнні, якія дасягаюць 30—40°паўн. ш.
Хвалі ў акіяне выклікаюцца вятрамі, хуткай зменай атм. ціску (гл.Сейшы), моратрасеннямі (гл.Цунамі). Прылівы (і адлівы) абумоўлены прыцяжэннем Месяца і Сонца (прыцяжэнне Месяца ўдвая большае за сонечнае). У адкрытым акіяне вышыня прыліваў каля 1—2 м, у залівах да 18 м (Фанды на Атлантычным узбярэжжы Канады).
Арганічны свет. Жывыя арганізмы насяляюць акіян ад паверхні да найбольшых глыбіняў. Паводле месцаў існавання адрозніваюць планктон (пасіўнаплаўныя), нектон (актыўнаплаўныя) і бентас (донныя арганізмы). Па экалагічных умовах вылучаюцца супольніцтвы літаралі і пелагіялі. У акіяне існуе каля 160 тыс. відаў жывёл: 80 тыс. малюскаў, больш за 20 тыс. ракападобных, 16 тыс. рыб, каля 15 тыс. прасцейшых і інш. З млекакормячых ёсць ластаногія і кітападобныя (самая буйная жывёла на Зямлі — сіні кіт). У акіяне і на яго ўзбярэжжах жывуць шматлікія віды птушак. З 15 тыс. відаў раслін найбольш аднаклетачных водарасцяў (да 80% фітамасы акіяна).
Прыродныя рэсурсы. Рэсурсы акіяна падзяляюцца на біялагічныя (харчовыя), сыравінныя (мінеральныя, хімічныя, водныя), энергетычныя і рэкрэацыйныя. Штогод у акіяне здабываюць каля 75—80 млн.т морапрадуктаў (84,5% складае рыба, 11,4% беспазваночныя, 4,1% водная расліннасць). Здабываюць (% ад сусветнай здабычы) нафты каля 30, газу 20, брому 90, ільменіту 80, магнію 60, цыркону і рутылу 50, касітэрытаў 40, шмат жал. руды, золата, плаціны, алмазаў і інш. Мае значную колькасць энергіі розных відаў: прыліваў (ацэньваецца ў 1 млрд.кВт), цячэнняў, хваляў, розніцы т-ры і салёнасці і інш., агульная магутнасць якой прыкладна 200 млрд.т умоўнага паліва, што ў 20 разоў перавышае гадавую патрэбу ў свеце. Пабудаваны прыліўныя (у Францыі, Расіі, Кітаі і інш.) і гідратэрмальная (у Кот-д’Івуары) электрастанцыі. Вял.гасп. значэнне мае марскі транспарт.
Ахова прыроднага асяроддзя. Рэгламентацыя дзейнасці чалавека ў акіяне прадугледжана шэрагам міжнар. пагадненняў і заканадаўствам асобных дзяржаў. Міжнар. права ўсталёўвае рэжым работы па некалькіх кірунках: рэжым акваторый; гандлёвае суднаходства; ваеннае мараплаванне; навук. даследаванні; дно і нетры; ахова асяроддзя (захаванне марскога асяроддзя і экалагічнай раўнавагі пры выкарыстанні рэсурсаў акіяна, прадухіленне забруджвання, асабліва радыенукліднага, падтрыманне біял., хім. і фіз. суадносін, недапушчальнасць прычынення шкоды фауне, флоры, дну, атмасферы і касм. прасторы над акіянам).
Літ.:
Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1241,3 тыс.чал. (1998). Цэнтр — г.Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх.ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л.зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-даўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч.прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл.табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн.чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 12,5 тыс.км². Нас. 791 тыс.чал. (1997), гарадскога 67%. Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км². Жывуць кабардзінцы (48,2%), балкарцы (9,4%), рускія (31,9%), украінцы (1,7%), асеціны (1,3%) і інш. Сталіца — г.Нальчык. Найб. гарады: Прахладны, Тырныауз, Баксан, Майскі.
Прырода. К.-Б. размешчана на Паўн. Каўказе. Паводле характару рэльефу падзяляецца на 3 часткі: раўнінную, перадгорную і горную. На Пн размешчана Кабардзінская раўніна, якая на Пд і ПдЗ спадзіста падымаецца да выш. 500—600 м, потым пераходзіць у горы. Перадгор’і і горы займаюць 2/3тэр. рэспублікі. Найб. вышыні Вял. Каўказа знаходзяцца ў межах Бакавога і Гал. хрыбтоў: Эльбрус (5642 м), Дыхтау (5203 м), Шхара (5058 м), Суган (4489 м) і інш. На схілах гор — ледавікі (Безенгі, Дыхсу і інш.; пл. каля 140 км²). Карысныя выкапні: вальфрама-малібдэнавыя, свінцова-цынкавыя і свінцова-сурмяныя руды, жал. руды з прымесямі хрому, нікелю, кобальту, мыш’яку, каменны вугаль, буд. матэрыялы (туф, граніт, мармур, гіпс, вапняк, гліны). Мінер. крыніцы (больш за 100), невял. запасы нафты. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C на раўніне да -12 °C у гарах, ліп. адпаведна ад 23 °C да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 400 мм на раўніне да 800 мм у гарах. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, належаць да бас. Церака (Церак, Урух, Лескен, Чэрэк, Баксан, Малка, Чэгем). Глебы на раўнінах чарназёмныя і каштанавыя, у далінах рэк лугавыя, у гарах горна-лугавыя. Расліннасць разнастайная (каля 3 тыс. відаў), пад лясамі каля 16% тэр. рэспублікі. Раўнінная стэпавая расліннасць змяняецца ў гарах шыракалістымі (пераважна бук, граб, дуб) лясамі, субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Кабардзіна-Балкарскі высакагорны запаведнік, нац. парк Прыэльбруссе.
Гісторыя. Тэр. К.-Б. заселена з часоў палеаліту. З ранняга жал. веку тут вядомы элементы культуры скіфаў і сарматаў. У далейшым яны і аланы моцна паўплывалі на продкаў адыгейскага, кабардзінскага і чэркескага народаў (сіндаў, меотаў, зіхаў, керкетаў), вядомых пад агульнай назвай адыгаў. У 5 ст. да н.э. меоты і сінды ўтварылі раннерабаўладальніцкую дзяржаву Сіндыка, якая пазней увайшла ў Баспорскую дзяржаву. Нашэсце гунаў у 4 ст.н.э. прывяло да заняпаду гасп. і культ. жыцця ўсіх адыгскіх плямён. Балкарскі народ утварыўся ў выніку змяшэння паўн.-каўк. і аланскіх плямён з балгарамі (гл.Балгарыя Волжска-Камская) і кіпчакамі, што аселі ў перадгор’ях Каўказа. У пач. 13 ст. ў выніку манг.-тат. нашэсця тэр. сучасных Кабарды і Балкарыі спустошана, частка насельніцтва знішчана; продкі балкарцаў пасля працяглай і ўпартай барацьбы адцеснены ў горы. У 13—14 ст. частка адыгаў пад назвай кабардзінцаў заняла сучасную тэрыторыю іх рассялення. Землі К.-Б. знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай заняволення крымскімі ханамі. У 1557 Кабарда добраахвотна ўвайшла ў склад Рус. дзяржавы. У 1827 завяршылася далучэнне да Расіі Балкарыі. Прыгонніцкая эксплуатацыя неаднойчы выклікала сял. хваляванні (1767, 1804, 1837, 1838, 1854). У 1860-я г. Кабарда і Балкарыя ўключаны ў склад Церскай вобл. У 1867 тут адменена прыгоннае права. Сав. ўлада абвешчана ў сак. 1918 на 1-м Нар. з’ездзе Саветаў у Нальчыку. У 1918—20 на тэр. К.-Б. адбываліся баі паміж «белымі» і «чырвонымі». Сав. ўлада адноўлена 24.3.1920. У студз. 1921 Кабарда і Балкарыя ўключаны ў Горскую АССР на правах акруг. 1.9.1921 у складзе РСФСР створана Кабардзінская аўт.вобл., 16.1.1922 — аб’яднаная Кабардзіна-Балкарская аўт.вобл., 5.12.1936 — Кабардзіна-Балкарская АССР. У Вял.Айч. вайну на тэр. К.-Б. ішлі цяжкія баі (жн.—снеж. 1942). У 1944 балкары, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з ням.фаш. захопнікамі, пазбаўлены аўтаноміі і прымусова выселены са сваёй тэрыторыі, рэспубліка стала наз. Кабардзінская АССР. Пасля рэабілітацыі ў 1957 Кабардзіна-Балкарская АССР адноўлена. У студз. 1991 Вярх. Савет К.-Б. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у лют. 1992 — аб назве Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка, у сак. падпісаў федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй. У 1993 уведзена пасада прэзідэнта.
Гаспадарка. К.-Б. — раён з развітой шматгаліновай прам-сцю, у т. л.маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць тэлемех., высока- і нізкавольтнай апаратуры, станкоў, кабелю, алмазных інструментаў, рэнтгенаапаратуры, аўтазапчастак Важнае значэнне мае каляровая металургія (Тырныаузскі вальфрама-малібдэнавы камбінат і гідраметалургічны з-ду Нальчыку). Лёгкая прам-сць прадстаўлена вытв-сцю швейных вырабаў, верхняга трыкатажу, дываноў, скураной галантарэі, харчовая — мясной, масла- і сыраробнай, кандытарскай, кансервавай, крухмальнай галінамі. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, буд. кераміка, цэгла, цэмент) і мэблі. Паліўна-энергет. комплекс уключае Баксанскую і Акбашскую ГЭС, ЦЭЦ (Нальчык). Вытв-сць электраэнергіі 0,1 млрд.кВт∙гадз (1995). Пад с.-г. ўгоддзямі 700 тыс.га. У структуры с.-г. угоддзяў асн.ч. займаюць ворныя землі і горныя пашы (па 45%). Земляробства спалучае паляводства, агародніцтва, садоўніцтва і вінаградарства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, авёс, ячмень, проса), кармавыя і тэхн. (сланечнік, кенаф) культуры, бульбу. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых — 414, сланечніку — 24, бульбы — 89. Развіваецца арашальнае земляробства. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 248,4, свіней — 39,8. Развіта племянная конегадоўля (кабардзінская парода коней). У грузаабароце гал. роля належыць аўтамаб. транспарту. Праз К.-Б. праходзіць аўтамагістраль Масква—Баку. Нальчык звязаны аўтадарогамі з гарадамі Уладзікаўказ, Стаўрапаль, Грозны. Махачкала, Пяцігорск, Мінеральныя Воды, Краснадар і інш. Рэспубліку перасякае Паўн.-Каўказская чыгунка з адгалінаваннямі на Нальчык і Гудэрмес; працягласць чыгункі 133 км. К.-Б. — адзін з асн. раёнаў альпінізму і гарналыжнага спорту ў Расіі. Бальнеалагічны і горнакліматычныя курорты. На тэр. рэспублікі ў 1995 засн. свабодная эканам.зона «Кабардзіна-Балкарыя».
Літаратура. Фальклор кабардзінцаў і балкарцаў прадстаўлены песнямі, казкамі, гіст.-міфалагічным нарцкім эпасам. У 19 ст. паэт Ш.Ногмаў склаў азбуку і граматыку кабардзіна-чэркескай мовы, напісаў «Гісторыю адыхейскага народа». У 1864 асветнік Казы Атажукін выдаў першую кнігу на кабардзіна-чэркескай мове. Зарадзілася гіст.-этнагр. і публіцыстычная л-ра, якая стваралася на рус. мове (С.Казы-Гірэй, С.Хан-Гірэй, Ю.Ахметукаў, С.Урусбіеў). Пачынальнікі кабардзінскай л-ры — паэты Б.Пачаў, П.Кешокаў, балкарскай — паэт К.Мечыеў. У 1923 уведзена пісьменнасць на кабардзіна-чэркескай, у 1924 — на карачаева-балкарскай мовах. У л-ры К.-Б. 1920—30-х г. пераважала паэзія (раман у вершах кабардзінца Алі Шагенцукава «Камбот і Ляца», паэмы Пачава, П.Кешокава, песні і вершы балкарцаў Б.Гуртуева, А.Будаева). У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К.-Б. З 1930-х г. развіваюцца проза і драматургія (аповесці і п’есы кабардзінцаў С.Кажаева, З.Аксірава, Дж.Налоева, балкарцаў Р.Геляева, Гуртуева). У пасляваен. гады загучала грамадз. лірыка кабардзінцаў А.Кешокава. Адама Шагенцукава, Б.Куашава, балкарцаў К.Куліева, К.Атарава. Першыя буйныя празаічныя творы ў кабардзінскай л-ры — раман А.Шартанава «Горцы» (кн. 1—2, 1954—75), дылогія А.Кешокава «Вяршыні не спяць» (кн. 1—2, 1960—66). Пашырылася тэматычная і жанравая разнастайнасць твораў; проза кабардзінцаў Адама Шагенцукава, Х.Тэунава, К.Эльгара. А.Шамахава, А.Налоева, балкарцаў А.Тэпеева, Ж.Заліханава, А.Этэзава, Х.Каціева, драматургія кабардзінцаў З.Аксірава, Шартанава, П.Місакава, М.Тубаева, балкарцаў І.Баташава, Тэпеева, паэзія кабардзінцаў А.Кешокава, Б.Куашава, З.Тхагадзітава, балкарцаў Куліева, Т.Зумакулавай, С.Макітава, Атарава. Развіваюцца літ.знаўства і крытыка. На бел мове выдадзены асобныя творы Баташава, Зумакулавай, А.Кешокава, Куліева, Шагенцукава ў перакладах М.Танка, А.Куляшова, А.Вольскага, Р.Барадуліна, І.Калесніка, К.Камейшы, В.Лукшы, Л.Салаўя, У.Шахаўца.
Архітэктура і мастацтва. Ад эпохі неаліту і ранняга бронз. веку вядомы кераміка і метал вырабы кобанскай і скіфа-сармацкай культуры. Захаваліся розначасовыя курганы, могільнікі, склепы (падкурганная грабніца каля Нальчыка. 3-е тыс. да н.э.), селішчы, гарадзішчы (Ніжні Джулат, Лыгыт). Ад сярэдневякоўя ў высакагорных раёнах засталіся рэшткі крапасных комплексаў (Балат-Кала, Зылгі, замак Дужабоевых і інш.), жылыя ўмацаваныя вежы (вежа Абая і інш.). У 14—19 ст. пашыраны каменныя наземныя прамавугольныя ў плане з высокім двухсхільным дахам або круглыя ці мнагагранныя з конусападобным дахам склепы-маўзалеі. Развіваліся традыц.нар. рамёствы: разьба па косці і камені, вышыўка золатам на жаночым адзенні, выраб метал. зброі, паясоў, посуду і інш., аздобленых гравіроўкай, чэрню, сканню. Балкарцы выраблялі лямцавыя дываны з уваленым геам. узорам і ўзорам з вял. рогападобных фігур. Кабардзінцы плялі цыноўкі з геам. узорам. У сярэдзіне 20 ст. створана рэгулярная планіроўка Нальчыка. Архітэктура развівалася ў агульнасав. рэчышчы. Развіваецца прафес.выяўл. мастацтва (жывапісцы М.Гусачэнка, М.Ванах; скульптары Х.Крымшамхалаў, М.Тхакумашаў; графікі В.Арленка, Г.Паштаў і інш.), дыванаткацтва. Працуе Саюз мастакоў К.-Б. (з 1968).
Музыка. Музычны фальклор кабардзінцаў і балкарцаў мае шмат агульнага. У аснове музыкі К.-Б. дыятанічныя натуральныя лады. Рытміка багатая сінкопамі і трыёлямі. Метр пераважна 2-дольны. Сярод песенных жанраў прац., абрадавыя, міфалагічныя, гісторыка-гераічныя, лірычныя песні. Сярод танцаў кафа, удж, ісламей (кабардзінскія), лірычныя цюз-тэпсеу (парны) і абзех, кругавы масавы цёгерэк-тэпсеу, голу (балкарскія). Асаблівае месца займае нарцкі эпас. Пашыраны сольна-хар. спевы і ансамблі спевакоў і інструменталістаў Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя тычапшына, жыя-кабуз, струнна-шчыпковыя пшына-дыкуакуа, кынгыр-кабуз (тып арфы), апапшына, кыл-кабуз; духавыя накыра, сырыйна (тып зурны), бжамій, сыбызгы; ударныя пхачыч, харс (бразготка), барабан; пшына (дыятанічны гармонік). Сярод нар. музыкантаў А.Хаўпачаў, І.Кажараў, Б.Казіеў, К.Кашыргава. У розных жанрах вылучыліся прафес. кампазітары М.Балаў, Х.Карданаў, Н.Асманаў, У.Молаў, А.Байчэкуеў, Д.Хаупа Сярод нар. спевакоў З.Кардангушаў, А.Атараў. Працуюць: Муз.т-р (з 1968), філармонія (з 1943), сімф. аркестр (з 1943), хор Дзяржтэлерадыё (з 1965), ансамбль нар. танца «Кабардзінка» (з 1965; у 1934—64 — Ансамбль песні і танца); аддзяленні Саюза кампазітараў Расіі (з 1959), муз. вучылішча (з 1956) і інш.
Літ.:
Очерки истории кабардинской литературы Нальчик, 1968;
Очерк истории балкарской литературы. Нальчик. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́Ж,
горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял.кн.ВКЛ Казімірам М.Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.К.Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн.Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн.Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс.ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.С.Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас. імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс.ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс.чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.
Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар. тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл св. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.К.Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач, 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл.Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст.паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст.арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх.вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі«Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.Кракалёва, Л.Шылінская, Г.Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст. цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.Босак, А.Дарэнскі, Т.Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.Буднаму (скульпт. С.Гарбунова).
Да 20 ст.культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.Будным, М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.Будны, А.Рымша, Г.Пельгжымоўскі, Я.Радван, Я.Козак, пазней — Б.Будны і С.Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-ка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.К.Сарбеўскі, філосаф З.Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.Катэнбрынг, гісторык Я.А.Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.У.Радзівіл, оперы М.Радзівіла. У выніку канфіскацый рас. улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.Ф.Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.Я.Багдановіч і А.К.Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.Колас, К.Чорны, Р.Мурашка, мастак М.К.Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар.навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.